Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: АГЛЯД ЗА ВЕРАСЕНЬ (Выступ на кастрычніцкім 2013 г. Сойме Мінуў верасень і, як звычайна, пры такім рэжыме, нічога станоўчага ў Беларусі не адбылося. Памёр сябра нашай Партыі, наш выдатны беларускі філосаф Мікалай Крукоўскі. Заўчасна памёр адзін з пачынальнікаў БНФ Віктар Івашкевіч і яшчэ шэраг беларусаў. Увогуле, калі азірнуцца ўстыч на некалькі гадоў, то складваецца ўражаньне, што паміраюць адны добрыя беларусы і выяўляецца нейкая схаваная, цёмная логіка пануючага зла. Але гэта, так бы мовячы, працэсы натуральныя. Ненатуральнае ўсё тое, што вытварае антыбеларускі рэжым. Вынішчэньне беларускай культуры і жыцьцяздольнасьці нацыі не спыняецца ніколі. Сілы, каб спыніць гэты рэжым, у нас яшчэ няма. Накапліваць яе трэба пастаянна, ведаючы, што задача рэжыму – зьнішчыць усё. Нядаўна паведамлена пра скарачэньні на адну траціну працаўнікоў, занятых у сфэры культуры. Зразумела, што для бюджэту тое нічога ня значыць, бо гэта мізэр. Але для беларускай культуры тут моцны ўдар, прадуманы рэжымам у рэчышчы яго антыбеларускай палітыкі. Фактычна пачалося чарговае адкрытае дзеяньне па пагрому беларускай культуры. Я кажу “адкрытае”, бо акупацыйны рэжым даўно зразумеў, што супраціўленьня ня будзе што б яны ні рабілі, нават калі б людзям у вочы плявалі і абзывалі ўжо не “народцам”, а скацінай. Ніхто б не абураўся, не стаў бы страляць, нават кулакамі махаць. Мяркую, што такі ганебны стан будзе трываць усё ж да пары. Нашая задача набліжаць гэтую пару. Зьвяртаю ўвагу, што якраз у гэты час узурпатар выдаў таемны загад, паводле якога выпускнікі сярэдніх навучальных установаў краіны вызваляюцца ад абавязкавай адпрацоўкі паводле разьмеркаваньня альбо ад выплаты грошай за навучаньне, калі прадоўжаць сваё навучаньне ў ВНУ Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам рэжым прапануе ільготы за русіфікацыю і выштурхваньне моладзі зь Беларусі. Усе спробы рэжыму, якія мы назіраем цяпер, накіраваныя выключна на разбурэньне культуры і грамадзтва Беларусі. Падвышэньне падаткаў выштурхне і пакладзе прадпрыймальніцтва. Падатак на выезд замяжу ў суме 100 даляраў жорстка абмяжуе жыцьцёвыя магчымасьці простых людзей (акрамя мафіі і дзяржаўных чыноўнікаў) і г.д. Але ўрэшце рэшт складваецца ўражаньне, што сатрап ужо перастаў слухаць сваіх мафійных дарадцаў і прымае рашэньні толькі свае (відаць гэта па характару і ўзроўню) і ціха капае сабе яму. Прыкладна паўтары месяцы таму “православный атеист” рашыў напалохаць Касьцёл, каб не надта разьвіваўся (а то “неудобно”) і арыштаваў ксяндза Лазара па прыдуманым і абсурдным абвінавачваньні. Захоп закладнікаў – гэта ўжо выпрабаваны стыль гэбісцкага рэжыму. Брыдкай справай з увязьненьнем ксяндза зацікавіўся сам Папа Францішак, і ёсьць надзея, што закладніка ўсё ж выпусьцяць “бяз выкупу”. Але зьвернем увагу на іншае. За ўвесь гэты час незаконнага захопу ксяндза і незаконнага яго ўтрыманьня ніводная так званая праваабарончая арганізацыя, ніводная “эмнісьці” і ніводзін палітык-дэмагог за правы чалавека – не ўзьнялі свой голас супраць несправядлівасьці і парушэньня правоў ксяндза Лазара. Тут яшчэ адна ілюстрацыя да характарыстыкі ўсіх гэтых лібэральных нібыта абарончых фікцый. Некалі яны выразна засьвяціліся ў дачыненьні да трагічнай галадоўкі нашага нацыянальнага героя Сяргея Каваленкі, калі вядомая арганізацыя “Міжнародная Амністыя” падтрымала не палітычнага вязьня рэжыму, а стала на бок рэжыму Лукашэнкі. Гэта вымоўны факт, калі лявацкая публіка раскрылася з усім сваім падвойным дном. У верасьні была прадэманстравана яшчэ адна антыбеларуская падзея, пра якую ў друку панапісвалі цэлыя кублы лухты. Гэта ваенныя вучэньні расейска-лукашысцкага войска на тэрыторыі Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцяў у Беларусі. Асноўная дымавая заслона ў друку заключалася ў прадстаўленьні гэтых вучэньняў як агрэсіўнай адпрацоўкі варыянту вайны супраць НАТО і заходніх дзяржаваў. Асабліва шчыравалі ў гэтай вэрсіі Польшча і прыбалтыйскія краіны. Тлумачэньне пазыцыяў гэтых краінаў простае: яны хацелі пераканаць Брусэль, каб ім далі больш грошай на абарону і на ўсё, што каля гэтага. Элемэнтарна зразумела, што ні НАТО не плянуе нападаць на Расею, ні Расея на НАТО. Тым больш, што расейскае войска не ў стане весьці вайну на сучасным ваенна-тэхнічным узроўні. І Расея тое ведае. І НАТО таксама. Сытуацыя цяпер зусім іншая, чым тады, калі існаваў Савецкі Саюз. Уся ваенна-стратэгічная палітыка Расеі на Захадзе падпарадкавана адной галоўнай, прыярытэтнай і першачарговай мэце: забясьпечыць сваю ваенную прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны і ўлучыць іх у склад Расеі. Гэта ёсьць галоўная ідэя фікс расейскай стратэгіі на Захадзе, і ад яе яны не адступяцца, пакуль будуць існаваць у тым выглядзе, як цяпер. Захоп Прыбалтыкі магчымы толькі пасьля захопу Беларусі. На сумесных вучэньнях расейскіх і рэжымных войскаў у 2009 і 2013 гадах адпрацоўваўся галоўны варыянт манеўраў: барацьба і збройнае здушэньне магчымага беларускага ваеннага (партызанскага) супраціўленьня акупацыйнаму войску. Закамуфлявана гэта было пад прымітыўню вэрсію аб тэрарыстах, якія аднекуль “пранікнуць” і г.д. Расейцы сур’ёзна рыхтуюцца да вайны на Захадзе (у Беларусі) і да паступовага вайсковага захопу нашай тэрыторыі. Адзін з мэтадаў такой акупацыі дасканала выпрабаваны ў расейскай палітыцы – гэта ўвядзеньне сваіх вайсковых баз на тэрыторыю намечанай краіны. У 1939-40 гг. гэтак была захоплена Прыбалтыка. Ваенная прысутнасьць на тэрыторыі іншай краіны – гэта ўжо частковая акупацыя і пагроза сувэрэнітэту. Чужое войска можа ўмяшацца ва ўнутраныя працэсы краіны “па просьбе трудзяшчыхся” ці пэўных уладна-палітычных груп. Можа быць задзейнічана чужая авіяцыя, фармаваньні і г.д. На сёньняшні дзень у справе дапушчэньня чужога войска ў Беларусь Лукашэнка дзенічае як дзяржаўны ваенны злачынца і павінен будзе пайсьці пад трыбунал. Нажаль, у нашым грамадзтве (паўтаруся) яшчэ не сасьпелі ўмовы, каб можна было вырашыць пытаньне аб адказнасьці і пакараньні гэтай цёмнай асобы. Усьведамленьне ж таго відавочнага факту, што лёс і свабода шматмільённай нацыі залежаць ад дзеяньняў адной малакультурнай абмежаванай істоты, якая апынулася на вяршыні ўлады, паказвае нам, у якім небясьпечным стане знаходзіцца наша краіна. 20 кастрычніка 2013 г. Зянон ПАЗЬНЯК 22/10/2013 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |