Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: БОГ

З усяго, што ёсьць у жыцьці найвялікшым дабром, ёсьць усьведамленьне таго, што існуе Бог – найвышэйшая, вечная, трансцэндэнтная стваральная сіла Сусьвету і ўсяго існага, якая адначасова была, ёсьць і будзе. Ужо само гэтае ўсьведамленьне па веры дае сэнс існаваньня тым, хто яго шукае і хто над ім задумваецца.
Разуменьне, што ёсьць Бог, робіць чалавека ўнутрана свабодным (бо ёсьць спадзяваньне на вышэйшую справядлівасьць) і маральна адказным за свае ўчынкі (бо ёсьць вера ў ацэнку жыцьця пасьля сьмерці).
Чалавек, які жыве бяз Бога, толькі рацыё і толькі зьнешнім матэрыяльным сьветам, будуе свае паводзіны, улічваючы законы, грамадзтва, традыцыі і культуру. Яму, аднак, лягчэй ігнараваць гэтыя чыньнікі, калі ёсьць магчымасьць і жаданьне пазьбегнуць адказнасьці, бо ўсьведамленьне адказнасьці перад Богам у такога чалавека адсутнічае. Але, калі можна парушыць сьвецкі (дзяржаўны) закон і пазьбегнуць пакараньня, то адказнасьці перад Богам пазьбегнуць немагчыма.
Адчуваньне вышэйшай стваральнай сілы і прыняцьце існаваньня Бога зьяўляецца адначасна маральным рэгулятарам у разьвіцьці асобы.

Адносіны да Бога і дачыненьні з Богам рэгулююцца рэлігійнай арганізацыяй (Касьцёлам, Царквой і г. д.), але кожны чалавек мае свой рахунак дачыненьняў з Тварцом усяго існага і будучы вольным, робіць сьведамы ці нясьведамы выбар.
Хрысьціянства пабудавана на дасканалай свабодзе выбару. Чалавек, які прымае Бога толькі ў традыцыі, але калі ён прыглядаецца, думае, аналізуе, слухае сваё сэрца, імкнецца пазнаць сэнс ісвнаваньея, такі чалавек можа адкрыць прысутнасьць Бога ў сваёй душы і глыбей усьвядоміць, што сапраўды існуе Бог, і гэты Бог – Ісус Хрыстос, і ўсё, што зьвязана зь ім, — праўда.
Тут выбар свабоднай волі, якой Бог адчыніў дзьверы, калі ў іх стукаліся.
Але калі б існаваў рацыянальны, факталагічны доказ існаваньня Бога, калі б, скажам, Яго ўсе разам маглі хоць раз у жыцьці бачыць, і ўсе б бачылі і ведалі: вось гэта ёсьць Бог, — то выбару ўжо няма. І веры няма. Ёсьць парадак, які, хочаш–ня хочаш, трэба ўспрымаць як рэальнасьць.
Такое становішча (калі вера замянялася б ведай) рэзка абмяжоўвала б духоўнае разьвіцьцё чалавека і прымітызавала б якасны падзел людзей.
Гістарызм існаваньня Ісуса Хрыста на Зямлі даказаны лепш, чым існаваньне самых рымскіх гісторыкаў, якія пра гэта пісалі, і імпэратараў разам узятых. Але доказнасьць Яго Боскай прыроды аспрэчваецца і, мяркую, ніколі ня будзе даказана бясспрэчна, як навуковы факт, бо ў гэтым няма патрэбы. Зьявы духоўнага кшталту ня могуць быць дакладна дасьледаваны ніякай навуковай мэтодыкай, бо яна абаперта на законах існаваньня фізічнага сьвету. Духоўны сьвет пазнаецца праз веру, дзеля ўмацаваньня якой існуюць яго прыкметы, знакі, зьявы і сымвалы быцьця.
Таму рацыянальная доказнасьць існаваньня Бога заўсёды адносная і можа паслужыць пункцірам Веры, але не яе аргумэнтам. Сцьвярджэньне “Веру, што ёсьць Бог” не патрабуе аргумэнтаў. Яно магутнае само па сабе, бо зьвязана з сэнсам існаваньня.

2 ліпеня 2013 г. Зянон Пазьняк

29/12/2013 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2013
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024