Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: ЗАЎТРА БЫЛО ЎЧОРА Нападзеньне пуцінскай Расеі на Украіну раптам прасьвятліла розум некаторым беларускім інтэлігентам-дэмакратам. Яны зьдзіўлена сталі круціць шыяй, азіраючыся па баках і разгублена лямантуючы: “А я-яй, аказваецца Расея агрэсар, імпэрыяліст, фашыст, а я-яй, як гэта сталася… на Украіну… неверагодна…” і г.д. Усё гэта выглядае крыху камічна, як чалавек, які прачнуўся на пажары. Але мне ня сьмешна. Гром грымнуў — мужык перажагнаўся. І тое добра. Прырода такой хваробы (зацямненьне розуму) — клясычная і добра вядомая. Гэта нацыянальная сьлепата і несьвядомасьць самых сябе плюс замбаваньне варожай прапагандай, пачынаючы ад дзіцячага садка і антынацыянальнай школы. Зомбі жывуць у нерэальным сьвеце, якога няма, які не існуе, і гатовыя патрашыць рэальных людзей за іх рэальнасьць. Вось у гэтым небясьпека ад зомбі. Ён не бывае пасыўным. Зомбі — гэта агрэсія супраць рэальнасьці. Руская прапаганда, апраўдваючы агрэсію, выдае манбланы фантастычнай і тупой ілжы супраць украінцаў, разьлічанай на самую прымітыўную сьвядомасьць і нізкія інстынкты людзей. Варожая пазыцыя расейцаў супраць украінцаў і беларусаў была ўвесь час, адразу як толькі ў канцы XVIII стагоддзя масква з Эўропай падзялілі Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Пазыцыя выяўлялася ў гнюсных сэнтэнцыях рускіх чыноўнікаў і цароў, у подлай імпэрскай літаратуры ад Дзяржавіна да Някрасава. Аналізуючы цяперашняе расейскае грамадзтва, рускую палітыку і прапаганду пуцінскага гэбізму, заўважаем наколькі дакладна і адэкватна ўкладваецца ўсё ў клясычную сістэму імпэрскага нацыянал-фашызму. Новае тут толькі энкавэдзісцка-праваслаўны ўхіл і тэрмін “праваслаўны фашызм”, які хутка распаўсюджваецца (і ня толькі ў межах РПЦ). Агульнае, што яднае ўсе фашызмы, — гэта антычалавечая ськіраванасьць, агрэсія і імкненьне аўтарытарна перабудаваць сьвет пад ідэалягічную дактрыну ўлады. Вялікую ролю іграе інфармацыйная вайна. Як і гёбельсаўская нямецкая, так і гэбісцкая прапаганда рускіх вылучаецца надзвычайнай тупасьцю ў хлусьні, цынізмам і нахабствам ілжывых сцьвярджэньняў. Тут тыповы для фашызму разьлік на самыя прымітыўныя інстынкты, на культурна неразьвітыя групы людзей. Чаго вартая толькі іхняя “ідэалёгія” разбурэньня ўкраінскай дзяржавы. Рускія дамарослыя “тэарэтыкі” “православного” і пуцінскага фашызма на поўным сур’ёзе пачалі хорам і крыкам сцьвярджаць, што ні ўкраінскай нацыі, ні народа, ні ўкраінскай мовы не існуе ў прырдзе. Украінскі народ, маўляў, прыдумалі на Захадзе і найперш аўстрыякі, каб зьнішчыць Расею. Захад і аўстрыякі прыдумалі таксама украінскую мову і адарвалі такім чынам цэлы кавалак Расеі, накінуўшы рускім украінскую мову і перарабіўшы рускіх на ўкраінцаў. Гэтая біліберда для дэбілаў паўтараецца з дня ў дзень, запаланіла Інтэрнэт і TV, выступаюць рускія нібыта “вучоныя”, вяшчаюць і ківаюць галовамі ў такт шызоіднай прапагандзе. Фашысты паўсюдна ведаюць, што рэальна адукаваных людзей няшмат, а абывацеляў (“з адукацыяй”) маса і калі кожны дзень для масы масава і афіцыйна пароць лухту, то маса ў яе паверыць. Рыхтавалася такая гёбэльсаўшчына даўно, яшчэ ў 90-х гадах. Ўжо тады нянавісьць да ўкраінцаў і беларусаў пачала расьпіраць некаторых так званых “рускіх дэмакратаў” ад лексічна скрыўленых рускіх генэралаў да пісьменьніка Салжаніцына (які аказаўся асобай недалёкай). Што характэрна — рускі імпэрскі фашызм выявіўся дакладна па схеме Чэрчыля. Пуцінскія фашысты ў сваёй прапагандзе называюць нацыянальна-дэмакратычныя рухі народаў і заходнюю дэмакратыю “фашызмам” і брэшуць, што яны змагаюцца супраць гэтага “фашызма”. У выніку такой прапагандысцкай бязглузьдзіцы мы зьяўляемся сьведкамі поўнай кашы ў галаве фашызаванага рускага абывацеля, для якога “фашыстам” горшым за Гітлера стаўся цяпер Стэпан Бэндэра, якога, дарэчы, гітлерцы, за нелаяльнасьць да фашыстаў кінулі ў канцлягер Заксэнгаўзен і трымалі там з 1941 па 1944 год.(Праўда, для зомбі гэта ня мае ніякага значэньня.) Ёсьць тым часам адна заканамернасьць: кожная адкінутая грамадзтвам збанкрутаваная дзяржаўная ідэалёгія (нават у свой час самая магутная) пры рэстаўрацыі яе зноў да сістэмнага сацыяльна-палітычнага жыцьця паўтараецца як разбуральны фарс і крывавая трагікамэдыя. Ад гэтага яна ня робіцца менш небясьпечнай, але будучыні ў яе няма. Мяркую, што варта было б напісаць як гэбісцкая палітыка пачыналася за часы СССР (бо адсюль вырастае фашысцкі рэванш). Але пра тое ўжо мной шмат гаворана і напісана ў 90-х (хто меў вушы, той чуў). Тым больш, што сёньня ўжо груба ў лоб за сымвалічнай нашай мяжой раве рэальны самаісна сам даўно сьпечаны рускі фашызм. Бяда толькі, што цяперака за доўгі час антыбеларускага рэжыму ў новым прапагандысцкім рабстве вырасла новае пакаленьне сьляпых, якім збольшага ніякая інфармацыя не дапаможа, калі пуста ў душы. Пакапаўшыся ў мінулым раней гавораным, я выбраў даўняе інтэрв’ю пра той час (і пра сёньняшні дзень), якое я даваў маладому журналісту Аляксандру Лукашуку для рускамоўнай газэты “Знамя юности” і якое было надрукаванае (З.Ю. адмовілася) ў “Народнай Газэце” ў нумары за 23-30 кастрычніка 1990 года. Ніжэй прапаную вытрымкі (сканы) з таго тэксту пра дачыненьні з Расеяй. 23.04.2014. Зянон Пазьняк 24/4/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |