Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазняк лічыць беларусаў самаіранічнымі аптымістамі

Чарнаскурыя дзяўчаты ў амерыканскім метро, беларускія краявіды, паэтычныя разважанні пра Бога і адзіноту. Усё гэта апынулася на старонках “Тэрра Дэй” (“Зямля Бога”) – новай кнігі Зянона Пазняка, прэзентацыя якой адбылася ўчора ў Варшаве. У кнізе аўтар піша пра сэнс жыцця, згадвае сяброў, розныя сітуацыі, паказвае свет праз аб’ектыў свайго фотаапарата.

Фатаздымкі, вершы і апавяданні ў “Тэрра Дэй” зліваюцца ў неверагодна прыгожы, тужлівы і крыху настальгічны ўспамін чалавека, які любіць сваю краіну. Зянон Пазняк піша пра “код прысутнасці”, пра веру, надзею і народную філасофію, інтым, сям’ю і царкву. Вядома, што толькі аўтар найбольш поўна можа растлумачыць для каго, навошта і пра што гэтая кніга. Адказы на гэтыя пытанні шукайце ў відэаматэрыяле.

Акрамя гэтага наш журналіст змог паразмаўляць з культаваю для Беларусі асобаю і задаў Зянону Пазняку некалькі нязручных пытанняў. (Інтэрв’ю ніжэй.)

Юрась Высоцкі: Беларусы ўжо каторы год уваходзяць у дзясятку самых дэпрэсіўных народаў свету. Больш панурыя за нас аказаліся, напрыклад, жыхары Іраку, Сінгапуру, Грузіі. Ці можна назваць беларусаў вялікаю дэпрэсіўнаю нацыяй?

Зянон Пазняк: Беларусы – аптымістычная нацыя. У вельмі цяжкіх умовах людзі не губляюць прысутнасці духу і, галоўнае, захоўваюць пачуццё гумару. Іншыя ў такіх сітуацыях кідаліся б у бойку, плакалі б, а беларус з сябе пажартуе. Гэта вялікая жыццёвая сіла дапамагла нам перажыць усе акупацыі. Народ застаўся – нягледзячы на адсутнасць ураду, набілітэту, незалежнай дзяржавы і знішчальную чужынскую палітыку. Народ выжыў і ствараў мастацтва, пісаў вершы. Мы проста дзівосная нацыя.

Ю. В.: Мы ўвесь час іранізуем на тэму сваіх бедаў, жартуем пра цвік, на якім самі ж і сядзім…

З. П.: Гэта ўсё людзі, якія атрымалі чужое выхаванне, чужую адукацыю, выгадаваныя на чужой літаратуры, пераймалі чужое мысленне – вось і займаюцца цяпер такою цягамоцінаю. Гэтыя людзі нічога не вырашаюць у жыцці народу. Яны там скуголяць, але гэта чужое скуголенне. Яно не ўласцівае нашай беларускай ментальнасці.

Ю. В.: На вашую думку, колькі ў Беларусі такіх чужынцаў, якія не бачаць святла ў канцы тунелю і кажуць: Каліноўскі не змог, і ты не зможаш?

З. П.: Гэта так званыя агенты ўплыву. Гэта не абавязкова спецыяльныя агенты кшталту бесаў і троляў у інтэрнэце, якія кажуць, што ўсё скончана, што вы дурныя, мы дурныя. Ёсць тыя, хто трапляе пад іхны ўплыў, і калі чалавек не склаўся сам як асоба, тады пачынаецца пешчанне сваіх комплексаў, абвінавачванне ўсяго свету ў сваіх праблемах. У сваім нядаўнім артыкуле Пятро Садоўскі звяртае ўвагу вось на такіх эгацэнтрыстаў, якія аплёўваюць усё святое: нашую літаратуру, Купалу, кроў людскую. Гэта ўсё паводле Фройда. Але такіх людзей не шмат. Разумееце, нацыя перажывае цяжкія разбуральныя часы – можа, нават цяжэйшыя, чым савецкія.

Ю. В.: А можа, гэта звязана з тым, што мы губляем веру ў сябе, Бога, у будучыню? Нездарма нашая краіна ўваходзіць у лік найбольш атэістычных краінаў Еўропы…

З. П.: Ёсць такія, якія ныюць увесь час. Пішуць і ныюць, ныюць і пішуць. Дастаткова двух такіх чалавек на радыё “Свабода”, каб распаўсюджваць такія ідэі, але яны не рэпрэзентатыўныя, яны не прадстаўляюць не тое што адной нацыі, але нават і нейкай адной групы. Гэта маргінальная інтэлігенцкая з’ява. У развітай нацыі, якая не перажывае акупацыйнага перыяду, такіх людзей проста не было б. А калі б і былі, то яны б былі вымушаныя ці паехаць прэч, ці іх проста забілі б. Кашчунства – вельмі небяспечнае злачынства. Зневажаючы святое, людзі не кантралююць сябе. Чаму яны гэта робяць? Бо адчуваюць, што не будуць за гэта пакараныя. Маўляў, сёння можна. У 1990-я ім бы проста набілі фізіяномію.

Ю. В.: Асабіста для вас што такое рэлігія і Бог?

З. П.: Бог быў, ёсць і будзе. Ён вызначае сутнасць нашага існавання. Гэта найвышэйшая справядлівасць. Незалежна ад таго, што здарыцца з намі, з вамі, ёсць тая справядлівасць, якая ацэніць нашыя ўчынкі. Калі б не было найвышэйшай справядлівасці, то і не было б свабоды.

Ю. В.: Вы верыце ў справядлівасць?

З. П.: Бог справядлівы.

Ю. В.: Ці справядліва Бог трактуе беларусаў?

З. П.: Канечне, справядліва. Чалавечая і Божая справядлівасць – гэта розныя рэчы. Калі Ісус быў на крыжы, то ён сказаў бандыту Вараву, што “заўтра будзеш са мною ў раі”. Не нам ацэньваць Божую справядлівасць. Трэба разумець, што Бог вечны, добры і справядлівы. Калі вас аплявалі, абылгалі, усю вашую праўду знішчылі, то ўсё… Чалавек без веры можа скончыць жыццё самагубствам. Вера давала людзям магчымасць выжываць у цяжэйшых умовах: ГУЛАГу, Асвенціме.

Ю. В.: Ці можа быць атэіст добрым чалавекам?

З. П.: Гледзячы як трактаваць дабро. Чалавек, які выхаваны на хрысціянскай культуры, можа не верыць у Бога, але захаваць сваю дабрыню. Але калі такому чалавеку выпадзе нейкае жыццёвае выпрабаванне, то адной культуры будзе не дастаткова. Яны могуць зламацца. Іхныя ідэалы распадуцца, бо веры няма, а значыць, няма моцнага фундаменту. А калі чалавек верыць, ён перамагае смерць. А перамагчы яе не зможа ні любоў, ні нянавісць – толькі вера. Веруючы чалавек, калі ідзе на смерць, думае, што ён будзе жыць вечна.

Ю. В.: Свабода заўсёды патрабуе крывавых ахвяраў. Ці патрэбныя ахвяры Беларусі?

З. П.: Ахвяруюцца толькі дзеля ідэі: Бацькаўшчыны, Бога, сваіх дзяцей.

Ю. В.: У нашага народу ёсць ідэя? Бо цяпер беларусы замест змагання за абстрактныя ідэі выбіраюць культ спажывецкага грамадства.

З. П.: Ідэя ёсць, і яна ажыццявілася. Мы стварылі дзяржаву. Праўда, улада пакуль яшчэ ў руках акупантаў. Народзіцца новае пакаленне. Адбудзецца пераасэнсаванне сваёй ролі… Дарэчы, адкуль вы ўзялі гэтую статыстыку пра прыналежнасць Беларусі да самых атэістычных краінаў у Еўропе? Гэта няпраўда. Французы нашмат больш атэістычныя.

Ю. В.: І гэтыя атэісты жывуць значна лепш, чым мы.

З. П.: Адкуль гэтыя багацьці? З былых калоній. Паўтысячы гадоў рабавалі паўсьвета. Арыстакратычная Францыя патанала ў блудзе й раскошы (найперш двор і Бурбоны), а ў 1789 годзе прагарэла, аб’явіла дэфолт і пачалося тое кровапраліцьце, якое бальшавікі называлі «вялікай французкай рэвалюцыяй». Вы бачылі, як еўрапейцы працуюць? Беларусы працуюць значна лепш і больш. Але і рабуюць іх агулам таксама больш (амаль цалкам). І больш працавітыя, чым амерыканцы. Але там эксплуатацыя. Там менш за дванаццаць гадзінаў ніхто (акрамя дзяржаўных служачых) не працуе. Багацце Эўропы… Яны рабавалі сьвет. Нейкая маленькая Галандыя эксплуатавала палову Афрыкі. А цяпер афрыканцы едуць да іх у Эўропу. Гэта своеасаблівая помста гісторыі. Былыя каланізатары думалі зрабіць сабе хатні каланіялізм, думалі, што перасяленцы з былых калоній ім будуць вуліцы падмятаць, інтэгруюцца, растворацца і пачнуць на іхнай мове гаварыць. А яны не інтэгруюцца і не прымаюць эўрапейскай цывілізацыі. Узровень жыцьця вызначаецца ня толькі матэрыяльным дабрабытам. Таму ў цэлым я б не сказаў, што яны жывуць добра. Рэальна, што там ёсьць – гэта адносная свабода асобы. І калі ў чалавека ёсьць грошы, ён можа добра той свабодай пакарыстацца. Вось тое, што вы гаворыце, – гэта ілюзіі, навеяныя савецкаю паліталогіяй.

Ю. В.: Дзякуй вялікі за размову.

З. П.: Няма за што.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

20/1/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2014
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024