Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Арцыбіскуп Харкаўскі і Палтаўскі Ігар (Ісічэнка):“Любіць ворага – зусім не азначае патураць ягоным злачынным схільнасьцям”

Пра таямніцу Раства, пра сілу любові і веры мы размаўляем з украінскім царкоўным і грамадзкім дзеячам, навукоўцам, пісьменьнікам Арцыбіскупам Харкаўскім і Палтаўскім Украінскай Аўтакэфальнай Праваслаўнай Царквы Ігарам (Ісічэнкам).

Журналіст: Уладыка, якое стаўленьне Царквы ды Вас асабіста да цяперашніх падзей ва Ўкраіне – асабліва да рэвалюцыйнага Майдана? Ці павінны людзі паўставаць супраць улады, якая не адпавядае іхным уяўленьням пра шчырасьць і справядлівасьць?

Арц. Ігар: Хрысьціянства – рэлігія бескампраміснага самаахвяраваньня. Узор самога Збаўцы, паўтораны тысячамі пакутнікаў за веру, вучыць нас ня йсьці ні на якія кампрамісы са злом. Любіць ворага – зусім не азначае патураць ягоным злачынным схільнасьцям. Наадварот! Любоў да ворага вымагае вызваліць яго ад паняволеньня грахом, адсунуць ад пасады, якая правакуе на падман, гвалт. Ніхто ж не паставіць хранічнага алкаголіка бармэнам. Пэдафіл не павінен працаваць выхавацелем, садысту ня месца ў сілавых структурах, а злачынцу павінен быць закрыты шлях да адміністрацыйных пасад. Адсунуць гэтых асоб ад крыніцаў небясьпекі для грамадзтва – акт хрысьціянскай міласэрнасьці ня толькі да патэнцыйных ахвяр, але й да самых асобаў з дэфармаванай псіхікай.

Кожная нацыя, ня толькі ўкраінская, праходзіць выпрабаваньні на сьпеласьць, калі яна вымушана напраўляць дэфармацыі ў сістэме дзяржаўнай улады і вызваляць яе ад непрыдатных па прафэсіі да адміністрацыйнай службы асобаў. Гэтыя працэсы адбываюцца ў посткаланіяльнай Афрыцы, у Камбоджы, у Тайландзе значна больш драматычна, чым у нас. Салідарны ўдзел у аздараўленьні сістэмы ўлады – гэта знак Божага даверу да нас як нацыі. І, канешне ж, выпрабаваньне: ці зможам мы ў хвіліну небясьпекі выявіць хрысьціянскую салідарнасьць, разам супрацьстаяць выклікам часу? Царква вітае тых, хто не ўцякае ад выпрабаваньняў, а годна адказвае на выклік.

Журналіст: Як мы павінны ставіцца да тых, хто сёньня аддае злачынныя загады – біць людзей, праліваць кроў? Ці павінны й мы самы змагацца зь імі, а можа – спадзявацца на волю Госпада?

Арц. Ігар: Спалягаючы на волю Госпада, мы павінны зьдзяйсьняць яе, зьмяняючы навакольны сьвет на лепшае адпаведна эвангельскай сістэмы каштоўнасьцяў. Апостал Якуб кажа: “Як цела без духа мёртвае, так і вера без справаў мёртвая!” (Як. 2:26). Хрысьціянская вера рэалізуецца ў справах міласэрнасьці: у абароне нявінна пакрыўджаных, у пазьбяганьні кравапраліцьця, супрацьстаяньні агрэсіі. “Я ня мір прынесьці прыйшоў, а меч” (Іц. 10:34), — папярэджвае Хрыстос і чакае ад нас не пасіўнага чаканьня цуда, а дзейснага сьцьвярджэньня справядлівасьці. Калі гэта неабходна – ужываньня сілы ў супрацьстаяньні гвалту.

Журналіст: Ці добра тое, што на вялікае сьвята – Раства Гасподняга – нямала ўкраінцаў будзе ў Кіеве на Майдане, а ня ў хаце ў сваіх паселішчах, як таго вымагаюць старадаўнія традыцыі?

Арц. Ігар: Мы ня знойдзем ніводнага царкоўнага правіла, якое б прапісвала ў надвячорак Раства Хрыстовага заставацца ў хаце. Царква сапраўды ўхваляе і падтрымвае традыцыю, што яднае ўсе народы эўраатлантычнай цывілізацыі, — выкарыстаць калядныя сьвяты для сямейнай сустрэчы. Але з адной умовай: гэтая сустрэча не павінна перашкаджаць удзелу членаў сям’і ў агульнацаркоўнай малітве, у сьвяточнай багаслужбе. Сьвята распачынаецца ў царкве, у царкоўнай грамадзе. Такім чынам сьвята заахвочвае адчуць сябе часткай вялікай хрысьціянскай супольнасьці, зьяднанай выкупляльнай ахвярай Ісуса Хрыста.

Кіеўскі Майдан рэалізуе наша адчуваньне супольнасьці, адказнасьць перад ёю. Ён дапамагае адкрыць у нацыі вялікую радзіму, заклікае пашырыць зацішную сямейную прастору да краю сьвету, дзе толькі жывуць украінцы. Можа ў гэтым ёсьць найбольшая сіла наканаваньня Майдана – у празе вярнуць згубленае адчуваньне адзінства праз адкрыцьцё цэнтра зьяднаньня. Немаўлятку Хрыста ў бэтлеемскім вярцепе. Гэта ёсьць місія, дзеля якой варта пакінуць хату.

Журналіст: Уладыка, Вы – адзін з першых сярод царкоўных дзеячаў, хто адкрыта падтрымаў скіданьне памятніка Леніну ў Кіеві. Ці лічыце Вы гэты помнік увасабленьнем зла? Ці лічыце, што нясьлед нават “сувэніра” з паваленага боўдзілы прыносіць да сябе ў хату?

Арц. Ігар: Ня варта ставіцца да помніка Леніну і сувэніраў зь яго з забабонным страхам. Але й ацэньваць як выключна мастацкі твор нельга. Антынавуковая па сваёй сутнасьці, камуністычная дактрына сфармавала да сярэдзіны ХХ ст. своеасаблівую квазірэлігію з уласнымі абрадамі (“зьвязьдзіны”, урачыстая рэгістрацыя шлюбу, прыняцьце ў піянэры, акцябраты), сакральнымі аб’ектамі (помнікі, партрэты, рэліквіі правадыроў, брацкія магілы, вечны агонь), жрацамі (парторгі), каляндаром сьвятаў. Памятнікі Леніну былі цэнтральнымі аб’ектамі гэтага укльту. Іхняе захоўваньне сымвалізуе дамінаваньне ва Ўкраіне савецкага стылю жыцьця з далучаным да яго культам – па сваёй прыродзе паганскім, варожым хрысьціянству.

Якую ўмову ставіў Бог перад вывядзеньнем народу з Эгіпта, абяцаючы яму вольную, самастойную, шчасьлівую будучыню ў Ханаане? “Панішчыце ўсе іхныя [паганскія] выявы, і ўсіх літых ідалаў іхных панішчыце, і ўсе іхныя вышыні зруйнуйце” (Ліч. 33:52). Вызваленьне ад забабонных вераваньняў, ад паганскіх вобразаў, помнікаў, сьвяшчэнных вышыняў – неадменная ўмова пачатку новага жыцьця. Старыя ідалы ня ёсьць культурнай спадчынай – гэта ёсьць спадчынная хвароба, выздараўленьне ад якой вымагае радыкальных дзеяньняў.

Журналіст: Нядаўна ў Харкаве Вы адпраўлялі паніхіду па Стэпану Бандэры. Кім для Вас асабіста ёсьць постаць Бандэры?

Арц. Ігар: Паніхіды па Стэпану Бандэры мы адпраўляем штогод – і ў Сьвята-Дзімітраўскім храме на Палтаўскім шляху, і каля памятнага знаку ваярам УПА на старых харкаўскіх могілках, ператвораных камуністамі ў “Маладзёвы парк”. Двойчы мне даводзілася правіць і ў царкве Старога Ўгрынава, дзе ў свой час служыў бацька Стэпана – грэка-каталіцкі сьвятар Андрій Бандэра. І я заўжды кажу ў казаньні, што фармаваньне правадыра ОУН (р) як цэльнай асобы, пасьлядоўнай у служэньні роднаму народу, было б немагчымым без вызначальнай ролі бацькі, а. Андрія, без традыцыйнага рэлігійнага выхаваньня.

Не скажу, што на паніхіду ўвечары 1 студзеня зьбіралася шмат людзей. Першы дзень новага года ня вельмі прыдатны для масавых багаслужбаў. Але гэта дапамагае адрозьніць дэмагогаў, схільных злоўжываць нацыяналістычнай рыторыкай, і тых, для каго постаць Стэпана Бандэры ўвасабляе шчырыя асабістыя перажываньні і заклікае рэалізаваць іх ва ўчынках, годных памяці нябожчыка.

Сустрэча з Бандэрай вымагае духоўнай сілы і інтэлектуальнага памкненьня, якія здольныя перамагчы старыя савецкія міфы, пашыраныя ў нашых краях рэгіянальнымі СМІ. Для мяне асабіста вялікай дапамогай у адкрыцьці сапраўднага Бандэры былі сустрэчы з удзельнікамі УПА, вэтэранамі ОУН, якіх можна было сустрэць ці ня ў кожнай нашай грамадзе на пачатку іхняга фармаваньня. Прыязджаеш ці ня ў самы “чырвоны” раён на Харкаўшчыне, Куп’янскі, і раптам даведваешся, што сьціплая бабуля з нашай тамашняй грамады – паплечніца Олэны Тэлігі па нацыяналістычнаму падпольлю. А пра аднаго з арганізатараў Пакроўскай грамады ў Цурупінску (гістарычных Алэшках) я толькі выпадкова даведаўся, што ў 1940-х гг ён быў блізкім памочнікам генэрал-харунжага Рамана Шухэвіча. У Львове я зазвычай спыняўся ў памяшканьні сужонства Касьцюкіў – колішняга партызана і сувязной УПА. Пані Слава Стэцько ніколі, будучы ў Харкаве, не абмінала нашага храма. Добрыя адносіны захаваліся і зь яе наступнікамі ў кіраўніцтве ОУН (р).

На жаль, большасьць маіх землякоў пазбаўлена такога асабістага досьведу. Ім цяжка пераадолець псіхалагічны бар’ер паміж сфармаванымі жыцьцёвымі стэрэатыпамі і духоўнай спадчынай кіраўніка ОУН. Тут патрэбная дапамога – удумлівая, кампэтэнтная і далікатная. Царква паклікана даваць такую дапамогу, яднаючы грамадзтва – пашыраць сярод людзей мір, пра які паведамлялі анёлы ў Бэтлееме. Прыгадайма, як яны сьпявалі: “Слава Богу ў вышыні, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!” (Лк. 2:14). Шчырае ўслаўленьне Бога немагчымае без духа згоды і добрай волі. Таму вызваленьне вобраза Бандэры ад яго дэманізацыі – гэта важны складнік грамадзкай місіі Царквы ва Ўкраіне, накіраванай на выкараненьне ўзаемнай адасобнасьці і варажнечы.

Журналіст: Што Вы хацелі б, каб зьмянілася ў сьвяткаваньні Раства ўласна на Харкаўшчыне? Кажуць, што на Ўсходзе Ўкраіны Сьвяты Вечар з мясам і гарэлкай – даволі частая зьява. Ці праўда гэта?

Арц. Ігар: Што да паста на Раство, я б мог зазначыць, што на Ўсходзе Ўкраіны яго датрымліваюцца больш строга, чым на Захадзе. Хаця, бясспрэчна, таго багацьця традыцый, якое дэманструе карпацкае або валынскае сяло, слабажанскі горад, а тым больш данецкае паселішча ня могуць мець ня толькі з-за разбуральнай дзейнасьці бязбожнага рэжыму, але й з-за маладосьць нашага этнаграфічнага рэгіёна. Нямала традыцый, прынесеных перасяленцамі з Правабярэжнай Украіны ў 17-18 ст., тут рэдуцыраваліся, пачыналі жыць новым жыцьцём, відазьмяняліся. У нас калядуюць толькі ўвечары ў першы дзень Раства, але раніцай на Раство яшчэ ў маё маленства існаваў звычай “рождэствуваты” – хадзіць па хатах са сьпевам сьвяточнага трапара. Надвячоркам Новага года дзяўчаты шчадравалі, а раніцай 1 (14) студзеня хлопцы хадзілі пасяваць.

Але дзесяцігоддзі, праведзеныя без царквы, без рэлігійнага выхаваньня не мінулі дарэмна. Гарэлка, здольная зруйнаваць найпрыгажэйшую традыцыю, стала ўспрымацца як неадменны атрыбут сьвята, а даўні звычай “насіць вячэру” хросным бацькам на Сьвяты вечар ня раз перарастае ў буйнае застольле. Хаця ў кожнай грамадзе можна знайсьці людзей, якія дагэтуль нічога не ядуць да першай вечаровай зоркі, а на сьвяточны вечаровы стол ставяць толькі традыцыйныя посныя стравы: куцьцю, узвар, капусьняк і г.д.

Невырашальнай праблемай, што перайшла ў спадчыну з мінулага, ёсьць страта жывой сувязі сям’і з царквой. Рэгулярна ходзяць у храм ня больш за 3 адсоткі тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі хрысьціянамі. Вельмі рэдка ходзяць у царкву сем’ямі. Для чалавека малодшага або й сярэдняга ўзросту наведваньне храма – гэта выключная падзея. А духоўны сьвет ня церпіць пустаты. Вось і запоўніваецца пустата эрзацамі, пакліканымі заглушыць імкненьне да Бога – прыродны інстынкт кожнага з нас, Адамавых нашчадкаў.

Журналіст: Што Вам найбольш баліць зараз, у пэрыяд сёлетнега Раства?

Арц. Ігар: Мабыць, мяне, як і многім іншым, баліць перш за ўсё тое, што мы дагэтуль вагаемся, баімся ісьці наперад. Зноў і зноў перапытваем сябе: ці скончыцца гэты пэрыяд? Ці нацыя здабудзе перамогу? І за гэтымі пытаньнямі мы хаваемся ад рашучых дзеяньняў.
Стары Запавет прапануе нам суровы папераджальны прыклад: Лотава жонка праз сваё ваганьне не змагла ўратавацца ад катастрофы і застыла саляным слупом. Сам жа Хрыстос папярэджваў: “Ніхто з тых, хто кладзе сваю руку на плуг ды назад азіраецца, не надаецца ў Царства Божае!” (Лк. 9:62)…

Нараджэньне Сына Божага выкрывае крыніцу нашай магутнасьці – з намі Бог! Дык калі нам хопіць імкненьня і мудрасьці садзейнічаць зь Ім, не збочваць з дарогі хрысьціянскага служэньня, прытрымлівацца запаветаў у штодзённым жыцьці і пасьлядоўна, няўхільна змагацца за справядлівасьць – эвангельскую справядлівасьць! – дзейнічаць зладжана, салідарна, то няма сілы, здольнай нас перамагчы! Бо – з намі Бог!

Размаўляў Сьвятаслаў Касьцюк
Часопіс УА “Свобода”

Пераклаў з украінскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.svoboda.org.ua/diyalnist/novyny/046295/

13/1/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2014
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024