Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Мадзярызацыя

Прадастаўляем вашай увазе галаву з кнігі “Славацкая гісторыя” выдатнага славацкага навукоўца Ф. Грушоўскага. У гэтым фрагмэнце трактата мы бачым амаль дакладнае адлюстраваньне сёньняшняй сытуацыі ў нашай Беларусі, дзе акупацыйны небеларускі рэжым душыць усе праявы нацыянальнага жыцьця. Трэба, аднак, памятаць, што славакам было значна цяжэй. Пасьля зьнікненьня Вялікамараўскай імпэрыі ў 9-м стагоддзі славацкі народ на працягу 1100 гадоў ня меў сваёй дзяржавы. Славацкія землі захапілі вугорцы. Захопнікі ніколі не прызнавалі нацыянальных правоў славакаў і называлі зямлю народа Верхняй Вугоршчынай. Але нягледзячы ні на што народ захаваў сваю мову, культуру і традыцыю. У 19-м стагоддзі вугорцы перайшлі да палітыкі інтэнсіўнай дэнацыяналізацыі славацкага народа, разграмілі нават тое нямногае, што дазволіў быў славакам венскі імпэратарскі двор. Нацыянальны супраціў славакаў быў авангардным. Такія дзеячы, як Антон Бэрналак, Людавіт Штур, Андрэй Глінка, Мілан Расьціслаў Штэфанік, і іхныя пасьлядоўнікі – эліта славацкай нацыі – вялі народ да вызваленьня і забясьпечылі глебу для канчатковага ўтварэньня славацкай незалежнай дзяржавы ў 1993 годзе.

Сярод мэтадаў, якія павінны былі прысьпешваць дэнацыяналізацыю славакаў, найважнейшую ролю мела школа. Закон аб народнасьцях ад 1868 г. гарантаваў і немадзярскім народнасьцям магчымасьць закладаць школы для апекі над адукацыяй ў матчынай мове, але ў хуткім часе аказалася, што гарантаваныя гэтым законам правы не рэалізуюцца. Наадварот, закрыцьцё славацкіх гімназій і паступовая мадзярызацыя ўсіх школ выразна даказвала, што мадзяры не хацелі даць славакам нават таго, на што тыя мелі права, паводле закона.

На карысьць мадзярызацыі прыкладалі намаганьні ўсе ўладныя ўстановы. Ня толькі таму, што яны функцыянавалі па-мадзярску, але галоўным чынам таму, што дапамагалі ў пашырэньні ўсіх мэтадаў мадзярызацыі і сачылі за тым, каб спыніць у зародкавым стане любую славацкую ініцыятыву. Тым, што ўладныя ўстановы прымалі і публікавалі ўсе свае дакумэнты толькі ў мадзярскай мове, яны прымушалі немадзяраў засвойваць мадзяршчыну. Там, дзе такой дзейнасьці было недастаткова, было неабходна забясьпечыць посьпехі мадзярызацыі іншым спосабам. Сьведамыя славакі, якім нацыянальная сьведамасьць не дазваляла адрачыся ад сваёй мовы, адступіцца ад правоў на нацыянальнае жыцьцё і здрадзіць свйму народу, сталіся прадметам нянавісьці, атрымалі мянушку “панслаў”, а кожны іхны пачын трактаваўся як непатрыятычны, а таму небясьпечны. Але і гвалты, якія дапускалі ўладныя ўстановы на славацкіх нацыяналістах, маглі напалохаць, расчараваць і зламіць толькі слабакоў, якія ня мелі трывалага нацыянальнага духа. У кожным славацкім пакаленьні было дастаткова выдатных асобаў, якія не паддаваліся ніякому ціску, якія не купляліся на подкуп і не саступалі пагрозам. І гэтыя нязломныя славакі і ў небясьпечныя часы нацыянальнага прыгнёту падтрымлівалі ў народзе веру ў зьмену абставінаў, якая прынясе славацкаму народу магчымасьць нацыянальнага жыцьця. Такая вера была патрэбная асабліва тады, калі пасьля закрыцьця славацкіх гімназій і пасьля ліквідацыі Маціцы славацкай славакі ня мелі сродкаў, каб бараніцца ад навалы мадзярызацыі.

Славакі ня мелі на што абаперціся ў супрацьстаяньні дзяржаўнай моцы і яе прадстаўнікам, каб магчы прынамсі аслабіць напор дэнацыяналізацыі. Пад уплывам жорсткага бяспраўя, якое спасьцігла славацкі народ у выніку закрыцьця славацкіх культурніцкіх установаў, славакі ў 1878 годзе на выбарах у вугорскі сойм нават ня выставілі сваіх кандыдатаў, бо ня мелі шансаў на посьпех. У 1881 годзе Славацкая народная партыя вырашыла ўзяць удзел у выбарах толькі дзеля таго, каб ажывіць Мэмарандум, натхніць народ на вытрымку і каб пераканаць уладу, што славакі жывыя і нават у гэтыя безнадзейныя часы не адракаюцца ад сваіх нацыянальных правоў. Пасьля няўдачы на гэтых выбарах славацкія нацыяналісты прышлі да высновы, што яны ня будуць удзельнічаць у выбарах у вугорскі сойм. У 1884, 1887 і 1892 гадах славакі зусім ня ўдзельнічалі ў выбарах. Гэтая палітычная пасіўнасьць была доказам нездаровай нацыянальнай сытуацыі ў Вугоршчыне. Трохмільённы славацкі народ, які дастойна выконваў свае абавязкі ў адносінах да вугорскай дзяржавы, ня мог мець і ня меў у вугорскім сойме ніводнага дэпутата, які б быў правадніком славацкай волі і абаронцам славацкіх правоў.

Народныя сходы былі таксама забаронены, улады не дазвалялі нават арганізацыю сьвяточных мерапрыемстваў, на якіх славакі хацелі адзначыць выдатныя падзеі славацкага культурнага жыцьця.

У такіх умовах выдатную ролю ў славацкім нацыянальным жыцьці адыгрывала славацкая прэса, якая выхоўвала народ у разуменьні нацыянальных абавязкаў і ўмацоўвала нацыянальную сьведамасьць.

У часы жорсткага прыгнёту, калі славацкі народ ня мог змагацца за свае правы на палітычным полі, калі ўсімі сродкамі спынялася разьвіцьцё славацкага нацыянальнага жыцьця, калі славацкія нацыяналісты былі аб’ектам перасьледу, наш славацкі боль і надзея знайшлі свой выраз у славацкай літаратуры, у творах Ваянскага і Гвездаслава.

У 1883 годзе ўлада заснавала Верхневугорскую пэдагагічную асацыяцыю (Femka) з сядзібай у Нітры, каб пад выглядам асьветы пашыраць мадзярызацыю ў Славакіі. У 1885 годзе славакі хацелі падаць імпэратару прашэньне, каб ён дазволіў аднавіць Маціцу славацкую альбо прынамсі даў магчымасьць выкарыстаць яе канфіскаваную маёмасьць на славацкія нацыянальныя мэты. Славацкая дэлегацыя дарэмна стукалася ў браму імпэратарскага палаца, яе не пусьцілі да гасудара. Калі славакі з той самай просьбай зьвярнуліся да вугорскай улады, то атрымалі адмоўны адказ, бо, маўляў, аб культурніцкіх патрэбах славакаў улада й сама дастаткова задбала. У 1885 годзе вугорская ўлада заснавала ў Будапэшце “Вугорска-каралеўскую славацкую выхаваўчую суполку”, якая пачала на сродкі з маёмасьці Маціцы славацкай выдаваць па-славацку часопіс “Slovenske noviny”, “Vlast a svet” i “Vlasteneccky kalendar”, каб з дапамогай славацкіх часопісаў і кніг выхоўваць славакаў у мадзярскім нацыянальным духу. Мадзярызатарскі імпэт нітранскай Femki зайшоў так далёка, што яна засноўвала дзіцячыя прытулкі як праваднік мадзярызацыі ў славацкіх землях і падтрымлівала ўлады, якія славацкіх сірат і дзяцей бедных славацкіх бацькоў вывозілі з Славакіі ў Дольную зямлю, каб там у мадзярскім асяроддзі з большай скібай хлеба яны сталіся мадзярамі.

Славацкія нацыяналісты не адступіліся ад ідэі славацкіх сярэдніх школ. Славацкія эвангелісты прыклалі шмат намаганьняў, каб улада дазволіла заснаваць славацкую гімназію ў Турчанскім Сьвятым Марціне. Але ўлада адкінула ўсе звароты, бо палічыла, што славацкая гімназія непатрэбная.

У Славакіі ня толькі не было аніводнай славацкай сярэдняй школы, але славаччыне не было наагул месца ў сярэдніх школах, бо мадзярызацыя зрабіла з школ установы дэнацыяналізацыі. Славацкі вучань, які не прыносіў у школу славацкі нацыянальны дух, ва ўмовах мадзярскага патрыятычнага выхаваньня лёгка станавіўся выраджэнцам. Калі ў малодшых класах ён яшчэ называў сваёй матчынай мовай славаччыну, то ў старэйшых класах пад уплывам выхаваньня часта й сам сябе ўжо выдаваў за мадзяра. Калі такі малы славак, заблытаны мадзярскім выхаваньнем, ня меў пазьней нагоды ўступіць у жывы кантакт з славацкім нацыянальным жыцьцём, альбо стаўся адпорным на славацкае нацыянальнае пачуцьце, то ён быў згублены для свайго народа, станавіўся выраджэнцам і часта саромеўся сваёй славацкай маці, ненавідзіў сваю родную мову і цураўся свайго славацкага паходжаньня. Такі выраджэнскі інтэлігент, каб даказаць, што ён наагул мадзяр, то мяняў і сваё славацкае прозьвішча, ішоў на службу мадзярызацыі і дапамагаў нішчыць жыцьцё ўласнага народу. Такія янычары былі найвялікшымі ворагамі славацкага народа. Толькі народ, які, жыве ў рабскай службе чужым інтарэсам, можа мець і такіх патурэчаных сыноў.

Але з мадзярскіх школ выходзілі й такія славацкія вучні, у якіх абудзілася славацкае нацыянальнае пачуцьце. Гэтыя студэнты ня толькі адчувалі любоў да сваёй радзімы, але й усьведамлялі свой абавязак выхоўвацца ў роднай мове. Калі ў школах не выкладалася славаччына, яны займаліся ёю ў хаце. Вучылі славацкую граматыку, практывакаваліся ў вершах, чыталі славацкія кнігі, сьпявалі славацкія песьні, пісалі славацкія лісты сваім сябрам, некаторыя выпісвалі славацкія часопісы, нават некалі наладжвалі кантакт і са славацкімі нацыяналістамі. Хаця ўсё гэта ёсьць нацыянальным і маральным абавязкам, аднак і гэта лічылася небясьпечным панславізмам і такім чынам было дастатковай прычынай, каб адлічаць са школы сьведамых славацкіх студэнтаў. Такіх студэнтаў часта адлічалі з усіх школ Вугоршчыны. Многія з адлічаных студэнтаў муселі выязджаць у Маравію і Чэхію, каб закончыць навучаньне.

Мадзярызатарскія памкненьні ўлады падтрымлівалі й царкоўныя вярхі. Каталіцкія біскупы ў Славакіі нават ня ведалі мову сваіх вернікаў. А адукаваных, нацыянальна сьведамых славацкіх ксяндзоў, якія лічылі сваім абавязкам працаваць і ў справе культурнага ўздыму славацкага народа, часта пераводзілі ў найбяднейшыя землі на занядбаныя прыходы, каб ня даць ім магчымасьці займацца нацыянальнай працай. Генэральны канвэнт эвангельскага касьцёла ў 1882 годзе распачаў змаганьне супраць панславізма і зьмяніў арганізацыю эвангельскага касьцёла такім чынам, каб славакі ні ў воднай акрузе ня мелі большасьці.

Прычынай няўдач славацкага нацыянальнага руху на палітычным полі было перад усім тое, што славацкі нацыянальны рух ня мог абаперціся на шырокія масы славацкага народа. За славацкі народ і ад імя славацкага народа гаварылі лідэры, якія разумелі становішча свайго народа, усьведамлялі ягоную ролю, умелі слушна вызначыць шлях яго разьвіцьця і мэту яго нацыянальных памкненьняў, нават умелі знайсьці адпаведныя мэтады, з дапамогай якіх вялі народ да яго жыцьцёвых мэтаў. Але за лідэрамі ішла толькі грамада нацыянальна сьведамых патрыётаў, толькі нязначная частка трохмільённага славацкага народа, бо шырокія масы славацкага народа стаялі ў баку і па-за плыньню славацкага нацыянальнага жыцьця. Гвалтоўнае здушэньне славацкіх культурніцкіх інстытуцый было прычынай таму, што славацкія лідэры не маглі гэтыя шырокія масы далучыць да славацкай нацыянальнай плыні, бо славацкі народ ня меў яшчэ такога ўзроўню нацыянальнай сьведамасьці, каб усьведаміць сваю прыналежнасьць да славацкага нацыянальнага адзінства, каб разумець свае нацыянальныя абавязкі і далучыцца да нацыянальнай працы. Гэтае становішча народнай нясьведамасьці даводзіла лідэраў славацкага палітычнага рушэньня да адчаю, але было выгадным мадзярскай уладзе. Славацкія нацыяналісты мусілі намагацца, каб абудзіць у славаках нацыянальную сьведамасьць і выхаваць з шырокіх мас славацкага народа адзіную славацкую нацыю.

Fr. Hrušovsky. Slovenske dejiny. Turčiansky Sv. Martin, 1940.

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

3/12/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2013
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024