Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Сяргей Навумчык: Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным 14 траўня 1995 году адбыўся рэфэрэндум па чатырох пытаньнях, прапанаваных А. Лукашэнкам. Як працэдура прызначэньня, гэтак і само правядзеньне рэфэрэндуму адбываліся з парушэньнямі тагачасных Канстытуцыі і законаў. Упершыню зьмешчана на вэб-сайце Радыё Свабода ў траўні 2009. Абноўлена. Сумнеўная легітымнасьць пытаньняў У сакавіку 1995 года прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Вярхоўнаму Савету прызначыць рэфэрэндум па наступных пытаньнях: «Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?» «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага эерба Рэспублікі Беларусь?» «Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?» «Ці згодны Вы з неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?» Як пазьней прызнаўся тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын, праект таго, што сёньня афіцыйна лічыцца дзяржаўным гэрбам, быў накіданы ў ягоным кабінэце ў пачатку 1994 г. пасьля прыёму ў мітрапаліта Філярэта; на прыёме пілі ня толькі мінэральную ваду. Аднак тэмы рэфэрэндуму рэалізоўвалі даўнія палітычныя пазыцыі Лукашэнкі. Яшчэ у пачатку верасьня 1991 года дэпутат ВС Лукашэнка скрытыкаваў абвяшчэньне Незалежнасьці Беларусі, якое адбылося за тыдзень да гэтага, 25 жніўня. Летам 1993 Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР. У часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. ён насіў не «дзяржаўны» бел-чырвона-белы, а «БССРаўскі» чырвона-зялёны дэпутацкі значак і ў сваёй перадвыбарчай праграме дэкляраваў наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай.
Як пазьней адзначаў доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы член Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў, з «палажэньняў Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь вынікае, што пытаньні, накіраваныя на зьніжэньне дзяржаўных гарантый існаваньня беларускай мовы, у тым ліку шляхам прыніжэньня яе ролі ў параўнаньні з іншымі мовамі, не могуць выносіцца на рэспубліканскі рэфэрэндум. Аналягічную выснову трэба зрабіць і адносна пытаньняў аб зьмене Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба, як пытаньняў, якія замахваюцца на неад’емнае права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасьць». Нарэшце, артыкул 17 Канстытуцыі вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую — як мову нацыянальных зносін. Зьмена іх статусу азначала зьмену Канстытуцыі. Паводле артыкулу148-2 Канстытуцыі, зьмена Канстытуцыі не магла праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў дзеючага Вярхоўнага Савета (а выбары новага ВС былі прызначаны ў адзін дзень з рэфэрэндумам, і калі б ВС —13 быў абраны ў поўным складзе, паўнамоцтвы ВС-12 скончыліся б не пазьней чым праз тры месяцы пасьля галасаваньня). Такім чынам, вынясеньне пытаньняў аб мове і сымбалях парушала артыкулы 17, 78 і 148-2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)». Парушэньні у часе прызначэньня рэфэрэндуму У адпаведнасьці з законам, рэфэрэндум павінен быў прызначаць Вярхоўны Савет (у той час — ВС 12-га скліканьня). ВС дзейнічаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй і шэрагам законаў, у тым ліку — Законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» і «Часовым Рэглямэнтам Вярхоўнага Савета». У знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савета (членаў Апазыцыі БНФ) раніцай 11 красавіка абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі.
Акцыя дэпутатаў БНФ мела імгненны і вельмі важны вынік: пасьля гэтага тры пытаньня з чатырох, прапанаваных прэзыдэнтам, Вярхоўны Савет не зацьвердзіў (не набралася належнай колькасьці галасоў). У ноч з 11 на 12 красавіка (пасьля 2-ой гадзіны начы), у будынак Вярхоўнага Савета былі ўведзеныя вайсковыя, міліцэйскія і спэц-падразьдзяленьні ( больш за 600 чалавек), дэпутаты былі зьбітыя групай асобаў у масках , закінутыя ў міліцэйскія аўтамабілі і выкінутыя ў цэнтры Менску (пры гэтым некаторыя былі ізноў зьбітыя). «Краінай кіруе прэзыдэнцкая хунта» — заявіў па Свабодзе адразу пасьля зьбіцьця дэпутатаў БНФ Васіль Быкаў. Толькі пасьля зьбіцьця дэпутатаў Вярхоўны Савет зацьвердзіў чатыры пытаньні, прапанаваныя А. Лукашэнкам на рэфэрэндум. Паводле прафэсара М. Пастухова, «толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў „людзьмі ў камуфляжнай форме“ (ды яшчэ ў будынку парлямэнта!) ставіць пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савета наконт прызначэньня рэфэрэндуму, паколькі рашэньне было прынятае пад прымусам. Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і нападзеньне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам». Такім чынам, працэдура прызначэньня рэфэрэндуму адбывалася з парушэньнем, як мінімум, Закона «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (паводле якога дэпутат зьяўляецца асобай недатыкальнай) і «Часовага Рэглямэнту Вярхоўнага Савета», а таксама Крымінальнага Кодэксу. Парушэньні ў часе агітацыі Закон «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)» прадугледжваў атрыманьне грамадзянамі поўнай інфармацыі па пытаньнях, вынесеных на галасаваньне, а таксама роўныя магчымасьці агітацыі «за» і «супраць». Нарэшце, перад галасаваньнем група дэпутатаў ВС (З. Пазьняк, Л. Баршчэўскі, С. Навумчык) зьвярнуліся з афіцыйным запытам да старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі Р. Кісяля з просьбай прадставіць 45 хвілінаў эфірнага часу 13-траўня для выказваньня сваёй пазыцыі па пытаньнях рэфэрэндуму і абвяржэньня інфармацыі, якая папярэдне прагучала ў фільме «Дзеці хлусьні». Эфір прадстаўлены ня быў, хаця гэта гарантавалася дэпутатам Законам «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Такім чынам, агітацыя ў пытаньнях рэфэрэндуму адбывалася з парушэньнямі Законаў «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь» і «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Парушэньні ў часе галасаваньня Пад час самога галасаваньня назіральнікі (прычым афіцыйна зарэгістраваныя) зафіксавалі шматлікія парушэньні. Парушэньні былі зафіксаваныя на кожным участку, дзе былі назіральнікі ад БНФ (а Народны Фронт выставіў сваіх кандыдатаў у больш як 100 выбарчых акругаў). Заўважым, што гэта была афіцыйная заява афіцыйна зарэгістраванай партыі, перададзеная ў ЦКВ і не абвергнутая ЦВК. У часе выбараў ў Беларусі працавала дэлегацыя міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Назіраньнікі больш сканцэнтраваліся на выбарах, чым на рэфэрэндуме, але паколькі галасаваньне і на выбарах, і на рэфэрэндуме праходзіла адначасова, іх высновы можна аднесьці і да «плебісцыту». Як паведамляла газэта «Свабода», (нумар 20, 19.05.1995), у дзень галасаваньня назіральнікі АБСЭ наведалі больш як 70 участкаў — у Менску і ў рэгіёнах. Міжнародныя назіральнікі адзначылі, што «выканаўчая ўлада неадэкватна ўмешвалася ў некаторыя аспэкты выбарчага працэсу», партыі і кандыдаты ня мелі патрэбнага доступу да СМІ, пра апазыцыйныя партыі і іх кандыдатаў распаўсюджвалася «паклёпніцкая інфармацыя». «Дэлегацыя таксама заўважыла, — адзначалася ў прэсавым рэлізе, — іншыя парушэньні, алі выбаршчыкі бралі. Крэсьлілі і кідалі ў урны па некалькі бюлетэняў як парляманцкіх, так і па рэфэрэндуме». «Выбары ў Беларусі не адпавядалі ўсім міжнародным стандартам свабодных і роўных выбараў» — зрабіла выснову місія назіральнікаў АБСЭ. Такім чынам, галасаваньне адбывалася з парушэньнем Закона «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)». Зацьвярджэньне вынікаў Прыкметна, што Вярхоўны Савет 12-га скліканьня нягледзячы на тое, што пасьля рэфэрэндуму выконваў функцыі вышэйшага заканадаўчага воргану краіны яшчэ амаль восем месяцаў (у выніку таго, што ВС 13-гаскліканьня ня быў своечасова абраны, паўнамоцтвы ВС-12 скончыліся9-га студзеня 1996 г.) — не зацьвердзіў вынікаў травеньскага рэфэрэндуму. Дэпутаты БНФ у ВС 12 скліканьня на чале з Зянонам Пазьняком адразу заявілі пра нелегітымнасьць рэфэрэндуму і непрызнаньне ягоных вынікаў. Аднак такую пазыцыю падзялілі ня ўсе, хто называў сябе дэмакратамі. «Дэмакратычным сілам трэба было біць ва ўсе званы з нагоды нелегітымнасьці першага рэфэрэндуму. І для гэтага было досыць падстаў і фактаў. Але і старшыня Вярхоўнага Савета М. Грыб, і старшыня Канстытуцыйнага суда В. Ціхіня прамаўчалі. Такім чынам шлях да дыктатуры гвалту быў адкрыты» — перакананы кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак («Народная газэта», 14 траўня 2010 г.) «Можна канстатаваць, — піша далей Волчак, — што службовыя асобы, якія мелі дачыненьне да правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму, зьдзейсьнілі крымінальна каральныя дзеяньні, якія кваліфікуюцца як захоп і ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама замах на жыцьцё дзяржаўных дзеячоў з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і ўзьдзеяньня на прыняцьцё рашэньняў дзяржаўнымі органамі (тэрарыстычны акт). Усе ўдзельнікі тых падзей, ад шэраговага і да афіцэрскага складу, якія ўжывалі гвалт супраць дэпутатаў парлямэнту, таксама павінны быць прыцягнуты па даных артыкулах як непасрэдныя саўдзельнікі і выканаўцы захопу ўлады. Такая ж крымінальная адказнасьць ляжыць на членах Цэнтрвыбаркаму, якія зацьвердзілі вынікі незаконнага рэфэрэндуму. Такім чынам, у часе прызначэньня і правядзеньня рэфэрэндуму 1995 г. былі парушаныя, як мінімум, артыкулы 17, 78 і 148 ч.2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законы «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь», «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», а таксама «Часовы Рэглямэнт Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Асобная тэма —артыкулы Крымінальнага Кодэксу, пад якія трапляюць дзеяньні службовых асобаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і спэцслужбаў у сувязі з падзеямі 12 красавіка 1995 г. Перакананы: для будучага дэмакратычна абранага кіраўніка Беларусі (альбо парлямэнта, калі будзе прынята рашэньне вярнуцца да парлямэнцкай рэспублікі) , пытаньне аднаўленьня ў статусе дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і гэрбу «Пагоня», а таксама стутусу беларускай мовы — будзе пытаньнем аднаўленьня законнасьці. Яно зойме роўна столькі сэкундаў ці хвілінаў, колькі трэба, каб паставіць подпіс пад указам альбо прагаласаваць адпаведную парлямэнцкую пастанову Сяргей Навумчык, 14/5/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |