Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Крымская яма

Можна было лёгка меркаваць, што Крэмль успрыме ўцёкі Віктара Януковіча з Кіева і яго наступнае адлучэньне ад улады як уласную зьнешнепалітычную паразу і распачне сапраўдную вайну супраць новых украінскіх уладаў. Але існавала слабое спадзяваньне, што ў Маскве пераканаюцца – хаўрусьнікаў у скінутага прэзыдэнта на Украіне не засталося нідзе. Паплечнікі Януковіча з Партыі рэгіёнаў абвінавацілі яго ў здрадзе, прадстаўнік фракцыі “рэгіяналаў” Міхаіл Чэчатаў заявіў, што ягоныя калегі лічаць легітымным выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Турчынава, у парлямант вярнулася нават дарадчыца экс-прэзыдэнта Ганна Герман, якая заставалася зь Януковічам практычна да самых яго ўцёкаў з краіны. Харкаўскі гораданачальнік Генадзь Кэрнэс, які яшчэ нядаўна выступаў на зьезьдзе сумна вядомага “Украінскага фронту” з прарасейскімі прамовамі, цяпер змагаецца за сьцяг Эўразьвязу на будынку мэрыі, алігарх і галоўны спонсар Януковіча Рынат Ахмэтаў кажа пра неабходнасьць захаваць тэрытарыяльную еднасьць краіны.

І тады ў Маскве вырашылі ў чарговы раз разыграць крымскую карту. Зрабіць гэта ў адкрытую не атрымалася, бо кіраўнік ураду аўтаноміі Анатоль Магілеў таксама прызнаў новую ўладу ў краіне. Прызначыць новае кіраўніцтва ў Крыме магчымасьці не было, бо кандыдатура прэм’ера павінна ўзгадняцца з прэзыдэнтам Украіны. Нельга было нават сабраць Вярхоўны савет Крыма, многія дэпутаты якога не хацелі ўдзельнічаць у сумніўнай палітычнай авантуры.

І тады будынкі крымскага парляманту і ўраду былі захоплены “невядомымі” узброенымі людзьмі, якія відавочна падпарадкоўваліся спікеру парляманта Уладзіміру Канстанцінаву. У захопленым памяшканьні парляманта прайшла сэсія зь невядомай колькасьцю дэпутатаў і няяснай працэдурай прыняцьця рашэньняў – парлямантарам, якія прышлі ў будынак, не дазволілі пранесьці з сабой нават мабільныя тэлефоны. Дэпутаты накіравалі ў адстаўку ўрад Магілева і абралі новага прэм’ера – Сяргея Аксёнава. На пытаньне, ці ўзгоднена пытаньне з прэзыдэнтам, яны адказалі станоўча, што аказалася маной. Калі пытаньне з кім і маглі ўзгодніць, то толькі з новазьяўленым эмігрантам Януковічам. Так што Аксёнаў, калі казаць сур’ёзна, ніякі не прэм’ер. Але Крэмль атрымаў, што хацеў: марыянэткавы ўрад, які цалкам залежыць ад расейскай дапамогі, замкнуты на Януковіча і які рыхтуецца да рэфэрэндума, што станецца першым крокам да аддзяленьня Крыма ад Украіны. Перамога!

Ня ведаю, ці разумее нехта ня толькі ў Расеі, але і ў Крыме ўвесь маштаб катастрофы, што насоўваецца на паўвыспу. Расея, зразумела, можа дапамагчы сэпаратыстам Крыма, але ніяк ня здольная далучыць яго тэрыторыю да ўласнай – гэта выкліча такі міжнародны скандал, на які не рашыцца нават Пуцін. Але што такое незалежны Крым?

Гэта тэрыторыя, уся незалежнасьць якой будзе базавацца на антыўкраінскай прапагандзе – і гэта пры тым, што асноўнымі адпачываючымі ў Крыме былі менавіта ўкраінцы. Для расейцаў надта ўжо савецкі сэрвіс, да й дарагавата, Анталья і тая таньней. А для ўкраінцаў гэта даўно ўжо ўнутраны курорт. Цяпер не прыедуць і яны – хто ў знак пратэсту, хто са страху. Першы ж правал курортнага сэзону давядзе да галечы і без таго небагатае насельніцтва паўвыспы, якое жыве ад лета да лета, паставіць кропку на шматгадовых намаганьнях тых, хто адкрывае гатэлі, рэстараны, экскурсійныя бюро, — усё пойдзе ў дым.

Але гэта ўсяго толькі эканамічныя наступствы. Будуць і палітычныя. У Крыме нямала грамадзян, які атаясамліваюць сябе з Украінай, а не з Расеяй і ўжо тым больш не з псэўданезалежнай дзяржавай мясцовых “браткоў”. Гэта крымскія татары, якія добра арганізаваныя, згуртаваныя і нават маюць уласны нацыянальны парлямант. І гэта дзесяткі тысячаў украінцаў і расейцаў, асабліва маладых людзей, якія выхоўваліся ўжо ў новым Крыме і новай Украіне.

Відавочна, што гэтыя людзі – а гэта агулам паўмільёна чалавек з двухмільённага насельніцтва паўвыспы – не пагодзяцца з тым, што адбываецца. А калі пратэстоўцы сутыкнуцца з новымі ўладамі, то на іхным баку апынуцца прынамсі дзьве дзяржавы: Україна, якая будзе бараніць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць, і Турцыя, якая будзе бараніць крымскіх татараў. І ў гэтай сытуацыі крах эканомікі Крыма непазьбежны – паўвыспа на доўгія гады ператворыцца з курортнай зоны ў гарачую кропку, і нам будуць нагадваць аб Ялце не ў турыстычных каталогах, а ў навінах з тых самых гарачых кропак.

Такім чынам, з Крымам мы ўжо разьвіталіся ў думках у зарыве пажараў, выбухаў і боесутыкненьняў. А цяпер разьвітаемся яшчэ з адным – расейска-украінскім узаемаразуменьнем. Таму што для бальшыні ўкраінцаў, дзе б яны ні жылі, Расея, якая адрывае Крым, з блізкай краіны, якая няхай нават і палітычна заплутала, ператворыцца ў банальнага акупанта. Спатрэбяцца гады і дзесяцігоддзі пасьля Пуціна, каб аднавіць гэты давер, які губляецца на вачах. Большага ўдару па агульнай мінуўшчыне ня змогуць нанесьці ніякія “ідэалагічныя дывэрсанты”. А ўжо калі Расея прыправіць крымскую страву Януковічам, які яшчэ не пасьпеў адмыцца ад кіеўскай крыві, то лічы справа зроблена. З Украінай таксама можна разьвітацца – цяпер для Расеі проста з хутара Міхайлаўскага пачынаецца населеная экстрэмістамі пустэча.

Віталь Портнікаў

28.02.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.225746.html

Віталь Портнікаў – украінскі журналіст.

4/3/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2014
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024