Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: 25 ГАДОЎ ЖАЛОБЫ І ВАЙНЫ Сёньня споўнілася 25 гадоў, як былі адкрытыя Курапаты. У той жа год на Ленінградзкім тэлебачаньні паказалі маё інтэрв’ю пра адкрыцьцё гэтых могілак генацыду. Тады з Ленінграда мне прыслала ліст мой рэцэнзент па дысертацыі доктар мастацтвазнаўства Надзея Кузякіна, дзе пісала, што трывожыцца за мой лёс: “Понимаете ли Вы, какую страшную, злобную силу Вы зацепили?..” Разумеў. Усё разумеў. Бяда толькі, што зачапіўшы, мы яе ня зьнішчылі. Грамадзтву хапіла жалю і ўтрапеньня, ды не хапіла моцы. Адна справа плакаць над магілай, іншая – забіць цмока. У выніку – лукашызм, эміграцыя, выжываньне ў чужыне і брудны сьцёк нянавісьці “зачэпленых”, які не спыняецца ў мой бок ужо чвэрць стагоддзя і ня спыніцца ніколі, пакуль будзе існаваць “скопішча зла”. Курапаты сталі паваротам у маім лёсе і нечакана – паваротам у лёсе Айчыны. З пачатку 70-х я ведаў пра гэтае месца. Шмат што было перадумана за доўгія гады. Настаў час – і ўсё адбылося. Як важна было ўмець чакаць. Курапаты – найвялікшы ў сьвеце зборны могільнік генацыду. Верхняя лічба расстраляных і закопаных тут сягае чвэрці мільёна асобаў (250 тысяч). Генацыд тварылі расейскія бальшавікі. Расстрэльвалі энкавэдзісты (НКВД). Забівалі дзень і ноч з 1937-га па 23 чэрвеня 1941 года. Асноўны сацыяльны пласт расстраляных – бедныя сяляне. Узрост, выяўлены раскопкамі, — ад 18 да 60 гадоў. Сярод забітых шмат жанчын. Уразілі мяне жаночы туфлік з маленькай ножкі 35-га памеру, сіняя місачка, такая, якая была ў нас дома, і дзявочыя валасы, доўгія і сьветлыя, нібы лён. І яшчэ мы дасталі зь ямы велізарную падэшву ад мужчынскага чаравіка (ці ж ні 49-га памеру). “Божа! – усклікнуў мой калега мастак Хведар Ладуцька, — гэта ж быў волат, гігант, і нейкая маскоўская чэрнь, нейкі нікчэмны гэбоўскі карлік, курдупель з нагана яго забіў!” Гэтага не магу забыць. Атакі на Курапаты ішлі патокамі, як прарыў каналізацыі. Людзі днём рабілі тут Мэмарыял памяці, ставілі крыжы. Нелюдзі па начах разбуралі Мэмарыял, ламалі крыжы. І мы ведаем, хто за гэтым ёсьць. З 2012 года пачалася новая атака ўжо на Народны Мэмарыял Курапаты. Цяпер якраз адбываецца шкодная акцыя правакатараў пад выглядам “агульнанацыянальнай” талакі. У электронных СМІ дружна ахайваюць маё імя і сяброў КХП-БНФ, якія стварылі Народны Мэмарыял. “Скажыце, — задае пытаньне правакатар са СМІ, — ці могуць быць Курапаты манаполіяй адной нейкай палітычнай ці грамадзкай структуры?” (Маецца на ўвазе манаполія на догляд і разбудову.) – Не! – дружна адказваюць яму. І на такім узроўні далей уся прапаганда. На каго яна разьлічана? “Могуць, панове, могуць! Могуць і павінен быць такі адзін “манапаліст”. І ўсюды так ёсьць здаўна. За існаваньне магілы адказвае той, хто яе даглядае. У чэшскай традыцыі (дзе знаходзяцца гэтыя разумныя СМІ) такое правіла ўведзена ў заканадаўства. Калі ёсьць магіла на могілках, то юрыдычным актам афармляецца адказная асоба, якая магілу даглядае, альбо плоціць грошы за дагляд. Калі ні дагляду, ні грошай ня будзе, магіла зьнішчаецца. Павінен быць адказны за магілы. КХП-БНФ і “Хрысьціянская злучнасьць Курапаты” дабраахвотна ўзялі на сябе адказнасьць і абавязак даглядаць Курапаты, ставіць і рамантаваць крыжы, якія прыносяць людзі. І яны робяць усё з 2000 года. Тут пастаянны клопат гэтых людзей. Дзякуючы ім, найперш, Курапаты аб’яўлены гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Гэтым людзям, адпаведна, давярае і навуковае кіраўніцтва Мэмарыялу. Яны заслугоўваюць павагі. Іх не абмінаюць, бо яны сочаць за магіламі. Што вытвараюць правакатары і як яны сябе паводзяць – казаць тут ня буду. Ужо шмат сказана і паказана. Дадам толькі, што скажу больш, але гэта потым (у наступным артыкуле). “Чаму сёньня ў Беларусі народная сьвятыня не аб’ядноўвае а разьядноўвае дэмакратычныя і ўвогуле актыўныя сілы?” – хітра задае наступнае пытаньне правакатар. Прысутныя пачынаюць нешта мямліць. Усе разам робяць выгляд, быццам не разумеюць, якая вайна, з кім і за што (не на жыцьцё, а на сьмерць) ідзе ў Курапатах. Яны думаюць ашукаць грамадзтва і кажуць: глядзіце, маўляў, “дэмакратычныя сілы” “не падзялілі Курапаты”. Вось гэта і ёсьць тая тэхналёгія ілжывай прпаганды, пра што я пісаў раней. Вайна, спадары прапагандысты, ідзе ў Курапатах ужо 25 гадоў паміж беларускімі людзьмі з аднаго боку і з другога – з гэбэ ды нашчадкамі НКВД, спадкаемцамі тых, хто забіваў, хто хоча зьнішчыць улікі. І няважна, якую маску яны адзяваюць (дэмакратаў ці журналістаў) і каго яны выкарыстоўваюць. Мы іх ведаем. І прапагандысты (ад мікрафона і пяра) таксама ведаюць. Нікога ашукаць ўжо не ўдасца. Прайшло 25 гадоў пасьля адкрыцьця Курапатаў. Вайна прадаўжаецца. 3-га чэрвеня 2013 г. Зянон ПАЗЬНЯК 3/6/2013 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |