Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: ЗМАГАНЬНЕ УКРАІНЫ Мяркую, што трэба зьвярнуць увагу на галоўнае — на сутнасьць канфлікту на Ўкраіне. Калі коратка, — ідзе барацьба ўкраінскага народа супраць пагрозы ўсталяваньня прамаскоўскай дыктатуры на Ўкраіне, супраць залежнасьці ад Масквы. Гэта такі ж працэс, які адбываўся ў Беларусі ў 1996-1999 гадах (пік супраціўленьня 1996 г.). Дзьве зьявы паспрыялі тады афармленьню прамаскоўскай дыктатуры ў Беларусі: здрада справе імпічманту Лукашэнкі з боку С. Шарэцкага і В. Ціхіні і палітыка Захаду на карысьць Масквы (найперш дзейнасьць функцыянера нямецкай выведкі, кіраўніка Менскай Місіі АБСЭ Ганса Віка і яго супрацоўніцтва з КГБ). Вынік здрады — дзяржаўны пераварот Лукашэнкі. Вынік маскоўска-бэрлінскай палітыкі і грошай Эўразьвязу — раскол БНФ (1999 г.) і ўмацаваньне прамаскоўскай дыктатуры. Канец лістапада 2013 года выяўляе стандартную палітыку і ў дачыненьні да Украіны. Складваецца ўражаньне, што адмова Януковіча ад асацыяцыі з Эўразьвязам ня стала вялікай нечаканасьцю для Бэрліна. (Спэктакль ня новы. Дачыненьні з Масквой таксама). Але калі масава выступіў украінскі народ, — на захадзе эўразоны разгубіліся і доўга ня ведалі як сябе паволзіць. Украінскае супраціўленьне працягвалася і неўзабаве заходняя Эўропа заняла пазыцыю — вярнулася да сваёй прывычнай дэмагогіі падтрымкі, прааналізаваўшы якую можна прыйсьці да высновы, што на Захадзе, як звычайна, усё разумеюць па-свойму. Вось нехта спадар Ёрг Форбрыг (дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала) кажа: “Украінцы нагадалі Эўропе пра яе каштоўнасьці. Прыхільнасьць украінцаў гэтым найбольш важным каштоўнасьцям зьяўляецца магутным напамінам пра тое, чаго можа дасягнуць Эўрапейскі Зьвяз” І далей ідзе такое самалюбаваньне, маўляў, якія мы высокія і прыцягальныя для гэтых украінцаў, што выйшлі тысячамі на майдан, каб засьведчыць нам сваю пашану і злучыцца з намі такімі харошымі. Гэтыя нямецкія разважаньні я пераказаў, каб падкрэсьліць яшчэ раз, што насамрэч робіцца з боку заходняй Эўропы. Эўракамісар Эўразьвязу Штэфан Фюле тым часам адкрыта выказаўся, што патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта Януковіча не павінна быць, бо з кім жа тады Эўразьвяз будзе падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Украінай. Такая логіка. І яны тут непапраўныя. Прагматыкі бо. Свой інтэрас. Так званыя дэмакратычныя СМІ паўсюль акцэнтуюць ўвагу на «эўрапейскім выбары» ўкраінцаў і амаль не заўважаюць сутнасьці, таго асноўнага, што падняло народ, прымусіла яго скандаваць «Слава Ўкраіне!», мерзнуць і начаваць на барыкадах і штогадзіны сьпяваць украінскі гімн. Украінцы рэальна выступаюць супраць расейскай палітычнай і эканамічнай агрэсіі на Ўкраіну, супраць маскоўскага імкненьня ўцягнуць Украіну ў сваю імпэрскую арбіту, кантраляваць і падпарадкаваць. На Майдане народ прыняў заяву, што забараняе прэзыдэнту Януковічу падпісваць пагадненьне аб Мытным саюзе з Масквой. Трэба сказаць, што заява, падтрыманая паўмільённай колькасьцю народа, ёсьць такі палітычна легітымны дакумант, які нельга ігнараваць ўладзе. Украіна адстойвае свабоду і незалежнасьць. Вось тут і ёсьць зьмест украінскага змаганьня. 18 сьнежня 2013 г. Зянон Пазьняк 18/12/2013 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |