Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“А ну-ка, девушки! А ну, красавицы!..”

Апошнімі днямі беларускія змагаркі на ніве эўрадэмакратыі сталі адпрацоўваць «гендэрную» (гэта зн. жаночую) праграму. 5-га сьнежня сабраліся тры партыі – таварыш С. Калякін, спадар А. Лябедзька, спадарыня Л. Пеціна — і падпісалі мэмарандум аб супольнай працы над «Нацыянальнай гендэрнай плятформай».

8-га сьнежня ў Менску адбылася канфэрэнцыя «Жаночы рух Беларусі: выклікі, дасягненьні, пэрспэктывы», на якой было заяўлена, што «ў жаночы рух трэба прыцягваць мужчын». І даўно пара, — скажам мы, — ато некаторыя мужчыны ўжо сталі нямаведама чым.

Але тым часам пэўныя нядобрыя мужчынскія канторы, ня чуючы заклікаў, робяць усё наадварот: прыцягваюць дзяўчат. Ды яшчэ як прыцягваюць, як у песьні пяецца: «А ну-ка, девушки! А ну, красавицы!..»

Сталінская маршавая песьня “пра девушек” з гэтым рэфрэнам рэгулярна гучала па савецкай радыёкропцы да самых гарбачоўскіх часоў. Яе даўно не чуваць, ды й радыёкропкі ўжо амаль ніхто ня слухае, паўсюль японскія магнітафоны і кампутары. А шкада, шэдэўр эстэтыкі таталітарызма і цяпер можа гучаць актуальна.

Бо актуальнай засталася тэма, якая некалі акадэмічна фармулявалася б як “роля барацьбіткі ў барацьбе”. Успомніць хаця б Леніна зь яго “без соратниц-большевичек мы никогда не победили бы”. Нашым цяперашнім гераіням далёка да Крупскай, Клары Цэткін і Ружы Люксэмбург. Але ўзор дасягаецца ў дзейнасьці, калі ёсьць прыклад і арыенцір.

А ўсё пачыналася зусім не барыкадна. Павел Севярынец недзе ў 1996 годзе абвясьціў конкурс “Міс Маладога Фронту”. На подыюм дапусьцілі ўсіх, і тых таксама, хто ў Паўлаву арганізацыю запісаны ня быў. Конкурс адбыўся “прі веліком стеченіі народа”. Усіх скарыла юная Натальля Маковік. Яна выклікала буру воплескаў сваім дэфіле ў бікіні. А потым яшчэ большую буру, калі выйшла на сцэну ў беларускім народным строі зь вялікім Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руках ды сказала палымяную прамову. Зразумела, што такая ўнівэрсалка атрымала на конкурсе першае месца. Сярэбраны мэдаль дастаўся маладой журналістцы Ірыне Халіп, якая сьпявала са сцэны “Хавана-гілу”. То быў час раньняга лукашызма, наступныя часы прымусілі ўсіх пасталець і пасур’ёзьнець. Па-рознаму склаліся лёсы ўдзельніц конкурса і яго гледачоў.

Шанаваная ўсімі, дасьціпная журналістка Радыё Свабода Любоў Лунёва доўга яшчэ, заходзячы ў сядзібу БНФ на вул. Варвашэні гукала замест прывітаньня: “Ну дзе ваша красавіца?” Іронія іроніяй, а недзе ў 1997 годзе Н. Маковік бяссьледна зьнікла, усе пачалі хвалявацца. Але ўсіх супакоілі расейскія тэлеканалы. Яны паказалі рэпартаж з Прагі пра жыцьцё расейскай дыяспары ў чэшскай сталіцы. Адным з эпізодаў рэпартажу было інтэрв’ю зь “Міс МФ”. Н. Маковік упэўнена і на беззаганнай расейшчыне распавядала, як яна працуе ў расейскай газэце, што выдаецца ў Празе, як “мы здесь все напряжённо работаем, чтобы наши соотечественники знали – русская культура и русский дух умеют за себя постоять».

Як менская гераіня патрапіла ў замежжа і ў расейскую кантору, тэлеканалы не паведамілі. Наступныя гады былі для Н. Маковік гадамі прагрэсуючай мэтамарфозы. “Міс” паступова ператварылася ў “бізнэс-лэдзі”. Яна зрабілася дырэктарам маркетынгавай кампаніі Olivier, якая сярод іншага займаецца турыстычным бізнэсам, але можа і продаж чэшскага замку любому жадаючаму арганізаваць. На русскоязычных сайтах Н. Маковік распаўсюджвае рэкламу, напрыклад, “Покупайте! Весёлый замок превратится в отель класса люкс!” або “Мы же решили облегчить жизнь землякам. Ну почему русские должны ломать голову над иероглифами?»

Усё гэта вісіць у Сеціве дагэтуль, усе могуць пачытаць гэтыя пэрлы ад “міс МФ”. Але Н. Маковік не пакінула палітычную арэну. Час ад часу яна нават удзельнічала ў сустрэчах з чэшскім палітыкамі, з самім Вацлавам Гавэлам, калі ў Прагу прыязджалі прадстаўнікі “беларускай дэмакратыі” Вячаслаў Сіўчык, А. Янукевіч, А. Мілінкевіч і падобныя. Але ў цэлым яна трымалася неяк на фоне, на трэціх ролях.

І вось настала 20 лістапада 2012 года. Н. Маковік (як паведамілі СМІ) “прэзэнтавала канцэпцыю Беларускага дому ў Празе, які мае выконваць каардынацыйную функцыю для беларускіх арганізацыяў, а таксама быць, як сказала актывістка, “альтэрнатыўнай Амбасадай Беларусі” (канец цытаваньня). Беларусы адразу ж рытарычна запыталіся: “актывісткай” чаго прэзэнтуецца Н. Маковік? Расейскай прэсы ў Чэхіі? Расейскай кампаніі Olivier? А можа арганізатара даўняга конкурсу Паўла Севярынца? СМІ пра гэта змаўчалі.

Побач з Н. Маковік на здымках з Прагі бачны А. Міхалевіч, эміграцыйны дзеяч МФ з цьмянай мінуўшчынай, а таксама некалькі іншых грантаўскіх пэрсон. Напрыклад, Вольга Карач, вядомая па сваёй «русскоязычной» газэтцы, у якой беларусаў рэгулярна заклікаюць удзельнічаць у лукашыстоўскіх псэўдавыбарах.

Але 20 лістапада стаўся днём не адной, а дзьвюх сэнсацый. Радыё Свабода перадало ў эфір: “Уладзіслаў Суркоў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі расейскага прэзыдэнта, дапамог рэдактарцы апазыцыйнага сайту атрымаць выяздную візу з Расеі. Гэта дазволіла ёй уцячы ад перасьледу беларускіх уладаў”(канец цытаваньня). Адбылася гэтая падзея яшчэ летась, у 2011 годзе, даволі даўно як на мэдыйныя актуаліі. Чаму ж раней пра гэта ўсе “незалежныя дэмСМІ” маўчалі, а пачалі паведамляць толькі пасьля публікацыі гэтых фактаў у апошнім нумары ўплывовай французкай газэты “Le Monde”?

Радыё Свабода і іншыя напісалі таксама, што Н. Радзіна “зьвярталася да Суркова не асабіста, а праз расейскую праваабаронцу Сьвятлану Ганнушкіну, кіраўніцу камітэту “Грамадзянскае спрыяньне”. Тут трэба згадаць пра гэтую асобу. У лютым 2012 года група польскіх патрыётаў, былых вязьняў камуністычнага рэжыму, зьвярнулася да С. Ганнушкінай з просьбай падпісаць міжнародную пэтыцыю з заклікам вызваліць з лукашыстоўскай турмы і выратаваць жыцьцё беларускага вязьня фронтаўца Сяргея Каваленкі. Палякі пашкадавалі, што паслалі свой тэкст у Маскву. Ганнушкіна накрэмзала ім тэмперамэнтны адказ: “Да как вы смеете называть Лукашенко промосковским политиком? Я не буду подписываться за вашего Коваленко!”

Гэтым разам маскоўская праваабарончая асоба праявіла гуманізм. Яна так цёпла распавяла пра справу Н. Радзінай: “Наташа прыехала ў Расею без дакумантаў. Гэта праўда. Ёй удалося атрымаць тут пасьведчаньне асобы. Яно не расейскае. Адна з прыязных краінаў пагадзілася выдаць ёй пасьведчаньне. Для выезду ёй патрэбная была транзітная віза, якая б тлумачыла яе перабываньне ў Расеі. Была сустрэча з прэзыдэнтам, на якой я распавядала пра нашыя справы на Каўказе. Пасьля яе я падышла да Ўладзіслава Юр’евіча Суркова і спытала, ці будзе зацікаўлена Расея ў тым, каб журналіст з прыязнай краіны, але які яўна церпіць ад рэпрэсіяў, зьвярнуўся б тут па прытулак. Ён лёгка і проста зразумеў, што Расеі гэта зусім ня трэба. І ёй далі магчымасьць спакойна зьехаць. Я лічу, што гэты ўчынак робіць гонар Уладзіславу Юр’евічу Суркову”. (Крыніца: www.svaboda.org/content/article/24776415html)/

Ну што ж, усе былі тады радыя за цудоўнае выратаваньне Н. Радзінай, стыль-рэдактара сайта Хартыі-97, арыштаванай у сувязі з падзеямі 19 сьнежня 2010 г. у Менску. Праўда ніхто тады ня ведаў, на якіх узроўнях і дзе зьдзяйсьняўся гэты “цуд”. Зрэшты, нічога тут надта ўжо цудоўнага і няма. Расеі сапраўды нявыгадна было б выдаць Лукашэнку беларускіх рэпрэсантаў і выглядаць кепска перад міжнароднай супольнасьцю. Падобныя дзеяньні з боку расейцаў не адзінкавыя. Некалі журналісту Радыё Свабода Сяргею Навумчыку, службова камандзіраванаму ў Маскву, нават візы не далі, каб згодна дамоўленасьцяў з рэжымам не выдаваць яго Лукашэнку і не выглядаць кепска (калі б выдалі, то хіба што «врага Россіі» Пазьняка).

І ўсё ж такі даволі прыгодніцкая гісторыя. Штурхае на ўяўленьні… Арыштаваная падпольшчыца Вера Харужая цудоўным чынам зьнікае з гестапаўскай турмы і апынаецца без дакумантаў у Бэрліне. Там ёй наладжваюць сустрэчу з намесьнікам начальніка Райхсканцэлярыі Марціна Бормана (а гэта наш чалавек, штурмбанфюрэр Шцірліц — піяністцы пашэнціла!) і яе перавозяць у прыязную краіну Швайцарыю, ратуючы ад гнева менскага гаўляйтэра… Гумар, вядома, але ня будзем сьмяяца на сур’ёзную тэму.

Было і яшчэ некалькі больш даўніх сэнсацый. На працягу шэрагу гадоў у Брусэлі функцыянуе “Офіс за дэмакратычную Беларусь” пад дырэктарствам маладой асобы з Менску Вольгі Стужынскай. Патрыёты-фронтаўцы даўно заўважылі, што гэты “офіс” выдае дэзынфармацыю пра падзеі ў Беларусі. А сёлета грымнуў скандал, калі аказалася, што В. Стужынская ў адкрытую пачала лабіраваць лукашэнкаўскі антыбеларускі рэжым. На сёньняшні дзень «лабі» ізноў сядзіць ціха і працуе сабе ціха як ні ў чым ні бывала.

Чарговы фэнамэнальны прыклад. У 2011 годзе ў Варшаве апынулася Юлія Слуцкая, якая на працягу шэрагу гадоў была рэдактаркай беларускага выданьня расейскай газэты “Комсомольская правда в Белоруссии”. Сярод іншага гэтая камсамолка заўсёды падкрэсьлена грэбліва ставілася да беларускай мовы. Выступала нават на «Белсат» пра «трусость белорусов». Неўзабаве спадарыня Слуцкая таксама падаецца за мяжу, робіцца дэмакраткай і становіцца кіраўнічкай інфармацыйнага “Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю” у Варшаве (нават па-беларуску навучылася). Некалькі разоў па наіўнасьці беларусы зьвярталіся да Ю. Слуцкай з просьбамі дапамагчы выдаць брашуру пра нацыянальна-вызвольнае змаганьне ў Беларусі або пакарыстацца яе офісам для чытаньня вершаў. Яна адмаўляла, аргумэнтуючы, што “офіс існуе для інфармаваньня польскага істэблішмэнту аб Беларусі”, а не для іншых справаў.

Але першапраходцам у справе замежнага рэпрэзэнтаваньня псэўдаапазыцыйных “барцоў” стала самая цікавая дама ў глянцавай калодзе. Усім згаданым пасьлядоўніцам на склізкім подыюме авантуры далёка да гэтай дамы. Яе гісторыя чакае пяра прафэсійнага майстра літаратурнай інтрыгі, роўнага Аляксандру Дзюма. Маецца на ўвазе Натальля Шаўко (Судлянкова), якая апынулася ў Празе ў 1999 годзе.

У сярэдзіне 90-х яна служыла гендырэктарам менскай фінансавай кампаніі “ФІКО”. Але ў 1999 годзе крымінальны вышук Беларусі і пракуратура пачалі перасьлед шэрагу асобаў з гэтай фірмы і холдзінга “Пуше”. Іх абвінавачвалі ў ракраданьні крэдытаў на агульную суму ў 4,5 мільёна даляраў, якія прызначаліся для закупкі збожжа. Ужо знаходзячыся пад сьледствам Н. Шаўко (якая вярнулася на дзявочае прозьвішча Судлянкова) выехала зь Беларусі ў Чэхію. Дзіўным чынам (яшчэ адзін “цуд”) на мяжы яе не арыштавалі. Больш таго, урад Чэхіі даў ёй статус палітычнага ўцекача, а сама ўцякачка лёгка ўладкавалася працаваць журналісткай у беларускую рэдакцыю Радыё Свабода.

У 2002 годзе яна паехала ў Нямеччыну, дзе яе арыштавалі на мяжы, бо яе расшуквалі праз Інтэрпол. Аднак Чэхія адмовілася выдаць яе ў Менск. Гэта нягледзячы на тое, што былы прэзыдэнт фірмы “Пуше” А. Пупейка (жыве за мяжой) прыслаў у пракуратуру РБ ліст, у якім абвінаваціў у крадзяжы часткі крэдытных сродкаў менавіта Н. Шаўко (Судлянкову). Але ўсе хвалі разьбіваліся аб сп. Шаўко (Судлянкову), як аб скалу.

З Радыё Свабода яе праз пэўны час непрыкметна выдалілі. Але яна адразу ж стала шэф-рэдактарам расейскай газэты “Пражский Телеграф”, дзе любімай яе тэмай сталі расейскій бізнэс у Чэхіі і махінацыі вакол яго (прызнаем, што рэдактарка сапраўды глыбака ведала гэтую тэму). У сярэдзіне 2000-х наша гераіня зрабіла далейшы ход канём. Масква прызначыла яе галоўным рэдактарам чэшскай вэрсіі маскоўскага часопіса “Россия в глобальной политике”. Зазначым, што старшынём рэдакцыйнай рады гэтага часопіса ў Маскве зьяўляецца Сяргей Караганаў, старшыня прэзыдыюма Савета па зьнешняй і абароннай палітыцы, адзін з важнейшых дзеячаў маскоўскага імпэрскага гэбізма.
Далей не камэнтуем

Мы спыніліся на гэтай асобе ў дадзеным кантэксьце менавіта таму, што яе зьяўленьня ў Беларускім доме ў Празе (альбо ў яшчэ якім «беларускім доме») можна чакаць у любы час. Дарэчы, мы гэтую асобу ведаем даўно і асабіста. Яшчэ ў 1988 годзе ў Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту яе прывёў сп. В. Якавенка (яго праз кароткі час выдалілі з Фронта) і прапанаваў на сакратарку. Маладая прыгажуня з бездакорнай беларускай мовай стала пісаць пратаколы паседжаньняў і вяла дакумэнтацыю, да пары, пакуль фронтаўцы не разабраліся і не даведаліся, што яна яшчэ і – жонка афіцэра КГБ СССР.
Сьпіс “гераінь” грантаўскай эміграцыі можна працягваць (а колькі такіх харашунь засталося яшчэ ў Беларусі), але мы ўжо назвалі асноўныя імёны. Больш ня хочацца, бо галава ідзе кругам ад гэтых Суркова ў Маскве, расейскага продажу чэшскіх замкаў, брусэльскіх лобі Лукашэнкі і вечных камсамолак, якія інфармуюць польскі істэблішмэнт. Можна толькі меркаваць аб парадках і ўзроўнях фінансаваньня ды палітычнай падтрымкі гэтых юрыдычных і фізычных целаў, якія існуюць мякка кажучы не для спрыяньня беларускай нацыянальнай справе. Адкуль яны ўзяліся, хто ўзьвёў іх на палітыка-інфармацыйны подыюм і што ўсё гэта значыць пад балалаечны звон эўрапейскіх завярэньняў аб “падтрымцы беларускай дэмакратыі”? Адказы на гэтыя пытаньні вырысоўваюцца ўжо цяпер. Але ўся яснасьць настане пасьля краху антыбеларускага рэжыму і ўсталяваньня сапраўды народнай улады ў нашай вызваленай краіне.

Алесь Хадасевіч

10/12/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2012
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024