Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“Пытаньне стаіць так – мы альбо яны”

16 чэрвеня нямецкая газэта “Der Tagesspiegel” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

17 чэрвеня 1953 г. мужныя ўсходнія немцы паўсталі супраць камуністычнага прыгнёту. На іх кінулі танкі. Паўстаньне за свабоду і дэмакратыю заслугоўвае таго, каб быць мацней угрунтаваным у гістарычнай памяці.

У ліпені 1952 г. кіраўніцтва САПН (уладная кампартыя ГДР) палічыла, што нестабільнае становішча, якое існавала ў Савецкай Зоне Берліна і ГДР на працягу доўгіх гадоў, кансалідавалася, і таму вырашыла прыступіць да завяршэньня працэсу саветызацыі грамадзтва, выкарыстоўваючы пры гэтым таксама і брутальныя мэтады. Гаспадарчыя і сацыяльныя парэшткі несацыялістычнага грамадзтва, якія яшчэ заставаліся, падлягалі ліквідацыі. Класавая барацьба ўзмацнялася.

Рашэньні аб “пабудове сацыялізма” не ў апошнюю чаргу былі вынікам катастрафічнага эканамічнага і сацыяльнага становішча. Наданьне прыярытэту цяжкой прамысловасьці прывяло да перабояў у забесьпячэньні насельніцтва, а дзяржфінансы былі ў значнай ступені ў напружаным стане з прычыны росту выплатаў на дзяржбясьпеку і на рэпарацыі.

У 1952 г. каля 20% дзяржбюджэту йшлі на гэтыя мэты. У гэтай сытуацыі кіраўніцтва САПН загадала насельніцтву быць эканомным і павышаць прадукцыйнасьць працы.

Са сьмерцю Сталіна ў сакавіку 1953 г. для кіраўніцтва САПН пачаўся пэрыяд няпэўнасьці, наступствы якога былі невядомымі. Тэрміновай фінансавай дапамогі ад Савецкага Саюза ГДР не магла спадзявацца. Тады САПН вырашыла ў траўні 1953 г. даць рады гаспадарчым цяжкасьцям праз увядзеньне дзесяціадсоткавага павышэньня працоўных нормаў як мінімум. Гэты крок прывёў да росту пратэстных настрояў на прадпрыемствах і далейшаму пашырэньню руху ўцёкаў, перш за ўсё праз адкрыты сэктар мяжы ў Берліне.

Савецкія акупацыйныя ўлады зразумелі сур’ёзнасьць становішча і загадалі САПН распачаць “новы курс”, які павінен быў скарэктаваць цьвёрдую палітыку ў адносінах да дробнабуржуазных праслоек і Касьцёла. Бяз зьменаў, аднак, заставалася палажэньне аб павышэньні працоўных нормаў. Галоўным чынам рабочыя вялікіх прадпрыемстваў рэзка адрэагавалі на гэта. Як сьведчаць паведамленьні САПН аб настроях, незадаволенасьць рабочых выяўлялася перш за ўсё ў грунтоўнай крытыцы САПН. Ужо 11 і 12 чэрвеня партыйнае кіраўніцтва адзначыла, што адбыліся пратэстныя сходы, паасобныя страйкі, і паўсюль прагучалі патрабаваньні да партыі і ўраду палепшыць умовы працы і жыцьця. Паводле паведамленьняў аб настроях, насельніцтва кваліфікавала “новы курс” як “прызнаньне банкруцтва ГДР”.

Калі 15 чэрвеня будаўнічыя рабочыя перадалі сваю рэзалюцыю з патрабаваньнем адмены павышэньня нормаў прэм’ер-міністру Ота Гротэволю, распачалася “гарачая стадыя” народнага рушаньня. На наступную раніцу будаўнікі, да якіх стыхійна далучыліся тысячы мінакоў, пайшлі на сядзібу Фэдэрацыі прафсаюзаў ва Ўсходнім Берліне. Калі аказалася, што сядзіба зачынена, яны пайшлі да Дому Міністэрстваў на Ляйпцыгэр-Штрасэ. Дэманстранты патрабавалі адмены павышэньня нормаў, адстаўкі ўраду і вольных выбараў.

Ульбрыхт адразу ж заявіў, што павышэньне нормаў адмяняецца. Але гэта не прывяло да ўлагоджваньня сытуацыі. Наадварот, на наступны дзень – 17 чэрвеня – па ўсёй ГДР заявіў аб сябе магутны пратэст супраць партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва. Страйкі і дэманстрацыі былі зафіксаваны ворганамі партыі і дзяржбясьпекі ў 700 мясцовасьцях, сярод іх у 14 з 15 цэнтраў акругаў (вобласьцяў) краіны і ў 113 з 182 раённых цэнтрах. Савецкія камэндатуры абвясьцілі ў 13 абласных і 51 раённым цэнтрах надзвычайнае становішча.

Удзельнікі пратэстаў – каля мільёна чалавек – паходзілі з усіх сацыяльных слаёў. Паўсюль лёзунгі мелі агульнапалітычны характар. Паводле таталітарнага ўяўленьня кіраўніцтва САПН, сацыяльныя патрабаваньні таксама мелі палітычны характар. Яны баяліся, што настане канец іхнаму панаваньню. Міністар дзяржбясьпекі Вільгэльм Зайсэр так камэнтаваў падзеі: “Становішча надзвычай сур’ёзнае. Пытаньне стаіць так – мы альбо яны”. САПН не давала рады разьбіць або хаця б абмежаваць паўстаньне з дапамогай сваіх “ворганаў бясьпекі”. Толькі абвяшчэьне надзвычайнага становішча савецкімі акупацыйнымі ўладамі і прымяненьне іхных танкаў і войскаў выратавалі партыю ад падзеньня яе рэжыма.

Савецкія войскі разграмілі дэманстрацыі і арганізавалі хвалю арыштаў. Дзякуючы гэтаму ім удалося запабегчы пашырэньню хваляваньняў 17 Чэрвеня. Вынік быў крывавы: мінімальна 55 забітых і шмат сотняў параненых людзей. Дзеля застрашэньня Чырвоная Армія расстраляла многіх збольшага выпадкова схопленых паўстанцаў паводле закону аб надзвычайным становішчы. Адкрытыя пратэсты працягваліся да 21 чэрвеня, а паасобныя акцыі адбываліся яшчэ і ў ліпені. Да ліку 3000 арыштаваных савецкімі войскамі дадаліся праз некаторы час яшчэ 10000 арыштаваных службамі ГДР. Урэшце кіраўніцтвам САПН было асуджана каля 1600 чалавек.

Партыйнае кіраўніцтва спачатку было шакавана драматызмам падзеяў, але ўвечары 17 чэрвеня адрэагавала палемікай супраць Захада. Захад паслаў правакатараў і фашыстоўскіх агентаў, каб падбухторыць насельніцтва. Нягледзячы на афіцыйную прапаганду, кіраўніцтва САПН цалкам усьведамляла сапраўдныя прычыны паўстаньня. Непасрэдна пасьля 17 чэрвеня палітбюро загадала аддзелу ЦК зрабіць аналіз паўстаньня. У кантраст з афіцыйнымі заявамі і павярхоўным характарам, у дакумэнце быў ўвідавочнены правал партыі. Ва ўводнай частцы было напісана: “У цэлым ўсё-такі партыі, цалкам зьбянтэжанай правакацыяй, не ўдалося мабілізаваць 17 і 18 чэрвеня шырокія масы рабочага класу на згуртаваныя наступальныя дзеяньні супраць правакатараў і разгром путча”.

Далей выказвалася шкадаваньне, што сваімі сіламі не ўдалося спыніць паленьне чырвоных сцягоў, разрабаваньне дзяржаўных крамаў, разгром гуртоўняў і зьбіцьцё членаў партыі і камсамола, што толькі “дзякуючы рашучым дзеяньням савецкіх частак была разгромлена фашыстоўская правакацыя і выдалены з вуліцаў людзі”.

Аднак, савецкія акупацыйныя ўлады вельмі хутка зразумелі сапраўдны характар народнага рушаньня. Буйны дзеяч, член Палітбюро савецкай кампартыі Георгі Маленкоў так ахарактарызаваў становішча на пачатку ліпеня: “Аналіз ўнутрыпалітычнай і гаспадарчай сытуацыі ў ГДР і масавыя ўцёкі насельніцтва Ўсходняй Нямеччыны на Захад паказваюць з усёй яснасьцю, што мы маем справу з небясьпекай унутранай катастрофы. Мы абавязаны чуйна глядзець праўдзе ў вочы і прызнаць, што цяперашні рэжым у ГДР немагчыма ўтрымаць без прысутнасьці савецкіх войскаў”.

Народнае рушаньне і яго разгром не маглі не зрабіць уплыву на пісьменьнікаў і мастакоў, набліжаных да партыі. Ім паступілі загады арганізаваць звароты да партыі з завярэньнямі ў салідарнасьці. Прыкметныя літаратары пракліналі ня толькі фашыстоўскага класавага ворага з Захаду, але таксама й рабочых, якія былі паказаны ў лепшым выпадку як наіўныя, але часьцей за ўсё як палітычна і маральна збочаныя і прымітыўныя. Літаратараў і функцыянэраў САПН зьядноўваў глыбокі недавер да “народа”.

Адной з гнюсьнейшых фальшывак быў раман “Даглядчыца” Штэфана Гэрмліна. У гэтым рамане йдзецца пра псіхічна збочаную Эрну Дорн, якая паказана як канцлягерная даглядчыца, каб абгрунтаваць афіцыйную трактоўку фашыстоўскага путча. Штэфан Хайм стварае ў сваёй кнізе “5 дзён у чэрвені”, якая толькі ў 1989 г. выйшла ў ГДР, ідэальны вобраз крытычнага, але ўрэшце рэшт лаяльнага да камуністычнай партыі класава сьведамага рабочага, які выступае ў кантрасьце з вобразамі паўстанцаў. Бэртольд Брэхт на пачатку ў крытычным тоне заклікаў уладу трымаючых абраць сябе “новы народ”, але потым пачаў гаварыць у стылю камуністычных дыктатараў пра “фашыстоўскіх падонкаў, якія распальваюць вайну” і якія “напалі” на САПН. Ён таксама ўхваліў прымяненьне савецкіх танкаў.

Пасьля разгрому паўстаньня кіраўніцтва САПН, якое ўвабралася ў сілу, распачало шырокія партыйныя чысткі, а таксама пераўтварэньні і санкцыі ў партыях блока. Вальтэр Ульбрыхт хватка здолеў выкарыстаць на сваю карысьць падзеі 17 чэрвеня і аднавіць сваё становішча ва ўладзе, якое было пахіснулася. Як бы гэта ні гучала парадаксальна, але народнае рушаньне забясьпечыла яму палітычнае выжываньне.

Магутнасьць народнага рушаньня і няздольнасьць кадраў САПН на рашучыя дзеяньні паказалі партыйнаму кіраўніцтву, што рабочыя ніякім чынам ня лічаць іх сваім авангардам. З гэтага кіраўніцтва САПН зрабіла адпаведныя высновы, структурна і кадрава перабудавала партыю і ўтварыла папераджальную сістэму. Яны не хацелі, каб іх яшчэ раз зьнянацку захапілі пратэсты. Быў таксама ўзмоцнены ўнутрыпартыйны кантроль праз інфармацыйную сістэму, якая сягала здолу да верху.

Важнейшай рэакцыяй кіраўніцтва САПН на 17 Чэрвеня былі пакараньне і разбудова іхняга ўладнага і дысцыплінарнага апарата. Для каардынацыі магчымых дзеяньняў дзяржаўных і партыйных ворганаў ў моманты ўнутранага і зьнешняга напружаньня партыйнае кіраўніцтва загадала ўжо ў ліпені 1953 г. утварыць кіраўніцтвы па надзвычайных сытуацыях у вобласьцях, раёнах і гарадзкіх раёнах.

Пасьля зьняцьця з пасады міністра Зайсэра і часовай дэградацыі да ўзроўню Дзяржсакратарыята Міністэрства Дзяржбясьпекі, якому партыйнае кіраўніцтва ў сувязі з 17 Чэрвеня закідвала аднабокую арыентацыю на “зьнешняга ворага”, гэты ворган атрымаў новыя задачы і быў ўзмоцнены кадрава. Яго фінансавыя сродкі да 1956 г. павялічыліся больш чым у два разы, а колькасьць пазаштатных супрацоўнікаў за гэты ж пэрыяд вырасла амаль у два з паловай разы. Да таго ж партыя зрабіла акцэнт на шчыльную сувязь ворганаў дзяржбясьпекі з партыйнымі структурамі. Але гэтага партыі падалося мала. Прэм’ер-міністар Ота Гротэволь заявіў: “Партыя ўзбройваецца!” У выніку партыя ўзмацніла забесьпячэньне і зброю сваіх “баявых групаў на прадпрыемствах”, утвораных яшчэ ў 1952 г. Яны існавалі да канца ГДР і збольшага мелі ад 180 да 200 тысячаў членаў.

Зьмест і мэты народнага рушаньня нельга прывесьці да аднаго знамянальніка: патрабаваньні лепшых умоваў працы і жыцьця спалучаліся з імкненьнем да волі, дэмакратыі і – праз гэта – да нацыянальнай еднасьці. Для кіраўніцтва САПН 17 Чэрвеня 1953 г. да самага развалу яго дактатуры быў пастаянным папярэджаньнем і напамінам, што “чужак быў унутры краіны”, а таксама аб тым, што яны маглі захаваць сваю ўладу толькі прымяняючы гвалт і пры падтрымцы вышэйстаячай савецкай дзяржавы.

Насельніцтву таксама застаўся балючы ўспамін пра 17 Чэрвеня: страх перад новым прымяненьнем савецкіх танкаў на працягу дзесяцігоддзяў рабіў безвыніковым прынцыповы супраціў рэжыму САПН.

Змаганьне за волю, дэмакратыю і еднасьць у ГДР дагэтуль яшчэ не заняло цэнтральнае месца ў гістарычнай сьвядомасьці немцаў. Адразу ж пасьля ўзьяднаньня толькі 35% людзей на Захадзе і 39% на Ўсходзе лічылі 17 Чэрвеня надзвычай важнай падзеяй, і толькі штодзесяты ў абодвух частках краіны пачуваўся асабіста ўражаным і кранутым гэтай падзеяй. Пры апытаньні школьнікаў высьветлілася, што толькі штотрэцяму вядомая гэтая дата. Перш за ўсё маладыя ў Заходняй Нямеччыне не маглі прыгадаць гэтую дату.

Нямеччына якраз не надта багатая на паўстаньні і рэвалюцыі за волю і дэмакратыю. Складзецца лепш, калі мы ўключым 17 Чэрвеня 1953 г. ў традыцыю рухаў за адзінства і вызваленьне. У гэтым шэрагу гады 1832, 1848, магчыма таксама 1918, 1944 і нарэшце 1989-ты.

Паміж 1953-м і 1989-м, аднак, ёсьць прыхаваная, можа не настолькі выразная, але сапраўды шчыльная повязь. Бальшыня ўсходніх немцаў хацела пазбавіцца ад гнёту чужога камуністычнага ўладальніцтва і імкнулася на самавызначэньня і ўзьяднаньня.

Клаўс Шродэр

(Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал)

Крыніца:
www.tagesspiegel.de/meinung/jahrestag-17-juni-1953-es-geht-jetzt-darum-wir-oder-sie/8356182.html

21/6/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2013
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024