Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

З сабачай вернасьцю выконваў...

Масква ўшануе Грамыку на акупаванай японскай зямлі. 11 лютага з Масквы паступіла кур’ёзная навіна. Прадстаўніцтва МЗС РФ у Южна-Сахалінску запрапанавала назваць адну з безыменных выспаў Курыльскай грады (японцы называюць гэта сваімі Паўночнымі землямі) імем савецкага дзеяча ад дыпламатыі А. А. Грамыкі (родам з Старых Грамыкаў Гомельскага раёну). Гэта будзе “данінай павагі” за ролю Грамыкі ў японскай вайне. Ён, праўда, ніколі ня быў на Курылах і ў атаку на японцаў не хадзіў. Але прадстаўнік МЗС РФ Носаў нагадаў, што “Грамыка быў адным з тых, хто падрыхтаваў дакумэнты аб уступленьні СССР у вайну зь Японіяй і вяртаньні Савецкаму Саюзу Паўднёвага Сахаліна і Курыльскіх выспаў”.

Імем Грамыкі можна было б назваць шмат месцаў у сьвеце. У якіх толькі правакацыях ня ўдзельнічаў гэты пэрсанаж на працягу свайго служэньня, распачатага пры Сталіне, а завершанага пры Гарбачове (1939-1989). Паўстагоддзя ён (запісаны ў крамлёўскую мэтрыку як “русскій”) з сабачай вернасьцю выконваў усе прыхамаці і загады Імпэрыі Зла. Ад сваёй Радзімы Грамыка адцураўся з самага пачатку. Ні разу не наведаў Гомельшчыну, ніколі не назваў Беларусь роднай. Добра, што ў перастройку спынілася мода на перайменаваньні гарадоў у імёны начальства. А то замест Гомеля стаяў бы над Сожам “стольный” Грамыкаград.

Яны паказваюць беларусам , што ён, маўляў, “Прэзыдэнт”

У Бішкеку палілі Лукашэнку. 13 лютага “дэмСМІ” паведамілі “сэнсацыю” з Кыргізтану. У Бішкеку да будынка амбасады РБ прышоў мясцовы “грамадзкі актывіст” (як падаюць СМІ) А. Тактанасыраў. Ён наладзіў пэрформанс з патрабаваньнем выдаць прэзыдэнта-уцекача Бакіева, які хаваецца ў Менску. “ДэмСМІ” паведамілі, што ён дастаў і “хацеў спаліць сьцяг Беларусі”. Але потым, пасьля размовы з міліцыяй памяняў сцэнар і пачаў паліць “партрэт прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі”.

Псэўдаапазыцыйныя “дэмСМІ” у сваім рэпэртуары. Тым, хто яшчэ ставіцца да іх паважна, раім падумаць над іхнай тактыкай. Яны Лукашэнку могуць і дурням і яшчэ больш рэзка абазваць, але заўсёды пры гэтым зробяць рытуальны паклон ды нагадаюць беларусам і іншым, што ён, маўляў, “Прэзыдэнт”.
У сувязі з лакальнай падзеяй у Бішкеку нагадваем, што “флаг РБ” (як называецца гэты прадмет у агітках рэжыму) не зьяўляецца “сьцягам Беларусі” (як яго спрабуюць кваліфікаваць “дэмСМІ”). Гэта ёсьць адзін з сымвалаў маскоўскай акупацыі нашай краіны. Сапраўдны Сьцяг Беларусі – гэта наш сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Тое ж тычыцца і тытулатуры Лукашэнкі. Гэтая асоба зьяўляецца ўзурпатарам прэзыдэнцкай улады ў Беларусі, захопленай ім і ягонай групоўкай пры падтрымцы каланіяльнай Масквы.

Ізноў на Бангалор

“ДэмСМІ” паведамілі пра чарговы праект псэўдаапазыцыі. Яны зноў зьбіраюцца вадзіць людзей на сьвята Сакавіка па закавулках сталіцы, а потым прызямліць сваё “шэсьце” на балоце Бангалор. Пра гэта паведаміў грамадзтву А. Янукевіч. Рашэньне было прынята на паседжаньні аргкамітэта, у які ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх вядомых структураў ад АГП да “ЕврБеларусі”. Відаць зноў трэба чакаць звычайнай прафанацыі і рэклямак на расейшчыне (“Приходите на День Воли! Мы им покажем!”).
Шкода, калі зноў так будзе — Дзень Волі усё ж.

“Бранятся” і “тешатся”

Ходзяць пэўныя легенды пра “папулярнасьць сайта Хартыі-97”. На першы погляд інфармацыйная плынь (якая апэратыўна абнаўляецца) на гэтым сайце сапраўды можа ўразіць сваёй апазыцыйнасьцю рэжыму. Вось, напрыклад, стан сайту на раніцу 16 лютага. Падаем выбарку “самых вострых” тытулаў паведамленьняў: “Лукашэнкаўскія чыноўнікі: запар псэўдаакадэмікі і ілжэпрафесары”, “Шейман и Прокопович – движение вперёд или вспять?», “Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка прызначае на пасады прыдуркаватых”, “Дыктатар зьбіраецца падзарабіць на Алімпіядзе”, “Анастасія Дашкевіч: Улада хворая шызафрэніяй”.

Ды гэта не сайт, а нейкая рэвалюцыйная барыкада. Гэта ж якая сьмеласьць і рашучасьць: па некальку разоў на дзень гукаць пра лукашызм і яго начальнікаў: “Дуракі, шызікі!..” Сапраўды пэўнай частцы чытаючай публікі гэта падабаецца. Аднак, беларусы рытарычна пытаюцца: а чаму ў гэтых “сьмелых” не знайшлося аніслова ў абарону беларускай мовы, нашай культуры, нашай нацыянальнай цывілізацыі? Дык гэтыя пытаньні не па адрасе, такія сайты не ствараюцца дзеля абароны беларушчыны.

Гэтаму сьведчаньнем быў актуальны інцыдэнт, што адбыўся ў Вене. Лібэральная Эўропа сабрала ў сталіцы Аўстрыі канфэрэнцыю пад эгідай АБСЭ і пад дэвізам “Інтэрнэт-2013: Фармаваньне палітыкі па абароне свабоды СМІ”. Туды прыехала некалькі лукашыстоўскіх начальнікаў і яшчэ пару асобаў ад лукашыстоўскага інтэрнэту. АБСЭ запрасіла таксама “ад беларускай дэмакратыі” хартыстку Н. Радзіну (якая ўславілася сваімі ўцёкамі з “гэбоўскага палону” з дапамогай вышэйшых прадстаўнікоў крамлёўскай адміністрацыі).

Выступалі яны па чарзе. Спачатку ўсё было спакойна, прадстаўнікі лукашызма распавядалі, як усё цудоўна з правамі на свабоду выказваньня ў Беларусі. А потым адбыўся спэцэфэкт. Слова ўзяла Н. Радзіна і наладзіла ім інтэрнэт-галавамыйку. Яна заявіла сярод іншага (зразумела, што ўсё адбывалася на акупанцкай расейскай мове): “Где ваша “свобода высказывания”, когда в стране нет независимого телевидения, радио и почти не осталось независимых газет? Ответить вам нечего. Потому не приезджайте сюда или молчите и не лгите так нахально и открыто!”
На гэта прысутны ад афіцыёзу Ю. Зісер (уладальнік парталу Tut.by) карцінна раззлаваўся і крыкнуў на адрас Н. Радзінай: “Радина, я посажу вас!”

Цяпер гэтая рухавая мізансцэна гуляе па “дэмСМІ” як нейкая сага аб двубоі сілаў Дабра і Зла, нейкага Перасьвета з Чалубеем. Рэжысёры гэтай пастаноўкі радуюцца і паціраюць ручкі, частка публікі ў захапленьні. Ёсьць аб чым “пакалякаць” у інтэрнэт-прасторы.

Аднак, элемэнтарны фармальна-стылістычны аналіз паказвае, што ўсё гэта было тэатральным дыялогам паміж сваімі. Можа хто-небудзь зь іх азваўся пра здушэньне беларускай мовы? Ці пра сутнасьць антыбеларускай акупацыйнай палітыкі? Іх гэта не цікавіць: абодва ж з дыялога – “істінно русскіе люді”. Яны ёсьць тыя самыя “милые” з расейскай прымаўкі, што “бранятся” і “тешатся”.

Адвярнуўшыся ад народнай бяды

Вядома, што нават у самых невыносных для жыцьця ўмовах чалавек шукае рэцэпты для выжываньня. Прыстасаваньне да немагчымых абставінаў можа быць самым розным. Яно можа быць нават камфортным. Вядома, якой трагедыяй абярнуліся для нашага народа, перш за ўсё для сялянства, лукашыстоўскія аграгарадкі. Сагнаныя ў гэтыя “кітайскія камуны” з родных мясьцін людзі губляюць апошні інтарэс да жыцьця, ня могуць эфэктыўна працаваць, дэмаралізуюцца, сьпіваюцца і доўга не жывуць. Але знайшлася творчая моладзь, якая выкарыстала становішча на сваю карысьць. Маладыя адукаваныя сем’і запісваюцца на пражываньне ў аграгарадку. Старшыня афармляе іх на нейкія пасады, выдзяляе домок на пражываньне. Яны на працу на ферму, зразумела, ня ходзяць, а сьціплы аграгарадкоўскі ганарар аддаюць старшыні. Абодва бакі задаволены.
Справа ў тым, што маладыя творцы завозяць у свой “агракатэтджык” кампутарную тэхніку і разгортваюць працу на адлегласьці (фрылансэрства, цяпер такіх фірмаў ёсьць безьліч). Ёсьць дзе жыць, і ніхто іх не турбуе. Усё працоўнае жыцьцё праходзіць праз інтэрнэт.

Яно можа і добра, што пэўная колькасьць маладых людзей так прыстасавалася. Глядзіш у манітор і не заўважаеш народную драму, якая разгортваецца вакол, літаральна па суседству. Грошы таксама праз інтэрнэт паступаюць, прадукты можна ў Сеціве замаўляць, нават ваду артэзіянскую ў бутлях прывязуць.

Але вечна так ня будзе. Так ня будзе нават доўгі час. Інтэрнэт-індывідуалізм – кепскі сродак ад праблемаў жыцьця. Жыцьцё абавязкава пастукаецца ў дзьверы і нагадае аб тым, што ўсе мы існуем пад уладай антынацыянальнай хунты. Так ужо было ня раз у гісторыі нашага і іншых народаў. Калі брутальная антычалавечая сіла вяла такіх людзей на пакараньне, яны спачатку ўпіраліся і пярэчылі: “А мы што, мы ж нікуды ня лезьлі, нам усё было ўсёроўна. Мы палітыкай не цікавіліся… І по-русскі говорілі. Мы всегда былі – за!” А іх вялі далей і забіралі ўсё заробленае.
Калі адукаваная маладая эліта адварочваецца ад народнай бяды і займаецца выключна сабой – чакай бяды.

Янка Базыль

22/2/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2013
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024