Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: БЕЛАРУСКІ НАРОД ТРЭБА ЛЮБІЦЬ І ШАНАВАЦЬ (Выступ на верасьнёўскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Да выбарчай прафанацыі рэжыму засталося два тыдні. Васемнаццаць гадоў беларусы назіраюць гэты антыбеларускі маразм. Шмат хто ўжо зразумеў, што падтрымліваць рэжым у яго прафанацыях нельга, але ўсяроўна знаходзяцца асобы, якія зьдзіўляюцца, чаму гэта калгасная хунта нават сваіх “мабілізатараў” да выбараў не дапускае. Прыходзіцца зноў адзначыць сабе ў памяці, што галоўная задача “мабілізатараў” ёсьць агітацыя людзей на псэўдавыбары, а не пранікненьне ў псэўдапарлямант. Хунта не зьбіраецца іх туды пускаць. Яна ня бавіцца ў дэмакратыю на псэўдавыбарах, а зацікаўлена толькі з’імітаваць “усенародную падтрымку” рэжыму і напісаць сабе 83 адсоткі народнага даверу. А тут узьнікла пагроза, што гэты “народны давер” проста ня прыйдзе больш галасаваць. Таму мабілізавалі ўсіх. Паказальная роля выпала спадару Мілінкевічу. Ён правёў шырокі збор подпісаў, раздаючы направа і налева свае сэнтэнцыі супраць байкоту. Пасьля шумавога афармленьня акцыі яго не рэгіструюць у кандыдаты. Пачынаецца працяг шумавіньня: абурэньне, змаганьне, пісаньне скаргаў, раздача інтэрв’ю і т.п. Прытым “змагарам” добра вядома, што ніякай рэгістрацыі ня будзе, але агітацыя за “выбары” ужо працягваецца ў ролі пакрыўджанай “апазыцыі” (пакрыўджанага Мілінкевіча) ды шуканьня “справядлівасьці” (у Ярмошынай). Такая вось тэхналёгія падтрымкі псэўдавыбараў. (Чакаецца, што пратэстны электарат абурыцца і зноў паляціць сказаць сваё “не”.) Часам думаеш, ну як жа можна так апускацца? Аказваецца, можна ўсяляк, калі ёсьць прычыны. Бальшыня беларусаў на фальшывае галасаваньне ісьці не зьбіраецца. І правільна робяць. Трэба засьведчваць ізаляцыю антыбеларускага рэжыму ад народа. Калі гэтая ізаляцыя паглыбіцца, хунту будзе лягчэй ськінуць. Гэты прыклад паказвае таксама, што на антылукашызме можа адбыцца часовая мабілізацыя людзей, але ня можа ўзьнікнуць моцнае аб’яднаньне грамадзтва на барацьбу з сістэмай. Згуртаваньне людзей на змаганьне з антыбеларускім рэжымам магчымае толькі на альтэрнатыўных ідэалах, гэта значыць, на беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях, дзе галоўнай ёсьць нацыянальная ідэя – беларуская мова, беларуская культура, гісторыя і беларуская воля (г. зн. воля і права для ўсіх грамадзян). У гэтым кантэксьце хачу зьвярнуць крытычную ўвагу на адну асаблівасьць у пазыцыі антылукашызму і антырэжымнай крытыкі ў Беларусі і за мяжой. Антылукашызм яшчэ не азначае, што за гэтай пазыцыяй стаіць беларуская дэмакратыя і беларуская воля з нацыянальнай свабодай і культурным разьвіцьцём. На эўразахадзе тое відаць вельмі вымоўна. У антылукашызме яны бачаць перш за ўсё свае інтарэсы. А калі не атрымліваецца, то і лукашызм добры (можна нават навучыць рэжымную міліцыю, як лепш дубасіць беларускіх дэманстрантаў). Двулічная пазыцыя праяўляецца ў іх нават у фармальных дэталях. Нягледзячы на нашу пастаянную інфармацыю ў іхны адрас і нягледзячы на фактычны стан рэчаў, літаральна ўсе эўрапалітыкі ўпарта называюць лукашысцкую ўладу ”беларускім рэжымам”. Ніхто зь іх ніколі не абмовіўся, што гэты антыбеларускі рэжым праводзіць палітыку этнацыду, лінгвацыду і мэтанакіраванай русіфікацыі. Для іх гэта ”беларуская ўлада”, якая толькі парушае “правы чалавека”, для іх гэта “беларускія антыдэмакратычныя законы” і “беларуская палітыка”. (Фактаў ды заяваў розных “рараў”, “вікаў” ды “фрыкаў” дастаткова.) Так ствараецца адмоўны вобраз Беларусі, населенай адмоўнымі беларусамі. Хоць тут жа эўрадэмагогі заяўляюць, што беларускі народ “заслугоўвае на лепшую долю”, а беларускія жанчыны надта прыгожыя. (Як кажацца, яшчэ і блытаюць Божы дар зь яечняй). І ніхто, на жаль, у Беларусі не абураецца. Некаторыя яшчэ і задаволеныя. Калі нядаўна прэзыдэнт ЗША Абама па недасьведчанасьці назваў гітлерскія фашыстоўскія канцлягеры, што былі на тэрыторыі Польшчы, “польскімі канцлягярамі”, то ўсчалася нацыянальная навальніца ў Польшчы, міжнародны скандал, Абама прасіў прабачэньня. Зь Беларусяй жа гэтыя спадары не цырымоняцца, называючы антынацыянальны акупацыйны рэжым “беларускім рэжымам”. А чаму б і не – рэжым задаволены, псэўдаапазыцыя дзякуе, астатнія – “нацыяналісты”. Узровень думаньня заходніх людзей апошнім часам вымоўна праілюстравала правакацыя швэдзкіх інфантыляў з лёгкаматорным самалётам. Калі ім пачалі задаваць пытаньні беларускія журналісты, то некаторыя адказы дакладна паўтаралі лубянскія маскоўскія нарыхтоўкі пра Беларусь. Адзін нават сказаў, што і нацыі такой, беларускай, няма, а толькі нейкі кангламэрат розных народаў. (Зрэшты, сур’ёзная размова пра гэтых недарасьляў яшчэ наперадзе). Празаходняя і прамаскоўская пазыцыі тут акрэсьленыя выразна (дастаткова толькі паглядзець у Сеціве некаторыя рэсурсы разам з камэнтарамі). І што характэрна – гэтыя пазыцыі антыбеларускія. Антылукашызм тут толькі камуфляж. Адэпты празаходніх і прамаскоўскіх поглядаў з задавальненьнем і пастаянствам (і заслужана) называюць узурпатара “калгасьнікам”, “калхазанам”, “дзярэўняй” і тут жа кажуць пра “беларускі рэжым”, беларусаў называюць “рабамі”, “чарка-шкваркай”, “даяркамі”, “бульбашамі” і г.д. Нянавісьць карэлюецца. Псіхапатычная, ненавісная асоба Лукашэнкі служыць адначасна нагодай і шырмай для беларусафобнай псіхалогіі. Адбываецца экстрапаляцыя нянавісьці з народа на ўзурпатара, з узурпатара на народ. Цяпер усё гэта выразна праглядваецца і цяпер усё гэта трэба нам улічваць, бо такія “крытыкі рэжыму” ніколі ня будуць саюзьнікамі ў змаганьні за вольную Беларусь і беларускую свабоду. Увогуле народ трэба любіць і шанаваць, у якім бы стане ён ні знаходзіўся. Мы самыя, мы ўсе ёсьць народ. Разумеючы гэта, трымаючыся адзінства ў народнай любові, можам зваяваць цемру і зло, мець сваю сьветлую народную будучыню. Зянон Пазьняк 10/9/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |