Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: СЬВЕТЛЫ БЫКАЎ

Да 90-годдзя нараджэньня
і 10-годдзя сьмерці Васіля Быкава

19 чэрвеня – сьветлы дзень. Мы звычайна ў гэты дзень ішлі да Васіля Быкава, віншавалі яго з Днём народзінаў. Я бачыў, што Быкаў і сам любіў такія спатканьні. Ён пачуваўся ў Фронце душэўна ўтульна. Атмасфэра ласкі і дабрыні, якая атуляла яго і якая ўвогуле была тады ў сядзібе БНФ, вельмі імпанавала яму. Усе жылі, як на крыльлях. Ужо была Незалежнасьць (наша мара і наша перамога), была беларуская школа, вольны друк, змагаліся за добрае будаўніцтва сваёй краіны.

Для многіх з нас гэта былі гады душэўнага шчасьця. Для Васіля Ўладзімеравіча, відаць, таксама. Калі ён бываў у нас у сядзібе, аблічча яго станавілася лагодным, а вочы сьвяціліся. Яму было добра.

У 1994 годзе яму споўнілася 70 гадоў. Грамадзкасьць і афіцыёз, і мы ў Фронце, рыхтаваліся кожны па-свойму тое адзначыць. Але Быкаў (які ўвогуле не любіў урачыстых афіцыёзаў) адмовіўся ад ушанаваньня свайго юбілею і ў Саюзе пісьменьнікаў, і ў іншых месцах. Ён сказаў, што будзе толькі ў Фронце, у сядзібе БНФ. І я разумеў, чаму ён так вырашыў.

Прышла моц людзей. Але не было ні адной чужой афіцыёзнай фізіяноміі, ніводнай фальшывай прамовы. Сабраўся цьвет нашай творчай нацыі, былі цёплыя позіркі і словы, простыя шчырыя дачыненьні і народныя сьпевы. Думаю, што было якраз тое, што трэба было гэтаму вялікаму чалавеку для добрасьці яго шчырай беларускай душы.

Праз 10 гадоў гэтыя ж самыя людзі праводзілі яго ў апошні шлях. Ужо перамяніўся сьвет. Цемра, хамства, гразь і нянавісьць віравалі вакол, імкнуліся зганьбіць ягоную сьмерць. Гэбоўскія бесы выскоквалі на дарогу, спрабавалі танцаваць перад яго труной. Эфір гэбісцкіх рацый поўніўся матам і подлымі камандамі на подлыя справы (гэта чулі сьведкі).

Нічога ня выйшла ў цемрашалаў. Абвалілася ў іх усё. Наша сіла мацнейшая. Сьветлым і магутным быў апошні шлях Васіля Быкава.

Быкаў мог дажыць да 90 гадоў. Ён мог яшчэ быць разам з намі. Мы вельмі перажывалі, што ён адышоў і ведаем ягоных скрытых забойцаў. І ўсё ж такі Боская воля лепшая, чым нашыя меркаваньні.

Дажываючы да 90, гэты вялікі чалавек вымушаны быў бы з году ў год адчуваць павелічэньне нянавісьці, брыдоты, ілжы вакол свайго сьветлага імя. Зьдзекваліся б зь яго старасьці так, як рабіў гэта адзін вусаты мярзотнік у час яго сьмерці, абплёўвалі б яго мінулае, яго творчасьць і славу. Гэта было б, бо такая прырода падлюг, што цяпер дасягнулі ўлады.

За сябе мне сказаць проста. За 25 гадоў у палітыцы, вакол майго арганізма ўжо даўно стварылася стальная браня. І няма на сьвеце такой ілжы з боку нізкіх, якая б мяне раніла ці выбіла б з раўнавагі. Не здарма яны захлёбваюцца – гэта ад бяссільля.

Не сумняваюся, што ўсё перамог бы і Быкаў, але… прапусьціўшы праз сэрца. Бо такая прырода сьветлых людзей.

Сьмерць Быкава выклікае адчуваньне трагедыі і горычы ня толькі таму, што ворагі прысьпешылі яго паміраньне і ён мог яшчэ жыць, але найперш таму, што сьветлы Быкаў пайшоў, а акупанцкая чэрнь засталася, віруе, кіруе, і ён ня ўбачыў яе канца.

Ён убачыць яе зь нябёс. Тут вельмі розныя сутнасьці. Нечысьці ў індывідуальным выяўленьні абавязкова прыходзіць натуральны канец. Нечысьць нічога не пакідае для будучыні.

Тым часам імя і творчасьць Быкава належаць вечнасьці, бо адлюстравалі яе ў вобразах, думках і харастве. Творчасьць Быкава – гэта сусьветны ўзровень, пазнаньне для ўсяго чалавецтва.

Гэта будзе ўсьвядомлена моцна, калі моцнай будзе Беларусь, тая сьветлая, культурная і магутная народная Беларусь, за якую змагаўся Народны Фронт.

19. 06. 2013 Зянон ПАЗЬНЯК

19/6/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2013
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024