Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Дыктатура – гэта абсалютная ўлада адной асобы альбо групы асобаў, якія абапіраюцца на права ўлады і самы гэтае права сцьвярджаюць і фармулююць у законах, дзеяньнях і распараджэньнях. Дыктатура – гэта ня выверт, ня збочанасьць палітыкі, а сістэма ўлады, легітымнай альбо нелегітымнай, якая мае выбраную апору ў грамадзтве і абслугоўвае сама сябе і пэўныя грамадзка-эканамічныя і палітычныя групы ўнутры краіны, альбо за яе межамі. Дыктатура можа набываць санацыйныя функцыі. Яе зьяўленьне можа адбыцца ў любым месцы, дзе ёсьць крызіс улады, а грамадзтва перажывае эканамічныя цяжкасьці альбо заведзена ў тупік. Дыктатура тады выступае ў ролі выратавальніка народа і пэўны час можа такой нават здавацца (хоць і не абавязкова), бо дыктатура падтрымлівае сама сябе, і галоўны інстынкт дыктатуры — захаваньне сваёй ўлады. Фармаваньне дыктатуры ў сучасным сьвеце адбываецца, як правіла, з выкарыстаньнем мэханізму дэмакратыі, дзеля легітымізацыі аднаасобнай (групавой) ўлады. Дыктатура бывае партыйная, мафійная (карпаратыўная), нацыянальная і акупацыйная. Пры гэтым яна заўсёды аўтарытарная. Партыйная дыктатура – гэта тады, калі ўладу ў краіне захоплівае адна партыя, якая зьнішчае ўсе астатнія партыі, а ўладу ў гэтай партыі захоплівае група партыі, якая вылучае дыктатара. Гэта схема камуна-фашысцкіх дыктатур. Мафійная дыктатура – гэта калі абсалютную ўладу захоплівае мафійная (карпаратыўная) група, якая вылучае дыктатара. Такая дыктатура небясьпечная для народа і дзяржавы, паколькі выкарыстоўвае іх як прыватную ўласнасьць. Нацыянальная дыктатура – гэта калі дыктатар і палітычная сіла, якая за ім стаіць, імкнуцца дзейнічаць у інтарэсах нацыі. На пэўным этапе ўлада нацыянальнай дыктатуры можа супадаць з інтарэсамі дзяржавы і народа (абарончая вайна, навядзеньне парадку пасьля грамадзкага развалу, рэформы і інш.). У далейшым такая сістэма становіцца тормазам нацыянальнага разьвіцьця, бо не заснавана на свабодзе і не стымулюе свабоднае выяўленьне вытворчых і асобасных магчымасьцяў людзей. У сучасным сьвеце і мафійная, і нацыянальная дыктатуры найбольш верагодныя і даўгавечныя ў рэсурсных краінах (прыклады: Расея, краіны Сярэдняй Азіі і Лацінскай Амэрыкі). Тут яны зьяўляюцца па сутнасьці гібрыднымі (нацыянальна-мафійнымі) рэжымамі (альбо становяцца імі ў працэсе функцыянаваньня). Найбольш небясьпечная для дзяржавы, нацыі і людзей – гэта акупацыйная дыктатура, калі ўладу захоплівае асоба ці група асобаў, залежныя ад іншай дзяржавы, пры падтрымцы і пад ціскам улады гэтай дзяржавы, якая (маніпулюючы дыктатарам і дыктуючы палітыку) здабывае такім чынам свае мэты і ўплывы ў краіне, ня ўводзячы войска. Існаваньне такой дыктатуры абазначае доўгатэрміновую падрыхтоўку інкарпарацыі шляхам падрыву і вынішчэньня нацыянальнай культуры і самасьвядомасьці падуладнага народа. Акупацыйная дыктатура стварае рэжым унутранай акупацыі і поўнасьцю альбо часткова праводзіць акупацыйную палітыку ў краіне. У Беларусі Характэрным прыкладам акупацыйнай дыктатуры зьяўляецца рэжым Лукашэнкі ў Рэспубліцы Беларусь. Акупацыйная ўнутранная палітыка тут праводзіцца найперш у сфэры свабодаў і правоў грамадзян і нацыянальных каштоўнасьцяў, якія мэтанакіравана і мэтадычна зьнішчаюцца. (Ліквідацыя беларускай школы, творчых саюзаў, беларускага друку, кнігавыданьня, беларускага радыё і тэлебачаньня, грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных выбараў, пасьлядоўнае нішчэньне беларускай мовы і русіфікацыя, ліквідацыя нацыянальных сымвалаў дзяржавы, фальсіфікацыя нацыянальнай гісторыі, рэпрэсіі па рэлігійнай прыкмеце і г. д.) Аднак па нашай класіфікацыі рэжым ў Беларусі ёсьць гібрыдам акупацыйнай і мафійнай дыктатур. Гэта найбольш злавесны вараянт, бо прыводзіць да духоўнага, культурнага і матэрыяльна-дэмаграфічнага выпусташэньня нацыі, фактычна, становіцца чыньнікам нацыянальнай пагібелі. Акупацыйны рэжым выкарыстоўвае закон як сродак ўціску, рабаваньня і абмежаваньня, але не як сродак парадку і справядлівасьці і трактуе народ як акупаванае насельніцтва з правамі якога можна не лічыцца. Істотна таксама, што ў цяперашнім антыбеларускім рэжыме, практычна, адсутнічае вольная эканоміка, прыватная ўласнасьць, уласнасьць на зямлю і г. д. Дэмакратыя для людзей без уласнасьці – абстрактная катэгорыя. Дэмакратычныя мэтады барацьбы за дэмакратыю ў акупацыйнай дыктатуры неэфэктыўныя і маюць мала сэнсу, таму што ўлада не выконвае свае законы, але выкарыстоўвае заканадаўства дзеля рэпрэсій. Пры акупацыйным рэжыме рэальных выбарчых дэмакратычных працэдураў няма (існуюць толькі імітацыі і прафанацыі працэдур). Таму акупацыйную дыктатуру можна абрынуць грамадзкай сілай (але не ўдзелам ў рэжымных сцэнарах, не гульнёй ў прафанацыі). Грамадзкая сіла першым чынам мусіла б імкнуцца ліквідаваць выбарчыя прафанацыі і рэпрэсіўнае заканадаўства. Акупацыйная дыктатура ў Беларусі – зьява нетыповая для гэтай часткі сьвету, а для беларусаў амаль трагічная. Рэальным вынікам яе можа стаць ліквідацыя дзяржавы і хуткае зьнішчэньне беларускай нацыі. Абсалютная канцэнтрацыя ўсёй ўлады ў руках адной асобы абцяжарана поўнай залежнасьцю яе ад Масквы і шчыльным кантролем Крамля над аўтарытарнай палітыкай рэжыму. Злавеснасьць гэтай схемы ў тым, што ўвесь сэнс існаваньня ў ёй дыктатара – гэта любым спосабам захаваць уладу. І Масква тое разумее. Дзеля захаваньня ўлады Лукашэнка пойдзе на ўсё, тым больш на нацыянальнае нішчэньне беларускага народа (што і адбываецца), які для яго чужы і не ўяўляе каштоўнасьці. Масква выкарыстоўвае становішча, каб ціснучы на Лукашэнку, і пагражаючы яму стратай ўлады, рабіць сваю акупацыйную палітыку ў Беларусі ягонымі рукамі. У гэтай злавеснай схеме неверагодным здаецца, што адзін цёмны суб’ект можа нацыянальна зьнішчыць цэлы народ. Але гэта рэальнасьць, якая разгортваецца ва ўсіх на вачах. Адначасна тут ёсьць і слабое зьвяно схемы. Яна развальваецца як толькі зьнікае аўтарытарны суб’ект улады. Магчымасьць прымяненьня дэмакратычных тэхналёгіяў для зьмены вярхоўнай улады ў Беларусі ліквідаваная. У такіх умовах, як выхад, можа ўзьнікнуць толькі радыкальнае рашэньне. Але легітымна і радыкальным чынам пазбавіцца ад дыктатара, улада якога пагражае нацыянальнаму існаваньню народа, можа толькі сам народ агульным рушэньнем і шляхам рэвалюцыі. Усе астатнія радыкальныя мэтады ёсьць крымінал, які можа толькі пагоршыць становішча. Аднак які б не рабіць агляд магчымасьцяў выхаду народа з пасткі, у якую яго ўштурхнулі, рэальным застаецца статус-кво – штодзённае існаваньне антынацыянальнай акупацыйнай дыктатуры. У гэтым рэальным стане абавязкова павінна быць праца на будучыню – палітычныя, грамадзкія, асьветніцкія, прафэсійныя, культурніцкія, творчыя групы, асобы і арганізацыі, усьведамленыя адной Нацыянальнай (беларускай) ідэяй. Мусіць існаваць нават хоць малая грамадзянская супольнасьць і паралельны антыакупацыйны беларускі сьвет, дзе нацыянальнае асьветніцтва і ўжываньне нацыянальнай мовы ёсьць галоўнай прэрагатывай. Гэта ўсё ёсьць найважнейшы чыньнік нацыянальнага існаваньня і нацыянальнай будучыні, бо пры дыктатуры (якая ёсьць закрытай сістэмай улады) не магчымыя дакладныя і адэкватныя прагнозы пераменаў. Яны, як правіла, адбываюцца непадрыхтавана, часам спантанна і нават нечакана. Грамадзтва мусіць быць заўсёды структурна гатовым да зьмен, да ўключэньня ў падзеі, каб адна дыктатура не зьмянілася на іншую, каб грамадзтва магло выйсьці на шлях волі. 9 ліпеня 2013 г. Зянон Пазьняк 11/12/2013 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |