Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Дэмакратыя – гэта форма ўлады, структуру якой фармуе ўвесь народ альбо асобная яго група шляхам выбараў альбо дэлегаваньня прадстаўнікоў. Дэмакратычная форма ўлады спрыяе індывідуальнай рэалізацыі асобы і разьвіцьцю грамадзкай супольнасьці, прадугледжвае свабоду і вольнасьць грамадзяніна. Дэмакратыя дала магчымасьць у некаторых краінах стварыць якаснае сацыяльнае забесьпячэньне і забясьпечаную старасьць, падтрымаць інвалідаў, адукацыю і творчасьць, яна стымулявала здаровую канкурэнцыю вытворчасьці і разьвіцьцё эфэктыўнай сельскай гаспадаркі. Адначасна дэмакратычная форма ўлады спрыяе павелічэньню энтрапіі, разбурэньню грамадзкага парадку, прыводзіць да страты кантролю над антыграмадзкімі, дэградуючымі працэсамі, пры крызісных абставінах вядзе да аслабленьня і разбурэньня дзяржавы (Рэч Паспалітая, Вялікае Княства Літоўскае, Ноўгарад, Грэцыя, Рым). Дэмакратыя ёсьць форма ўлады мірнага часу. Такая якасьць дэмакратыі ўлічана ў заканадаўстве бальшыні краінаў дэмакратычнага сьвету. На пэрыяд вайны шмат якія прынцыпы дэмакратыі перастаюць дзейнічаць. Паўната безагаворачнай ўлады (і, у прынцыпе, дыктатарскай) пераходзіць да прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра, ці іншай уладнай асобы. Прадугледжана ваеннае становішча, дыктатарскія законы ваеннага часу і г. д. Разуменьне такой неабходнасьці прышло не адразу нават ў Афінах (радзіме дэмакратыі). Беларусь (ВКЛ) і Польшча – найстарэйшыя дэмакратыі ў хрысьціянскім сьвеце — дзьвесьце гадоў таму, фактычна, загінулі як дзяржавы ад сваёй неабмежаванай шляхецкай дэмакратыі. І часта было, што маскоўская арда ўжо тапталася па Вялікім Княстве, а войска ВКЛ чакала збору і паседжаньня Сойму дзяржавы, які мусіў прызначыць гэтмана польнага, гэтманаў правай і левай рукі. Я не кажу ўжо пра Liberum Veto ў Рэчы Паспалітай. Дэмакратыя зьвязана з грамадзкімі ідэямі, з пануючай формай уласнасьці і формай грамадзкай вытворчасьці. Рынкавая эканоміка і дачыненьні найлепш рэалізуюцца ў палітычнай сістэме дэмакратыі. У сучасным сьвеце дэмакратычная форма ўлады адпавядае характару вытворчых адносін, але па сваёй анталагічнай сутнасьці – гэта шчарбатая («збочаная» па Арыстоцелю) сістэма кіраваньня, якая пры пэўных абставінах прыводзіць да ўпадку і дэзарганізацыі грамадзтва. Паводле У. Чэрчыля – гэта дрэнная форма, але лепшай не прыдумалі. Вяршыні дэмакратыі пэрыяду капіталізма і нацыянальных дзяржаў – гэта амэрыканская дэмакратыя, заснаваная на ідэі асабістай свабоды асобы і на рынкавай эканоміцы, і эўрапейская дэмакратыя, заснаваная на ідэі народнай свабоды, роўнасьці, братэрства і на рынкавай эканоміцы. У выбарчай сістэме ўсеагульнай дэмакратыі, якая не прадугледжвае абмежаваньняў і выбарчых цэнзаў, закладзена сістэмная магчымасьць маральнай дэградацыі грамадзтва і ўлады. Гэта ёсьць ахілесавая пята дэмакратыі і зьвязана яна з прынцыпамі дэмакратычнага змаганьня за ўладу ў час выбараў. Змагаючыся за галасы выбаршчыкаў, прэтэндэнты на ўладу (у залежнасьці ад асабістага ўзроўню і характару) могуць апэляваць да маргінальных і антыграмадзкіх групаў людзей, абяцаючы ім падтрымку, каб атрымаць галасы. Такім чынам у сістэме татальнай выбарнай дэмакратыі закладзены магчымасьці, якія легалізуюць дэструктыўныя, адсталыя, збочаныя, паразітныя і зусім нікчэмныя зьявы грамадзтва – адкіды разьвіцьця, уводзяць іх у сістэму ўлады, у інфармацыйныя інстытуты, якія ўплываюць на ўсё грамадзтва, у сістэму асьветы і інш., падтрымліваюць прыняцьцем дэструктыўных (часта антыграмадзкіх) законаў і палажэньняў. Пачынаючы з 1960-х гадоў мінулага стагоддзя, і амэрыканская, і эўрапейская дэмакратыі зьмянілі ідэалёгію і ўступілі ў паласу сістэмнага і родавага крызісу як дэмакратыі левага лібэралізму альбо левалібэральныя дэмакратыі. Левалібэральная дэмакратыя заснавана на касмапалітычнай ідэі прыярытэту правоў чалавека, на касмапалітычнай ідэі мультыкультурнага фармаваньня грамадзтва і на лібэральных прынцыпах эканомікі, якія прадугледжваюць прыярытэт эканомікі перад дзяржаўнай уладай. Лібэральная дэмакратыя ў цэлым як крызісны этап дэмакратыі, павязаная з новымі формамі інфармацыі, выклікае каласальнае павелічэньне энтрапіі за кошт стварэньня сістэмы лібэральных антыкаштоўнасьцяў, галоўнымі зь якіх ёсьць антыхрысьціянства і рэлятывізм, які сьцірае межы паміж дабром і злом, зманам і ісьцінай, дэградацыяй і разьвіцьцём, прыродай і хімерай. Левалібэральная дэмакратыя сфармавалася ў выніку спалучэньня маргінальных левых ідэй з прынцыпамі дэмакратыі і рынкавай эканомікі. У левалібэральнай дэмакратыі эканамічным таварам становяцца не высокія таленты асобы, а нізкія заганы, злачынствы і збачэнствы, не хараство, а брыдота. Нават дурнота шырока прадаецца і набывае свой рынак. Назіраецца люмпэнізацыя насельніцтва. У выніку адбываецца рэзкі ўпадак культуры. Незапатрабаваным робіцца мастацтва, зьнікаюць яго віды, дэградуе мараль, прымітывізуецца асоба. Усё гэта – складнікі глыбокага духоўнага крызісу, хуткага выхаду зь якога, практычна, не бывае, калі будзе пяройдзена мяжа невяртаньня. Становішча абцяжарана тым больш тлеючым глабальным крызісам насычэньня сусьветнага таварнага рынку, выйсьця зь якога таксама яшчэ не відаць. Павелічэньне энтрапіі правакуе сама рынкавая эканоміка, але пры левалібэралізме ідэалогія псэўдадэмакратыі разьвіваецца сама па сабе і ўплывае на паступовую дэзарганізацыю грамадзтва. У апошнія 25 гадоў (з уваходам вытворчасьці ў электронную эру) істотным чыньнікам энтрапіі стала рэзкае павелічэньне хуткасьці перамен. Дынаміка вытворчасьці зраўнялася з пэрыядам засваеньня новых тэхналёгій і стала пераганяць спажывецкія магчымасьці. Тэндэнцыя разьвіваецца як усеагульны працэс. У сфэры транспарту (лакамоцыі) рэзкае павелічэньне хуткасьці прывяло да новага (малакантралюемага) адчуваньня прасторы і часу. У сфэры інфармацыі вытворчасьць яе перадачы шматкроць перабольшыла магчымасьць успрыняцьця. У сацыяльна-культурнай сфэры (у выніку паскарэньня і сьцісканьня дэмаграфічнай дынамікі) разрыў паміж пакаленьнямі у межах адной сям’і дасягнуў крытычнай мяжы. Перадача культуры абцяжарваецца і, практычна, спыняецца нават ў дачыненьнях бацькоў і дзяцей. Траціцца адчуваньне (і разуменьне) гістарызму культуры. Усё паглынае цяпершчына, за якой чалавек ужо не пасьпявае. Такую дэмадынаміку як меру хуткасьці перамен трэба разглядаць як асобную катэгорыю працэсаў, выкліканых рынкавай эканомікай і кансумэнцкім, лібэральным спосабам спажываньня. Далей аб пэрспэктыве сусьветнай дэмакратыі можна казаць толькі ўмоўна Фармальна спаўзаньне да маральнай катастрофы магла б (мяркуючы тэарэтычна) часова прытармазіць (але не ўратаваць) такая хірургічная апэрацыя лібэральнай дэмакратыі, як шырока ўвасобленая дыктатура, дыктатарская сістэма ўлады. (Гэтым карыстаўся Рым, хоць тое яго і не ўратавала.) Зразумела, што сэнс тут у тым, каб пасьля дыктатуры і санацыі пачалося новае духоўнае дэмакратычнае адраджэньне, а не карупцыйная алігархія і ня люмпэнская ахлакратыя. Прытым трэба ўсьведамляць, што дыктатура ў такіх выпадках нясе з сабой абмежаваньне свабоды, перасьлед, рэпрэсіі і сьмерць. Нармальнасьць дасягаецца часам вялікай, крывавай цаной (характэрны прыклад дыктатура Піначэта ў Чылі). Гэта варыянт для Эўропы ўмоўны і не рэальны. І трэці варыянт — катастрафічны. Гэта глабальная вайна, па маштабу — кшталту 2-й Сусьветнай. Магчымасьць такога варыянту павялічваецца якраз тады, калі пераход мяжы невяртаньня адбудзецца, і новы сусьветны тавар ня зьявіцца. Тады ўсе працэсы будуць “працаваць” на катастрофу. І яна мусіла б стаць. Зразумела, што тут я выказваю толькі меркаваньні (спэкуляцыі), разглядаю варыянтнасьць. Але яна зыходзіць з відочных тэндэнцыяў структурнага разьвіцьця грамадзтва і падмацавана ўжо гістарычным вопытам людзей. Гэтага дастаткова, каб адысьці ад прпаганды і самарэклямы цяперашняга грамадзтва і паставіцца сур’ёзна да праблемаў і плыняў сучаснага сьвету. Асабліва дбаючы пра прышласьць нашай дарагой Беларусі. 8 ліпеня 2013 г. Зянон Пазьняк 14/12/2013 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |