Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Пралог Гэтая песьня ўпершыню прагучала на першым народным сьвяце песьні, які сабраў тысячы людзей у Рызе ўлетку 1873 г. Словы і музыку (на ўзор гімна Вялікай Брытаніі) напісаў быў Карліс Баўманіс. У дзень абвяшчэньня незалежнай Латвійскай Рэспублікі – 18 лістапада 1918 года – песьня стала дзяржаўным гімнам: “Dievs, sveti Latviju…” У 1990-я гады беларускі паэт Сяргей Панізьнік зрабіў пераклад гімна, які загучаў у беларускіх асяродках у Латвіі па-беларуску: «Божа, сьвяці Латвію…» У латышоў усё пачыналася з песьні, з нацыянальнага гімну, якому наканавана было стацца дзяржаўным гімнам. На працягу 700 гадоў латышы жылі пад нямецкім панаваньнем. Ордэнскія замкі былі апірышчам балтыйскіх немцаў, якія не гублялі ўпэўненасьці, што так яно будзе вечна. У адрозьненьні ад расейскай акупацыі на Беларусі (дзе акупанты ўсімі сіламі імкнуліся зрусіфікаваць наш народ і зьнішчыць нашу культуру, якая была значна вышэй за іхную «святую Русь»), нямецкае панаваньне на балтыйскіх прасторах стварыла паралельную сістэму суіснаваньня дзьвюх цывілізацый. Немцы проста называлі падпарадкаваныя этнасы, — латышоў і эстонцаў, — «ненемцамі» («Undeutsche”) і не ставілі задачу татальнага анямечваньня мясцовага насельніцтва. Іх задавальняла задэкляраваная імі пазыцыя «супэрмэнаў» на фоне ў асноўным сельскага насельніцтва, якое абавязана было абслугоўваць іхныя панскія патрэбы. На мясцовыя мову і традыцыі немцы глядзелі «скрозь пальцы», яны лічылі, што аўтахтонная культура ня можа канкурыраваць з германшчынай. Толькі ў 17-18-м стагоддзях нямногія нямецкія інтэлектуалы пачалі ўсур’ёз цікавіцца латышскай мовай, засвойваць і дасьледваць яе і іншыя праявы духоўнага існаваньня латышоў. У 19-м стагоддзі на паседжаньнях балта-нямецкіх ландтагаў загучалі ўстрывожаныя галасы аб тым, што «з анямечваньнем мы спазьніліся і ўсё можам згубіць». Яны сапраўды спазьніліся. Як і ва ўсёй Эўропе, у Латвіі набірала моц нацыянальнае адраджэньне. Народ выбаўляўся ад комплексаў непаўнавартасьці і падпарадкаванасьці чужынцам, нацыянальная эліта сістэматызавала багатую культурную спадчыну і вызначала нацыянальную пэрспэктыву. Кур’ёзным чынам, у гэтай дзейнасьці латышскі авангард выкарыстоўваў супрацьвагу – расейскую імпэрыю, якая завалодала Балтыяй у выніку Паўночнай вайны (1700-1721) і падзелаў Рэчы Паспалітай. На той час афіцыйны Пецярбург быў зацікаўлены ў тым, каб аслабіць германшчыну на балтыйскіх землях. У Балтыю пасунуліся шырокай плыньню расейскія чыноўнікі, папы і асаднікі. Індустрыялізацыя ўтварыла ў гарадах вялікія асяродкі латышскага рабочага люду, зьявіліся тысячы латышскіх настаўнікаў, сьвятароў, чыноўнікаў, адукаваных людзей розных прафэсій. Калі ў 1867 г. ў Рызе пражывала 24% латышоў, 43% немцаў і 25% расейцаў, то ў 1913 г. латышоў было 42%, немцаў ужо 13%, расейцаў 19%. Менавіта ў вышэйшых навучальных установах Пецярбурга і Масквы латышскія студэнты і інтэлектуалы ўтварылі першыя нацыянальныя культурніцкія і палітычныя суполкі, пэрыядычныя выданьні (выразныя паралелі з беларускім нацыянальным адраджэньнем). Нацыянальны рух прыняў у якасьці нацыянальнага сымвала сьцяг з трыма гарызантальнымі палосамі: белай, чырвонай і белай. Але абазнаныя людзі падказалі латышскай эліце, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ёсьць старажытным сымвалем Беларусі, а таксама актуальным знакам беларускага нацыянальнага адраджэньня. У выніку латышы прынялі ў якасьці нацыянальнага Чырвона-Бела-Чырвоны Сьцяг. Агульнаімпэрская рэвалюцыя 1905 г. паказала, наколькі высокім было нацыянальнае самаўсьведамленьне і магутнай была нянавісьць да «чужога пана» (як латышы спрадвеку называлі германца). У Латвіі адбылося каля 1000 баявых акцый і сутычак. Сяляне ўзялі штурмам і спалілі 117 памешчыцкіх маёнткаў і забілі 82 памешчыкаў. Паўсюль арганізоўваліся ўзброеныя атрады народнага апалчэньня, якія шмат разоў перамагалі аддзелы расейскай арміі і жандармэрыі і гналі іх з гарадоў і мястэчак. Многія немцы настолькі напалохаліся народнага гневу, што назаўсёды ўцяклі з Балтыі. Найбольш буйной была народная перамога ў горадзе Тукумс, дзе латышскія атрады ўступілі ў бой з мясцовым расейскім гарнізонам (які меў нават артылерыю) і прымусілі яго капітуляваць. У сьнежні 1905 г. у Латвію ўварваўся карніцкі корпус генэрала Арлова. Пачаўся рэжым тэрору, пачаліся расстрэлы і высылкі паводле сьпісаў. Вельмі часта карніцкімі дзеяньнямі энтузіястычна кіравалі мясцовыя немцы. Над захопленай краінай уздымаліся агонь і дым пажараў, пьяны рык расейскіх драгунаў, якія адзначалі сваю «геройскую перамогу». Латышскі гісторык Арнолдс Спэкэ напісаў пра гэты трагічны час: «Пераможную рэвалюцыю 1905 г. здушыла вялікая расейская ваенная моц. Але нягледзячы на ўсе цяжкія ахвяры, латышы вышлі з гэтага змаганьня зь яшчэ больш высокім самаўсьведамленьнем і пачуцьцем сілы. Менавіта ў гэтым заключаецца вялікае гістарычнае значэньне 1905 года – пасьля доўгіх стагоддзяў латышы годна і гераічна самы пачалі вызначаць свой палітычны лёс, сьведама і адкрыта змагацца за свае палітычныя правы». Нацыянальная армія Як і бальшыня паняволеных Расеяй народаў (акрамя фінаў і палякаў), латышскія нацыянальныя эліты не ставілі перад сабой і не дэкляравалі задачу ўтварэньня незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Далей за «фэдэратыўнае ўтварэньне ў складзе дэмакратычнай Расеі» нацыянальныя асьпірацыі не распаўсюджваліся. Ад пачатку 20-га стагоддзя да пачатку Вялікай вайны 1914-18 гг. Латвійскае грамадзтва перажывала інтэнсіўны працэс нацыянальнага адраджэньня. Гэта адбывалася не само сабой, а ахвярнай працай нацыянальнай інтэлігенцыі і тысячаў простых людзей, для якіх каштоўнасьцю была Айчына і родная культура, а не камфорт і кар’ера пад акупантамі. Да 1912 года былі ўжо выпушчаны 827 кніг (сумарны наклад: 2 771 080 асобнікаў) на латышскай мове, г. зн., 138 асобнікаў кніг на кожных 100 жыхароў Латвіі (!). Выдавалася 59 пэрыядычных выданьняў на латышскай мове. Дзясяткі тысячаў людзей працавалі ў нацыянальных грамадзкіх арганізацыях і гуртках. Грамадзтва патрабавала ўвядзеньня мясцовага самакіраваньня (адміністрацыйны кантроль быў у руках нямецкіх ландтагаў) і зямельнай рэформы (нямецкія латыфундысты трымалі бальшыню земляў у Ostland, як яны называлі Балтыю). І вось пачалася вайна зь немцамі. Латвійскія эліты і ўсё нацыянальнае грамадзтва ўспрынялі гэтыя падзеі як магчымасьць вырашыць нямецкае пытаньне. Тым больш, што з першых дзён канфлікту ваенныя дзеяньні разгарнуліся на межах Латвіі. Як вядома, расейскае камандваньне з самага пачатку прадэманстравала сваю бяздарнасьць, а імпэрская армія тэхнічную адсталасьць і нежаданьне ваяваць. ХХ корпус і 68-я дывізія, якія складаліся ў асноўным з латышоў, былі разгромлены ў правальнай наступальнай апэрацыі ва Ўсходняй Прусіі і Польшчы. У красавіку 1915 г. немцы ўварваліся ў Курляндыю і распачалі імклівы марш на сталіцу гэтага латвійскага рэгіёну горад Елгаву. Расейскія часткі бязладна адступалі, ахопленыя панікай. Фронт рассыпаўся. На подступах да Елгавы ворага спынілі ўсяго два батальёны слабаўзброенага латвійскага апалчэньня. Гэтыя батальёны і яшчэ некалькі пасланых ім на дапамогу працоўных рот сталіся ядром будучай латвійскай нацыянальнай арміі. Паўстала рэальная пагроза захопу немцамі Рыгі. У сталіцы тысячы студэнтаў, жаўнераў і грамадзкіх актывістаў патрабавалі стварэньня нацыянальных частак. 25 траўня 1915 года гэтыя патрабаваньні агучыў у Петраградзе латвійскі дэпутат Дзярждумы Расеі Яніс Голдманіс. 19 ліпеня 1915 г. галоўнае расейскае камандваньне дало дазвол на стварэньне латвійскіх стралковых аддзелаў. Зразумела, што гэта быў вымушаны драматычнымі абставінамі крок царскай улады. Царскія сатрапы добра разумелі, да якіх наступстваў могуць прывесьці такія крокі. Генэрал-губэрнатар П. Курлоў (той самы Курлоў, губэрнатар Менска ў 1905 годзе, які душыў беларусаў і ў якога некалькі разоў стралялі беларускія рэвалюцыянэры) так камэнтаваў стварэньне латвійскіх вайсковых частак: «Такое фармаваньне ёсьць недапушчальным і з дзяржаўнага пункту гледжаньня зусім небясьпечным. Пасьля заканчэньня вайны, якім ня быў бы яе вынік, захаваньне такой нацыянальнай вайсковай сілы выклікае сур’ёзныя ўскладненьні, асабліва ў гэтым рэгіёне, ахопленым адмысловай вечнай нацыянальнай нянавісьцю». Аказваецца, нешэраговым стратэгам быў аўтар Курлоўскага расстрэлу ў Менску, усё прадбачыў «халоп гасудараў». Ды яго не паслухаліся, выйсьця не было ў бацюхны-цара. Немцы маглі ад Рыгі да самага Петраграда прарвацца. Пачалося фармаваньне дабраахвотніцкіх стралковых батальёнаў. Яны павінны былі функцыянаваць на латышскай мове, з нацыянальнай сымволікай (з дадаткам маленькага, як бародаўка, дзьвюхгаловага царскага арла). Дэталі кантраляваў сам Мікалай ІІ. Яму, напрыклад, падсунулі на рэцэнзію дэвіз для сьцяга 5-га Зэмгальскага батальёна: «Волю Радзімы выкупім сваёй крывёю». Міколка ўласнаручна наклаў рэзалюцыю: «Дэвіз можна зразумець па-рознаму». Але праект зацьвердзіў. На сьцягах латышскіх стралкоў былі напісаны ёмістыя лёзунгі нацыянальнага змаганьня, якія былі народжаны народнай паэтычнай традыцыяй: «Не сумуйце, жаўнеры, срэбнае сонца ўзыйдзе», «Для Радзімы цяжкія часы, сынам трэба ісьці на дапамогу», «Божа, сьвяці Латвію» і г.д. 19 ліпеня 1915 г. латышскія дэпутаты Дзярждумы Расеі Яніс Голдманіс і Яніс Залыціс апублікавалі адозву да народу «Ставайце пад латышскія сьцягі». У адозве гаварылася: «Праз 700 гадоў зноў вырашаецца лёс нашага народу. Праз гэтыя 700 гадоў пакутаў і чаканьня збываюцца мары народа аб культурным адраджэньні. Цяпер або ніколі! Усе на поле бітвы, сыны Латвіі (…). Браты, час настаў. Хто верыць, той перамагае. Наперад з латышскім сьцягам, за будучыню Латвіі!» Камандзёрамі батальёнаў (а пазьней палкоў) былі прызначаны вопытныя афіцэры-латышы, якія гадамі служылі ў расейскім войску. Многія зь іх ужо з цяжкасьцю размаўлялі па-латышску, але гэты недахоп у хуткім часе быў выпраўлены жыцьцём. Разьвітацца з стралкамі, якія маршыравалі на фронт, выходізілі тысячы і тысячы людзей. З самага пачатку і да апошняга бою ў гэтай вайне латышскія стралкі ваявалі выдатна і не паддаваліся працэсу маральнага раскладу, які ахопліваў расейскае імпэрскае войска. Нічога ў гэтым дзіўнага няма, бо яны баранілі родную зямлю. Латышы распрацавалі арыгінальную, сьмелую тактыку змаганьня, аналагаў якой не было нідзе на франтах Вялікай вайны. Стралкі адмовіліся ад агульнапрынятай тады артылерыйскай падрыхтоўкі, плануючы свае наступальныя апэрацыі. Немцы ня ведалі, у якім месцы і калі па іхных пазыцыях будзе нанесены ўдар. Уначы латышскі авангард падпаўзаў да нямецкіх траншэяў і кідаўся на ворага, асноўныя сілы хутка падыходзілі і замацоўвалі посьпех. Немцы ўцякалі ў паніцы. Такім чынам стралкі некалькі разоў рабілі шырокія і глыбокія прарывы ў германскім фронце. Калі б расейскае камандваньне выкарыстала гэтыя магчымасьці, то былі б дасягнуты сур’ёзныя стратэгічныя посьпехі, якія можна было б параўнаць са знакамітым Брусілаўскім прарывам на Паўднёвым фронце. Але бяздарнасьці нічога не выкарысталі, расейскія часткі адмаўляліся ісьці ў атаку або дзейнічалі квола і нерашуча. Немцам удавалася аднавіць фронт. Латышы ўпарта змагаліся ў абароне. Зразумела, што ім дапамагала веданьне родных мясьцінаў, была маральная падтрымка ўсяго народу. Вядома, што германскі галоўнакамандуючы Гіндэнбург вельмі высока ацэньваў баявы дух і майстэрства латышскіх батальёнаў, у якіх служыла да 40 тысячаў вайскоўцаў. У сьнежні-студзені 1916-1917 гг. адбыліся самыя цяжкія баі за ўсю вайну на курляндскім фронце. Латышскія стралкі, ня маючы падтрымкі дэмаралізаванай расейскай арміі, вымушаны былі адступіць. Але ім ўдалося зноў стабілізаваць фронт і прадухіліць катастрофу. Немцы распачалі ўжываць новую тактыку, вядомую як «братаньне». Пераапранутыя ў жаўнерскую форму нямецкія афіцэры выходзілі з траншэяў і «браталіся» з вайскоўцамі праціўніка на ўсім расейска-германскім фронце. З свайго боку і бальшавікі актывізавалі сваю антываенную прапаганду. Грымнула Лютаўская рэвалюцыя, упаў рэжым самадзяржаўя. Шматнацыянальныя часткі адмаўляліся ваяваць, паўсюль жаўнеры не падпарадкоўваліся загадам і паўтаралі: «Да Казані немцы ня дойдуць…» Часовы ўрад спрабаваў выратаваць становішча і заклікаў да стварэньня нацыянальных вайсковых аддзелаў. Латышскія батальёны былі ўтвораны таксама і на Румынскім фронце, дзе ў той жа час паўстала 100-тысячная Беларуская армія. Але працэсы імпэрскага распаду зайшлі ўжо надта далёка. Хунце Керанскага не ўдавалася выратаваць сябе і «вялікую Расею». У жніўні 1917 г. нямецкія войскі перайшлі ў наступ на курляндскім фронце, і толькі гераічная абарона пазыцый латышскімі стралкамі дазволіла пазьбегнуць поўнага атачэньня і зьнішчэньня расейскай арміі, якая здолела адступіць. На пачатку верасьня немцы занялі Рыгу. Сіндром бальшавізма не абмінуў і латышскіх стралкоў. Як толькі каштоўнасьць нацыянальнага братэрства была заменена хімерай «пралетарскага інтэрнацыяналізма», разгарнулася цёмная старонка ў гісторыі латышскага народа. Тысячамі жыцьцяў, нядобрай славай заплацілі стралкі за ілюзіі, што апанталі тады мільёны падманутых ленінскімі абяцанкамі людзей многіх народаў. Пасьля верасьнёўскай катастрофы бальшыня латышскіх батальёнаў была расфармавана і дэмабілізавана. Але многія зь іх падаліся на шырокія прасторы Расеі, пачалася гісторыя такзваных «чырвоных латышскіх стралкоў». Мы бачым іх на варце ў бальшавіцкім галоўным штабе ў Смольным. У Троіцку быў утвораны першы з чырвоных латышскіх палкоў, якія кіраваліся загадамі сваіх палкавых бальшавіцкіх саветаў. Чырвоныя стралкі ваявалі на ўсіх франтах грамадзянскай вайны і бальшавіцкай інтэрвэнцыі. Ужо 3-13 лютага 1918 года батальёны латышскіх стралкоў змагаліся з легіянэрамі польскага генэрала Даўбора-Мусьніцкага ў раёне нашага Рагачова. Ваявалі чырвоныя стралкі эфэктыўна. Дастаткова ўспомніць, што менавіта яны выратавалі саветы і асабіста таварыша Леніна ў ліпені 1918 года, калі антыбальшавіцкія паўстанцы захапілі амаль усю Маскву і бальшавіцкая ўлада вісела на валаску. Вызначыліся яны таксама ў масавых рэпрэсіях супраць мірнага насельніцтва і антыбальшавіцкіх паўстанцаў. Менавіта яны адыгралі ключавую ролю ў здушэньні народных паўстаньняў у Яраслаўлі, Мураме, Рыбінску, Калузе, Саратаве, Ноўгарадзе і па ўсёй