Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
У Беларускім Інтэрнэце ёсьць некалькі больш-менш вядомых Старонак на беларускай і беларускай і рускай мовах. Аўдыторыя і прагляды іх ў апошні час зьмяншаюцца адваротна прапарцыянальна павелічэньню іхнай канфармісцкай і часам адкрыта калябаранцкай інфармацыйнай пазыцыі адносна антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Самая рэсурсна і штатна магутная Старонка “радыё Свабода” зьехала да 350 наведвальнікаў у дзень, да 1000 праглядаў і да двух тысячаў усёй актыўнай аўдыторыі. Камэнтароў пад матэр’яламі там, практычна, ўжо няма (проста няма каму пісаць), хоць і цэнзуры няма. Часам толькі пару заблудных троляў што-небудзь цяўкне супраць Беларусі (а Свабода зьмесьціць). Тым часам такая, фактычна, вузка кланавая, але пасьлядоўна антылукашысцкая, антырэжымная Старонка як “Хартыя-97, з жорсткай цэнзурай (што ў сытуацыі інфармацыйнай вайны абсалютна апраўдана) вырасла на вачах. Тут 28 тысячаў наведнікаў, 150 тысячаў праглядаў і 95 тысячаў актыўнай аўдыторыі. Напісаць гэтую рэпліку мяне вымусіла, прабачце, ўжо проста гнюсная вёрстка галоўнай старонкі сёньняшняга дня (23-06-2014) Сайта “радыё Свабода”, дзе нікчэмны “коснаязычны” калгасны сатрап, які публічна зьдзекваўся над творчасьцю і сьмерцю вялікага Быкава, гэты сатрап пададзены на фота побач ў параўнаньні з фотавыявай Быкава ў спэцыяльна падабраным ракурсе і кампазыцыі і прыпадобнены да генія нацыі. (Тут падаю копію гэтай вёрсткі). А побач словаблудны хвалебны матэрыял пра Лукашэнку і ягоную беларусафобную “пачку” (каманду), якую склалі “экспэрты Свабоды” як паплечнікаў ўхваленага імі здрадніка нацыі . Цытую Свабоду: “сьпіс з 20 асобаў, якія на працягу ўсяго пэрыяду станаўленьня лукашэнкаўскай улады былі побач зь ім і шмат у чым вызначылі далейшае разьвіцьцё Беларусі”. Тое, што зрабіла “пачка” зь Беларусяй — гэта ў “экспэртаў Свабоды” ёсьць “разьвіцьцё”. І, дадам, што падсумуюць гэтае “разьвіцьцё” “зялёныя чалавечкі”. Чакаць нядоўга. Як гэта ўсё ганебна! Апошнім часам да мяне зьвярталіся маладыя людзі з гарачымі галовамі (не хаваю — сябры нашай Партыі) з просьбай дазволіць ім напісаць, каб разагналі, як яны кажуць, “гэтае кубло”. Я катэгарычна не дазволіў і не дазволю рабіць шкоднае глупства. Але пішу тут пра гэта, каб паказаць, якія эмоцыі ў моладзі выклікаюць цяпер (калі сфармаваўся на ўсходзе агрэсіўны фашызм) падобныя калабаранцкія зьявы ў інфармацыі. Калісьці, гадоў дванаццаць таму, калі толькі пачынаўся сьлізкі дрэйф “Свабоды” і адыход ад Адраджэньня, я, занепакоены, напісаў пра гэта рэзкую крытычную заметку ў нашым адраджэнскім друку. Ох, якое ж было абурэньне кіраўніцтва. Якая нянавісьць. Паведамілі нават ў амэрыканскую ахову будынку Свабоды ў Празе, каб не прапусьцілі мяне ў будынак, калі я раптам туды зьяўлюся. Ну, гэта праява, скажам так, адміністрацыйнага дзяцінства, якая, аднак паказвае, што крытыка выклікала далёка ня тыя думкі на якія была накіравана. Тады яшчэ жывы быў Быкаў і я гаварыў зь ім пра тэндэнцыі (тады якраз выкінулі выяву Пагоні з тытула сайта Свабоды), намякаў, каб Пісьменьнік неяк адзначыў гэтыя трывожныя тэндэнцыі (ці сказаў бы кіраўніцтву). На што мудры Быкаў, які выдатна разьбіраўся ў людзях, сказаў мне, што ягонае ўмяшаньне нічога ня выкліча акрамя нянавісьці і закрыцьця дарогі для публікацыі. Я не надта гэтаму тады паверыў. Усё ж такі тут Быкаў, сумленьне нацыі. Але потым я падумаў, што Пісьменьнік меў рацыю. І справа не ў канкрэтных асобах. Проста непазнавальна на нашых вачах зьмяніўся сьвет. Іншыя адносіны, іншыя дачыненьні, іншыя каштоўнасьці, ніякіх ідэалаў. Праўда, я гэты сьвет (што на Захадзе, што на Ўсходзе) не прымаю і нянавісьць яго мяне не палохае. Ёсьць іншы сьвет — сьвет разумнай, годнай, вернай, сьветлай Беларусі. І дзеля будучыні, гэтага беларускага сьвету, варта змагацца і жыць. 23 чэрвеня 2014 г. Зянон Пазьняк 24/6/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |