Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: НАПЕРАДЗЕ НОВЫЯ ЗАДАЧЫ І НОВЫЯ ВЫЗВАНЬНІ

(Выступ на кастрычніцкім Сойме КХП-БНФ
і БНФ «Адраджэньне»)

Народны байкот адбыўся. Ён публічна ўсьведамлены грамадзтвам, зафіксаваны ў памяці. Гэта істотна, бо масавае байкатаваньне фальшывых выбараў рэжыму было яшчэ ў 2008 і ў 2010 гадах, але ня сталася масавай публічнай падзеяй (па розных прычынах). Ужо тады мы віншавалі адзін аднаго і разумелі, што шлях правільны, і працэс, накіраваны намі, ідзе да народнай дэлегітымізацыі антыбеларускага рэжыму. І вось 23 верасьня гэтага году празьвінеў гучны званок. Няўдзел людзей у фальшывым галасаваньні стаўся масавым, татальным па ўсёй краіне. У сярэднім 70 адсоткаў выбаршчыкаў сьведама адмовіліся галасаваць. Гэта абазначае, што рэальна рэжым страціў легітымнасьць у народа, бо людзі не пайшлі галасаваць не таму, што паленаваліся альбо зь нежаданьня траціць час, а таму, што не захацелі ўдзельнічаць у выбарчым ашуканцтве і перасталі давяраць справам гэтай улады. Няўдзел у галасаваньні стаў дэманстрацыяй нелаяльнасьці да антыбеларускага рэжыму і абструкцыяй яго існаваньня.

Сталася тое, пра што мы цярпліва казалі і да чаго заклікалі ўжо дзесяць гадоў. Сутнасьць маніпуляцыяў на выбарах агалілася і стала бачная ўсім. Пасьля паведамленьня рэжымнай ЦВК пра нібыта 75 адсоткаў прагаласаваных і «небывалы ўздым актыўнасьці» выбаршчыкаў, прапагандзе больш няма чаго рабіць. Людзі ўсё ўбачылі самы, зразумелі і пераканаліся на ўласным вопыце ў цынічнай хлусьні рэжыму.

Тут працэс незваротны. Грамадзтва ня будзе больш давяраць гэтаму рэжыму; ашукваць людзей стане для акупанцкай улады ўсё цяжэй, прытым адчужэньне і ізаляцыя будуць узаемнымі.

Беларускім людзям пасьля такой псэўдавыбарчай хлусьні ня трэба ўдзельнічаць у рэжымных мерапрыемствах антыбеларускай ўлады, ня варта прымаць удзел у рэжымных псэўдасьвятах і псэўдаурачыстасьцях. Нельга падтрымліваць антынацыянальны рэжым, яго сымволіку, адміністрацыю і палітыку. Нельга яму давяраць. Было б лагічна і правільна пашырыць байкот на ўвесь антыбеларускі рэжым, байкатаваць праявы рэжымнай дзейнасьці, накіраваныя на антыкультурнае акалпачваньне грамадзтва. Але трэба падтрымліваць сваё беларускае, адраджаць яго і мацаваць, шанаваць беларускую культуру і мову.

Беларускім змагарам за волю і гонар краіны цяпер трэба сваю дзейнасьць і асьвету ўзгадняць з новай сытуацыяй. Нельга дапусьціць, каб вынікі байкоту зышлі ў грамадзкай сьведамасьці на нуль. Палітычную працу цяпер трэба сканцэнтраваць вакол трох прыярытэтных ідэй: ідэі пратэсту (супраць антыбеларускага рэжыму), ідэі нацыянальнай салідарнасьці (на аснове Беларускай ідэі), ідэі будучай вольнай народнай Беларусі (пасьля ліквідацыі антынацыянальнага рэжыму).

Усе эўрапейскія народы (акрамя Беларусі і Ўкраіны) прайшлі такі нацыянальны шлях. Ён абавязковы, калі мы хочам стаць дэмакратычнай дзяржавай і вольнай культурнай нацыяй. Гэтым шляхам трэба йсьці, ня збочваць і не схіляцца, тым больш ня слухаць варожыя галасы лявацкіх ды імпэрскіх разумнікаў з Усходу і Захаду, якія будуць прыніжаць нашае народнае змаганьне, як рабілі тое ўвесь час.

Гэты працэс, магчыма, будзе карацейшым, чым шлях да байкоту, але адразу нічога ня зробіцца. Неабходна рыхтаваць і спрыяць стварэньню глыбокага грамадзкага грунту дзеля перамогі народнага авангарду. Без стварэньня такога грунту немагчыма ніякая якасная перамена ва ўладзе і ў грамадзтве.

Уявім, калі б, скажам, у 1980-м годзе зьявілася ў Менску ці ў Вярхоўным Савеце БССР група, якая публічна заклікала б да аб’яўленьня суверэнітэту Беларусі і роспуску КПСС. Групу ліквідавалі б імгненна і ніхто б нават таго не заўважыў. І не таму, што кампартыя была ўсясільнай, а таму, што грамадзтва было не гатовае успрыняць. Яно нават не зразумела б, пра што там гавораць. Брэжнеўскае грамадзтва не магло ўспрымаць ідэі свабоды і незалежнасьці.

Потым пасьля некалькі гадоў палітыкі «перабудовы» і «галоснасьці», пасьля адкрыцьця Курапатаў і зьяўленьня народных франтоў, сытуацыя ў акупаваных краінах СССР (ды і ў самой Маскве) перамянілася, грамадзтва прышло ў рух, стала пазбаўляцца ад страху, утварыліся актыўныя групы людзей, якія здольныя былі ўспрымаць ідэі нацыянальнага змаганьня і антыкамуністычнай рэвалюцыі. І толькі тады стала магчымай рэальная барацьба з імпэрскай сістэмай і перамога над камунізмам.

Тут агульнае правіла нацыянальнай грамадзкай барацьбы, якое рэальна зразумеў таксама цяперашні кагэбісцкі рэжым, выкарыстаўшы застрашэньне, рэпрэсіі, апартуністычную палітыку Захаду і псэўдаапазыцыю, каб не дапусьціць нацыянальнай кансалідацыі і змагарнага ўздыму ў беларускім грамадзтве.

Байкот фальшывай выбарчай надбудовы рэжыму, які адбыўся 18-23 верасьня, — гэта першы пралом у сістэме акупацыйнай аблогі, у якой антыбеларуская ўлада трымае беларускі народ; гэта ўдар таксама па падвойнай палітыцы Захаду і яго мадэлі залежнай слабой Беларусі. (Загон людзей на фальшывыя выбары праз псэўдаапазыцыю ўвесь час фінансаваў Захад.)

Цяпер рэжым, як заўсёды, крычыць пра сваю вялікую «перамогу» на выбарах і пра масавую падтрымку народа. У гэтай супэр-хлусьні яму падпявае Масква. Але ўсё гэта ўжо ім не на карысьць. Захад зьбянтэжаны байкотам, стараецца прамаўчаць, а агентура (падтрыманая Эўразьвязам) піша, як ні ў чым ні бывала: «Выбары адбыліся, байкот праваліўся». (Гэта пішацца ў Эўразьвязе.)

У Беларусі «кантора» дзейнічала дакладна па распрацаванай тэхналёгіі. Разумеючы, што людзі галасаваць ня пойдуць, зазывалаў падзялілі на дзьве часткі. Адны, як і раней, клікалі на выбары і галасаваньне, другія выступілі за байкот. Разам сатварылі дыскусію. (З інструкцыі КГБ 1980-х гг.: «Ня можаш зьнішчыць – узначаль».)

Некалькі існуючых «незалежных» рэсурсаў, кантралюемых «канторай», тут жа пачалі рэгулярную інфармацыю аб гэтай «дыскусіі» ў асяроддзі падстаўных (нават партрэты дыскутантаў павесілі). Даваліся рэляцыі, як з поля бою (аж вада са шклянкі вылівалася ад узьнятай «навальніцы»). Тут жа пералічвалі, хто «за» байкот, а хто «не». Зразумела, што ў гэтай «незалежнай» інфармацыі нідзе не існавала, не натавалася і не адзначалася роля і дзейнасьць нашай партыі (КХП-БНФ) у справе байкоту.

Нашыя ўстаноўкі сябрам партыі тут добра вядомыя: не зьвяртаць увагі на псэўдаапазыцыйны вэрхал, не камэнтаваць, пасьлядоўна рабіць нашу справу. Бо галоўнае – вынік, менавіта: байкот, няўдзел людзей у фальшывым галасаваньні. Вынік дасягнуты. Зроблены першы крок да ізаляцыі рэжыму у грамадзтве.

Тут мушу зноў адзначыць, што ва ўмовах дыктатуры і акупацыйнай палітыкі, адчужанасьці вольных сродкаў масавай інфармацыі і адсутнасьці свабоды слова дасягнуць масавага выніку (прытым такога непрывычнага, як байкот выбараў) – задача няпростая і вымагае шмат часу. Нам прышлося патраціць на гэта шматлікія гады мэтанакіраванай дзейнасьці, пакуль ідэі байкоту і грамадзкая рэтрансьляцыя гэтых ідэй распаўсюдзілася ў людзях і па ўсёй краіне. Галоўнае было ў тым, што людзі на практыцы і на ўласным вопыце пераканаліся у праўдзівасьці ідэі байкоту і адчужэньня рэжыму ад народных інтарэсаў. Гэта ёсьць рашаючым пацьвярджэньнем таго, што нашыя ідэі і дзейнасьць заўсёды павінны абапірацца на наш народ і на яго нацыянальныя інтарэсы.

Апазыцыйны маргіналізм, які не зыходзіць зь Беларускай ідэі, арыентуецца на чужыя патрабаваньні ды на аплату за выкананьне гэтых патрабаваньняў, — такі падыход рана ці позна церпіць поўнае фіяска, трапляе ў галёш залежнасьці і ганьбы.

Карыстаючыся магчымасьцю, хацеў бы выказаць падзяку ўсім сябрам нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, якія пасьлядоўна і мэтанакіравана, з году ў год, не губляючы надзеі і ня трацячы цярпеньня, працавалі на ніве падрыхтоўкі грамадзтва да абструкцыі і байкоту фальшывых выбараў рэжыму. Гэтая доўгая і ахвярная праца пачала даваць вынікі. Наперадзе новыя задачы і новыя вызваньні: рыхтаваць Беларусь да беларускай салідарнасьці і змаганьня з антыбеларускім рэжымам.

14 кастрычніка 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК

14/10/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2012
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024