Сібіры. «У верасьні 1918 г. у цэнтральным апараце ЧК у Маскве латышоў было 35,6% (габрэяў – толькі 3,7%), але сярод кіраўнікоў-камісараў іх было нават 54,6% (38 з 70 камісараў); латышы падаліся ў ЧК, як у Амэрыку, па золата і заробкі. Грунтоўна апісаў гэта левы эсэр С. Мельгуноў», — адзначыў сучасны латвійскі гісторык Айварс Странга. Праціўнікі ненавідзелі чырвоных латышоў і ў палон іх не бралі. Расея адплаціла ім змрочнай народнай сэнтэнцыяй — «Не зови палача, а зови латыша». Яны служылі бальшавікам да апошніх вялікіх баёў Грамадзянскай вайны на крымскім Перакопе. Цікава, што пасьля вайны большасьць зь іх вярнулася ў незалежную Латвію. Часам у выглядзе рэгулярных вайсковых аддзелаў, як, напрыклад, Троіцкі і Імантаўскі палкі, што прыплылі ў Рыгу на караблях з Уладзівастока. Ленінцы-сталінцы ў сваім тыповым стылі адудзячылі тых, хто застаўся ў іхным «пралетарскім раі». У 1936-39 гг. НКВД разграміла ўсе асяродкі латвійскай культуры ў СССР (тэатры, клюбы, бібліятэкі, гурткі, культурніцкія арганізацыя, школкі і г.д.). Тысячы падсавецкіх латышоў былі расстраляны і высланы ў ГУЛАГ. Разам зь імі былі зьнішчаны таксама чырвоныя стралкі і іхныя камандзёры (Вацэціс, Алксніс і іншыя, што зрабілі бліскучыя кар’еры ў Чырвонай арміі).Трагедыя гэтых людзей зьяўляецца адной з ілюстрацый тупіковасьці нацыянал-камунізма ў яго адмаўленьні ад прыярытэту нацыянальных каштоўнасьцяў. «Сьвет даруе ўсё, але тольке не слабасьць…» Гэтую формулу нацыянальна-дзяржаўнага існаваньня вывеў быў эміграцыйны латвійскі гісторык і дыплямат Арнолдс Спэкэ. Сапраўды, ніколі, а тым больш у драматычныя, пераломныя моманты гісторыі ніякая нацыя ня можа спадзявацца на спачуваньне і падтрымку іншых, калі не бароніцца і не адраджаецца сама. Змаганьне латышоў за сваю дзяржаву пасьля распаду царскай імпэрыі пацьвярджае таксама выснову Зянона Пазьняка, аб тым, што «палітыка – гэта мастацтва немагчымага». Латышскаяе нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне стаіць у шэрагу такіх «немагчымых перамог» Вясны Народаў 1918-20 гадоў, як польскі «цуд над Віслай», вызваленьне ад чырвоных Фінляндыі, спыненьне эстонскім апалчэньнем Чырвонай арміі ў 30 кілёмэтрах ад Таліна, як наш Слуцкі Збройны Чын (хаця беларуская перамога не атрымала стратэгічнага завяршэньня). Калі гартаеш старонкі гераічнай сагі аб латышскім змаганьні, то ня можаш пазбавіцца ад думкі, што знаёмішся зь нейкай вельмі складанай галаваломкай. Сапраўды, у расклад (хутчэй, імклівы вір) падзеяў умяшана столькі супярэчлівых сілаў і інтарэсаў, што адразу і не разьбярэшся, што да чаго. А латышскім элітам не было часу тэарэтызаваць, трэба было адваёўваць і адраджаць Айчыну. Арыентырам была Палярная зорка Нацыянальнай Ідэі. Гісторыя паказала, што гэта ёсьць унівэрсальная ідэя жыцьця. Як пісаў А. Спэкэ: «У 1917-1919 гг. і нават яшчэ ў 1920 г. абставіны былі зусім крытычныя; напрыклад, у Курляндыі было цэлых пяць уладаў у 1919 г., і ўсе яны трымаліся на чужой узброенай сіле. Усё вырашыў сам латышскі народ». Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Латвіі, як і па ўсёй імпэрыі, разгарнулася дзейнасьць палітычных партый, а таксама рэгіянальных і адмысловых радаў, бюро і камітэтаў: рабочых, працоўных і стралкоў. Іхныя рэзалюцыі на пачатку не выходзілі па-за рамкі агульнага тады лёзунга «Вольная Латвія ў вольнай Расеі». Нацыянальныя тэндэнцыі, як вядома, вельмі палохалі Часовы ўрад у Петраградзе. Міністар Мілюкоў гукнуў быў пасярод дыскусій: «Дык калі даваць аўтаномію латышам, то й самаедам трэба даваць!» Але працэсы кіраваліся ўжо не расейскімі міністрамі… Пасьля захопу ўсяе тэрыторыі Латвіі немцамі пад канец 1917 года нацыянальны рух дзейнічаў у падпольлі. У Петраградзе дзейнічала Часовая нацыянальная рада Латвіі, заснаваная яшчэ ў кастрычніку 1917 г. у латвійскім горадзе Валка шэрагам нацыянальных партый і арганізацый. Рада зьвярнулася да народу з адозвай, у якой гаварылася: «Латышы! Пасьля гэтага бальшавікі разагналі Раду. Давялося і ў Расеі працаваць у падпольлі. Прадстаўнікі Рады наладзілі афіцыйныя адносіны з урадамі ў Лёндане і Парыжы. У Стакгольме было адкрыта інфармацыйнае бюро, якое рассылала па заходніх краінах тэксты (пісаліся і тэмінова выдаваліся на розных мовах цэлыя брашуры) пра латышскую нацыю і яе барацьбу за сваю дзяржаву. У Рызе ў цяжкіх умовах нямецкай акупацыі дзейнічаў патрыятычны Дэмакратычны блок. Немцы разьлічвалі ўтрымаць балтыйскае ўзьбярэжжа Латвіі і Эстоніі ў межах сваёй імпэрыі ў выглядзе Балтыйскага герцагства пад васальным кіраваньнем каго-небудзь з дому Гагенцолернаў. У народаў – сапраўдных гаспадароў гэтай зямлі і гэтых берагоў – яны пытаць дазволу, зразумела, не зьбіраліся. Меркавалася арганізаваць масавую нямецкую каланізацыю з Рэйха на балтыйскія землі, каб «умацаваць нямецкі элемэнт» на землях былых калёній. У выніку Брэсцкага міра (заключаны 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай з Аўстра-Угоршчынай) тэрыторыя Латвіі аказалася падзеленай на дзьве часткі паміж вялікімі дзяржавамі. Нават паводле падпісанага 11 лістапада 1918 г. замірэньня, якое фактычна завяршыла Вялікую вайну 1914-18 гг., за Нямеччынай прызнаваліся пэўныя правы на частку балтыйскіх тэрыторый. У латышоў ніхто не пытаўся іхняй думкі, яны дарэмна пратэставалі. Нацыянальная эліта зразумела, што трэба не лемантаваць і пісаць ноты, а дзейнічаць. 17 лістапада 1918 г. патрыёты ўтварылі ў Рызе Народную раду, фактычна часовую ўладу краіны (прэзыдэнт Яніс Чаксьці, прэм’ер-міністар Карліс Улманіс). 18 лістапада ў будынку Нацыянальнага тэатра была ўрачыста пракламавана незалежная, сувэрэнная Латвійская Рэспубліка ў этнічных межах. Ня трэба забывацца, што гэтыя падзеі адбываліся ва ўмовах нямецкай акупацыі. Але латышы не разгубіліся і выкарысталі першыя дні пасьля паразы Нямеччыны ў вайне і першы шок акупантаў. Адзін з удзельнікаў урачыстасьцяў успамінаў: «Нацыянальны тэатр тым вечарам быў поўны людзей, але гэта была не глядацкая публіка. Дух Божага дома і багаслужбы ахапіў усіх, хто прышоў туды, каб паўдзельнічаць у цырымоніі, якая павінна была даць зусім новы накірунак латвійскай гісторыі. Усе тыя, хто ішоў у народным авангардзе і каму іхнія вялікія зьдзяйсьненьні ў славу айчыны далі права на асабістае існаваньне і пасьля сьмерці, былі разам з намі. Ваяры даўніх часоў, безыменныя паэты народных песень, песьняры і рупліўцы народнага абуджэньня – уся публіка адчувала іхную прысутнасьць». Перамовы латышскага ўраду зь нямецкай вайсковай адміністрацыі адразу зайшлі ў тупік. Немцы прапанавалі нейкі рэфэрэндум на тэму будучыні латвійскіх правінцый. Латышы не пагаджаліся на гэты ход, бо разумелі, які можа быць «рэфэрэндум» пад немцамі. Ня разьвязалі крызіс і пастановы Вэрсальскай мірнай дамовы, падпісанай 28 чэрвеня 1919 г. паміж удзельнікамі І Сусьветнай вайны. У яе тэксьце вызначалася, што нямецкая армія павінна пакінуць Латвію, але паступова. А завяршыць вывад войскаў прадугледжвалася ў момант, калі гэта будзе адобрана пераможнай Антантай, якая разьлічвала, што немцы ўстрымаюць наступ расейскай бальшавіцкай арміі. Для латышоў складвалася невыноснае двухсэнсоўнае становішча. На прыканцы сьнежня 1918 г. нямецкая акупацыйная адміністрацыя вымушана была дазволіць фармаваньне ўзброеных латышскіх і нямецкіх аддзелаў, але не мабілізацыю. Многіх латышскіх дабраахвотнікаў не прымалі ў шэрагі, бо бракавала зброі. Латышы пачалі актыўна скупляць зброю ў дэмаралізаваных нямецкіх вайскоўцаў. А на Рыгу ўжо наступалі бальшавіцкія інтэрвэнты. Часовы ўрад вымушаны быў пераехаць у Елгаву, а потым у порт Ліепаю. Адзінай яго баявой часткай быў батальён з 400 вайскоўцаў пад камандваньнем палкоўніка Калпакса. Баявое хрышчэньне нацыянальнае войска прыняло 16 студзеня 1919 г. каля Ліелацэс, дзе бальшавіцкі наступ быў спынены і ўдалося стабілізаваць фронт. У захопленай Рызе ўсталявалася бальшавіцкая ўлада з расстрэламі, рэквізіцыямі, «нацыяналізацыямі» і першым у гісторыі Латвіі канцэнтрацыйным лягерам, які наладзіў для патрыётаў верны ленінец, мясцовы бальшавіцкі лідэр Стучка. На тэрыторыях, вольных ад бальшавікоў, нямецкія акупанты любымі спосабамі марнавалі намаганьні Часовага ўраду па ўтварэньні паўнавартаснай арміі. Абсурд быў яшчэ ў тым, што нават існуючыя латышскія часткі былі ў фармальным падапарадкаваньні ў немцаў (!). Гэта выклікала пэўны недавер насельніцтва да латвійскага Ураду. Насьпяваў адкрыты канфлікт з акупантамі. 19 лютага 1919 г. латышы-мытнікі перахапілі ў порце Ліепаі падазроны пакет, у якім знаходзіўся загад аб ліквідацыі латвійскага Часовага ўраду для камандуючага нямецкімі войскамі генэрала фон дэр Гольца. Правакацыя правалілася. У сакавіку 1919 г. адбылася пасьпяховая наступальная апэрацыя. Нямецкая «жалезная дывізія» разам з латышскімі батальёнамі пагналі перад сабой бальшавікоў і вызвалілі Елгаву. Але даверу паміж хаўрусьнікамі не было. 6 сакавіка адбыўся бой паміж латышамі і немцамі, у якім загінуў палкоўнік Калпакс і ягоны намесьнік капітан Грундманіс. 6 красавіка ў Ліепаі адбыўся нямецкі путч. Немцы раззброілі латышскія часткі, занялі ўрадавыя будынкі і арыштавалі шэраг членаў Часовага ўраду. Прэм’ер Улманіс і іншыя ўрадоўцы вымушаны былі ратавацца ў брытанскай місіі, а потым перайшлі на карабель «Саратаў». На працягу некалькіх месяцаў нацыянальны ўрад вёў сваю дзейнасьць на борце карабля, ня маючы нават магчымасьці зрабіць хаця б крок па дзяржаўнай тэрыторыі, большую частку якой ён проста не кантраляваў. Тым часам немцы, імітуючы «латышскае двоеўладдзе», ўтварылі калабарацыянісцкі марыянэткавы ўрад пад кіраўніцтвам А. Ніедры, які, аднак, не атрымаў падтрымкі Антанты і латышскага народа. 22 траўня «ландвэр» (балтыйска-нямецкае апалчэньне) і «жалезная дывізія» выбілі бальшавікоў з Рыгі. Занятыя баямі латышскія аддзелы ўступілі ў сваю сталіцу толькі на наступны дзень. Але Часовы ўрад не апусьціў рукі. Яго прадстаўнікам удалося сабраць вайсковыя сілы на поўначы Латвіі і заключыць дамову аб вайсковай падтрымцы з урадам Эстоніі. На акупаванай немцамі тэрыторыі актывізавалі свае дзеяньні партызанскія атрады, якія прызнавалі «урад на караблі». Да канца траўня ад бальшавікоў былі ачышчаны раёны цэнтральнай Латвіі, вызвалены гарады Валм’ера і Цэсіс. Немцы ўсталявалі ў Рызе рэжым крывавага тэрору. Адбыліся масавыя расстрэлы латышоў: мірных жыхароў і чырвоных латышскіх стралкоў, якія вырашылі перайсьці на бок нацыянальнага ўраду. Аднак, тэрор акупантаў толькі ўзмацніў жаданьне людзей пазбавіцца ад нямецкай акупацыі. 3 чэрвеня немцы ўварваліся ў Цэсіс, але латышскія і эстонскія часткі выбілі іх з горада. 21 чэрвеня нямецкі «ландвэр» і рэгулярныя часткі распачалі новы буйнамаштабны наступ і прарвалі фронт, але на наступны дзень з дапамогай эстонскіх войскаў латышы разьбілі нямецкі авангард. Антанта прымусіла немцаў падпісаць з прыбалтамі замірэньне, адным з пунктаў якога было патрабаваньне немцам выйсьці з Рыгі і пакінуць у «ландвэры» толькі немцаў-ураджэнцаў Латвіі. Назіральнай камісіяй за выкананьнем замірэньня камандваў брытанскі палкоўнік Аляксандр (падчас ІІ Сусьветнай вайны ён быў ужо фэльдмаршалам, пад яго стратэгічным кіраваньнем змагаліся ў Італіі часткі Войска Польскага – у іх шэрагах тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў). Немцы зьмянілі тактыку. Яны знайшлі новую марыянэтку. Гэта быў расеец з сумніўнай рэпутацыяй і ўнівэрсальным амплуа – Павел Бэрмант-Авалаў – выхадзец з караімаў, казацкі афіцэр, служыў у белагвардзейцаў. Для яго акупанты скалацілі ўнушальную вайсковую сілу: каля 50 тысячаў штыкоў і шабляў (40 тысячаў зь іх былі нямецкія «дабраахвотнікі»), 100 гармат. Рыгу прыкрывалі латышскія часткі з 5 тысячаў чалавек і з шасьцю гарматамі. 8 кастрычніка 1919 г. бэрмантаўцы з дапамогай нямецкіх войскаў перайшлі ў наступ, і ўжо надвячоркам 9 кастрычніка латышы вымушаны былі эвакуяваць свае часткі на другі бераг Даўгавы. Рыга аказалася распалавіненай, па рацэ праходзіў фронт, ворагі рыхтаваліся да апошняга ўдару. Наляцелі нямецкія самалёты, якія правялі застрашальную бамбардоўку берагавых пазыцый і жылых кварталаў. Як заўжды бывае ў такіх сытуацыях, на прэм’ера Улманіса пачалі ціснуць многія «благоразумные» палітычныя асобы. Яны былі ўпэўнены, што паратунку няма, ворагаў надта шмат і трэба ісьці на саступкі акупантам. Але сапраўдны нацыянальны лідэр не паддаўся паніцы. Улманіс і яго прыхільнікі пачалі арганізоўваць народнае рушаньне. На абарону сталіцы паднялося практычна ўсё насельніцтва Рыгі. Мужчыны ад падлеткаў да пажылых узброіваліся і будавалі барыкады. Жанчыны забясьпечвалі тылавыя службы і мэдычнае забесьпячэньне. Вопытныя камандзёры распрацавалі рызыкоўную апэрацыю контрудара. 11 кастрычніка ўначы латышскі ўдарны атрад кінуўся бягом па мосьце праз Даўгаву. Ворагі не чакалі такой рашучасьці абаронцаў і позна пачалі страляць. Латышы захапілі берагавую артылерыйскую батарэю і прынялі на сябе ўдар галоўных частак бэрмантаўцаў. Тым часам у іншых месцах латышы пачалі фарсаваць раку на чаўнах, на працягу двух дзён баёў захапілі важныя выспы, крэпасьць Даўгаўгрыву. Латышоў падтрымалі артылерыйскім агнём брытанскія і французкія караблі. Бэрмантаўцы ўцякалі ў паніцы. 3 лістапада распачалася апошняя наступальная апэрацыя, у выніку якой была ачышчана ад бэрмантаўцаў уся Курляндыя. У руках расейскіх бальшавікоў заставалася яшчэ Латгалія (зямля з аўтахтонным беларускім насельніцтвам). Паводле дамовы з Польшчай, аб’яднаныя латышскія і польскія часткі выбілі бальшавікоў з Латгаліі ў студзені 1920 г. А 11 жніўня 1920 г. была заключана мірная дамова паміж Латвіяй і Савецкай Расеяй. Наперадзе былі дваццаць гадоў дзяржаўнай незалежнасьці, паламанай савецкай акупацыяй у 1940 годзе. Гэтыя два дзесяцігоддзі аказаліся вызначальнымі для станаўленьня латышскай культуры, нацыянальнай самасьвядомасьці і дзяржаўнай традыцыі. Менавіта на гэтым трывалым грунце латышскі народ аднавіў сваю Незалежнасьць у жніўні 1991 года. Дваццаць гадоў… Як шмат можна зьдзейсьніць, калі краіна вольная і сапраўды сувэрэнная. Аб гэтым думаеш, калі прыгадваеш амаль 20-гадовае панаваньне антыбеларускага рэжыму ўнутранай акупацыі на нашай зямлі і яе разбуральныя вынікі. Але ў народа, які змагаецца за сваё, за роднае, заўсёды ёсьць будучыня і пэрспэктыва перамогі. Гэтаму вучыць нас гісторыя і яе парадоксы. Валеры Буйвал 11/10/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |