Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сяргей Навумчык: Чаму БНФ не падтрымаў Шушкевіча

У адзін зь восеньскіх вечароў 93-га паверх гасьцініцы «Кастрычніцкая» гудзеў: у нумары Лукашэнкі дэпутаты віншавалі яго з фэерычным кар’ерным посьпехам: з дырэктара саўгасу — адразу ў міністэрскае крэсла!
А за два месяцы да гэтага, у верасьні 93-га, каля свайго дома быў застрэлены старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя (як выявілася пазьней, зьвязаны з карупцыйнымі схемамі, пазьней у ягоным сэйфе знойдуць 30 тысяч даляраў, сума па тых часах для Беларусі гіганцкая, зарплата старшыні Вярхоўнага Савету была ня больш за сотню). Менавіта Арцыменю пракебічаўская большасьць хацела паставіць старшынём Вярхоўнага Савету замест Шушкевіча, адстаўка якога была прадвызначана. 21 кастрычніка ў Горадні сабралася сэсія аблсавету, каб прызначыць новага старшыню аблвыканкаму. Зь ліку правераных камуністычных кадраў выбар быў зроблены на карысьць старшыні калгасу «Прагрэс» Аляксандра Дубко.

Словам, сюрпрызаў не чакалі, дэпутаты аблсавету сабраліся ў залі і ўжо абдумвалі, як будуць віншаваць новага мясцовага патрона, як раптам у будынку зьявіліся людзі з аўтаматамі Калашнікава. Група атачала старшыню Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, які прайшоў у прэзыдыюм. У Горадню Шушкевіч прыехаў з новым штатам аховы і ў новым парадку — ягоны «мэрсэдэс» сьпераду і ззаду суправаджалі па два аўтамабілі з аўтаматчыкамі, якія мелі загад у выпадку «няштатнай сытуацыі» адкрываць агонь на паражэньне.

Камуністы нагэтулькі разгубіліся, што кандыдатуру Дубко нават не прапаноўвалі. 140 дэпутатаў прагаласавалі за падтрыманага Шушкевічам мэра Горадні Сямёна Домаша, які, сярод іншага, вызначаўся добрымі дачыненьнямі зь мясцовымі дэмакратамі і прыхільнасьцю да беларускай мовы.

Наступныя дні Шушкевіч нікуды не выяжджаў зь Менску — затое дзясяткі дэпутатаў Вярхоўнага Савету зь ліку намэнклятуры былі вымушаныя тэрмінова прыехаць у сталіцу. Адзін за адным яны ўваходзілі ў кабінэт старшыні ВС на пятым паверсе дома па Карла Маркса — той самы кабінэт, які калісьці займаў Машэраў і які меў для іх сакральны сэнс.

У кабінэце акрамя Шушкевіча знаходзіліся генэральны пракурор Шаладонаў і старшыня КДБ Шыркоўскі.

— Ёсьць у нас інфармацыя што Вы, шаноўны, ходзіце па вастрыі ляза, — казаў дэпутату старшыня КДБ. — Вось паглядзіце: матэрыялы пра гешэфты вашай жонкі з каапэратывамі, якія вядуць сумнеўны бізнэс. А гэтая фірма, зарэгістраваная на Вашу цёшчу? Незаконны рээкспарт каляровых мэталаў — гэта быў адзінкавы факт, ці мае хлопцы дрэнна папрацавалі і я ім пагоны пазрываю, калі не раскапаюць болей?

— Вы дэпутат і асоба недатыкальная, — уступаў у размову генэральны пракурор, — але па сваяках Вашых як мы зробім: будзем справы крымінальныя ўзбуджаць, ці незаконны даход яны перададуць у дзіцячыя навучальныя ўстановы, а мы абмяжуемся папярэджаньнем?

— Выпіце вадзічкі! — адкаркоўваў пляшку «Баржомі» гаспадар кабінэта. — І паколькі тут ужо закранулі тэму дэпутацтва. Я маю намер папрасіць Вярхоўны Савет адправіць Вячаслава Францавіча Кебіча ў адстаўку і прапанаваць сфармаваць кааліцыйны ўрад. Трэба нарэшце скончыць дурныя размовы пра «расейскі рубель» і пачаць будаваць незалежную дзяржаву! Вы, я бачу, абедзьвюма рукамі за?

Праз два тыдні на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутаты падзякавалі Кебічу за шматгадовую працу і прызначылі кааліцыйны пераходны ўрад з Генадзем Карпенкам на чале. Першым намесьнікам быў абраны прэм’ер Ценявога кабінэту БНФ Уладзімер Заблоцкі. У склад новага ўраду ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу партый. Дэпутаты таксама палічылі немэтазгодным заслухоўваць на сэсіі выступ старшыні антыкарупцыйнай камісіі Аляксандра Лукашэнкі, параіўшы перадаць матэрыялы ў пракуратуру. Лукашэнка прыняў прапанову Карпенкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і, адпаведна, склаў дэпутацкія паўнамоцтвы, заявіўшы, што на новай пасадзе даможацца росквіту беларускага аграсэктару і «жэстачайшэ» спытае з тых кіраўнікоў гаспадарак, хто страціць хоць цэнтнэр з такой цяжкасьцю сабранага збожжа.
***

Пэўна, чытач здагадаўся, што гэта — фантазія аўтара. Так, фантазія, а выключэньне тут — падзеі ў Горадні, якія адбыліся ў рэальнасьці (ім нават прысьвечаная карэспандэнцыя «Як Шушкевіч напалохаў намэнклятуру» ў газэце «Свабода», № 12 за 1993 год). Слова «фантазія» да іншага можна ўжыць толькі ў тым сэнсе, што сапраўды нічога падобнага ня здарылася. Але магло адбыцца: практычна ўсе «намэнклятурныя» дэпутаты або іхнія сваякі былі замешаныя ў камэрцыйных афэрах, Шыркоўскі, як і Шаладонаў, падтрымлівалі Шушкевіча, а Апазыцыя БНФ ўвосень 93-га прапаноўвала адправіць Кебіча ў адстаўку і сфармаваць кааліцыйны ўрад. Не было толькі аднаго — рашучасьці Шушкевіча, якую ён праявіў у Горадні.

Праявіў, трэба прызнаць, літаральна толькі некалькі разоў за два з паловай гады свайго знаходжаньня на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Хаця менавіта такія яго паводзіны давалі бясспрэчны станоўчы вынік (найбольш вядомы прыклад — падпісаньне ў Віскулях знакамітага пагадненьня).

Праўда, адзін з удзельнікаў той сустрэчы, Ягор Гайдар, паводзіны Станіслава Шушкевіча апісвае гэтак:

«Больш за ўсіх, як мне здаецца, перажываў, хваляваўся С. Шушкевіч. У ягоных словах гучаў лейтматыў: мы маленькая краіна, прымем усялякае ўзгодненае рашэньне Расеі і Ўкраіны. Але ж вы, вялікія, усё прадумалі? » ( Егор Гайдар, «Дни поражений и побед», Москва, Евразия, 1997, стар. 325).

У кожным разе, подпіс свой Шушкевіч пад пагадненьнямі паставіў.

Рашучасьць — якасьць унівэрсальная, і прыносіць посьпех ня толькі палітыкам. Асабліва ў часы, якія гісторыкі потым назавуць «пераломнымі».

Гісторыя дзеяньняў Шушкевіча на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету — гэта гісторыя страчаных магчымасьцяў беларускай дэмакратыі. І калі можна казаць пра нейкую адказнасьць тых, хто называў сябе дэмакратам, за падзеі, якія потым адбыліся ў Беларусі, — дык пачынаць трэба з Шушкевіча. Паколькі ніхто зь іх не займаў пасады, якая хаця б здалёк набліжалася паводле аб’ёму ўлады і ўплыву да пасады старшыні Вярхоўнага Савету.

«У стане лёгкага падпітку»

У палітыку Шушкевіч прыйшоў выпадкова. Пра гэта ён сам прызнаецца ў мэмуарах.

«У сакавіку 1989 году абіраліся народныя дэпутаты СССР… Некалькі разоў на сходах уносіліся прапановы ўключыць мяне ў сьпіс кандыдатаў. Я заўсёды браў самаадвод , матывуючы гэта тым, што ў мяне ёсьць сур’ёзная праца, якая мне падабаецца, і я хачу працягваць ёю займацца…

Да часу пачатку вылучэньня кандыдатаў на паўторныя выбары на катэдры адбылася прыемная падзея… Як заўсёды ў такіх выпадках, бязь лішняга шуму і агалоскі, сабраліся ў аднаго з супрацоўнікаў дома адзначыць дасягненьне…

-… Я прапаную вылучыць заўтра нашага загадчыка катэдры і прарэктара (г. зн. Шушкевіча — С.Н.) кандыдатам… і патрабую, каб ён ня ўзяў самаадвод… Прызнавайся, будзеш браць самаадвод? Калі будзеш, адмаўляемся з табой піць зараз і на ўсе часы.

Калі быць на сто адсоткаў сумленным, то мяне нават парадаваў такі паварот спраў. Але выгляду я не падаваў. Бо згаджацца з тым, што хтосьці выпадковы на сходзе вылучае цябе кандыдатам у дэпутаты, азначае агаліць сваю ганарыстасьць, таму самаадвод цябе ў некаторай ступені ўпрыгожвае. Адпадае варыянт праваліцца. А тут сябры вымусілі, у стане лёгкага падпітку паабяцаў. Ну чым не дэманстрацыя вернасьці слову сьціплага чалавека, які не прэтэндуе на славу. І я прапанаваў працягнуць весялосьць, паабяцаў самаадвод заўтра ня браць.

На ўнівэрсытэцкім сходзе па вылучэньні ў бюлетэнь для таемнага галасаваньня былі ўнесеныя тры кандыдатуры. За мяне прагаласавала больш за 450 чалавек, за прарэктара Яўгена Пятраева — каля 70, а невядомы мне да таго часу Зянон Пазьняк, які не прысутнічаў на сходзе, але быў вылучаны супрацоўнікамі ўнівэрсытэту, атрымаў прыкладна 50. Я, да сораму свайго, нагэтулькі заграз у непалітычных справах і клопатах, што нічога ня ведаў ні пра Пазьняка, ні пра БНФ». (Станіслаў Шушкевіч, «Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР», Масква, Росспэн, стар 121-122).

Такім чынам — выканаў абяцаньне, дадзенае «у стане лёгкага падпітку».

А вось што піша былы сакратар Менскага гаркаму партыі Краўчанка:

«Пасьля ганебнай для намэнклятуры паразы Галко (БНФ праваліў першага сакратара Менскага гаркаму КПБ Галко на выбарах —С.Н.) было прынятае сакрэтнае рашэньне: партфункцыянэры на паўторныя выбары (а ў Менску заставаліся тады чатыры свабодныя акругі) ня пойдуць. Галоўнае, маўляў, закрыць дарогу ў саюзны парлямэнт прадстаўнікам БНФ. Таму, калі ў акрузе, дзе прайграў Галко, вырашыў вылучацца Зянон Пазьняк, у ЦК вырашылі выцягнуць з кадравага рэзэрву сьціплага прафэсара Станіслава Шушкевіча… І вось у 1989 годе прарэктар БДУ Шушкевіч воляю выпадку апынуўся ў палітыцы. Акруговы перадвыбарчы сход, гэты партыйны фільтар, дзе па тагачасным законе аб выбарах праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў, прапусьціў праз сваё сіта Пазьняка. Затое Шушкевіч быў зацьверджаны практычна аднагалосна. Ня тое каб у ЦК ускладалі на яго нейкія вялікія надзеі, дастатковай падставай паслужыў разьлік, што гэты мала каму вядомы прафэсар значна меншае зло, чым Зянон Пазьняк. Так пачалася вялікая кар’ера будучага сьпікера беларускага парлямэнту. Потым я неаднойчы захапляўся „празарлівасьцю“ партыйцаў, якія асаблівым намэнклятурным нюхам здолелі адгадаць бясшкоднасьць для іх і для саўковай сыстэмы гэтага чалавека… Нягледзячы на свой, здавалася б, дэмакратычны імідж, ён зь першага і да апошняга дня добрасумленна працаваў на намэнклятуру, перад якой губляўся і разьмякаў. Сваёй сакрамэнтальнай фразай: „Гэтае ня мая справа“, якая гучала кожны раз, калі трэба было дзейнічаць, ён здаваў адну пазыцыю за другой. І, у рэшце рэшт, ператварыўся ў аднаго з галоўных віноўнікаў таго, што былі здадзены практычна ўсе дэмакратычныя заваёвы першых гадоў незалежнасьці». (Пётра Краўчанка, «Беларусь на распутье», стар. 34-36).

І, нарэшце, успамін тагачаснага старшыні Сойму БНФ «Адраджэньне» Зянона Пазьняка:

«У 1989 годзе ў часе першых выбараў у Вярхоўны Савет СССР па новым так званым „гарбачоўскім“ выбарчым законе на практыцы стала зразумела, што прайсьці фільтар так званых „акруговых“ сходаў грамадзкасьці, якія фармавалі камуністычныя райкамы партыі, кандыдатам-фронтаўцам ня ўдасца. Тады мы пачалі шукаць прыстойных людзей з партбілетамі з асяродзьдзя не намэнклятуры, якія хоць бы часткова падтрымлівалі фронтаўскія пазыцыі і сваім абраньнем пры дапамозе структураў БНФ заблякавалі б прысутнасьць у Вярхоўным Савеце махровых намэнклятуршчыкаў.

Такім чынам у абойме нашых кандыдатаў зьявіўся прафэсар БДУ Станіслаў Шушкевіч. Мне пра яго паведаміў сябра Сойму БНФ Кастусь Лабко, гарантуючы яго дэмакратычныя погляды і беларускую пазыцыю. Я запрасіў Шушкевіча прыехаць у Інстытут Гісторыі Акадэміі Навук БССР, дзе я працаваў, і ў нас адбылася размова пра будучыя выбары і праграмныя задачы Фронту. Шушкевіч хацеў вылучацца кандыдатам у дэпутаты, але ў яго не было ні структур, ні арганізаваных людзей для шырокай агітацыі на выбарах. Я прапанаваў Шушкевічу падтрымку ягонай кандыдатуры з боку структураў БНФ пры ўмове адстойваньня ім у Маскве асноўных праграмных пазыцыяў Фронту (сувэрэнітэт, дэмакратыя, праўда пра Чарнобыль, ліквідацыя шостага артыкулу Канстытуцыі СССР аб дзяржаўнай ролі КПСС і інш.). Шушкевіч пагадзіўся.

На выбарчую кампанію Шушкевіча мы выдзелілі вялікія фронтаўскія сілы, якія працавалі зь вялікай аддачай, разгарнулі шырокую агітацыйную кампанію і такім чынам забясьпечылі яму перамогу на выбарах ў народныя дэпутаты СССР». (Зянон Пазьняк, запіс успамінаў. Архіў аўтара).

Тут прыметна тое, што ўсе тры вэрсіі прыходу Станіслава Шушкевіча ў палітыку не супярэчаць адна адной — а могуць сумяшчацца. Аднак ва ўспамінах самога Шушкевіча мяне больш за ўсё ўразіла прызнаньне, што пра існаваньне Беларускага Народнага Фронту ён нічога ня ведаў, а даведаўся толькі праз чатыры месяцы пасьля заснаваньня аргкамітэту арганізацыі — у той час як адны толькі падзеі на Дзяды-88, калі міліцыя ўпершыню ўжыла сьлезацечны газ супраць мірных жыхароў, пісала і беларуская, і «саюзная», і заходняя прэса. І пры тым, што сярод удзельнікаў цяпер ужо легендарнага мітынгу пад Курапатамі былі дзясяткі студэнтаў БДУ, якіх потым цягалі на камітэты камсамолу ды ў міліцыю — таго самога БДУ, прарэктарам якога быў Шушкевіч. Няведаньне ж імя адкрывальніка Курапатаў (артыкул Пазьняка і Шмыгалёва, нагадаем, зьявіўся ў «ЛіМе» ў пачатку чэрвеня 1988 году) сынам рэпрэсаванага беларускага паэта ўвогуле не ўкладваецца ў сьвядомасьці — калі толькі не ўявіць, што прафэсар быў цалкам адключаны ад якога б то ні было грамадзкага жыцьця, не чытаў газэтаў, ня слухаў радыё і ўвогуле ні пра што іншае, акрамя фізыкі, ні з кім не размаўляў. Калі правільная вэрсія самога Шушкевіча — дык сапраўды, пагадзіцца на вылучэньне ў саюзны парлямэнт такая асоба магла толькі ў стане падпітку. Калі ж правільная вэрсія Краўчанкі — дык дрэнныя, зусім кепскія справы былі ў камуністычнай партыі, вымушанай рабіць стаўку на людзей, якія ні ў чым, акрамя сваёй вузкай спэцыялізацыі, не арыентаваліся.

«Я лічу незалежнасьць амаль што жартам»

У складзе народных дэпутатаў СССР Шушкевіч увайшоў у Міжрэгіянальную дэпутацкую групу, сустаршынямі якой лічыліся Андрэй Сахараў і Барыс Ельцын. Першыя паседжаньні зьезду ў траўні 1989-га ў прамой трансьляцыі глядзеў увесь СССР — гэта быў гістарычны прарыў свабоднага слова, хай пакуль яшчэ і абмежаванага 6-ым артыкулам Канстытуцыі пра кіруючую ролю КПСС.

«Усе чакалі ягонага (Шушкевіча — С.Н.) першага выступу на Зьезьдзе народных дэпутатаў у Маскве (была наўпроставая трансьляцыя). Нарэшце праз тыдзень Шушкевіч выступіў, дзе на фоне прамоў прыбалтыйскіх дэпутатаў (якія змагаліся за сувэрэнітэт) выглядаў шэра і безаблічна: ні слова пра Беларусь, прагаварыў нейкую пустату і пакінуў трыбуну. Гэта быў цэбар халоднай вады на ўвесь БНФ і вялікае расчараваньне. Потым Шушкевіч нічым у Маскве не праявіўся і пазыцыяў Фронту не адстойваў» (Зянон Пазьняк, запіс успамінаў. Архіў аўтара).

Куды большым расчараваньнем для актывістаў БНФ было стаўленьне Шушкевіча да патрабаваньняў аб незалежнасьці Беларусі.

«Папулярнасьць і аўтарытэт БНФ у значнай ступені базуюцца на праўдзівасьці пратэсту, выкрываньнях, зрываньнях шырмы. Крытыкаваць у нас ёсьць каго і ёсьць за што. Захапленьне крытыкай само па сабе не вядзе да паляпшэньня спраў у краіне, а празьмернае захапленьне здольнае спарадзіць і новыя непажаданыя зьявы… Бачыце, маўляў, мы ўсё тлумачылі, даўно пра гэта казалі, а захадаў ніхто не рабіў, а адсюль выснова: нельга жыць прыстойна пры сацыялізьме, нельга наладзіць жыцьцё ў рамках СССР… Можна і ставіць і абмяркоўваць якія заўгодна пытаньні, уключна з пытаньнем аб дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі па-за СССР. Але наўрад ці можна без сур’ёзнага вывучэньня палітычных, эканамічных, сацыяльных, духоўных, гістарычных і іншых аспэктаў праблемы выносіць канкрэтныя прапановы. Так, праблемы ў сфэры адносінаў рэспублікі з цэнтрам назапасіліся, але сувэрэнітэт Беларусі можна адрадзіць і ўмацаваць у межах Фэдэрацыі… Мы яшчэ не жылі ў новым саюзе, а ўжо спрабуем аддзяліцца. На каго раўняемся? На Літву? Але чаму абавязкова трэба быць падобным на суседа?… Страта мовы — наступства рэзкага зьніжэньня агульнай культуры насельніцтва краіны! Мы ўсе ў гэтым вінаватыя, але больш за ўсіх — кіраўнікі, дзеячы навукі і культуры, адукацыі… Калі ў гэтым і вінаваты Саюз, дык мы ж самі яго такім будавалі, прычым не ў адпаведнасьці з канцэпцыямі, напрыклад, Леніна, а насуперак ім. Паглядзіце ленінскія працы „Крытычныя заўвагі па нацыянальным пытаньні“ і „Да пытаньня аб нацыянальнасьцях…“ і вы самі ў гэтым пераканаецеся» (Гутарка з уласным карэспандэнтам штотыднёвіка «Саюз» Аляксандрам Шагуном, 11 красавіка 1990, архіў аўтара).

Гэтую пазыцыю непрыманьня незалежнасьці Шушкевіч адстойваў і ў Вярхоўным Савеце БССР, куды абраўся таксама з падтрымкай актывістаў БНФ.

«Я за справядлівы Саюз. Вы за тое, каб мы былі незалежныя. Я лічу гэта амаль што жартам. Я быў і застаюся прыхільнікам Саюзу» («Навіны БНФ «Адраджэньне», 3, 1991 ).

І нават на сустрэчы з дэпутатам Апазыцыі БНФ за некалькі дзён да сустрэчы ў Віскулях ён заяўляў, што застаецца прыхільнікам «абноўленай Садружнасьці» — хаця Беларусь ужо некалькі месяцаў як зьяўлялася дэ-юрэ незалежнай дзяржавай. Гэтыя некалькі месяцаў марнаваньня часу (са жніўня па сьнежань 91-га), калі Шушкевіч езьдзіў на бясплённыя перамовы да Гарбачова ў Маскву, можна было патраціць на ўмацаваньне дзяржаўнасьці і эканамічныя рэформы, да чаго заклікала яго Апазыцыя БНФ.

Тым ня менш, апынуўшыся ў адной кампаніі з Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком, Шушкевіч падпісаў пагадненьні аб ліквідацыі СССР як «геапалітычнай рэальнасьці» (фармулёўка Генадзя Бурбуліса). Вось гэта — прыклад рашучага дзеяньня, якое, безумоўна, упісала імя Шушкевіча ў гісторыю.

«Яны мне скажуць: навошта ты нам патрэбны?»

Галоўная прэтэнзія, якую выстаўляюць Шушкевічу — гэта тое, што ён не падтрымаў рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах.

Рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах, якія запатрабаваў БНФ пасьля таго, як пераканаўся ў няздатнасьці складу Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня правесьці дэмакратычныя і эканамічныя рэформы, а галоўнае — стварыць заканадаўчы падмурак новаўтворанай незалежнай дзяржавы, быў адзіным рэальным сродкам зьмяніць і кіраўніцтва Беларусі, і палітычную сытуацыю.

У пачатку 1992 года Шушкевіч, паводле апытаньня сацыялягічнай службы «Грамадзкая думка», меў рэйтынг 52 адсоткі, у сакавіку ён крыху зьменшыўся, але таксама быў вялікі — 47,1. Менавіта ў гэты час БНФ зьбіраў подпісы за рэфэрэндум. Можна толькі ўявіць, што было б, калі б Шушкевіч на піку сваёй папулярнасьці (палова насельніцтва!) падтрымаў гэтую ініцыятыву. Але — не падтрымаў.

Часам можна сустрэць папрок, што Шушкевіч мог прызначыць рэфэрэндум як старшыня Вярхоўнага Савету, аднак не зрабіў гэтага. Папрок несправядлівы: такога права, паводле Канстытуцыі і закону аб рэфэрэндуме, Шушкевіч ня меў. Прызначыць рэфэрэндум мог толькі Вярхоўны Савет — альбо па ўласнай ініцыятыве, альбо паводле патрабаваньня пэўнай колькасьці дэпутатаў, альбо — пры ўмове збору ня менш як 350 тысяч подпісаў. Пры гэтым пад словам «прызначыць» трэба разумець — назваць дату плебісцыту; вырашаць, варта праводзіць рэфэрэндум ці ня варта, Вярхоўнаму Савету закон права не даваў.

Пасьля таго, як у першыя месяцы 1992 года БНФ сабраў подпісы, зь якіх 442 тысячы ЦВК былі прызнаныя сапраўднымі (ня ўзьнікла пытаньняў у ЦВК і па фармулёўцы вынесенага на рэфэрэндум пытаньня), Вярхоўны Савет мусіў прызначыць дату. Аднак Шушкевіч спыніў вясновую сэсію. Распусьціў дэпутатам «па хатах» і паўгода сэсію не зьбіраў. Адначасна, у сваіх публічных выступах усяляк падвяргаў ідэю рэфэрэндуму крытыцы, у чым цалкам салідарызаваўся з намэнклятурай. Фактычна, ён рабіў усё, каб рэфэрэндум не адбыўся. На восеньскай сэсіі ў канцы кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць дату — і рэфэрэндум быў сарваны. Некаторыя аналітыкі менавіта гэтую падзею называюць стратай таго апошняга шанцу, які мог утрымаць краіну ад спаўзаньня ў аўтарытарызм.

Пазьней у гутарцы зь Віталём Цыганковым Шушкевіч гэтак патлумачыць сваю пазыцыю:

«Шушкевіч: Тыя наіўныя прапановы, што былі з боку БНФ — „Вярхоўны Савет у адстаўку“. Гэта я павінен уносіць такую прапанову? Я Старшыня, і я павінен такое прапаноўваць? Дык яны мне скажуць — „навошта ты нам такі патрэбны, мы зараз новага абярэм“.

Цыганкоў: Пачакайце, зьявілася новая незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь, усталяваны іншы грамадзкі лад, няма кіроўнай камуністычнай партыі. А заканадаўчы орган выбіраўся яшчэ у той дзяржаве, СССР, у тых умовах. Чаму новая дзяржава не павінна мець новы заканадаўчы орган? Гэта цалкам абгрунтаваная прапанова.

Шушкевіч: Я яшчэ раз вам кажу… У гэты заканадаўчы орган людзі былі абраны больш-менш дэмакратычным чынам, і трэба было зь яго выцягнуць усё, што магчыма». («Свободные новости плюс», 11 лютага 2010 г.).

«Выцягнуць» зь Вярхоўнага Савету пасьля 1991 году ўдалося, пераважна, толькі тое, што ў канчатковым выніку зьнішчыла ў Беларусі дэмакратыю і паставіла краіну ў палітычную, эканамічную ды вайсковую залежнасьць ад Масквы.

Фразу ж «яны мне скажуць — «мы зараз новага абярэм» інакш, як боязьзю страціць пасаду, патлумачыць немагчыма. Няма сумневу, што ў выпадку новых выбараў Шушкевіч зь ягоным рэйтынгам прайшоў бы ў новы парлямэнт (гэта пацьвердзілі і выбары 1995 году) — але гэтак жа бясспрэчна, што ў новым парлямэнце пасаду сьпікера ён бы не заняў. Жаданьне не сыходзіць з палітычнага Алімпу натуральнае — але ў выпадку з рэфэрэндумам, які не адбыўся, яно дорага каштавала краіне.

Лукашэнка: «Сяргей, пабачыш, які будзе вынік!»

Уся наступная дзейнасьць Шушкевіча на пасадзе старшыні парлямэнту можа быць ацэненая як саступка антыдэмакратычным ды праімпэрскім сілам. Прычым, у шэрагу выпадкаў спачатку Шушкевіч нібыта заяўляў пра цьвёрдую пазыцыю прыхільнасьці дэмакратыі і беларушчыны — а потым саступаў. Апісваць гэта падрабязна — тое самае, што распавядаць гісторыю Беларусі напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў; аднак і абмінуць гэтыя падзеі немагчыма, таму пазначаю, як кажуць, пункцірна.

У ліпені 1992 году Кебіч падпісаў пагадненьне з Расеяй, паводле якога Масква разьмяшчала на тэрыторыі Беларусі свае стратэгічныя сілы. Калі больш дакладна — вайсковыя часткі, якія ўжо знаходзіліся ў Беларусі, перайшлі ў расейскае падпарадкаваньне.

«Замест прадугледжаных раней двух гадоў расейскія стратэгічныя сілы застануцца ў Беларусі на сем гадоў. У аднабаковым парадку Расея будзе ажыцьцяўляць фактычна поўны кантроль над абароннай вытворчасьцю Беларусі, у той час як Беларусь ня здолее кантраляваць нават перамяшчэньне чужога войска па сваёй тэрыторыі. Цалкам абсурднымі выглядаюць палажэньні аб прызыве грамадзян Беларусі ў чужое войска, аб прыняцьці ім прысягі не Беларусі, выклікае поўнае зьдзіўленьне плянаваны ўдзел Расеі ў абсталяваньні мяжы паміж Беларусьсю і Латвіяй, Беларусьсю і Літвой, у той час як мяжа Беларусі з Расеяй не абсталяваная. Зусім не укладаецца ў сьвядомасьці рашэньне пра бясплатны транзыт усіх відаў расейскага транспарту празь Беларусь… Сапраўды, можа здацца, што ў намэнклятурных кіраўнікоў Беларусі, якія падпісалі такія дакумэнты, было ня ўсё ў парадку са сьвядомасьцю. Але факт ёсьць факт — падпісаныя пратаколы, дамовы і пагадненьні аб фактычнай акупацыі і эксплюатацыі Беларусі. Гэтыя „пагадненьні“, калі яны пачнуць дзейнічаць, канешне ж, могуць паўплываць на сытуацыю і балянс інтарэсаў у Эўропе. У гэтым і мэта імпэрыялістычнай палітыкі Расеі — пляцдарм у Беларусі, ціск на Ўкраіну, Польшчу, Літву, дзьверы, дакладней, бясплатны калідор у Эўропу». (Зянон Пазьняк, інтэрвію нямецкаму агенцтву DPA, 12 жніўня 1992 г. Машынадрук, архіў аўтара).

Падпісаўшы гэтае пагадненьне, Масква зрабіла наступны крок — пачала уцягваць Беларусь у сыстэму Калектыўнай бясьпекі краінаў СНД, якая фактычна кантралявалася расейскім Генштабам. Гэта ўжо азначала б сапраўды поўную вайсковую залежнасьць ад Масквы.

Практычна ўвесь 1993 год Беларускі Народны Фронт правёў у змаганьні супраць падпісаньня Дамовы аб Калектыўнай бясьпецы; пад заявамі стаяць подпісы ня толькі дэпутатаў Апазыцыі БНФ, але і практычна ўсіх, хто ўвасабляў у той час нацыянальную эліту, пачынаючы ад Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Нягледзячы на тое, што Вярхоўны Савет прагаласаваў за падпісаньне Дамовы, Шушкевіч адмаўляўся паставіць свой подпіс.

На пэўным этапе да Апазыцыі БНФ зьвярнуліся дарадцы Шушкевіча і паведамілі, што сьпікер мае намер зьвярнуцца непасрэдна да народа па падтрымку. Але для правядзеньня рэфэрэндуму сабраць 350 тысяч подпісаў ён ня здолее (за ім няма ніякіх партыйных структураў), а вось подпісы дэпутатаў — гэта рэальна. Дык ці не дапамаглі б мы гэта зрабіць, паколькі самому Шушкевічу хадзіць па дэпутатах не выпадае, а ніякай фракцыі ў яго няма?

Гэта была разумная ідэя, і рэалізаваць яе даручылі мне. Павінна было выглядаць так, што група дэпутатаў зьвяртаецца да Шушкевіча. Я склаў тэкст наступнага зьместу:

«Старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь сп. С. Шушкевічу. Прапануем вынесьці на ўсенароднае галасаваньне (рэфэрэндум) абавязковага характару наступнае пытаньне: «Ці лічыце вы, што Рэспубліка Беларусь павінна быць нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавай і не ўваходзіць у ваенныя блёкі?»

Першымі паставілі подпісы Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Галіна Сямдзянава, Алег Трусаў, ды іншыя дэпутаты — Апазыцыя БНФ у поўным складзе. Як я і чакаў, далучыліся члены Прэзыдыюму ВС Ніл Гілевіч, Міхаіл Сьлямнёў, Аляксандар Сасноў, Генадзь Карпенка. Але ўдалося ўзяць подпісы і тых, хто ў сымпатыях да апазыцыі ня быў заўважаны: выканаўчага сакратара СНД Каратчэні, былога віцэ-прэм’ера Кічкайлы, праваслаўнага сьвятара Дзічкоўскага, дэпутаткі ад вэтэранскай арганізацыі Салдатавай.

Не прыйшлося ўгаворваць і Лукашэнку: «Сяргей, ты думаеш, я не падпішу? Ну, давай сваю паперу! Але — пабачыш потым, які будзе вынік!» — сказаў Лукашэнка і паставіў подпіс 52-ім.

Усяго я сабраў 103 подпісы дэпутатаў. Ня ведаю, які менавіта вынік меў на ўвазе Лукашэнка — магчымы вынік рэфэрэндуму ці вынік скарыстаньня подпісаў Шушкевічам. Подпісы Шушкевіч не скарыстаў, а ў апошні дзень 1993 году, 31 сьнежня, падпісаў дакумэнт, які азначаў далучэньне Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД, што ўцягнула краіну ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў. Апазыцыя БНФ назвала гэта «здрадай».

Старшыня КДБ: «Я ж яму ўсё рабіў!…»

Паводле заканадаўства, КДБ Рэспублікі Беларусь падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету. Аднак я як дэпутат ніколі ня бачыў ніводнай інфармацыі ці справаздачы КДБ — хаця, калі меркаваць па словах старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага на закрытым паседжаньні Вярхоўнага Савету, толькі пісьмовых інфармацыяў («запісак») КДБ дасылала ў Вярхоўны Савет у сярэднім адну на два дні. Ня бачылі такіх запісак і тыя дэпутаты, у каго я пра іх пытаўся. І не маглі бачыць: уся інфармацыя паступала на імя старшыні Вярхоўнага Савету Шушкевіча.

Я зусім не выключаю, што Шыркоўскі дасылаў інфармацыю і ў Маскву (пасьля сваёй адстаўкі ён пераехаў у сталіцу Расеі). Але бясспрэчна, што, зьяўляючыся найвышэйшай службовай асобай, Шушкевіч быў самым інфармаваным чалавекам краіны.

І фактычна меў у падпарадкаваньні КДБ. Ці (калі пагадзіцца з тым, што КДБ ніколі не выходзіў з рэальнага падпарадкаваньня маскоўскай Лубянкі) — з усіх кіраўнікоў Беларусі менавіта ён, Шушкевіч, меў на КДБ найбольшы ўплыў. Ва ўсялякім разе, пры патрэбе ён выклікаў на пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Шыркоўскага ці яго намесьнікаў, і тыя давалі інфармацыю па той або іншай праблеме.

Такая сытуацыя не задавальняла Кебіча, які ўжо ў 1992 годзе стварыў у апараце Саўміну аддзелы і ўпраўленьні, якія ўсталі над міністэрствамі. Міністры, якіх прызначаў Вярхоўны Савет, былі вымушаныя падпарадкоўвацца начальнікам, якіх прызначаў асабіста Кебіч. Мы пастаянна зьвярталі ўвагу Шушкевіча на абсурднасьць і неканстытуцыйнасьць такой сытуацыі, ён выказваў абурэньне — але ніякіх крокаў не рабіў.

У ліпені 1993-га Шушкевіч выказаўся за ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля, што было для прыхільнікаў беларускай Незалежнасьці непрыемнай нечаканасьцю. Аднак «інтэграцыйную ініцыятыву» імгненна перахапіў Вячаслаў Кебіч: у верасьні 93-га ён адкрыта заявіў, што ягоны ўдзел у падпісаньні Белавескага пагадненьня быў памылкай. Трэба прызнаць, што на ўвядзеньні расейскага рубля Шушкевіч потым не настойваў — затое Кебіч вызначыў гэта як першачарговую мэту, імкнучыся сьпісаць пад аб’яднаньне фінансавых сыстэмаў правал сваёй эканамічнай палітыкі. Восень 93-га вызначылася рэзкім пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі і паліўным крызісам: на аўтазапраўках бэнзін налівалі па талёнах. Адначасна, Кебіч узяў пад яшчэ большы кантроль дэпутатаў, прапанаваўшы ім працу ў структурах Саўміну.

Ад дарадцаў Шушкевіча (сам ён ніколі нас ні пра што не прасіў) паступіла інфармацыя, што ў супрацьстаяньні з Кебічам Шушкевіч настроены рашуча. Апазыцыя БНФ прапанавала вынесьці на Вярхоўны Савет пытаньне аб адстаўцы Кебіча. Мы прыступілі да кансультацыяў па стварэньні кааліцыйнага ўраду — на пераходны пэрыяд яго мусіў узначаліць Генадзь Карпенка (мы разумелі, што прэм’ер Ценявога кабінэту БНФ Уладзімер Заблоцкі не зьбярэ належнай колькасьці галасоў).

Аднак і гэтым разам Шушкевіч даў задні ход.

«Вы мне кола выратавальнае кідаеце? — запытаўся ён на сустрэчы з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. — А я вам кажу — ня трэба!»

Адразу пасьля візыту амэрыканскага прэзыдэнта, у студзені 94-га, пракебічаўская большасьць у Вярхоўным Савеце пайшла ў наступ. Спачатку былі выстаўленыя прэтэнзіі да міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава і старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага, якія не жадалі выконваць загады кебічаўскага паплечніка Генадзя Данілава і падтрымлівалі Шушкевіча. Што азначала для Шушкевіча падтрымка сілавых міністраў — тлумачыць ня трэба.

Аднак у часе паседжаньня Шушкевіч не зрабіў нічога, каб абараніць Ягорава і Шыркоўскага і прадухіліць іх адстаўку.

“Пасьля галасаваньня па Шыркўскаму я на хвіліну выйшаў з залі паседжаньня, — прыгадвае Зянон Пазьняк. — Калі вяртаўся, сутыкнуўся з Шыркоўскім, які выходзіў з залі ўзбуджаны і чырвоны, як рак. З попрыску ён узарваўся: “Зянон Станіслававіч, ну, вы бачылі, што гэта за чалавек! Гэта ж самагубца! Я ж яму ўсё рабіў. Кожны дзень на стале ў яго была інфармацыя КГБ. Ну, цяпер…эх!”— махнуў рукой Шыркоўскі, саўладаўшы сабой”.

«Эх!» не прымусіла сябе чакаць — адразу пасьля адстаўкі сілавых міністраў рукамі «маладых ваўкоў» намэнклятура арганізавала адстаўку Шушкевіча.

Лічыцца, што нагодай для адстаўкі была інфармацыя, выкладзеная ў «антыкарупцыйных» выступах Аляксандра Лукашэнкі (так званая «скрыня цьвікоў», нібыта «скрадзеная» для будаўніцтва лецішча). Лукашэнка сапраўды абвінавачваў Шушкевіча ў «злоўжываньнях» і ў тым, што рамонт у яго кватэры рабіла будаўнічая структура Саўміну (але ніякая іншая структура і не павінна была рабіць рамонт — разьведка якой заўгодна краіны сьвету дала б немалыя грошы, каб пранікнуць у кватэру кіраўніка краіны і паставіць там «жучкі»). Увогуле, абвінавачваньні Лукашэнкі ў бок Шушкевіча ў “асабістай нясьціпласьці” і “злоўжываньнях” былі гранічнай праявай цынізму і хлусьні: у пабытовых адносінах Шушкевіч – чалавек крыштальна чысты, ён ня ўзяў у дзяржавы ні капейкі (за гэта яго асабліва не любіла карумпаванае атачэньне Кебіча).

На самой справе нагода была іншая — і вельмі паказальная для фармальнага ініцыятара адстаўкі. На закрытым пасяджэньні Вярхоўнага Савету Лукашэнка заявіў, што ў часе візыту ў ЗША Шушкевіч не абараніў супрацоўнікаў расейскай выведкі, якія пад прыкрыцьцём дыпляматаў працавалі ў прадстаўніцтве Беларусі ў ААН у Нью-Ёрку, былі выкрытыя амэрыканцамі і высланыя з ЗША. Я не зрабіў памылку ў тэксьце: расейскія шпіёны працавалі не ў прадстаўніцтве Расеі, а ў прадстаўніцтве Беларусі. «Гэта нашы людзі, рускія!» — літаральна крычаў Лукашэнка ў Авальнай залі. На гэтай падставе Лукашэнка і запатрабаваў адстаўкі Шушкевіча, прычым прапанаваў унесьці ў бюлетэнь пытаньне ад даверы і Кебічу, і Шушкевічу.

Пазьней Шушкевіч дзе намёкамі, а дзе і адкрыта будзе казаць, што нібыта і дэпутаты Апазыцыі галасавалі за ягоную адстаўку. Гэта няпраўда. Яшчэ ў ліпені 93-га, калі пракебічаўская большасьць спрабавала яго скінуць, Апазыцыя БНФ яго падтрымала і зрабіла ўсё магчымае, каб пазьбегчы адстаўкі. У тыя дні ў заяве Апазыцыі БНФ і Дэмакратычнага клюбу было сказана:

«У дэпутатаў дэмакратычнай арыентацыі ёсьць шмат заўваг і прэтэнзій да С. Шушкевіча і яго дзейнасьці на высокай дзяржаўнай пасадзе. І апазыцыя БНФ, і іншыя дэпутаты Дэмакратычнага клюбу не падтрымліваюць яго за беспрынцыпнае згодніцтва з камуністычна-намэнклятурай большасьцю, якая і паставіла пытаньне аб яго зьняцьці. Але ў сёньняшняй сытуацыі адхіленьне Шушкевіча ад пасады азначала б неабмежаваную канцэнтрацыю ўлады і ўсіх органаў кантролю за ўладай (у тым ліку і КДБ) у руках адной структуры — Савету Міністраў, палітыка якога не вызначаецца кампэтэнтнасьцю і дальнабачнасьцю, клопатам пра дзяржаўную незалежнасьць і доўгатэрміновыя інтарэсы народа Беларусі. У гэтых абставінах дэмакратычная меншасьць народных дэпутатаў Беларусі адмовілася прымаць удзел у палітычным фарсе галасаваньня пра давер да Старшыні Вярхоўнага Савету…» («Народная газета», 10 ліпеня 1993 г.).

За паўгода, што мінулі зь першай спробы зьняць Шушкевіча, нічога ў нашай пазыцыі не зьмянілася — хіба што падставаў для прэтэнзіяў да сябе Шушкевіч даў болей. І ў студзені 94-га мы былі перакананыя, што Шушкевіч не адпавядае займанай пасадзе, тым больш у часе, калі трэба было выявіць рашучасьць і ў супрацьстаяньні з праімпэрскімі сіламі ўнутры краіны, і ў супрацьдзеяньням ціску Масквы. Але разумелі мы і тое, што ў выпадку ягонай адстаўкі ніхто лепшы ягоную пасаду ня зойме — дэпутацкая большасьць паставіць чалавека са свайгго асяродка (што потым і адбылося). Аднак, у адрозьненьне ад ліпеня 93-га, у студзені 94-га пэўная частка дэпутатаў Дэмклюбу, якая падтрымлівала «маладых ваўкоў», была ўжо супраць Шушкевіча. Супраць быў і Генадзь Карпенка. І хаця дэпутаты Апазыцыі БНФ спрабавалі сарваць галасаваньне (мы не апускалі бюлетэні ў урны) — нашых галасоў не хапіла. (Празь некалькі дзён я папрасіў Шушкевіча расьпісацца на бюлетэні, які пакінуў пры сабе. Сёньня гэта рэальны доказ няслушнасьці ягоных слоў, што дэпутаты БНФ нібыта галасавалі супраць яго).

26 студзеня 1994 года Шушкевіч быў адпраўлены ў адстаўку. ??

«Шушкевіч — чэсны чалавек, шырока вядомы»

Вылучэньне Шушкевіча на пасаду прэзыдэнта адбылося аб’яднаньнем «Вясна-94» пры актыўным удзеле Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Паводле сьведкаў, непасрэдна яго вылучыў Мікола Статкевіч. Кіраўніцтва БСДГ кандыдатуру Шушкевіча падтрымала.

«Выканкам Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады заклікаў усе дэмакратычныя партыі і рухі, а таксама народных дэпутатаў Беларусі стварыць дэмакратычны блёк і вылучыць на прэзыдэнцкіх выбарах аднаго кандыдата. Такім кандыдатам, паводле сацыял-дэмакратаў, можа стаць Станіслаў Шушкевіч — чэсны чалавек, шырока вядомы як у нашай краіне, гэтак і за яе межамі. Выканкам Цэнтральнай Рады БСДГ лічыць, што, атрымаўшы рэальныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ад народа Беларусі, Станіслаў Шушкевіч ажыцьцявіць спадзяваньні людзей на вывад краіны са стану эканамічнага і палітычнага крызісу» («Вячэрні Мінск», 11 сакавіка 1994 г.).

Само па сабе вылучэньне партыяй таго ці іншага палітыка зьяўляецца справай рутыннай. У выпадку ж з Шушкевічам незвычайнасьць сытуацыі палягала ў тым, што дэпутаты-сябры БСДГ уваходзілі ў Апазыцыю БНФ, а старшыня БСДГ Алег Трусаў быў намесьнікам старшыні Апазыцыі БНФ.

Як вядома аўтару гэтых радкоў, сам Трусаў ні тады, ні пазьней (ніколі) не патлумачыў Пазьняку такога кроку. У адказ на пытаньні, чаму пасьля таго, як ягоны намесьнік падтрымаў іншага кандыдата, ён ня быў выключаны з апазыцыі (што адбылося б паводле клясычнай парлямэнцкай працэдуры ў дэмакратычных краінах), Пазьняк адказвае, што Беларусь ня мела клясычнага парлямэнту і ня мела дэмакратыі, што ў тых умовах яму важныя былі не высьвятленьне адносінаў, а захаваньне максымальнага адзінства дэмакратычных, незалежніцкіх сілаў. Пасьля выбараў ні Пазьняк, ні хто-небудзь з дэпутатаў БНФ ня ставіў пытаньня пра вызваленьне Алега Трусава ад пасады намесьніка кіраўніка Апазыцыі, што адпавядала б клясычным традыцыям парлямэнтарызму. Па словах Пазьняка, ён ніколі ня гутарыў з Трусавым на тэму ягонай падтрымкі Шушкевіча — ні тады, у 94-ым, ні пазьней.

«Мы разумеем імкненьне малых партыяў кампэнсаваць адсутнасьць вядомасьці ў народзе выкарыстаньнем папулярнасьці таго або іншага палітыка, паспрабаваць дзякуючы выбарчай кампаніі падвысіць свой рэйтынг. Але Беларускі Народны Фронт як найбуйнейшая палітычная сіла краіны мусіць дбаць найперш пра інтарэсы Беларусі і лёс яе незалежнасьці. І мы ня можам чарговы раз падтрымліваць і ўздымаць да вяршыняў улады чалавека, які, меўшы ўладу, чыніў здраду за здрадай свайму народу (успомнім паводзіны Шушкевіча падчас рабочых страйкаў 1991 г., падчас вырашэньня лёсу рэфэрэндуму, калектыўнай бясьпекі ці рублёвай зоны). Мы ня можам несьці палітычную адказнасьць перад народам за гэтага непрадказальнага і слабавольнага палітыка. Але, вядома, БСДГ мае поўнае права выступаць за вылучэньне кандыдатуры Шушкевіча і нават спрабаваць сабраць подпісы. Заклікаем сяброў і прыхільнікаў БНФ не чыніць ім у гэтым перашкодаў, не ўвязвацца ў канфлікты, а скіраваць усю сваю актыўнасьць на падрыхтоўку да збору подпісаў за нашага кандыдата. Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, сакратары Ўправы БНФ. 22 сакавіка 1994 г. Менск».

Ёсьць даволі распаўсюджанае меркаваньне: дэмакратычна-нацыянальныя сілы на выбарах ?94 прайгралі таму, што «раздрабілі» сілы, ня вызначылі аднаго кандыдата. Як вынікае з усяго вышэй напісанага, БНФ ня мог падтрымаць Шушкевіча па галоўнай прычыне: дэмакратам Шушкевіча можна было лічыць толькі на словах.

Ягоная дзейнасьць на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету не спрыяла дэмакратыі, а ў пэўных ключавых для лёсу грамадзтва момантах была накіраваная супраць яе (рэфэрэндум-92, згода, у якасьці старшыні Канстытуцыйнай Камісіі, з увядзеньнем пасады прэзыдэнта, прызначэньне Лукашэнкі старшынём антыкарупцыйнай камісіі). І больш за тое: пэўныя ягоныя дзеяньні ішлі на шкоду беларускай дзяржаўнасьці (падпісаньне Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД). Шушкевіч не лічыў сябе нічым абавязаным палітычнай сіле, якая спрыяла яму на ўсіх этапах ягонай палітычнай кар’еры. За ўсе гады ён не зрабіў ніводнай кадравай прапановы ніводнаму дэпутату БНФ (парадаксальна, але ўсе нешматлікія намесьнікі і сакратары парлямэнцкіх камісіяў зь ліку дэпутатаў-фронтаўцаў былі прызначаныя альбо пры Дземянцеі, альбо пры Грыбе) — але ў чэрвені 1993 правёў на пасаду старшыні “антыкарупцыйнай камісіі” Лукашэнку. Ён не зрабіў ніякай спробы аб’яднаць нават тых, каго называў «цэнтрыстамі» і да каго, па ўласным прызнаньні сам належаў. Цяжка паверыць, але факт: за гады сьпікерства Шушкевіч не наведаў сэсіі большасьці абласных Саветаў — хаця сярод дэпутатаў гэтых Саветаў меў прыхільнікаў. Зь ім немагчыма было вырашыць ніводнага канкрэтнага пытаньня — на ўсе прапановы ён адказваў, што «ня мае паўнамоцтваў» (тут Пётра Краўчанка мае рацыю). Хаця ў суседняй Літве Вітаўтас Ландсбергіс меў тыя самыя паўнамоцтвы — а колькі зрабіў для дэмакратыі і для дзяржавы! Нарэшце, Шушкевіч быш папросту непрагназуемы ў заявах і дзеяньнях, часта займаў пазыцыю, супрацьлеглую сваім ранейшым заявам.

Хто мог даць гарантыі, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам Шушкевіч будзе паводзіць сябе інакш?

Уласна, БНФ падтрымліваў Шушкевіча цягам усёй ягонай палітычнай кар’еры: пры абраньні народным дэпутатам СССР і народным дэпутатам БССР, пры абраньні першым намесьнікам старшыні, а затым і старшынём Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня.

Але варыянт падтрымкі Шушкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. ў кіраўніцтве Народнага Фронту нават не разглядаўся — як сёньня ў апазыцыйных партыях не разглядаецца магчымасьць падтрымкі Лукашэнкі. Падтрымліваць такога чалавека было б праявай найбольшай ступені палітычнай безадказнасьці — ды папросту, я не ўяўляю, як кіраўніцтва БНФ магло б патлумачыць актывістам ў сталіцы і ў рэгіёнах неабходнасьць падтрымаць палітыка, які пусьціў пад адхон намаганьні тысяч людзей, якія зьбіралі подпісы за рэфэрэндум, і амаль паўмільёна грамадзянаў, якія гэтыя подпісы паставілі. Патлумачыць тым, што ў выпадку ягонага неабраньня прыйдзе нехта значна горшы? Хай той, хто так кажа, паспрабуе сёньня заявіць пра неабходнасьць падтрымаць апазыцыяй Лукашэнку, бо ў іншым выпадку на яго месца можа быць прызначаны афіцэр ФСБ Расеі.

Зрэшты, такіх нараканьняў зрабілася меней пасьля сьнежня 2010 году, калі Шушкевіч зрабіў заяву пра расейскія войскі ў Беларусі.

«… Я б хацеў сказаць, што тое, што мы не прызнаем саюзную дзяржаву, і там прадугледжана наступнае, што калі ў саюзнай дзяржаве парушаюцца правы чалавека, дык саюзьнік наш у гэтай дзяржаве, Расея, павінна да гэтага ставіцца належным чынам. І, можа быць, лепей было б замест таго, каб уводзіць войскі ў нейкія краіны, якія заявілі пра сваю самастойнасьць, увесьці расейскія войскі ў Беларусь, каб там паклапаціцца пра тое, каб былі захаваныя чалавечыя жыцьці і чалавечае здароўе. Гэта, дарэчы, адпавядае тым дамоўленасьцям, якія падпісаныя паміж Расеяй і Беларусьсю, падпісаныя тым самым Лукашэнкам» (Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода, 22 сьнежня 2010 г.).

Заява зусім натуральная з вуснаў дзеяча, які падпісаў дамову аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД. Але зусім нелягічная ад чалавека, які, у ліку іншых, паставіў подпіс пад Белавескім пагадненьнем, што прадухіліла магчымае вялікае кровапраліцьце пры абрушэньні парэштак савецкай імпэрыі.

Сяргей Навумчык

(Радыё Свабода
http://www.svaboda.org/content/article/25371242.html)

8/5/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2014
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024