Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
ХАРАСТВО ЗЯМЛІ ЯК ПРЫСУТНАСЬЦЬ БОГА (Прэзэнтацыя новай кнігі ЗЯНОНА “ТЭРРА ДЭЙ”) Што мяне зьдзіўляе ў Зяноне Пазьняку, гэта тое, што, шчыльна займаючыся палітыкай, кіруючы Партыяй, пастаянна пішучы на палітычныя тэмы і займаючыся найвялікшай для эмігрантаў праблемай жыцьцёвага выжываньня, ён за дзесяць гадоў выдаў больш за 20 вялікіх кніг. Прытым на розныя тэмы. Прытым ўсе свае кнігі ад пачатку да канца робіць і афармляе сам. Тут і паліталёгія, і гісторыя, і публіцыстыка, мастацтвазнаўства, вершы, апавяданьні, фатаграфіі, нават паэма. Ведаю толькі, што ён навучыўся пісаць у самалёце, ў мэтро і нават у міжгароднім аўтобусе, а паэму Вялікае Княства пісаў між іншым і ў машыне па дарозе куды-небудзь. Ён можа пісаць вершы, слухаючы субяседніка, не выходзячы з настрою і ўстаўляючы рэплікі. Кожны год нешта зьяўляецца з друку. Вось і ў пачатку гэтага 2014 года выйшла яго новая кніга. У нядзелю 2-га лютага ў беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя гэтай новай кнігі ЗЯНОНА, якая называецца “Тэрра Дэй” (Зямля Бога). Аўтар, прадстаўляючы кнігу, засяродзіўся на яе галоўнай фатаграфічна-паэтычнай частцы і прачытаў цэлую лекцыю пра мастацтва кнігі, паэзію, фатаграфію і літаратуру з паказам ілюстрацыяў праз дыяпраектар на экран. Новая кніга ЗЯНОНА – гэта сінтэтычны твор зь вершаў, фатаграфіяў, апавяданьняў, эсэ, успамінаў, паліталягічных артыкулаў і сэнтэнцыяў. Твор падзелены на тры творчыя тэмы: “Фатаграфіі і вершы”, “Апавяданьні” і “Народная філасофія”. Асноўная тэма, якая займае дзьве траціны аб’ёму кнігі – гэта “Фатаграфіі і вершы”. “Крэда гэтай тэмы, — сказаў аўтар, — сфармулявана як імкненьне адлюстраваць прысутнасьць Боскага Духу ва ўсіх зьявах, рэчах, карцінах і вобразах Зямлі і зямнога жыцьця.” І сапраўды, ілюстрацыі некаторых разьдзелаў гэтай тэмы, якія паказаў аўтар, пакідаюць незабыўнае ўражаньне. Асабліва запомніліся “Воблакі” (“Боскае неба”), “Сьвятло Месяца”, “Птушкі”, “Акіян-мора”, “Партрэт”, “Віленшчына прыўкрасная” і інш. Нецікавых здымкаў у кнізе няма. Кожны зь іх зьдзіўляе майстэрствам здымкі і хараством. Асабліва ўражваюць кніжныя развароты, якія зроблены канцэптуальна і ілюструюць мастацкае майстэрства аўтара. Той, хто пасьпеў ужо прачытаць гэтую кнігу, аднагалосна выказаліся і пра апавяданьні ЗЯНОНА (жанр, у якім раней аўтар не выступаў). Асабліва адзначаюць апавяданьні “Васількі”, “Палкоўніца”, “Геранім”, “Свае”, “Ліцьвінская кроў”, “Лявон” і інш. Паліталагічныя артыкулы (якія былі напісаны аўтарам спэцыяльна для гэтай кнігі), асьвятляюць мноства праблемаў нашага грамадзтва і цывілізацыі — ад беларускага Адраджэньня да пытаньня аб абортах, люмпэнах (лахманах), і люстрацыях. Пасьля лекцыі аўтара і адказу на пытаньні яшчэ былі размовы і абмен думкамі аб філасофска-эстэтычным значэньні хвалі як асновы фізічнага сьвету, аб катэгорыі пустаты (верш “Пустата”), аб вечнасьці быцьця, аб высокім і нізкім у мастацтве, аб “трацінах” ЗЯНОНА (трохрадкоўях на аснове хоку) і іншым. Размаўлялі таксама аб транслітэрацыі назвы кнігі “ТЭРРА ДЭЙ” з лацінскага выразу “TERRA DEI” на кірылічнае напісаньне. Аўтар падрабязна распавёў: “Транслітэрацыя на беларускія літары тут ня мусіць быць капіяваньнем лацінскіх літар і павінна адбывацца па фанэтычным прынцыпе (па рэальным гучаньні), бо галосная “э” знаходзіцца пад націскам. У гэтым выпадку наступная галосная “і” скарачаецца і гучыць як “й”. Каб чулася доўгае “і”, трэба “і” паставіць пад націскам: “Дэ-і” (як, напрыклад, у абрэвіятуры ДАІ – дарожная аўтаінспэкцыя). Такая ёсьць прырода нашай мовы і моўнага апарату. Зацягваньне ненаціскнога “й” будзе абазначаць нішто іншае, як дадаваньне доўгай фанэмы “і” – “Дэй-і”. Таму рэальна ў малітвах заўсёды гучыць “й” (напрыклад, “Матэр Дэй”, “Агнус Дэй”) і г. д. Гэтыя якасьці, аднак, не абавязкова захоўваюцца пры расьпевах (прасьпяваць можна любую галосную). Але сьпевы – гэта ўжо іншыя правілы. Фармальнае капіяваньне лацінскіх літар пры транслітэрацыі на кірыліцу прыводзіць да ўтварэньня такіх слоў, як Лейпцыг, Гейнэ, Міоры і т. п. (транслітэрацыя па гучаньні павінна быць: Ляйпцыг, Гайнэ, Мёры). Транслітэрацыя ў мовах з лацінскім напісаньнем, практычна, ня робіцца”. А ўвогуле, паэт ЗЯНОН ці ня першы, які зрабіў такую транслітэрацыю лацінскага слова “Deі” у беларускім напісаньні яшчэ ў сваёй паэме “Вялікае Княства”. Зянон Пазьняк выдаў некалькі кніг паэзіі і фатаграфіі, у якіх ён злучыў гэтыя два віды мастацтва. Як падкрэсьліў аўтар, у кнігах “Глёрыя Патрыя”, “Дарога”, “Вялікае Княства” падыход быў такі: “І фатаграфіі, і вершы карэспандуюць паміж сабой, яны высьвятляюць адну тэму. Чытаючы верш, мы ўспрымаем вобразы ў вершаваных катэгорыях і адначасна бачым праекцыю пэўных карцін, асацыяцыяў у фатаграфіях. Прыярытэтам у гэтай тэме быў верш. Фатаграфіі як бы ішлі другім плянам. (Яны раўназначныя, але прыярытэтам былі вершы.) У кнізе “Тэрра Дэй” прыярытэт дадзены фатаграфіі. Фатаграфія – сутнасьць, а верш – паглыбленьне фатаграфічнай тэмы праз асацыяцыю. Сьвет, у якім мы жывём, зямля, неба – усё, што мы бачым, чуем, адчуваем, спажываем пачуцьцямі — ўсё пранізана Боскім Духам, — кажа аўтар. — Для мастака вельмі важна у вершах і фатаграфіях выявіць гэты Дух і ўмець Яго паказаць так, каб адчулі іншыя”. Кніга – сама па сабе, яе выгляд, унутранная і зьнешняя форма — гэта твор, які мае пэўную задуму і пэўную эстэтычную задачу, яна ёсьць твор мастацтва. Каб патлумачыць свой падыход, у сваім выступе аўтар пачаў з вокладкі, якая, як правіла, павінна выяўляць альбо галоўную ідэю кнігі, альбо галоўную яе тэму. “Нават калі няма ілюстрацыяў, — разважаў Зянон Пазьняк, — фарматам, колерам, падборам шрыфтоў мастак стараецца выявіць ідэю. (Дарэчы, кожны шрыфт – гэта графічны мастацкі вобраз, ён мае свае эмоцыі, сваю эстэтыку, ён таксама кладзецца на стылістыку кніжнага вобраза.) Мастак, калі выбірае той ці іншы шрыфт, думае пра ідэю, якую хоча выявіць. Таму падбор шрыфту, велічыня шрыфта, яго кампазыцыя, загалоўкі, ілюстрацыі – гэта ўсё працуе на ідэю, якую ставіць мастак, што стварае (афармляе) кнігу.” “Тэрра Дэй” задумана аўтарам як цэльны твор кніжнага мастацтва. “Гэта ня значыць, што зьмест існуе асобна, а сама кніга, якую мы гартаем, гэта нешта іншае, — кажа аўтар. — І зьмест, і яго падача, і тая форма, у якой ён існуе, павінны быць адзінымі. Я паставіў задачу адлюстраваць на вокладцы ідэю Боскага Духа на Зямлі ў тых вобразах, якія я хачу паказаць, таму вырашыў, што на вокладцы будзе франтон Віленскай катэдры (скульптурная фігура, якая была зьнішчана за бальшавікамі і якую потым аднавілі). Чорны фон, які мы бачым, сам па сабе настройвае да містычнага ўспрыняцьця, да адчуваньня бясконцасьці. І гэтая фігура з крыжам, як быццам выйшла адтуль, з касьмічнай пустаты. Такое адчуваньне рацыянальна асэнсавана, але падсьведама яно выклікаецца цераз эстэтычную форму ў кожнага чалавека, які здольны ўспрымаць хараство, і псіхалагічна адчуваць вобразы, бо спажываючы мастацтва, мы ўспрымаем яго ня толькі эстэтычна, але і псіхалагічна.” Аўтар гэтаксама зьвярнуў увагу і на адваротны (тыльны) бок вокладкі, які таксама працуе на галоўную ідэю: “Мы бачым разрыў у воблаках, адкуль ідзе прамень, і ўзьнікае асацыяцыя – быццам адтуль, з глыбіні неба ідзе нейкае загадкавае сьвятло. Алегорыя тут зразумелая, яна навеяна літаратурай. Мы разумеем, што значыць гэтае сьвятло, якое выходзіць “адтуль”. Тут таксама намёк на прысутнасьць Духа, на наяўнасьць Бога”. Асноўная частка кнігі – фатаграфічная і паэтычная — складаецца з 23-х тэм. Тэмы такога кшталту: “Кветкі і дрэвы”, “Птушкі”, “Быцьцё”, “Айчына”, “Віленшчына прыўкрасная”, “Людзі, гарады, тыпажы” і інш. – Адлюстроўваючы нейкі прадмет, — кажа аўтар, — які мы бачылі ня раз (напрыклад, яблык ці гарбуз) мы можам яго сфатаграфаваць — і гэта будзе рэпрадукцыя. Мастак жа павінен зрабіць адкрыцьцё, выявіць гэту рэч у сабе, паказаць яе эстэтыку. Рэч будзе пазнавальнай і адначасна тут будзе нешта іншае — тое, што ўбачыў і выявіў мастак, знаёмае і асаблівае. У гэтым творчасьць як адкрыцьцё рэчаіснасьці. Як пастаянна падкрэсьліваў аўтар, тэмы яго кнігі вельмі простыя але паказаны праз мастацкае ўспрыняцьце. Кожны разварот (гэта разгортка кнігі, дзьве старонкі) уяўляе сабой мастацкую кампазыцыю, асобны твор, які трэба было скампанаваць такім чынам, каб фатаграфіі каардынаваліся паміж сабой па стылю, па зьместу, каб дапаўнялі адна другую, каб агульная карціна была сугучнай з сэнсам вершаў. Пачынаецца кніга з тэмы “Кветкі і дрэвы”. Верш, які ў кнізе ідзе першым, павінен даць тлумачэньне ўсяму сэнсу працы мастака. Верш, якім пачынаецца кніга, вельмі просты, называецца “Боскасьць”: Далей гаворка пайшла наступным чынам: Наступная тэма, на якую зьвярнуў увагу аўтар, гэта тэма “Акіян-мора”. Прадэманстраваўшы першы разварот (увядзеньне ў тэму) і верш, які адкрывае гэту тэму (“Вакно”), паэт ЗЯНОН разважае: Здымак выклікае шчымленьне, настальгію, тут адлюстраваны жоўтыя воблакі і сіні акіян. Ён не адпавядае матэрыяльнай рэпрадукцыі прыроды. Тое, на што мастак-фатограф глядзіць, выклікае ў яго ідэальны вобраз. Але як гэты ідэальны вобраз адлюстраваць? Мастак, які малюе пэнзлем, можа выявіць гэта фарбамі, а фатограф адлюструе тады, калі умее ўплываць на карціну (каб перапрацаваць сюжэт). Вось тое, што зроблена, тут выяўлена ў сэцэсійных фарбах, — тлумачыць аўтар. — Гэта прыжоўчаныя трошкі воблакі, сіняя вада, лазуровае неба. Усё гэта мы пазнаём, але адначасна тут трошкі як бы ня той сьвет, як бы ня тымі фарбамі зроблены, бо гэта ідэальнае адчуваньне таго аўтарскага пачуцьця, якое ўвасоблена ў ідэальную выяву. Так гэтая карціна накладваецца на сэнс таго верша, які адкрывае рубрыку. Яно ўсё прадумана, тут няма выпадковасьці. – У кантравым сьвятле акіян блішчыць (фота “Срэбныя хвалі”). Каб адлюстраваць гэта па-мастацку, я перавёў здымак хваль ў ідэальнае поле, якое ў прыродзе як бы не рэальнае, і мы такога відовішча матэрыяльна як бы ня ўбачым (на фота акіян нібы напоўнены расплаўленым срэбрам, ды яшчэ нібы пры месячным сьвятле), але мы пагаджаемся, што гэта тое яно самае, што ёсьць. Тут умоўнасьць мастацтва, якая дае магчымасьць адлюстраваць ідэальны вобраз (гэта значыць ідэальнае эстэтычнае бачаньне сюжэта). На іншым развароце бачым два скардынаваныя па колеру сюжэты акіяна з яхтамі і ветразямі ў далечыні. Гэтыя фатаграфічныя творы па падачы колеру і прыёму адлюстраваньня падобныя на акварэль (кажа аўтар). Цёплая сінь нябёсаў прыгожа глядзіцца. Камэртон ўзьнёсласьці даюць белыя ветразі. Гэта таксама выявы у сэцэсійных колерах. Яны выклікаюць адчуваньне спакойнага радаснага летняга цяпла. Тут такое псіхалагічна-эстэтычнае ўзьдзеяньне. Твор мастацтва успрымаецца эстэтычна і псіхалагічна. Баланс эстэтычнага і псіхалагічнага вельмі важны ў адэкватным успрыняцьці мастацтва. У прыродзе часам бываюць такія зьявы, — кажа спадар Зянон, — якія існуюць некалькі хвілінаў а то й імгненьні, але яны дзівосныя. Чалавек раптам адчувае сябе часткай гэтай прыроды. Зьмяняецца рэакцыя яго душы на ўспрыняцьце. Калі хто ўважліва назіраў прыроду, то ён бачыў такія зьявы. Вось тады мы, здаецца, і адчуваем прысутнасьць Бога. Мастак тое бачыць, і паўстае задача, як гэтае ідэальнае ўспрыняцьце выявіць і данесьці вобразна да гледача. Ёсьць рэчы зусім стандартныя, якія бачылі ўсе людзі. Але мастак паказвае гэтую зьяву так, як ён асабіста яе бачыць, прытым імкнецца раскрыць яе сутнасьць. Хто ня бачыў хвалі? Усе бачылі, — працягвае аўтар. — Мільёны людзей іх фатаграфавалі. Але мастак сваёй стылістыкай, сваім вобразам можа паказаць хвалю так, што яе фтаграфія стане эстэтычным адкрыцьцём. Я паставіў задачу адлюстраваць прыбой. Гэта можна зрабіць па-рознаму: можна так, што ўсё пазнаецца, а можна зрабіць нейкі маленькі паварот, выявіць яго няўлоўнае імгненьне. Яшчэ адзін здымак з гэтай тэмы — “Белая ноч над залівам”. Акрамя “Белай ночы” (працягвае аўтар) прыкладам такога падыходу можа быць здымак з сэрыі “Пірс”. Калі ня ведаць, то можна падумаць, што гэта акварэль. Але тут якраз фатаграфія, дзе выкарыстана характэрная расплывістасьць піксэляў. Калі ствараеш карціну-разварот з двух здымкаў, — падкрэсьліў спадар Зянон, — рэзаніруе адна і другая фатаграфіі, узьнікае рэзананс ідэі (аднаго і другога вобразу); кожны ж паасобку — глядзіцца інакш. Трэба збалансаваць ўсё і па колеру, і па танальнасьці, і па маштабу, і па тэме, і па характары, і па ідэі выявы разварота. Акрамя таго павінна быць тэматычная і ідэёвая асацыяцыя зь вершамі на гэтых старонках. Разважаючы пра паэзію, мастацтвазнаўца заўважыў, што ёсьць такія аб’екты, зьявы, якія заўсёды зьяўляюцца тэмай высокай паэзіі. Гэта воблакі, неба, месяц, вецер, марскія хвалі. Паэты заўсёды прысьвячалі ім шмат вершаў, таму што у гэтых названых аб’ектах і зьявах адчуваецца стыхія, у іх адлюстравана веліч космасу. Паэт гэта адчувае, ён імкнецца адлюстрваць высокія пачуцьці і зьвяртаецца да высокіх вобразаў. Зыходзячы з такога разуменьня, аўтар зьвяртае ўвагу на тэму “Воблакі”. “Колькі б мы ні глядзелі на неба, — кажа паэт, — яно ніколі не бывае аднолькавым. Воблакі заўсёды мяняюцца, заўсёды рухаюцца. Можна стварыць і адлюстраваць мільёны вобразаў і карцін (і ў гэтых карцінах воблакаў выявіцца і стылістыка творчасьці, і дух прыроды). Мастакі заўсёды карысталіся асаблівым адлюстраваньнем неба, (напрыклад, Рушчыц, Несьцераў, Рэрых, шмат хто). Неба нясе вялікую эмацыйную, вобразную і духоўную нагрузку. Першы здымак воблачнага неба — гэта беларуская зямля (яна зараз на тэрыторыі Польшчы: Падляшша, Сакольшчына). Тут мы адчуваем сьвежы вецер і азон пералётных дажджоў (апісвае настраёвазьць карціны мастак). Гэта звычайны натуральны здымак без апрацоўкі, зьняты так, як ёсьць у прыродзе. Тут кадр, як кажуць фатографы, з настроем, для душы, дзеля эстэтыкі. У здымку “Сьвінцовае неба” іншы вобраз, неба, драматычнае. Але яно ня душыць, не выклікае пачуцьця жаху, бо тут мы бачым і магутнае сьвятло (у разрывах). Неба, што на здымку, абсалютна натуральнае, толькі трошачкі вобразна ўзмоцнена. Але калі параўнаць з папярэднім фота, то якая розьніца, які музычны кантраст. Такое неба ўплывае на нашы пачуцьці і гальванізуе пачуцьцё красы. Гэта Бог стварыў, мы толькі павінны тое ўбачыць. Вось наступны здымак, дзе неба іншае. Я трошкі апрацаваў карціну, каб выявіць аптымістычную гатычную музыку. І яна тут ёсьць. Гэта наша, зямное неба. Гэта частка фатаграфічнай сымфоніі, калі гаварыць музычнымі тэрмінамі. Наступны выразны цыкл фотамастака-паэта – гэта “Сьвятло Месяца”. Другі разварот накіраваны на разгортку тэмы. Тут мы бачым тое ж гучаньне. Месяц і асьветленае месяцам дрэва, і вершы, якія ілюструюць месячную ноч. Яна звыклая, такая, да якой мы правыклі. Тут жа трохрадкоўі на старонцы (траціны) – уводзіць нас у гэтую тэму. Ці бачылі вы, Альбо: Вецер сьвішча І далей ідзе кульмінацыя тэмы Месяца. На развароце поўня Месяца і прыбой, што разьбіваецца аб скалы — стыхія, якая каардынуецца ў падсьведамасьці з фактурай, падобнай на месячную пароду. Усё разам дае магчымасьць цераз пачуцьцёвасьць, цераз эстэтычнае ўспрыняцьце зразумець ідэю аўтара. І верш, які тут ёсьць, гучыць так: Месяц абуджае пачуцьці таемнай прысутнасьці. Сапраўды, месячнае сьвятло, месячная ноч узбуджае містычныя адчуваньні. І немагчыма адарваць погляд ад Месяца. Наступная разгортка — і мы пераходзім у тэму мэдыятацыі. Але напачатку верш: Карціна, якая ствараецца вершам, адносіцца да наступнага разварота (мэдыятацыі Месяца). Месяц у вакне (поўня), пусты пакой, і месячны сьвет, які прабіваецца праз рамы. Яшчэ адна тэма, якая адлюстроўвае трансцэндэнтнае адчуваньне прыроды (прысутнасьць Бога) – гэта тэма “Птушкі”. Раскрываючы мастацкі падыход да яе, аўтар адзначае: “Адкрываецца тэма разваротам – “Чайка”, якая зьнята ў палёце кампактным стужкавым фотаапаратам і невялікім шырокакутным аб’ектывам з адлегласьці менш, чым адзін мэтр (адсюль своеасаблівы “эфэкт даступнасьці”). У пэўнай ступені гэта выяўленчае адкрыцьцё. Звычайная чайка, нібы ляціць побач. З такога эстэтычнага акцэнта пачынаецца тэма птушак. –Будзьце, як птушкі нябесныя, – У гэтай жа тэме зьмешчаны верш пра вольнасьць птушак. Такім чынам абыгрываецца гэты асобны мастацкі матыў тэмы. Хлопчык пайшоў да сонца. На старонцы зьмешчана чайка, якая сіліцца ўзьляцець (тлумачыць мастак), яна нібы імкнецца вырвацца зь белага фона старонкі. Я яе абрэзаў (скадраваў зьнізу) спэцыяльна, каб быў эфэкт ўздыму і карэляцыя са зьместам верша. Калі я ляжаў і глядзеў у неба, Гэта траціна, нешта накшталт хоку. Вось тут жа фатаграфія – імкліва лятуць дзікія гусі. Гэты палёт гусей — дзівосная зьява ў прыродзе. І менавіта гэты момант зафіксаваны. Адбываецца поўная эстэтычная карэляцыя (гэта ўсё ў тым жа адным развароце). У выніку чытач, які чытае і глядзіць кампазыцыю, успрымае карціну так, як хоча мастак, не заўважаючы, якім чынам падрыхтавана ягонае ўспрыманьне. Птушка ў фас, – У чым тут справа і нечаканасьць выявы? – пытаецца аўтар і адказвае: — Вельмі мала хто бачыць птушак у фас, таму што птушка на чалавека заўсёды глядзіць бокам. Яна ня можа глядзець проста. Паварот птушынай галавы адбываецца за долю сэкунды. Чалавек бачыць паварот, але ён ня можа яго фізіялагічна зафіксаваць ва ўяўленьні (вельмі хуткія рухі). І таму вобраз чайкі ў фас (даволі сьвірэпая фізіяномія) спачатку здумляе (бо мы яе такой ніколі ня бачым, дакладней, бачым, але не фіксуем). Тым часам фатаграфія можа тое зафіксаваць. Ёсьць такі разварот, дзе аўтар зрабіў партрэты птушак — “Галуб” і “Галубка”. Сумясьціўшы іх разам, мастак дамогся прыгожага адзінства выявы, вобразы нібы гучаць ва ўнісон. – Вось разварот “Чайкі”, — прадаўжае апавяданьне аўтар. — Унізе чайка нізка ляціць, уверсе — высока. Але яны незвычайныя. Мы прывыклі бачыць іншых чаек, белых лагодных, нібы галубы. І літаратура іх паэтызуе. На фатаграфіях ЗЯНОНА чайкі — ня толькі прыгожыя птушкі, але даволі драпежныя істоты, палёт іх бывае злавесным і нават жудасным (для шмат каго гэта нечаканае адкрыцьцё). У гэтай тэме ёсьць верш які адлюстроўвае драпежную сутнасьць птушкі. Усе кажуць, сьпяваюць, пяюць: На адным з разваротаў чайка зьнятая ў кантравым сьвятле на фоне воблакаў. Мы бачым яе цёмную птушыную тушу ў імклівай дынаміцы. Птушка выглядае як лятучы сьвірэпы яшчар, гэта такое змрочнае відовішча. На іншым развароце чайка пікіруе на рыбу. Выгляд яе драпежны і злавесны. Ёсьць яшчэ сэрыя такіх здымкаў. Яшчэ адна тэма – “Бог” (сэрыя вершаў і здымкаў). Адзін з цэнтральных разваротаў — фота скульптуры багамольца каля касьцёла Францішканаў у Мангэттане і здымак галоўнага нэфу ў Саборы сьвятога Патрыка. Тут галоўны твор (зьняты надзвычай выразна) – гэта багамолец. Здымак нэфа адыгрывае больш кампазыцыйную функцыю, адцяняе галоўнае фота. У цыкле “Быцьцё” вершы, разважаньні, сэнтэнцыі і думкі. Адна зь іх гучыць так (сэнтэнцыя-верш у адзін радок): “Хваля ёсьць форма і формула хараства”. “На мой погляд, — кажа доктар Пазьняк, — тут выяўлена аб’ектыўная матэрыяльная аснова ўсяленскага фэнамэна прыгожага. Калі вы задумаецеся над гэтым глыбей, — тлумачыць мастацтвазнаўца, — то пераканаецеся, што ўсё прыгожае, што мы бачым і чуем, мае форму альбо аснову хвалі. Хараство ёсьць функцыя ісьціны. Ісьціна заўсёды прыгожая. Галоўная сутнасьць ісьціны – вечнасьць. Шлях да яе – стварэньне. І ўсё гэта выяўляецца ў кэтэгорыі прыгожага. Тым часам разбурэньне і сьмерць — увасабленьне катэгорыі агіднага”. Сказанае паэтам ЗЯНОНАМ, на справе ёсьць вельмі глыбокая рэч. Гэтае яго разважаньне пра хвалю ёсьць (як ён лічыць) адкрыцьцём фізічнай тэхналёгіі эстэтыкі. Для ілюстрацыі эстэтычнай ідэі верша аўтар стварыў такі асацыятыўны разварот з двух здымкаў. На першым фотаграма лініяў жаночага торсу (зробленая ў 1965 г.) На другім – зняты выраб беларускага мастацкага шкла з той жа пары (“Фантастычны кот”). І лініі, і танальнасьць фатаграфіяў надзвычай яскрава карэлююцца па форме, гучаць ва ўнісон на падставе выразнай хвалевай кампазыцыі. Прыклад амаль лапідарны, але прыгожы і вельмі даходлівы. Улічым, што жаночая форма цела, дзе дасканала ўвасоблена ідэя і форма хвалі, ёсьць (на думку паэта) эталонам прыроднага хараства на Зямлі. Вельмі кранаючы цыкл “Засьнежаныя вёскі”. Аўтар кажа, што гэта яго здымкі 1995 года, тое што ўдалося ўратаваць: “Для многіх з нас гэтыя засьнежаныя хаты, гэтыя вёскі – настальгічна дарагія, заўважае паэт. — Гэта вельмі прыгожы вобраз Беларусі. І вершы тут таксама каардынуюцца з фатаграфіямі. (“Сярод лясоў засьнежаныя хаты. Як гэта прыгожа!…”) Звыклае хараство, але апынуўшыся на чужыне, мы глядзім на яго са шчымленьнем душы.” – У фатаграфіі самая важная тэма – людзі, — кажа мастак. – З фотажанраў тут найперш партрэт і рэпартаж. Людзей Нью-Ёрка здымаць ня проста, — заўважае аўтар. — Ёсьць вялікая спакуса захапіцца зьнешнімі праявамі, бо тут вялікая разнастайнасьць тыпажоў з усяе плянэты, поўна экзотаў, арыгіналаў, бамжоў, дзівакоў, экстравагантных тыпаў і т.п. Станоўчых высокіх вобразаў тут адшукаць няпроста, бездухоўнасьць і фізіялагічныя адчуваньні на тварах – тыповы выгляд нью-ёрскага натоўпу. Некалі ў фотакнізе вершаў “Дарога” я адлюстраваў гэтую вулічную якасьць Нью-Ёрка. Чым, дарэчы, выклікаў схаванае незадавальненьне некаторых асіміляваных беларусаў з амэрыканскімі поглядамі і саўковай мэнтальнасьцю (цікавы фэнамэн, дарэчы, — амэрыканскі савок). Тым ня менш па ўзроўню гуманнасьці, неагрэсіўнасьці і поўнай адсутнасьці ксэнафобіі нью-ёрскі натоўп выгадна вылучаецца на фоне тлуму такіх усходнеэўрапэйскіх сталіц як, скажам Прага, Варшава, Бэрлін (не кажу ўжо, вядома, пра Маскву – там ўвогуле не Эўропа). Цікава, што за 18 гадоў у эміграцыі мне ніхто, нідзе, ніколі ні разу (!) ў Нью-Ёрку не нагрубіў, не нахаміў, не сказаў няветлівага слова, хаця якраз на глебе фатаграфіі, я часта трапляў у розныя гісторыі (у тым ліку і з паліцыяй). Але гэта тэхнічнае адступленьне ад тэмы. Далей аўтар паказаў некалькі фатаграфіяў людзей з нью-ёрскіх вуліцаў. Запомніліся “Замілаваньне на бруклінскай эвэню” і здымак “Юначка прыехала ў горад Нью-Ёрк”. Дзяўчына разгубленая і спалоханая. Яна першыя дні ў гэтым вялікім горадзе, у які прыехала, відаць, аднекуль з Сярэдняй Азіі вучыцца ці працаваць. Тыповая карціна і добра адлюстраваны псіхалагічны вобраз юначкі. Тут жа партрэты беларускіх людзей: Аляксандра Міцкевіча, дзеда Ваяводы з Браслава, маці Міхася Чарняўскага Марылі, паэта Максіма Танка і іншыя. Наступны разьдзел кнігі – гэта апавяданьні. Трэцяя тэма, якая адлюстравана ў гэтай кніжцы, — гэта публіцыстычныя, палітычныя артыкулы. Яны напісаны спэцыяльна для кнігі. “Гэты разьдзел, — кажа аўтар, — я назваў “Народная філасофія”. Названы ён у двукосьсі, таму што тэксты ня маюць дачыненьня да акадэмічнай філасофіі. Двукосьсе паказвае, што аўтар стараецца даваць ацэнку такім складаным зьявам, пра якія піша, з пункту гледжаньня народнай псіхалогіі, народнай філасофіі і народнага асэнсаваньня. Нашыя людзі (тыя што пражылі доўгі час на сьвеце і не сканчалі ўнівэрсітэтаў), калі зь імі пагаварыць па любых пытаньнях жыцьця, маюць сваю думку, і часам выказваюць сваімі словамі такія мудрыя і глыбокія разважаньні, да якіх і акадэмічны філёсаф не дадумаецца ці іншы які афіцыйна адукаваны мудрэц (апосталы, дарэчы, былі простымі рыбакамі але, маючы разуменьне ад Духа Сьвятога, затыкалі за пояс антычных філосафаў.) Нават у тэкстах, якія зьяўляюцца палітычнымі, публіцыстычнымі, я таксама зыходзіў з пазыцыі каштоўнасьці любога чалавека, з пазыцыі каштоўнасьці чалавечага вопыту. Бо сам узрост, само разьвіцьцё чалавека ёсьць ягоны ўнівэрсітэт. Жыцьцё – гэта Боская школа чалавека, калі ён умее прыглядацца і аналізаваць, калі ўмее прыслухацца да сваёй душы.” “Гэтую кніжку я задумаў даўно як праграмную працу. І я вельмі ўдзячны Богу, што мне ўдалося яе зрабіць і выдаць. Беларуь жыве і будзе жыць і справа дзеля яе праслаўленьня й дабра не загіне”, — сказаў у заключэньне Зянон Пазьняк. 25 траўня 2014 г. Марыля Якушэвіч 28/6/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |