Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
АДРАДЖАЦЬ БЕЛАРУСКАЕ, БАЙКАТАВАЦЬ ХУНТУ Вядома, што ва ўмовах кожнай антынароднай і антызаконнай дыктатуры існуе вузкае кола асобаў навакольля намінальнага дыктатара. Гэтыя набліжаныя зьдзяйсьняюць кіраваньне захопленай імі краінай пад камандай начальніка рэжыму або выкарыстоўваюць гэтага начальніка як вывеску і шырму (а на самой справе кіраваньне адбываецца «калегіяльна» або «разам» — ад іспанскага слова «junto” — «разам»). Галоўнай прыкметай дыктатуры пры рэжыме ўнутранай акупацыі (як гэта мае месца ў акупаванай маскоўскім гэбізмам Беларусі) ёсьць несамастойнасьць як вузкай хунты, так і намінальнага начальніка хунты. Усе гэтыя асобы зьяўляюцца паслухмяным інструмэнтарыем, якім карыстаюцца сапраўдныя гаспадары рэжыму – каланіяльныя структуры чужой сталіцы. 11 кастрычніка беларускі народ убачыў на экранах тэлевізараў рэпартаж пра першае паседжаньне такзванай лукашэнкаўскай «палаты» — псэўдапарляманту антыбеларускага рэжыму. Паседжаньне адбылося паводле сфальшаваных вынікаў псэўдаэлектаральнага шоў, якое разгарнулася 23 верасьня сёлета і на працягу некалькіх папярэдніх дзён жульніцкага «папярэдняга галасаваньня». Усе ў нашай краіне ведаюць, што «выбары» не адбыліся, што «выбарчыя ўчасткі» стаялі пусткай, людзей на іх прышло так мала, што рэжыму сорамна прызнацца – па ўсёй краіне ня больш за 25-30% (гэта ў асноўным розныя катэгорыі залежных грамадзянаў: людзі ва ўніформах, члены бюракратыі і загнаная на ўчасткі навучэнская моладзь, а таксама шэраг пэнсіянэраў). «Выбары» не адбыліся ні ў воднай выбарчай акрузе, паўсюль карціна была тая ж самая – масавая неяўка грамадзянаў і перамога Народнага Байкоту. Гэта значыць, што разам з Лукашэнкам (які зьяўляецца ўзурпатарам прэзыдэнцкай улады ў выніку сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. і ранейшых) усе гэтыя «народныя ізбраньнікі» нікім на самой справе ня былі абраныя. У юрыдычным сэнсе рэжымная «палатка», уся пагалоўна – гэта НІХТО. Гэтая публіка займае свае крэслы незаконна, у выніку маштабнага крымінальнага злачынства (маніпуляцыі з выбарчым працэсам і падробленай статыстыкай галасаваньня). Такім чынам, «палатнікі» з першага паседжаньня нясуць адказнасьць разам з Лукашэнкам за ўсе наступныя крымінальныя дзеяньні, якія паводле заканадаўства кваліфікуюцца як дзяржаўнае злачынства (незаконны захоп улады). Яны ня проста ніхто, яны – дзяржаўныя злачынцы. І наперадзе іх чакае сьледства, суд і справядлівае пакараньне за актыўны ўдзел у крымінальнай дзейнасьці дзяржаўнага маштабу. Разам з «вузкай хунтай» галоўны хунціст акупаванай Беларусі забясьпечыў сябе таксама неад’емным элемэнтам дыктатуры — «пашыранай хунтай» або псэўдапарлямантам. І гэтая структура таксама не зьяўляецца самастойнай і ня можа называцца беларускай («беларускай уладай», «беларускім парлямантам» або яшчэ як). Гэтая паслухмяная дыктатару публіка на самой справе дзейнічае паводле сцэнару маскоўскіх гаспадароў акупанцкага рэжыму. Яны будуць прымаць любыя, самыя дзікія рашэньні, «пастановы» і «законы», якія прадыктуе ім Масква з мэтай далейшага абрабаваньня і зьнішчэньня нашай краіны і народу. Гэта ёсьць крымінальная і чужая, структура. Менавіта як такую – чужую і акупанцкую — павінен трактаваць наш народ лукашэнкаўскую «палатку». Пераможны Народны Байкот трэба працягваць у тым жа накірунку. Уся хунта (і «вузкая» і «пашыраная») разам зь яе начальнікам павінны знаходзіцца ў ізаляцыі ад нашага грамадзтва. Няхай гэтыя крымінальнікі жывуць сваім жыцьцём, сваёй «малінай», сваёй «панэльлю» і сваім «абшчаком». Мільёны беларусаў павінны адвярнуцца ад іх і дзе толькі магчыма ігнараваць іх. Не зьвяртацца да іх пісьмова і вусна, не называць іх «прэзыдэнтам» і «парлямантам». У месцах, дзе зьбіраюцца беларусы, нельга талераваць іхную прысутнасьць і слухаць іхныя хлусьлівыя прамовы. Беларусы павінны спакойна падымацца з крэслаў і пакідаць залю, у якой зьявяцца нейкія «палатнікі» або сам начальнік хунты. Ня можна хадзіць на рэжымныя парады і дэманстрацыі, запісвацца ў хунцісцкія «партыі» і «рухі», танцаваць на іхных «дажынках» або «піўных сьвятах». Няхай хунта запаўняе свае парады-тусоўкі пераапранутымі міліцыянтамі і курсантамі, няхай яна ведае – Беларускі Народ адвярнуўся ад яе. Ужо цяпер заўважана, якія сур’ёзныя намаганьні робіць лукашыстоўская гэбельсаўшчына, каб пераканаць наша і замежнае грамадзтва, што маўляў, «нічего, собственно, не проізошло, выборы состоялісь». Ім пакуль удаецца рабіць прыгожую міну пры праваленай гульні (хаця ў некаторых калоцяцца рукі ад страху перад крымінальнай адказнасьцю). Псэўдаапазыцыя (якая байкот не арганізоўвала, а толькі крывадушна лемантавала) ужо зноў заяўляе, што «трэба рыхтавацца да наступных выбараў». Роля гэтых падстаўных даўно зразумелая. Тым часам усяму нашаму грамадзтву трэба салідарна і пасьлядоўна замацаваць посьпех Народнага Байкоту. Беларускі народ мае магутную зброю ў абароне ад акупанцкага прамаскоўскага рэжыму. Гэта ёсьць наша родная мова і культура. Трэба рабіць наадварот, насуперак рэжымнай праграмы зьнішчэньня беларускага народу. Рэжым разгортвае сваю крымінальную русіфікацыю – значыць, беларусы павінны паўсюль размаўляць між сабой па-беларуску. Рэжым не зьвяртае ўвагі на патрабаваньні адкрыць садкі і школы на беларускай мове – значыць, трэба зьбірацца разам з сябрамі-аднадумцамі і вучыць сваіх дзяцей па-беларуску на кватэрах (хаця б адзін вечар на тыдзень). Рэжым фальсіфікуе нашу гісторыю і зьневажае культуру і традыцыю – значыць, трэба самым і зь дзецьмі чытаць беларускія кнігі, вывучаць гісторыю, падарожнічаць па месцах нашай нацыянальнай велічы і славы. Такім чынам будзе адраджацца і паўстане салідарнае, незалежнае ад акупанцкага рэжыму грамадзтва – грамадзтва беларускай культуры. Людзі павінны зразумець, што гэтага крымінальны рэжым баіцца значна больш, чым барыкадаў, страйкаў і паўстаньняў. Сытуацыя вызначыцца адразу: з аднаго боку «русскоязычный» беларусафобскі рэжым, а з другога боку – зьяднанае сваёй культурай і мовай беларускае грамадзтва. Будзе сапраўдная незалежнасьць грамадзтва ад хунты. У такіх умовах працэс гніеньня і распаду фальшывых акупанцкіх структураў будзе разьвівацца значна хутчэй. І беларусы здолеюць захаваць свае нацыянальныя сілы, здаровы дух і пэрспэктыву хуткага адраджэньня і нармалізацыі пасьля падзеньня злачыннай дыктатуры. Гэтым шляхам прайшлі вельмі многія прыгнечаныя народы ў гісторыі чалавецтва. Псэўдапарлямант эпохі позьняга лукашызму – такая ж крымінальная хімера, як і ўсё астатняе, што спарадзіла гэтая сістэма. Усё гэта рассыпецца і зьнікне тады, калі беларусы захочуць вызваліцца ад навязанага ім монстра. Янка Базыль 14/10/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |