Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“Трагічная сьмерць непакорнага расейскага сьвятара”

7 жніўня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

У Пскове быў па-зьверску забіты 75-гадовы айцец Павел Адэльгэйм – былы вязень лягяроў, услаўлены адважнай крытыкай патрыярхаў і абаронай дзяўчат з групы Pussy Riot.

Забойца – гэта 27-гадовы масквіч, выпускнік сталічнага інстытута кінематаграфіі, якога сваякі прывезьлі ў Пскоў. Безумоўна, ён цярпеў на псіхічнае захворваньне, а сям’я верыла, што вядомы дабрасардэчнасьцю айцец Павел дапаможа яму аздаравіцца.

У панядзелак познім вечарам госць забіў гаспадара ўдарамі нажа. Калі прыехала паліцыя, ён не ўцякаў. Крычаў, што забіць загадаў яму сатана, потым ён ударыў сябе нажом. У цяжкім становішчы яго прывезьлі ў шпіталь, лекары ўратавалі яму жыцьцё.

Трагедыя ў Пскове скаланула ўсю Расею, прынамсі дэмакратычна настроеную частку яе грамадзтва. Паводле протадзякана Андрэя Кураева, аднаго з найбольш шанаваных праваслаўных духоўных, “царква страціла свайго апошняга пастыра, які думаў і дзейнічаў незалежна”.

Айцец Адэльгэйм стаўся ахвярай сталінскіх чыстак на прыканцы 30-х гадоў ХХ ст., а яго маці патрапіла ў Акмолінскі Лягер Жонак Здраднікаў Айчыны ў Казахстане.

Будучы сьвятар зь вялікай цяжкасьцю закончыў кіеўскую сэмінарыю, зь якой яго выключалі за крытыку ладу ў СССР і біскупаў, што супрацоўнічалі з КГБ.

У 1969 г. ён сам патрапіў у лягер. Атрымаў тры гады за распаўсюджваньне рэлігійнай літаратуры і “паклеп” на савецкае кіраўніцтва. Падчас бунта ў лягеры ён быў выпадкова цяжка паранены і яму ампутавалі правую нагу.

У новай Расеі непакорны сьвятар стаўся адным з найбольш вядомых крытыкаў праваслаўных герархаў, якія парушаюць – на яго думку – асновы царкоўнага жыцьця. У сваёй кнізе “Дагмат аб царкве, канонах і практыцы” ён папікаў іх у сэрвілізме ў адносінах з сьвецкімі ўладамі, у атачэньні сябе раскошай і пыхлівым жыцьці ў люксусовых умовах.

Галоўным папрокам, зь якім айцец Адэльгэйм зьвяртаўся да біскупаў, было, аднак, тое, што яны валадараць царквой, як дыктатары, здушаючы любую ініцыятыву вернікаў і патрабуючы ад сьвятароў сьляпой пакоры.

Урэшце ён патрапіў у канфлікт з пскоўскім арцыбіскупам Яўсеніем. Мітрапаліт забраў у яго ўсе парафіі і забараніў займацца сіратамі ў прытулку, арганізаваным самым сьвятаром.

Аднак герарх не наважыўся пазбавіць яго права служыць літургію. Бо Адэльгэйм карыстаўся надта вялікім аўтарытэтам у царкве. Немагчыма было так проста пазбавіцца ад яго.

Сьвятар з Пскова год таму выступіў у абарону дзяўчат з панк-групы Pussy Riot, якіх судзілі за тое, што яны ў сакавіку 2011 г. у маскоўскім саборы спрабавалі выканаць сваю, як яны гэта назвалі, “панк-малітву”: “Багародзіца, прагані Пуціна”.

Адэльгэйм напісаў тады на сваім блогу: “Дзяўчаты выказалі свой палітычны пратэст вершамі нетрадыцыйнай малітвы ў экстравагантны спосаб. Гэта толькі голас, голас пратэсту, які нарастае ў грамадзтве. Я ня бачу прычын не давяраць гэтыму голасу”.

На яго думку, ёсьць слушным пратэст людзей супраць “куражу царквы ў арміі і школе, імітацыі любові і веры, ідэалогіі і палітыцы, што пнуцца заняць месца духа і жыцьця, клерыкалізацыі сьвецкай дзяржавы”.

Тых нешматлікіх сьвятароў, якія наважыліся падтрымаць дзяўчат з Pussy Riot, асуджаных на два гады лягяроў, патрыярх Кірыла публічна назваў “здраднікамі ў сутанах”. Маладыя і менш вядомыя зь іх былі сурова пакараны. На айца Паўла герархі не насьмеліліся падняць руку.

У Расеі панядзелкавую трагедыю ў Пскове параўноўваюць са сьмерцю іншага вядомага сьвятара, айца Аляксандра Меня. Ён быў зьвязаны з дысыдэнцкім асяроддзем, яго крытыкавалі кансэрватыўныя герархі. Ён быў забіты 23 гады таму пры абставінах, невядомых дагэтуль.

Вацлаў Радзівіновіч

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14399465,Tragiczna_smierc_niepokornego_rosyjskiego_duchownego.html

Магчыма з часам удасца высьветліць, хто накіраваў маладога псіхапата ў аддалены ад Масквы Пскоў. Але зразумела, што цяпер згаданыя герархі РПЦ ўздыхнуць з аблягчэньнем. Ці застаўся яшчэ хто сярод клірыкаў РПЦ, гатовы казаць людзям усю праўду і не баяцца гневу біскупскага начальства?

Дададзім, што гэта тыповая мэтода савецкага КГБ — падсылаць да асобаў, якіх хацелі зьнішчыць, псіхічна ненармальных людзей (авось, што-небудзь здарыцца). Да Зянона Пазьняка ў час ягонага дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце такіх хворых падсылалі дзясяткамі.

Трагедыя ў Пскове – гэта чарговы этап рэжымнай зачысткі таго жывога, што яшчэ фрагмэнтарна існуе на абшарах расейскага грамадзтва. Лубянская цемра ўсё шчыльней ахутвае імпэрыю.

Сяргей Камароўскі

10/8/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2013
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024