Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК:В Ы Н І К І : хоць павольна, але надыходзіць усё ж пераломны час З 18 па 23 верасьня антыбеларускі рэжым дэманстраваў імітацыю выбараў у «палату», склад якой (як высьветлена) быў сфармаваны яшчэ летам. Беларускія выбаршчыкі, дзе сьведама, дзе стыхійна, байкатавалі гэты пагарэлы тэатр. У выніку выбары не адбыліся. Па ўсёй Беларусі прыняла ўдзел у галасаваньні ў сярэднім толькі адна трэць выбаршчыкаў ад зарэгістраваных у сьпісах. На ўсіх участках прагаласавала менш паловы выбаршчыкаў. Байкот адбыўся татальны і ўсеагульны. Выкліканы ён недаверам людзей да фальшывых выбараў і ўсьведамленьнем, што ад галасаваньня нічога не залежыць — вынікі робяцца начальствам і рыхтуюцца заранёў. Штуршком да такога масавага разуменьня фальшывых выбараў паслужыла шматгадовая грамадзкая асьвета і прапаганда ідэй байкоту, практычна, адной партыі: КХП–БНФ. (Нагадаю, што “апазыцыя” пасьлядоўна ўдзельнічала ва ўсіх выбарах і рэфэрэндумах рэжыму.) Для таго, каб ідэі байкоту праніклі глыбока і выклікалі грамадзкія хвалі другаснага ўспрыняцьця і рэтрансьляцыі інфармацыі спатрэбілася шмат гадоў. Пашырэньне такіх хваляў выклікана ня толькі мэтадычнай прапагандай і працай, але, перш за ўсё, — праўдзівасьцю ідэі, закладзенай у байкоце фальшывага галасаваньня. Людзі зьвяралі пачутае з рэальнасьцю, з практыкай і са сваім вопытам і пераканаліся ў адпаведнасьці прычыны і выніку, успрымалі гэтае перакананьне як сваё ўласнае асэнсаваньне. У выніку бяссэнсоўнае галасаваньне праігнаравалі нават тыя, што ня чулі слова «байкот». Нават пры жорсткай дыктатуры, адсутнасьці свабоды слова і вольных сродкаў масавай інфармацыі ёсьць магчымасьці пашырэньня масавых ідэй і ўплыву на сытуацыю. Але гэта ёсьць асаблівая праца. Я хацеў бы засьцерагчы, аднак, ад вельмі аптымістычных спадзяваньняў, бо зроблены толькі першы крок у ізаляцыі рэжыму ад народа. Наступныя крокі – гэта сьведамыя і арганізацыйныя формы пратэсту плюс нацыянальная салідарнасьць супраць антынацыянальнага рэжыму. У значнасьці верасьнёўскага байкоту дзеля масавай сьведамасьці людзей мы неўзабаве пераканаемся. Уявім, што калі б і на гэты раз усё пайшло б па накатанай рэжымам і яго псэўдаапазыцыяй дарожцы: людзі масава прагаласавалі б, атрымалі б рэжымныя 83 адсоткі «элегантнай перамогі» для начальства і разыйшліся б. Пра што тады гаварыць? Усе ж тайна галасавалі, назіраньне за падлікам галасоў, практычна, не існуе (стлумлена рэжымам). Як там на самой справе – можна толькі здагадвацца. Безумоўнага, доказнага, непасрэднага і ўсім бачнага факта ашуканцтва як бы і не існуе. Ёсьць толькі сума фактаў (зразумелых для АБСЭ), якой у масавай сьвядомасьці цяжка апэраваць. Цяпер жа (пра што тысячу разоў казалася) становішча іншае, непасрэдна («рэцэптарна») зразумелае для кожнага выбаршчыка, які ведае, што ён і ўсе ягоныя суседзі, і ўвесь ягоны 100-кватэрны дом галасаваць не хадзілі, а ЦВК паведаміла, што прагаласавала 75 адсоткаў выбаршчыкаў. Вось тут ужо ня трэба ні тлумачэньняў, ні партыйнай прапаганды. Людзі самы разьбяруцца і зробяць высновы, бо факт канкрэтны, усім відочны і просты, як кол. Працэс астракізму несумленнага ўладнага рэжыму стаў разьвівацца на ўнутраных народных рэсурсах. Гэта першае пазыцыя, якую трэба было стварыць байкотам. Такая пазыцыя створана. Для замацаваньня і ня страты яе патрабуецца шмат пазытыўнай працы, якую мы, адраджэнцы, павінны будзем рабіць. На першы фармальны погляд, няўдзел беларусаў у фальшывых выбарах мусіў бы прывесьці да разьмежаваньня ў псэўдаапазыцыі, ва ўсякім разе да дыстанцыі ад яўных канторскіх структур (тыпу «говправду») і асобаў, якія засьведчылі супрацоўніцтва з рэжымам і падтрымку псэўдавыбараў. (Такое, праўда, хутчэй за ўсё, не станецца, бо разьмежаваньне адбываецца на каштоўнасьцях, а гэтага там якраз не існуе.) Псэўдаапазыцыя, як і раней, будзе прафанаваць змаганьне і перашкаджаць у справе барацьбы за волю і нацыянальную будучыню Беларусі. Да гэтага трэба быць падрыхтаванымі. У выбарчым фарсе, які сёлета дэманстраваў рэжым, выявілася характэрная і сымптаматычная падзея. Стоадсоткава відочна і наглядна прайграўшы галасаваньне (больш 70 % выбаршчыкаў не прыйшло галасаваць), рэжымныя цынікі ў асобе адыёзнай старшыні ЦВК бессаромна аб’явілі ўсяму грамадзтву (якое не прымала ўдзел у выбарах), што прагаласавала амаль 75% выбаршчыкаў. Гэтая ўзорная гэбельсаўшчына (паводле якой хлусьня мусіць быць неверагоднай) мае псіхапатычныя карэньні мазаічных паводзінаў таго, хто за ўсім гэтым стаіць. Але палітычная сутнасьць такой выхадкі – вынік тыпова акупацыйных адносінаў да народа: поўнае ігнараваньне ягонай народнай асобы, грэблівасьць і вычварэнцтва ад усьведамленьня абсалютнай беспакаранасьці і неабмежаванасьці ўлады. Наступным праяўленьнем гэтай тыпова акупацыйнай прыроды ўлады стала заява старшыні ЦВК аб тым, што агітацыя за байкот галасаваньня будзе выключана з выбарчага заканадаўства (гэта значыць забаронена). Так і будзе. Акупацыйная ўлада інакш думаць ня можа. Задачы тут простыя і дакладныя: нічога ня даць, усё зьнішчыць, задушыць, забараніць, не дазволіць, спыніць і г. д. Тут не праводзіцца ніякіх выбараў. Раз у чатыры гады фармуюць падстаўны ворган акупацыйнай дыктатуры («палату») з фармальным выкарыстаньнем кіруемага выбарчага працэсу. Хоць і вельмі позна, але наш народ паступова ўсё гэта ўбачыў і збольшага ўжо разабраўся. Цяжэй справа зь некаторымі інтэлектуаламі, журналістамі, палітыканамі і іншымі, якія абзываюць і прыніжаюць наш народ, але, як аказалася, самы плаваюць на цэлы парадак ніжэй за гэты народ, якім яны вечна незадаволены. Адзін спадар у парыве інтэлектуальнай актыўнасьці, пішучы пра выбары, параўнаноўваў нядаўна беларусаў з папуасамі, а Беларусь – з Папуа-Новай Гвінеяй. У час нашага нацыянальнага няшчасьця некаторыя, відаць, вырашылі, што ўсё дазволена, можна пісаць, рабіць, што хочаш, сядаць на галаву, кусаць руку даючую, пляваць у студню гаючую – пакараньня ня будзе. Дыктатура мярзоты — гэта ёсьць свабода мярзоты, дзе кожны можа вольна плюнуць на народ, на мову, на Васіля Быкава і назвацца дэмакратам. Няўдзел народа ў галасаваньні засьведчыў, што, хоць павольна, але надыходзіць усё ж пераломны час. Яшчэ як быццам нічога ня бачна, але ён надыходзіць і адлічвае сэкунды рэжыму, пакуль ні настане дзень «ікс». А ён настане. 1 кастрычніка 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК 2/10/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |