Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЗА ІДЭЮ І ПРАЎДУ ТРЭБА СТАЯЦЬ

(НОВЫЯ ВЫДАНЬНІ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА ПА ГІСТОРЫІ І МАСТАЦТВУ)

Некалькі гадоў запар у Варшаве, у Беларусі і ў Нью-Ёрку праводзяцца традыцыйныя прэзэнтацыі навінак кніжнага выданьня “Беларускія Ведамасьці”, у якім Зянон Пазьняк кожны год выдае па некалькі кніг, не перастаючы зьдзіўляць беларусаў аб’ёмам сваёй працы. 23 сьнежня 2012 г. ён прадставіў беларускай грамадзе ў Нью-Ёрку новыя кнігі, якія выдаў у 2012 годзе.

Гэтым разам на суд беларускага чытача былі прадстаўлены тры выданьні: па гісторыі Курапатаў –“Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял”, — па мастацтвазнаўству — “Добрая фатаграфія” (прэзэнтацыя якіх ужо адбылася ў Варшаве ў лістападзе 2012 г.), па гісторыі БНФ — брашура “Менскі Гарсавет у пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі”, якую напісала Галіна Пазьняк.)

Гаворка пачалася з кнігі пра Курапаты. У яе два аўтары — Зянон Пазьняк і Валеры Буйвал. Прысьвечана кніга канкрэтнай падзеі – абароне Курапатаў ад зьнішчэньня. “Мы гаворым пра абарону Курапатаў, бо разумеем, што Курапаты — гэта помнік трагічнай культуры, помнік Мартыралогу, і яго трэба абараняць”, — пачаў свой расповяд Зянон Пазьняк. Ён зьвярнуў увагу слухачоў на сутнасьць барацьбы за Курапаты, якую раскрывае эпіграф да выданьня і падкрэсьлівае цесную сувязь змаганьня за Курапаты з барацьбой з КГБ, яго агентурай і лубянскай Расеяй – спадкаемцамі тых, хто рабіў генацыд на Беларусі. “Толькі ведаючы гэта, можна зразумець сэнс і зьмест падзеяў, што разгортваюцца вакол Курапатаў”, — падкрэсьліў аўтар.

З. Пазьняк закрануў праблему раскрыцьця сталінскіх злачынстваў, пра якія ўпершыню было ўсенародна сказана ў 1956 г. на ХХ-м зьезьдзе КПСС у дакладзе М. Хрушчова (з чаго і пачалася так званая “адліга”). Крытыка культа асобы Сталіна, які праводзіў рэпрэсіі “савецкага народа”, аднак, не перарасла тады ў суд над камунізмам (падкрэсьліў аўтар), і ўся ўвага была сканцэнтранавана на кульце асобы Сталіна.

У 1980-х гадах, у пэрыяд палітыкі “галоснасьці”, М. Гарбачоў ізноў падняў гэтае пытаньне. Тады адчынілася магчымасьць свабодна выказвацца ў газэтах, часопісах. І пачало выяўляцца тое, што было скрыта раней. “І тым ня менш, пытаньне культа Сталіна заставалася на тым жа ўзроўні, — заўважыў Пазьняк. – Былі вынішчылі мільёны нявінных людзей – і быццам бы ў гэтым быў вінаваты адзін Сталін.”

Цікавы быў расповяд першаадкрывальніка Курапатаў: “Пра Курапаты я ведаў яшчэ ў пачатку 70-х. Але я разумеў, што казаць пра гэта тады было нельга, бо ўлада КПСС была татальная, магутная, якая кантралявала ўсё. Зрабіць нейкую заяву — гэта быў бы абсалютна бясьсільны акт. Сказалі б, што гэта прыдумка, маглі аб’явіць вар’ятам, а на месцы Курапатаў маглі б пабудаваць стадыён ці якое штучнае возера. Таму Курапаты – гэта была таямніца, якая вісела на сэрцы, бо было невядома, колькі ж ёй прыдзецца заставацца таямніцай.

З пачаткам гарбачоўскай “перабудовы” зноў паднялося пытаньне аб кульце Сталіна і аб рэпрэсіях. Тады я вырашыў выявіць Курапаты, выкарыстаўшы момант, калі партыя рыхтавалася да 19-й партканфэрэнцыі, бо практыка была такая: калі рыхтаваліся камуністычныя зьезды ці канфэрэнцыі, на адрас гэтых форумаў людзі пісалі звароты ў Маскву (якія, як правіла, разглядаліся — была такая гульня ў дэмакратыю), і намэнклятура на месцах вельмі баялася ўсялякага скандалу, ня ведала, як сябе паводзіць, што рабіць, чакала ўказаньняў зьверху і старалася не нарабіць ніякіх памылак, бо за “памылкі” можна было паляцець зь месца”.

Улічваючы гэтую псіхалогію, З. Пазьняк ў траўні 1988 г. заплянаваў археалагічныя раскопкі Курапатаў (на той час ён займаўся археалогіяй, працаваў старэйшым навуковым супрацўнікам у Інстытуце гісторыі АН БССР, дасьледваў позьняе сярэднявечча). Але перш, чым рабіць раскопкі, ён абыйшоў усе вёскі вакол Курапатаў, распытаў усіх, хто застаўся ў жывых, запісаў успаміны сьведкаў: як і хто расстрэльваў у Курапатах, каго забівалі, якім чынам. Потым былі зробленыя раскопкі і знойдзены рэшткі расстраляных людзей.

Адразу ж пасьля гэтага адкрыцьця З. Пазьняк сеў за напісаньне артыкула “Курапаты – дарога сьмерці” (які быў падпісаны З. Пазьняком і Я. Шмыгалёвым, зь якім аўтар разам рабіў апытаньні сьведкаў). І пачалася вялікая барацьба, каб яго надрукаваць у газэце “Літаратура і мастацтва”. “Аднаго разу, — успамінаў аўтар дасьледваньня, — камуністы спынілі нават друкарскія машыны, калі газэта ўжо была зьвярстаная і набраная .

Але артыкул выйшаў з друку, дзякуючы ўнікальнаму выпадаку у гісторыі савецкага беларускага друкаваньня: уся рэдакцыя ЛіМА забаставала. Практычна, кампартыі быў пастаўлены ўльтыматум непадпарадкаваньня. Такім чынам напярэдадні партыйнай канфэрэнцыі насьпяваў скандал.

Беларусы памятаюць той час, калі артыкул выйшаў з друку і імгненна стаў інфармацыйнай бомбай ня толькі на ўсю Беларусь, але і на ўвесь Савецкі Саюз, рэха яго адгукнулася ў прыдушанай, але змагарнай Польшчы і ва ўсёй Эўропе. Людзі зачытвалі газэту з артыкулам літаральна да дзірак. Прачытанае сьведчыла: забівалі сотні тысячаў людзей толькі за тое, што яны былі беларусы.

Потым, у ліпені гэтага ж года, былі другія археалагічныя раскопкі, арганізаваныя Акадэміяй Навук (Інстытут гісторыі) пры ўдзеле МУС і Пракуратуры БССР. Зянон Пазьняк успамінае, што раскопкі былі надзвычай цяжкімі псіхалагічна. “Магільная мёртвая інфармацыя проста заходзіла ў істоту. Калі я капаў Курапаты, я амаль нічога ня еў – часта проста ня мог”, — кажа аўтар.

Пад кіраўніцтвам Пазьняка капала група археолягаў. Усё было падрабязна задакумэнтавана. На раскопках прысутнічалі і ўдзельнічалі супрацоўнікі пракуратуры, Міністэрства унутраных справаў, былі запрошаныя прадстаўнікі ўлады, сельсаветаў, складзеныя адпаведныя акты, пратаколы.

“Курапаты паказалі тыя ахвяры, тыя трупы, дзе яны былі захаваныя, — працягваў З. Пазьняк. — Да гэтага часу гэта была абстрактная гаворка пра культ Сталіна. Нават фактаў не публікавалі – проста спасылаліся на дакуманты ЦК і розныя ўспаміны. Для судовай справы над камунізмам гэтага недастаткова.
У Курапатах былі выкрытыя трупы людзей, якіх яны забівалі. Там былі знодзены кулі ад савецкіх наганаў, гільзы, рэчы расстраляных. Адпаведна вялася справа і з дакумантамі — фактамі злачынства. Вось чаму тое было страшна для камуністаў – таму што былі выяўлены рэшткі расстраляных людзей і рэчы, якія даказваюць: забівалі народ.

І што там былі за ахвяры? У асноўным (на 90 %) – бедныя сяляне. Упершыню эксгумацыя была зроблена шляхам археалагічных дасьледваньняў. Усё рабілася вельмі дакладна. Гэты мэтад дапамог выявіць, што ў канцы 40-х гг. магілы былі раскапаныя і косьці людзей выбраныя, засталіся толькі на дне магілаў. Але ўсяроўна ўсё было палічана згодна навуковай мэтодыкі. Гэтае адкрыцьцё паказала, што адбываўся генацыд народа, што насельніцтва вынішчалася. Ў Курапатах было забіта і пахавана каля чвэрці мільёна людзей.

Кожную ноч езьдзіў “хапун” па вёсках (звычайна, а 3-й ночы), забіралі людзей – вясковых, звычайных мужыкоў, — і праз нейкі час яны зьнікалі. Кожнаму сельсавету (спачатку на Беларусь, потым на вобласьць і г. д.) даводзіўся плян з Масквы на выяўленьне ворагаў народа. Для вынішчэньня насельніцтва быў прыдуманы такі эўфэмізм – “вораг народа”. Пад гэта расстрэльвалі людзей. Спускаўся плян аж да брыгады, да сельсавета, і ў месяц кожны павінен быў “паставіць” ворганам пэўную колькасьць “ворагаў народа”. Такі ж плян даводзіўся кожнаму пракурору і кожнаму суддзю, і калі сьмяротныя прысуды не выносіліся – расстрэл чакаў саміх пракурораў і суддзяў. Гэта была машына, якая дзейнічала, перамалвала людзей. Людзі, абсалютна ні ў чым не вінаватыя, былі ўключаныя ў гэтую мясарубку.

Мэтад быў такі: спачатку расстрэльвалі “врагов”, потым расстрэльвалі тых, хто расстрэльваў. І гэта быў бясконцы ланцуг. Так была пабудавана сістэма савецкага генацыду.

Курапаты якраз рэчыўна паказалі, што забівалі простых людзей, простых сялян, было вядома шмат фактаў, калі расстрэльвалі асоб увогуле непісьменных. Яны не разумелі, чаму іх расстрэльваюць. А таму, што плян быў, трэба было выканаць плян. Пры гэтым вялася строгая справаздачнасьць. Так працавала сістэма генацыду. Курапаты выявілі апошняе, што было ў ланцугу – выявілі трупы забітых і доказы, што гэта зрабіла НКВД.

У арганізацыі (НКВД-КГБ), якая займалася генацыдам (якая на гэтых прынцыпах, як бачна, жыве і зараз), адкрыцьцё Курапатаў выклікала, відаць, вялікае хваляваньне.
Трэба разумець, — працягваў дасьледчык Курапатаў, — што для Лубянкі, для расейскага КГБ-ФСБ такія факты небясьпечныя, бо факты, супастаўленыя з дакумантамі, паказваюць, што генацыд адбываўся па нацыянальнай і сацыяльнай пракмеце. Вынішчалі найперш, беларусаў. Цэлыя катэгорыі людзей былі ўнесеныя ў “прыарытэтныя” сьпісы вынішчэньня: беларускія пісьменьнікі (забіта 70 адсоткаў), беларускія вучоныя і мастакі, беларуская інтэлігенцыя, беларускія навукоўцы, беларускія творцы (тэатр Галубка быў зьнішчаны поўнасьцю — уся трупа). Расстрэльвалі заможных сялян, нават нашчадкаў шляхты (настолькі была распрацована сістэма вынішчэньня грамадзтва).”

Узгадаўшы пра лукашэнкавы “эскадроны сьмерці”, можна не сумнявацца, што гэтая злавесная камуністычная арганізацыя — КГБ, не зьмянілася ў сваёй сутнасьці. Якая яна была ў 30-х, такой засталася і цяпер, толькі мэтады крыху памяняліся і каманды ды загады асьцяражнейшыя (пакуль што). Але мы ведаем пра зьніклых беларусаў ужо пры нашым часе.”

“Дык вось Курапаты, — працягваў Зянон Пазьняк, — далі такія факты, што цяпер можна ставіць пытаньне аб судзе над камунізмам так, як судзілі нацысцкіх злачынцаў у Нямеччыне. Выяўлены ўвесь ланцуг іхных злачынстваў, пачынаючы ад кіраўніцтва, ад адпаведных рашэньняў, ад дакумэнтацыі, ад сістэмы, ад апытаньня сьведкаў і канчаючы трупамі ахвяр. (Пасьля Курапатаў пайшоў цэлы ланцуг адкрыцьцяў: Быкаўня пад Кіевам, месцы расстрэлаў на Магілёўшчыне, Віцебшчыне, Берасьцейшчыне, у Лошыцы, у парку Чалюскінцаў і г. д.)

Суд гісторыі павінен адбыцца абавязкова. Калі ён не адбудзецца, то будзем мець такі ж падобны рэжым, будзем мець такую ж падобную палітыку. Суд над камунізмам неабходны для нашага грамадзтва. Невыпадкова адсюль, ад веданьня пра злачынствы ў Курапатах, пачалося нашае новае нацыянальнае Адраджэньне ў палітычнай форме змаганьня. Гэта была ўспышка, якая шмат вырашыла. Утварыўся Беларускі Народны Фронт. Трагедыя Курапатаў абудзіла маральныя дачыненьні і ацэнкі людзей насуперак прапагандзе камуністычнага махлярства. Гэты маральны аспэкт паказаў тады, што наш народ духоўна жывы.”

І яшчэ адзін факт прывёў Зянон Пазьняк, які надрукаваны Рэгінай Гамзовіч у газэце “Чырвоная зьмена” ў 90-х гг. “Было тайнае ўказаньне з Масквы вакол мяжы (за якой была заходняя Беларусь) на адлегласьці некалькіх кілёмэтраў выселіць і вынішчыць усё насельніцтва, каб была пустая зона. Як гэта рабілі? Энкавэдзістам, якія былі ў памежных атрадах, выдалі сапёрныя рыдлёўкі, і яны хадзілі з рыдлёўкамі і вінтоўкамі. Калі ў нейкім месцы, дзе нікога няма, такі энкавэдзіст сустракаў чалавека, то забіваў яго зь вінтоўкі, капаў яму і тут жа засыпаў. Беларусы, што жылі ля мяжы баяліся вайскоўца з рыдлёўкай. Як толькі бачылі – уцякалі.

Гэта можа здацца сюррэалізмам, нейкім мастацкім творам са страшным сюжэтам, але такой была рэальнасьць. Акупанты так думалі і так рабілі. Энкавэдзісты — гэта былі злачынцы асобага складу. У Ленінградзе была зроблена такая мясарубка, што калі ў падвалах расстрэльвалі, целы кідалі ў мясарубку, пеармалвалі – і ў Няву. Тое самае было і ў іншых месцах. У Хмельніцку на Ўкраіне, напрыклад, расстрэльвалі таксама ў падвалах, потым расчлянялі некаторых забітых людзей, мяса салілі ў бочках і кармілі вязьняў у турме. І гэта яшчэ не самае страшнае, што вытваралі зь людзьмі энкавэдзісцкія каты (не пра ўсё тут кажу).

Тое, што адбыўся Нюрнбэргскі працэс над фашызмам – гэта зьбег абставін. Была вайна і былі пераможцы (заходняя кааліцыя і СССР). Нямеччына была разьбітая, і ўсе правы былі ў пераможцаў. Тады нескладана было фашыстаў судзіць, таму што ўсё было на віду, усе памяталі іхныя злачынствы. Доказы былі відавочныя. Але галоўнае – была пераможная сіла, падтрыманая народамі. І ніхто ня мог ёй супроцьстаяць.
СССР распаўся – ніякай вайны не было. Ён разваліўся, практычна, без вялікай крыві. Пры ўладзе засталася бальшыня камуністычнай намэнклятуры (а ў Беларусі – цалкам). Мы ведалі пра злачынствы, але не было сілы, якая б гэты “Нюрнбэргскі” працэс ажыцьцявіла. Факты для такога працэса ўжо ёсьць.”

Тое пра пра што паведаміў Зянон Пазьняк аб сутнасьці Курапатаў, тлумачыць чаму лубянскія нашчадкі Дзяржынскага пастаянна будуць старацца зьнішчыць факты злачынстваў, іх перакруціць, сфальсіфікаваць, хлусіць, каб на іх забыліся. Яны гэта будуць рабіць пастаянна, пакуль існуе несвабодная праімпэрская гэбоўская Расея і яе злачынная служба бясьпекі.”

Узьнікае пытаньне: чаму згадзіліся на раскопкі Курапатаў у 1988 годзе і КГБ, і КПСС?

Зянон Пазьняк: “У час раскопак было высьветлена, што ў канцы 40-х расстрэльныя ямы былі раскапаныя і трупы выбраныя. Ямы пад расстрэл капаліся глыбінёй больш 2-х мэтраў. Трупы настрэльвалі да верху. Потым прысыпалі пяском. Мы, археолагі, знаходзілі толькі ніжнія пласты расстраляных. У верхніх пластах часам знаходзілі чарапы збоку ў профілях і разрозьненныя косьці. Калі мы палічылі косьці і чарапы – нідзе не супадала з колькасьцю асобін (чаго ня можа быць), а на археалагічных профілях раскопаў выразна чыталіся контуры дзьвюх ямаў, якія не супадалі. Значыць, была выбарка. Магілы пазьней былі раскапаныя. Археалагічная мэтодыка тут дакладная. (Быў і сьведка гэтай выбаркі, які адмовіліся сябе назваць і даваць паказаньні.)”

Наступнае пытаньне — чаму гэта рабілася?
З. Пазьняк адказвае: “Якраз у гэты час дыскутавалася пытаньне пра Катынь. У час нямецкай эксгумацыі катыньскіх магілаў у 1943 г. і савецкай эксгумацыі ў 1944 г. былі абнародаваны узаемавыключаючыя высновы з раскопак пахаваньняў. Сталін хацеў расстрэлы ў Катыні зьвярнуць на немцаў. Але бальшавікі ведалі праўду паколькі самы яны і расстралялі ваеннапалонных афіцэраў.

Улічваючы гэта, цалкам магчыма, што было адпаведнае ўказаньне Масквы выкапаць косьці ў Курапатах і вывезьці куды-небудзь, каб схаваць сьляды генацыду беларусаў. Вядома, што раскопвалі магілы салдаты ноччу. Яны рабілі часам шырэйшую, а часам вузейшую яму (гэта відаць на графіках профіляў раскопа). І, як правіла, апошні пласт (на ўзроўні 2-х мэтраў) заставаўся; ён ня быў выбраны, альбо выбраны беспарадкава. Думаю, што КГБ ведала гэтую інфармацыю (што трупы выбраныя), і таму камуністы згадзіліся на расколкі (маўляў, капайце сабе, нічога ня знойдзеце). Сапраўды, ну хто ж гэта будзе капаць яму да двух мэтраў у глыб, калі нічога няма. Але я ўжо ведаў і капаў.

Калі ў 1988 г. пачаліся раскопкі, сабралася вельмі шмат людзей, (нават маскоўскае тэлебачаньне ў першы дзень). Пачынаем капаць. Адзін мэтар, паўтары – ідзе толькі пясочак. Чыста – нічога няма. У гэтым пясочку я ўжо знайшоў фалангу чалавечага пальца. (А яна ж ня можа апынуцца там выпадкова. Зразумела, што гэта была магіла, яе раскапалі, фаланга выскачыла, засталася.) Значыць, павінна быць нешта на нізе, як правіла. Проста ў канцы 40-х гг. замятальшчыкі сьлядоў не дакапалі да канца (лічылі ўжо гэта непатрэбным, маўляў, хто там будзе капаць да 2-х мэтраў).

І вось дакапваем да 2-х мэтраў – і пайшоў пласт: чарапы зь дзіркамі ад куль у патыліцы. Зачышчаем – і ўсё відаць. Прысутныя начальнікі ўлады падыйшлі да ямы і моўчкі глядзяць. Твары іхныя асунуліся. На машыны – і паехалі.

Я думаю, — падсумаваў Зянон Пазьняк, — кроў людзкая не вадзіца. Курапаты – гэта такая зьява, што Бог не дазволіў, каб такое злачынства ды не раскрылася і пайшло ў пясок. І тут яны ашукаліся. Яны загналі самы сябеў кут. Дакумэнтацыя раскопак была з усіх бакоў (пракуратуры, МУС, Акадэміі, і камуністы прысутнічалі). І які рабіць задні ход? Немагчыма. Але ўсяроўна яны не хацелі ніяк прызнаваць, што ў Курапатах расстрэльваў НКВД. А вымушаныя былі гэта зрабіць.”

Як вядома, наступ на Курапаты на гэтым ня скончыўся. Пачалі прыдумваць розныя небыліцы: казалі, што ў Курапатах расстрэльвалі немцы, што там расстрэльвалі габрэяў. Дайшло да таго (кажа аўтар), што паўторна рабілі раскопкі, але ўсё пацьвердзілася. Тады вырашылі (ужо пры Лукашэнку) пракласьці праз Курапаты аўтастраду. Была вялікая барацьба (пра гэта можна прачытаць ў кніжцы).

Пазьней (зазначыў З. Пазьняк) вырашылі пабудаваць “горад сонца” – катэджы каля самага Курапацкага лесу, дзе павінны былі жыць багатыя людзі са сваімі грашыма, распустай, дзеткамі і сабакамі, і яны будуць усе ў тым “лесе”, зразумела, бегаць ды гуляць. І тут навалу ўдалося адпрэчыць. Усім гэтым – абаронай Курапатаў і стварэньнем Народнага Мэмарыялу – ужо дванаццаць гадоў займаецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ.

А некалькі гадоў таму непадалёк ад ахоўнай зоны Курапатаў пачалі будаваць цэнтар абслугі бензакалонкі (сэрвісны цэнтар). Там крамы і г. д. Адна асоба купіла невялічкі кавалачак зямлі і там павінна была пабудуваць гэты цэнтар. Праз нейкі час высьвятляецца, што там сапраўды нешта будуецца. Аказваецца — будуецца рэстаран, які называецца “Бульбаш-хол”. Рэстаран з інтымнымі пакоямі. Будуюць яго нейкія рускія інвэстары з Расеі, якія нібыта адкупілі той кавалак зямлі пад сэрвіс-цэнтар. Астатнюю плошчу разам з ахоўнай зонай Курапатаў загарнулі так сабе.

Сябры КХП-БНФ высьветлілі (зрабіўшы абмеры), грубыя парушэньні межаў ахоўнай зоны Курапатаў, — паведаміў Зянон Пазьняк. — І ўвогуле, зямля гэта ня куплена – значыць захоплена. Цяпер гэтым займаецца пракуратура. Калі пракуратура будзе глыбока капаць – нешта высьветліцца, хоць я сумняваюся, бо тут замешана ўлада, няма сумненьня.

Наступная атака на Курапаты (для гэтага КГБ пастаянна рыхтуе свае кадры) пачалася ў мінулым годзе. Яны цяпер дзейнічаюць нібыта праз рускае таварыства Мэмарыял, утворанае ў 1989 г. як дэмакратычнае, антытаталітарнае, якое займалася пытаньнямі сталінскіх рэпрэсіяў. Цяпер гэтае таварыства знаходзіцца пад уплывам КГБ-ФСБ і фінансуецца з Крамля. У Менску ўтворана (але не зарэгістравана) быццам бы філія гэтага таварыства. Людзі з нібыта “філіі” дадумаліся да такой правакацыі: паставіць у Курапатах помнік польскім афіцэрам, расстраляным у Беларусі. Шукаецца нібыта частка Катынскага сьпісу (частка польскіх афіцэраў, якія, як мяркуецца, былі, магчыма, расстраляныя ў Беларусі). І гэта прытым, што раскопкі ў Курапатах паказалі: расстраляных польскіх афіцэраў там нязнойдзена. Яны могуць быць, але на сёньняшні дзень не выяўлена ні дакумантаў, ні археалагічных фактаў.

Навошта ўзьнікла такая ініцыятыва расейцаў? Чаго яны лезуць у Курапаты? Зразумела, што гэта правакацыя. Калі б ўзьнік ў Курапатах такі знак, то ўзьнікла б і прывязка падзеі, сапраўднасьць якой не даказана. Несумненна, што гэта выклікала б канфлікт паміж палякамі і беларусамі (кантора ў гэты час пацірала б ручкі). І робіць гэта ўсё (гэтую правакацыю) нібыта расейскі Мэмарыял (падпалкоўнік Кузьняцоў, які займаецца рэпрэсіямі). Магчыма таксама, што тут увогуле хочуць ськіраваць грамадзкую думку на фальшывы шлях адносна сапраўднага месца расстрэлаў польскіх вайскоўцаў.

Цалкам магчыма, што тых афіцэраў расстралялі ў іншым месцы, а тут хацелі б паставіць фальшывы помнік. Правакацыя прадаўжаецца па сёньняшні дзень. Фактычна, ужо адбываецца канфлікт, ён ужо выкліканы. І усё гэта раскрывае эпіграф да кнігі: людзі, якія не разумеюць, у чым сутнасьць барацьбы за Курапаты, не разумеюць нічога.”
* * *
Наступная кніга, якую прадставіў для сваіх чытачоў Зянон Пазьняк — “Добрая фатаграфія”. Яна мастацтвазнаўчага кшталту і раскрывае сутнасьць фатаграфіі як мастацтва.
У гэтым пляне Зянон Пазьняк і тут зьяўляецца першапраходцам, бо такой кніжкі — аб мастацтве фатаграфіі — на Беларусі яшчэ не было. Яна ў пэўным сэнсе першая ў Беларусі. Пра фатаграфію як мастацтва расказана даступнай мовай.

Кніга складаецца з шэрагу мастацтвазнаўчых эссэ, напісаных пра сусьветную фатаграфію, але выбар адвольны, суб’ектыўны, тое, што аўтар палічыў патрэбным даць у гэтую кнігу, што яго зацікавіла і чым ён хацеў падзяліцца з чытачамі.

У кнізе прадстаўлены і сусьветныя вядомыя фатографы, і аматары. Часам аўтар не зважае на невысокую тэхнічную якасьць фатаграфіі, калі яна адлюстроўвае вялікую эмацыйную сілу. У сваіх эсэ аўтар тлумачыць, чаму гэта так адбываецца.

“На Беларусі шмат добрых фатографаў, цікавая гісторыя фатаграфіі, пачынаючы ад Яна Булгака, Адамовіча, яшчэ з ХІХ-га стагоддзя. Тым ня менш, на вялікі жаль, на Беларусі да сёньняшняга дня не было ні аднаго фатаграфічнага часопіса – такі парадокс, — зазначыў аўтар. — Я цікавіўся гісторыяй фатаграфіі, цікавіўся Булгакам і сядзеў у архівах у Вільні, праглядзеў усе часопісы (якія было магчыма) і быў вельмі зьдзіўлены тым, што ў перадваеннай Польшчы (з 1920-га па 1939 год) я налічыў 15 часопісаў па фатаграфіі. Я знайшоў цэлую віленскую школу, і ня толькі пад уплывам Булгака. Вельмі шмат найцікавейшых фатаграфіяў.

У нас жа (у БССР) не было ні творчага саюзу фатографаў, ні часопіса, і гэтыя ўсе дасягненьні беларускай фатаграфіі ніяк не абагульненыя, не зафіксаваныя, не прааналізаваныя. Таму задача перад мастацтвазнаўцамі-беларусамі стаіць вялікая – усё гэта некалі падняць.”

У сваёй кнізе Зянон Пазьняк засяродзіў ўвагу на такой важнай адметнасьці фатаграфіі, як магія спыненага часу. “Я лічу (са мной могуць не згаджацца), што фатаграфія ёсьць найвялікшае мастацтва ў сістэме ўсіх мастацтваў, — падкрэсьліў аўтар. — Яна можа тое, што ня можа ні адно мастацтва.”

У пацьвярджэньне сваіх слоў, аўтар спаслаўся на прыведзеныя ў кнізе факты, якая ёсьць сувязь фатаграфіі з часам і сувязь з прасторай. З. Пазьняк сцьвярджае, што мастацкае ўзьдзеяньне і эстэтычная моц фатаграфіі вырастаюць разам з часам. “Паспрабуйце паглядзець тыя фатаграфіі, на якіх адлюстраваны некаторыя вашы блізкія людзі, сябры, якія ўжо не жывуць. Паглядзіце тыя фатаграфіі (звычайныя, аматарскія), якія зроблены 30-40 ггадоў таму. І вы заўважыце, што вы глядзіце на іх зусім па-другому, што ў вас у душы нараджаецца трымценьне. Фатаграфія (чым далей яна аддаляецца ад часоў, калі яна была зроблена) раскрываецца перад намі духоўна, выклікае ў нас пачуцьці, эмоцыі. У гэтым яе мастацкая сутнасьць.”

Аўтар выданьня шмат распавядае пра гэтую сутнасьць фатаграфіі. Ён тлумачыць, чаму так адбываецца, у чым прырода магіі фатаграфіі і што гэта за мастацтва – фатаграфія.
Прынцып кнігі такі: эссэ і адна-дзьве-тры фатаграфіі, якія ілюструюць пэўную ідэю. Як зазначыў аўтар, праца аказалася вельмі працаёмкай, прышлося шукаць, рабіць шмат рэпрадукцый, але кніжка ёсьць і яна аддадзена на суд чытачу.

Трэцяе выданьне, якое ажыцьцявіў Зянон Пазьняк, гэта невялікчкая брашура “Менскі Гарсавет у пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі. 1990-1991 гг.”, напісаная дэпутатам Менгарсавета ХХІ скліканьня ад Беларускага Народнага Фронту Галінай Пазьняк.
“Менскі гарсавет дастаткова важная адміністрацыйная адзінка ў Беларусі, і там было дастаткова дэмакратычных людзей, фронтаўцаў, і шмат падзей было зьвязана з гэтай барацьбой за незалежнасьць Беларусі, барацьбой з камунізмам. Было прынята шмат адпаведных пастаноў, якія нараджаліся ў выніку барацьбы. Таму гэтая гісторыя не павінна зьнікнуць, мусіць быць адлюстравана.

Добра, што гэтая брашура напісаная, і я лічу (зазначыў Зянон Пазьняк), яна надзвычай важная для нашай культуры. Хаця б тое, што Менскі гарсавет з ініцыятывы дэпутатаў БНФ яшчэ 5 верасьня 1991 г. першы прыняў рашэньне аб беларускім Бел-Чырвона-Белым Сьцягу над Гарсаветам. Дзяржаўны сьцяг быў прыняты 19 верасьня, а 5 верасьня Менскі Гарсавет ужо прыняў сваё рашэньне, што разам з існуючым сьцягам БССР над будынкам Гарсавета ўсталёўваецца нацыянальны БелЧырвона-Белы Сьцяг. І гэта адзіны мясцовы Савет, які прыняў такое рашэньне, што сталася вынікам велізарнай барацьбы фронтаўцаў з камуністычнай намэнклятурай. Наколькі гэта важна было для людзей, якія выходзяць на плошчу – убачыць, што там разьвіваецца нацыянальны Сьцяг.

У тым жа 91-м годзе Менгарсаветам было прынята рашэньне аб Магдэбурскім гэрбе, які вярнуўся ў Менск, таксама было прынята рашэньне (яно дзейнічае і па сёньняшні дзень) аб дэмантажу помніка Леніну і аб стварэньні архітэктурнай кампазыцыі, якая адпавядае нашай гісторыі часу. Гэта зрабіў Менскі гарсавет пад уплывам дэпутатаў Народнага Фронту, і гэта гісторыя змаганьня, якую трэба ведаць і шанаваць.”
* * *
Пасьля прадстаўленьня кніг пачалася гаворка і адказы на пытаньні пра сучаснае становішча ў Беларусі, аб стварэньні Вызвольнага Руху.

“Трэба рабіць тое, што рабіў і робіць Фронт, — падсумаваў Зянон Пазьняк. — Найперш трэба дапамагаць грамадзтву ў нацыянальнай асьвеце. Ад беларусаў адабралі і школу, і гісторыю, і інфармацыю. І што ж, яны вырастуць такія, ж цёмныя, як Лукашэнка? Гэтага ня можна дапусьціць. Таму задача інтэлігенцыі, партыі, грамадзкіх рухаў – асьвячаць свой народ, дапамагчы яму ў нацыянальнай асьвеце, казаць, што такое ёсьць нашая мова, што ёсьць дэмакратыя, што такое культура, чаму гэта патрэбна, чаму ня трэба баяцца.
Палітычныя партыі павінны ўзяць на сябе такую асьветніцкую нагрузку, бо гэта ёсьць ужо палітыка. І пакуль мы гэтага ня зробім, нічога станоўчага ня будзе.
Трэба рыхтаваць сваё нацыянальнае асяроддзе. Так рабілася паўсюдна ў Эўропе, Вясна народаў пачыналася з гэтага.

Усё ў нашых руках. За работу. І калі нехта думае, што вынік будзе адразу – памыляецца. Ня будзе выніку, пакуль ня будзе пералому ў грамадзтве.

Уявіце, што ў 1970-х гг. выйшаў бы чалавек на вуліцу і сказаў бы аб злачынствах камунізма, аб Курапатах. Што зь ім было б? Падумалі б, што гэта вар’ят. А ў 1989 годзе – пра гэта ўжо гаварылі ўсюды (і на кухнях, і на мітынгах, і на плошчах). Бо грамадзтва пасьпела, а для таго, каб яно пасьпела, трэба працаваць гадамі. (У час галоснасьці колькі было літаратуры, выступаў, лістовак выпушчана, і ўсе ўсё чыталі.)

Надзея ёсьць, але яна вымагае працы. Ніякая ідэя, самая выдатная, нічога ня вырашыць, калі не дапамагчы грамадзтву яе зразумець і за яе стаяць.

У заключэньне імпрэзы сьвятар айцец Леанід падзякваў першаадкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка за ягоную вялікую працу ў палітычнай і навукова-асьветніцкай сфэрах беларускага жыцьця. Як адзін з удзельнікаў барацьбы за Курапаты, айцец Леанід асьвячаў курапацкія крыжы. У сваім слове сьвятар падкрэсьліў, што Народны Мэмарыял Курапаты — гэта мэмарыял усяго насельніцтва Беларусі. “Курапаты – агульнае найменьне ўсё новых і новых знаходак пахаваньняў вакол кожнага абласнога і раённага цэнтра Усходняй і Цэнтральнай Беларусі. Амаль пад кожным райцэнтрам былі такія катоўні, дзе праводзілі маскалі-бальшавікі генацыд нашай нацыі.”
На заканчэньне айцец Леанід прачытаў малітву, якую так і назваў – малітва Курапацкая.

Запісала Марыля Якушэвіч

16/1/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2013
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024