Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Народ хацеў бараніць радзіму

29 верасьня славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул славацкага гісторыка Уладзіміра Янцуры пад тытулам “Ці павінны былі чэхі і славакі адкінуць Мюнхен?” Артыкул прысьвечаны 75-м угодкам мабілізацыі арміі і грамадзтва Чэхаславакіі ў сувязі з пагрозай гітлерскай інвазіі. Вось гэты артыкул:

“Будзем трываць, не здамося, клянемся!” Надпісы такога кшталту 75 гадоў таму аблямоўвалі дарогі сотняў тысячаў мужчын, пакліканых да зброі падчас агульнай мабілізацыі. Яны ішлі бараніць радзіму, супольную дзяржаву чэхаў і славакаў, якой пагражала агрэсія з боку нацыстоўскай Нямеччыны.

Праз тыдзень усё было скончана. Гітлер атрымаў пятую частку тэрыторыі Чэхаславакіі – без адзінага стрэлу. Яму дастаткова было атрымаць згоду ягоных напалоханых бліжэйшых хаўрусьнікаў на начной сустрэчы ў Мюнхене. І таксама жаданьне афіцыйнай Прагі падпарадкавацца дыктату вялікіх дзяржаваў.

Уноч з чацьвярга на пятніцу 29 верасьня 1938 г. там за сталом перамоваў сядзелі, акрамя Адольфа Гітлера, Бэніта Мусаліні ад Італіі, Эдуар Даладзе ад Францыі і Нэвіль Чэмбэрлен ад Вялікай Брытаніі. Чэхаславакію на гэтую канфэрэнцыю нават не запрасілі. Паводле дамовы, Прага павінна была распачаць аддаваць Нямеччыне “спрэчныя землі” ужо з 1 кастрычніка. Судэты цалкам павінны былі перайсьці пад нямецкую адміністрацыю на працягу дзесяці дзён.

“У пятніцу Чэхаславакію зьнішчылі чатыры чалавекі, якія за чатыры гадзіны вынесьлі прысуд, прычым абвінавачваемы ня мог нават выступіць”, — заявіла на наступны дзень ў перадачы радыёстанцыі ВВС уплывовая тады амэрыканская камэнтатарка Дораці Томпсан.

“Мы не павінны называць гэта мірам”, — працягвала Томпсан. – “Мір – гэта не адсутнасьць вайны. Мір – гэта пазытыўнае становішча – гэта ўлада права. Гэты мір ўзьнік з бяспраўя і толькі бяспраўем можа быць утрыманы. Гэты мір усталявала дыктатура і ўтрымаць яго можа толькі далейшая дыктатура. Гэты мір узьнік праз здраду і можа ўтрымлівацца толькі праз далейшую здраду”.

Томпсан абвяргала галоўную тэзу тадышняй афіцыйнай прапаганды, паводле якой дыпламатычнае вырашэньне судэцка-нямецкага пытаньня закрыла шлях да сусьветнай вайны.

Адмоўна ацэньвала паводзіны заходніх хаўрусьнікаў таксама й чэшская і славацкая грамадзкасьць. Мюнхенскі дыктат грамадзкасьць успрыняла як здраду хаўрусьнікаў, а рашэньне прэзыдэнта Эдварда Бэнэша выконваць ганебнае пагадненьне – як капітуляцыю перад Гітлерам.

“Мы былі вельмі збянтэжаны, — успамінае сёньня 94-гадовы жыхар Браціславы Іван Вотруба. – Збольшага грамадзтва апанавалі ўпадак духа, пачуцьцё бездапаможнасьці. Мы ўспрымалі гэта сапраўды як здраду з боку Захаду”.

Многія гісторыкі сёньня схіляюцца да думкі, што брытанская і французкая дыпламатыя хацела выдачай Чэхаславакіі Гітлеру ў верасьні 1938 г. выйграць час і падрыхтаваць свае дзяржавы да вялікага ваеннага канфлікта ў Эўропе. Але ж магчымасьць да дадатковай падрыхтоўкі атрымала й нацыстоўская Нямеччына!

“А цяпер давайце ўзбройвацца, узбройвацца, узбройвацца! – напісаў Ёзэф Гэбельс у сваім дзёньніку ўжо 30 верасьня 1938 г., — бо пакуль што мы не гатовы зьдзейсьніць наш галоўны плян – завалодаць усёй Чэхаславакіяй”. Такім чынам, Гітлер хлусіў, калі даводзіў брытанскаму прэм’еру, што Судэты ёсьць ягоным апошнім тэрытарыяльным патрабаваньнем. “Я надалей і неабвержна рашуча настроены зьнішчыць Чэхаславакію”, — заявіў ён адразу пасьля падпісаньня мюнхенскага пагадненьня ў вузкім коле найвярнейшых яму асобаў.

Яны праз нас ня пройдуць, мы не баімся!

Дагэтуль вядуцца спрэчкі аб тым, ці не павінна была б Чэхаславакія ў той час аказаць ўзброены супраціў Гітлеру сама, нават без падтрымкі бліжэйшых хаўрусьнікаў.

“Мы вырашылі, што ва ўмовах выбару паміж зьмяншэньнем межаў і сьмерцю народа нашым абавязкам ёсьць захаваць жыцьці нашых людзей”, — сьцьвярджаў у радыёзвароце 30 верасьня 1938 г. генэрал Ян Сіровы, старшыня ўраду. Аднак мабілізаваная армія яму ня верыла.

Сёньня няма сярод жывых нават тых, хто займаў тады ніжэйшыя камандныя пасады. Але пяць гадоў таму мы яшчэ маглі паразмаўляць з генэралам Антонам Пятракам з Браціславы. У верасьні 1938 г. ён быў паручыкам і камандваў ротай супрацьтанкавых гармат у браціслаўскай Пятржалцы.

З 24 верасьня Пятрак папаўняў сваю роту рэзэрвістамі, якія паступалі галоўным чынам з Модры. У пятржалкаўскіх каласальных, як маманты, бункрах-крэпасьцях была абвешчана баявая гатоўнасьць.

“Сьцены гэтых крэпасьцяў былі таўшчынёй у адзін мэтр і на іх красаваліся надпісы: “Яны праз нас ня пройдуць, мы нікога не баімся!” – апісваў настрой жаўнераў Пятрак. Гэта было тады, калі Бэнэш перавёў армію ў становішча ваеннай гатоўнасьці і некалькі дзён не зважаў на ўльтыматум Гітлера.

Фюрэр патрабаваў аддаць чэшскае памежжа да 29 верасьня. У адваротным выпадку Нямеччына павінна была заатакаваць. Аднак, напярэдадні заканчэньня тэрміна ўльтыматума брытанскі і французкі амбасадары зрабілі Гітлеру новыя прапановы. Ішлося пра абкарнаньне Чэхаславакіі без бою.

Аднак, ваяваць хацела й частка чэхаславацкага генэралітэту. Бачачы саступлівасьць Бэнэша, яны прыкідвалі варыянт перавароту і ўсталяваньня вайсковай дыктатуры. Змоўшчыкі хацелі заняць радыёстанцыю, заклікаць народ да бою.

Падрыхтоўку да ніколі ня зьдзейсьненага перавароту праводзіў генэрал Леў Прхала, які падчас мюнхенскага крызісу камандваў 4-й арміяй (яна абараняла паўднёвую Маравію). Калі ён убачыў карту ЧСР са зьменшанымі межамі, паводле апошніх патрабаваньняў Гітлера, то сказаў (нібыта ў прысутнасьці Бэнэша): “Гэтую жабрацкую зьяву нават нельга назваць дзяржавай. Як вы хочаце рабіць замежную палітыку, калі аддаеце крэпасьці?”

Дарэчы, магутныя чэхаславацкія крэпасьці ў сістэме ўмацаваньняў уздоўж межаў зь Нямеччынай палохалі й нацыстоўскага правадыра. Калі ён агледзеў іх ужо пасьля заняцьця Судэтаў, то мусіў прызнаць, што для немцаў было проста шчасьце, што ўсё абышлося без баёў. “Мы тут пралілі б шмат крыві”, — прызнаўся ён блізкім асобам.

Бэтонныя крэпасьці на межах ня здолелі б адбіць маланкавы наступ Вэрмахта, але запаволілі б яго настолькі, што гэта дало б магчымасьць правесьці ўсеагульную мабілізацыю. Супраць наступа выступала й частка нямецкага генэралітэта. Паводле аднаго дакуманта, які ўвосень 1938 г. выйшаў з іхнага ваеннага міністэрства, чэхаславацкая армія магла б трымацца тры месяцы. Начальнік генэральнага штаба нямецкіх сухапутных сілаў Людвіг фон Бэк быў больш асьцярожным у прагнозах і прадказаў, што калі б вайна працягвалася, скажам, шэсьць тыдняў, то й некаторыя з хаўрусьнікаў Чэхаславакіі перагледзелі б сваю датыхчасовую пазыцыю і прышлі б на дапамогу.

Ужо падчас нюрнбэргскага працэсу чэхаславацкі прадстаўнік Багуслаў Эчэр спытаў маршала Вільгэльма Кайтэля, ці заатакаваў бы Трэці райх Чэхаславакію ў 1938 годзе, калі б заходнія супэрдзяржавы паставіліся за Прагу? Былы начальнік гітлерскага вярхоўнага камандваньня Вэрмахта адказаў адназначна: “Дакладна, што не. Мы ня былі дастаткова моцнымі ў вайсковым сэнсе. Мэтай Мюнхена было выцясьніць Расею з Эўропы, выйграць час і завяршыць узбраеньне”.

Калі гэта так, то Гітлер абыграў французкіх і брытанскіх палітыкаў. Праўда, ня ўсіх. Уінстан Чэрчыль, — падчас мюнхенскага крызісу лідэр апазыцыі ва ўласнай партыі, — рашуча заявіў: “Падзел Чэхаславакіі пад ціскам Англіі і Францыі ёсць роўны поўнай капітуляцыі заходніх дэмакратый перад нацыстоўскай пагрозай ўжываньня сілы. Такі правал не прынясе мір і бясьпеку ні Англіі, ні Францыі. Наадварот, ён прывядзе абедзьве гэтыя дзяржавы ў яшчэ больш слабое і небясьпечнае становішча. Перакананьне, што бясьпеку можна дасягнуць, аддаючы малую дзяржаву ваўкам, гэта ёсьць лёсавызначальная памылка”.

Далейшае разьвіцьцё падзеяў пацьвердзілі рацыю Чэрчыля. Больш таго, капітулянцкая пазыцыя ўладаў Францыі і Вялікай Брытаніі кантраставала з уяўнай вернасьцю хаўрусьніцкім абавязкам, якія настойліва пракламаваў Савекі саюз.

Доўгі час гэта выкарыстоўвалі ў сваёй прапагандзе й чэхаславацкія камуністы. Аднак яны часта забываліся нагадаць, што сваё жаданьне прыйсьці на дапамогу ЧСР сталінская Масква выказвала пры ўмове, што гэтак зробіць і Францыя. Падчас мюнхенскага крызісу Масква раіла Празе зьвярнуцца ў Лігу нацый. Маўляў, калі яе парада атрымае падтрымку большасьці, то СССР ўмяшаецца і без Францыі. Але гэта было нерэальна.

Усе на абарону народа і радзімы

Агульная мабілізацыя 24-29 верасьня 1938 г. паказала, што шэраговыя чэхі і славакі былі гатовыя стаць на абарону супольнай дзяржавы. “Людзі ішлі, як на бой, усьведамляючы, што можа спатрэбіцца й аддаць жыцьцё за рэспубліку”, — успамінае Ян Главач-Факля з вёскі Кабэлярава (Гэмэр). Ён яшчэ не падлягаў мабілізацыйнаму абавязку, але ягоны швагер пайшоў у армію.

“Мабілізацыя праходзіла спакойна”, — чытаем у цяперашняй хроніцы Шарышскіх Міхалянаў (тады Міхаляны над Цісай). “Але недахоп працоўнай сілы адчуваўся, у выніку не цалкам былі аброблены палі”. З вёскі пайшлі ў армію 42 мужчыны. Многія вярнуліся ўжо ў сьнежні. Мабілізацыя тычылася таксама гаспадарскіх колаў і конскіх упражак.

Газэта “Slovak” на наступны дзень выйшла з палымянымі тытуламі – “Усе на абарону народа і радзімы!”. “Мабілізацыя тычыцца аднолькава і чэхаў і славакаў, бо вораг прагне захапіць тэрыторыю абедзьвюх частак нашай дзяржавы”, — тлумачыла газэта Глінкаўскай Народнай Партыі ў сваім камэнтары, — і хоча ўрваць як найбольшую здабычу з нашага народнага цела”.

З далейшых артыкулаў, аднак, станавілася зразумелым, што апасеньні народнікаў тычыліся перш за ўсё Угоршчыны: “Гэта распачалося на Захадзе. Можа настаць час, калі гэта працягнецца на поўдні і на ўсходзе”.

“Ня толькі славацкая грамадзкасьць, але й славацкая палітычная эліта заняла пазыцыю абароны рэспублікі”, — даводзіць Чапловіч. Выключэньнем было радыкальнае крыло народніцкай партыі (Тука, Мах і інш.), якое імкнулася выкарыстаць сытуацыю для рэалізацыі сваіх плянаў самавызначэньня Славакіі, і палітычныя партыі некаторых нацыянальных меншасьцяў.

Безумоўна, настроі падчас мабілізацыі ў Славакіі і Чэхіі былі розныя, таму менавіта, што магчымую страту Судэтаў больш востра адчувалі людзі ў Празе, чым на Высочыне або недзе ва ўсходніх Бяскідах.

“Імпэт і рашучасьць ваяваць былі не такімі вялікімі, як у чэшскіх землях”, — зазначае й гісторык таго пэрыяду Валерыян Бістрыцкі з Славацкай акадэміі навук, — З дугога боку, мабілізацыйны загад грамадзяне ў Славакіі выканалі амаль пагалоўна”.

За пяць дзён мабілізацыі ў армію паступіла каля 1127000 мужчын, народжаных пасьля 1918 г., і колькасьць чэхаславацкай арміі дасягнула больш за 1300000 вайскоўцаў. (Усяго на 200 тысячаў менш за колькасьць, якую мела нямецкая армія ў мірны час. Але камандваньне Вэрмахта магло за кароткі час мабілізаваць каля 1500000 рэзэрвістаў).

Аўтарытэт дзяржавы ня быў варты й гроша

Дык што б здарылася, калі б Прага адкінула мюнхенскі дыктат? Пытаньне гэтае з вобласьці альтэрнатыўнай гісторыі і спэкуляцый. Але захаваліся пляны наступу і распрацоўкі ваенных стратэгаў, зь якіх ў пэўнай ступені можна зыходзіць.

Калі б Гітлер зьдзейсьніў свае пагрозы і 29 верасьня аддаў загад сваім войскам заатакаваць Чэхаславакію, галоўны ўдар быў бы відавочна скіраваны з поўначы і поўдня на Маравію (Аўстрыя пасьля аншлюса была ўжо часткай Нямеччыны). Мэтай атакі быў падзел тэрыторыі Чэхаславакіі, абкружэньне галоўных сілаў чэхаславацкай арміі, сканцэнтраванай у Чэхіі, і недапушчэньне яе адступленьня ў Славакію.

Але чэхаславацкае камандваньне ў верасьні 1938 г. разгадала гэтыя намеры Вэрмахта і дзейнічала адпаведна. Ужо падчас мабілізацыі галоўнае камандваньне арміі начале з генэралам Лудвікам Крэйчам знаходзілася ў Вышкаве ў паўднёвай Маравіі.

Меркавалася, што часовай сталіцай республікі станецца Турчанскі Свэты Марцін. Славацкія горы павінны былі стацца апошнімі мурамі на шляху атакуючых войскаў агрэсара…

Чэрчыль высока ацэньваў абарончы патэнцыял тадышняй Чэхаславакіі. “Іхняя армія ў два-тры разы мацнейшая за нашую, і іхныя запасы зброі ў тры разы большыя, чым у італьянцаў”, — сказаў ён у брытанскай Палаце прадстаўнікоў падчас мюнхенскага крызісу. “Нельга таксама сумнявацца ў тым, што ў гэтай краіне жыве мужны народ”.

Як бы паводзіла сябе Угоршчына Хорці? Яна адкінула прапановы з Берліна заатакаваць самастойна. Але верагодна, што яе армія далучылася б да ваенных апэрацый Нямеччыны, як толькі Вэрмахт праламіў бы абарону чэхаславацкай арміі на мараўска-славацкай мяжы.

Аднак гісторыя ня церпіць ніякіх “што было б”. Падзеі адбываюцца так, як адбываюцца. “Адна з найсучасьнейшых армій тадышняй Эўропы мусіла саступіць без якогакольвечы супраціву, хаця была гатовая прыняць няроўны бой”, — канстатуе М. Чаплавіч. “Аднак палітыкі не далі ёй такой магчымасьці”.

Гэта быў пачатак хуткага канца Чэхаславакіі. Гэтая дзяржава была глыбака прыніжана, яе аўтарытэт небясьпечна набліжаўся да нуля.

“Усё тадышняе спадзяваньне на моцных хаўрусьнікаў разьвеялася. Спадзявацца можна было толькі на ўласныя сілы”, — напісаў Ёзэф Ціса ў галоўным артыкуле газэты “Slovak” 2 кастрычніка. “Мы зробім усё, каб забясьпечыць абсалютную ўладу славакаў у Славакіі”.

Ужо праз чатыры дні Ціса стане старшынём першай славацкай аўтаномнай улады, а праз год першым славацкім прэзыдэнтам. І тады дазволіць сябе выказаць яшчэ адно абяцаньне: “Ачысьцім Славакію ад чужых элемэнтаў”.

Але ўсё гэта было наперадзе. Пакуль што славацкія жанчыны і дзеці ўздыхнулі з аблягчэньнем, таму што не спраўдзіліся найгоршыя прадказаньні, таму што іхныя мабілізаваныя мужы і бацькі вярталіся дахаты жывыя і здаровыя. “Усе былі задаволены, што небясьпека вайны прамінула”, — напісаў стваральнік хронікі вёскі Вісока ў Сабінаўскай акрузе.
Да Венскага арбітража заставаўся месяц, потым ваўкі накінуцца на парэштку ЧСР. Бо Мюнхенскія пагадненьні мелі таксама сакрэтныя дадаткі – пратаколы. Поўдзень Славакіі дастанецца Ўгоршчыне, 22 спішскіх і араўскіх паселішчы – Польшчы.
Але пра гэта іншым разам…

Уладзімір Янцура

Пераклаў з славацкай В. Буйвал.

Крыніца: http://spravy.pravda.sk/domace/clanok/294466-mali-cesi-a-slovaci-odmietnut-mnichov/

Драма здраджанай Чэхаславакіі дае важныя гістарычныя лекцыі ўсім народам. Нельга саступаць агрэсару, нельга верыць ягоным абяцанкам і абяцанкам хаўрусьнікаў-чужынцаў. Можна верыць толькі сябе. А сваю краіну бараніць ад агрэсараў усім народам.

Валеры Буйвал

4/10/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2013
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024