Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: УКРАІНСКАЕ ЗМАГАНЬНЕ ЗА ВОЛЬНУЮ УКРАІНУ Як яны ўсе падобныя, гэтыя монстры савецкага кагэбізму – Пуцін, Лукашэнка, Януковіч! І ўсюды адзін маскоўскі лубянскі почарк утрыманьня ўлады: забіваць і душыць. Януковіч перайшоў мяжу невяртаньня, паказаў сябе хітрай, але бязмозглай істотай, цалкам чужым для ўкраінскай нацыі чалавекам, залежным ад Пуціна. Не было абставінаў і не было фармальнай прычыны (для злачынцаў істотнай) аддаваць загад на забойства дэманстрантаў. Ён жа паслухаў Пуціна і загад аддаў. Наперадзе яго чакае суд і трыбунал, а па закону рэвалюцыі ўкраінцы могуць цяпер абыходзіцца зь ім як з забойцам. Ён тое ведае, але забіваць ўсяроўна гатовы. Гэта тыповы бальшавік. Гледзячы на ўкраінскую барацьбу з чужародным прамаскоўскім рэжымам, усклікаем: “Варты гонару і пашаны змагарны ўкраінскі народ!” Ён паказвае прыклад салідарнасьці, стойкасьці, самаарганізаванасьці і адвагі ў змаганьні за вольную Украіну, справядлівую ўладу і сьветлую ўкраінскую будучыню. Мы падтрымліваем украінскую рэвалюцыю і рыхтуймася да сваёй. Вырадкі цемры, здраднікі і ворагі чалавецтва ўжо не схаваюцца. Рука адплаты і караючы меч нацыі дастане іх і на дне марскім. Украінская рэвалюцыя расставіла кропкі над “і” і паказала тым, хто яшчэ ў нечым сумняваўся, што такое прамаскоўскі рэжым, расейскі гэбізм і гнілая эўрапейская палітыка. Калі лілася ўкраінская кроў, вышэйшыя чыны Эўразьвязу абмяжоўваліся “заклапочанасьцю” і “шкадаваньнем”, раілі апазыцыі адмежавацца ад “радыкалаў”, выказвалі іншую палітычную тупасьць на карысьць Масквы. Спадарыня Мэркель назвала падзеі на Украіне “агіднымі” і “непрыймальнымі” і ўступіла ў перамовы з Пуціным, які сказаў ёй, каб не ўжывала адмоўных ацэнак да дзеяньняў украінскіх уладаў супраць дэманстрантаў, заклікаў яе падтрымаць Януковіча ў барацьбе з “экстрэмістамі-тэрарыстамі”. Пасьля гэтага яны яшчэ разам выказаліся за тэрміновыя меры па “нармалізацыі” становішча на Украіне. Злавесная прыкмета – гэтае іхняе “ўзаемаразуменьне”. Цікавыя рэчы пачалі адбывацца ў гэты час у Беларусі. Амбасадар Ізраілю спадар Шагал назваў беларускіх палітвязьняў крымінальнымі злачынцамі. (Прытым Ізраіль не дэзавуяваў такое выказваньне.) У гэты ж час 18-га лютага, якраз тады, калі рэжым Януковіча распачаў збройны наступ на Майдан і забойствы ўкраінцаў, у Менск напоўтаемна прыязджае дэлегацыя Эўразьвязу для перамоваў з рэжымам на ўмовах Лукашэнкі. Размова ішла пра заходнія інвэстыцыі, эканамічнае супрацоўніцтва і фінансавыя ўліваньні ў рэжым. Ні пра якую дэмакратыю, “палітвязьняў” і “правы чалавека” гаворка больш не вялася. Ня лішне нагадаць, што нашу магутную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае – разбурылі ў 18-м стагоддзі супольна разам азіяцкая Расея і нямецкая Эўропа, і з таго часу ў геапалітыцы ў прынцыпе нічога не зьмянілася. Адраджэньне Ўсходняй Эўропы ў 90-х гадах, нашу Балта-Чарнаморскую ідэю яны нішчылі таксама супольнымі намаганьнямі. Украінскае змаганьне добра праілюстравала сутнасьць дачыненьняў народа менавіта з прамаскоўскай крымінальнай дыктатурай. Размаўляць зь ёй і прымусіць прымаць рашэньні можна толькі з пазыцыі рэальнай сілы. Прытым ніколі нельга верыць ніякім гарантыям, рашэньням, словам ды абяцаньням узурпатараў (сатрапаў, дыктатараў) і аслабляць сілавы ціск. Як толькі ўзьнікне паслабленьне, адразу будзе нанесены варожы ўдар у плечы народу і адкінуты абяцаньні. Тут ня дзейнічаюць чалавечыя правілы. Тут ардынская азіятчына ў поўным сэнсе слова. 20-га лютага ўвесь сьвет убачыў, як снайперы стралялі па безабаронных людзях на Майдане і забілі каля ста чалавек. Гэта забойцы і бандыты на службе антыўкраінскага рэжыму. У той жа дзень высьветлілася, што сярод бэркутаўскіх забойцаў ёсьць асобы з расейскага ОМОНу (і гэта пры шчыльнай мяжы з Расеяй). Вось дзе сапраўдная прычына нечуваных зьверстваў супраць украінцаў. Забіваюць украінцаў ворагі Украіны. Страляюць у жанчын, у сясьцёр міласэрдзя. Украінская рэчаіснасьць паказвае, што беларуская рэвалюцыя мусіць адбывацца інакш. Адкрытая мяжа на ўсходзе, якую ліквідаваў злачынца, — гэта шлюз для рускіх бандаў. Таму падыход у ліквідацыі антыбеларускага рэжыму мусіць быць іншым (асабліва ў тэрмінах). Беларусам трэба рыхтавацца да рэвалюцыі. Яна будзе. Яна павінна быць, бо прамаскоўскія акупацыйныя рэжымы самы не зыходзяць. Да рэвалюцыі трэба быць сур’ёзна падрыхтаваным у любы час, і на падрыхтоўку яе накіраваць усю працу, улічваючы і паводзіны Масквы, і Эўразьвязу, і перашкоды з боку палітычнага сьмецьця псэўдаапазыцыі. 20 лютага 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК 21/2/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |