Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: МАСТАЦТВА СЬВЯТЛА

У жыцьці мне здаралася спатыкаць добрых людзей, не беларусаў, але шчырых прыхільнікаў (мілашаў) беларушчыны. У той час, калі саветы зьдзекваліся з усяго беларускага і душылі нашу мову, чужыя людзі, іншаземцы – былі ў захапленьні ад нашага народа, вывучалі і шанавалі нашу незвычайна прыгожую мову, якая для іх была нібы музыка.

Памятаю, даўно ў Рызе зайшоў я ў Акадэмію Навук, а доктар навук вядомая літаратуразнаўца Мірдза Абала вочы ў гару ўздымае і гэтак у захапленьні па-беларуску кажа: “Ах-ах, бяру адпачынак і еду ў Беларусь у вёскі, на Гарадзеншчыну. Ах, люблю! Мову паслухаю, зь людзьмі пагавару”. А карэнны жэмайт мой знаёмец летувіс з Каўнаса Ёзас Рыбікаўскас так палюбіў нашу мову, што стаў нават па-беларуску вершы пісаць.

Шмат было такіх мілашаў-палякаў. І гэта нягледзячы на моцны шавіністычны антыбеларускі струмень у старой польскай палітыцы. Калі ў пачатку ХХ-га стагоддзя Людамір Рагоўскі (кракаўскі паляк) пасьвяціўся беларушчыне, то потым “эндэкі” не маглі яму дараваць ні “Беларускай сюіты”, ні гімна “А хто там ідзе”, ні працы ў беларускім тэатры. Яго цкавалі, і калі кампазытар у 20-х гадах захварэў на сухоты, то застаўся ў адзіноце і без падтрымкі. Да гонару беларусаў, урад БССР (той, якога яшчэ не разбамбіў Сталін) выдзеліў Рагоўскаму грашовую дапамогу і субсідыю на лячэньне.

Цяпер, ужо пасьля камунізму, мая жонка Галіна Фёдараўна некалькі сэмэстраў выкладала беларускую мову ў Варшаўскім унівэрсітэце (студэнты самы сабе выбіралі мову, якую зьбіраліся вывучаць). На канікулы яны ехалі пасьля навучаньня ў Беларусь у вёскі, часта – на Палесьсе. Потым прыязджалі і ўсклікалі па-беларуску: “Ах-ах, які народ, якая мова! Jaki dobry naród, jaki piękny język!

Выпадкі захапленьня нашай мовай і праявы сантыментаў да Беларусі я спатыкаў часта. Добрыя людзі з-за мяжы ўмеюць дакладна адчуць шчырую сутнасьць нашага народа. Яна ім падабаецца. Часам, магчыма, таму, што знаходзяць у нас тое, што страцілі ўжо ў сябе дома.

З заходніх людзей мы знаходзім найбольшае разуменьне і падтрымку, як ні дзіўна, у амэрыканцаў. Я кажу “як ні дзіўна”, бо вельмі ж ужо розныя грамадзтвы і тыпы мэнтальнасьці. Але сантымэнты тут, на мой погляд, ня толькі ад таго, што некаторыя зь іх яшчэ знаходзяць у Беларусі тое, што ўжо затаптана ў ЗША. У Амэрыцы жыве разуменьне і адчуваньне вялікай каштоўнасьці нацыянальнай свабоды. У Амэрыцы гэта шануецца, і нацыянальныя пачуцьці таксама. Вось тут шмат якія амэрыканцы здольныя ўбачыць нашу бяду, а мы ў гэтым станоўча ўспрымаем амэрыканцаў.

Нядаўна я пазнаёміўся з такім прыхільным амэрыканцам. Гэта вядомы ўжо беларусам Джан Канстадтэр, шчыры фотааматар і творчы фотамастак. (Фатаграфіі Канстадтэра можна паглядзець на ягонай старонцы http://radzimaphoto.com/ ). У нядзелю, 3 жніўня, у беларускім саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адчынілася выстава фатаграфіяў Джана Канстадтэра. Ён здымае ўжо шмат гадоў людзей у Беларусі, найбольш – на Палесьсі. Характэрнасьць яго творчасьці – станоўчыя вобразы, сьветлы быт людзей і сьветлая вера. Гэта сьвядомая эстэтычная канцэпцыя Джана, і зыходзіць яна, як я зразумеў, з сьветлых адносінаў і пашаны да нашых людзей. Гэта вельмі кранае. З другога боку гэта правільна і разумна.

Жывучы ў сваім космасе, мы, беларусы, як бы не заўважаем звычайнага і не зьвяртаем увагі на тое, што нам звыкла. Чалавеку з-за мяжы тое, што нам звычайна і штодзённа, — здаецца навіной і нашай сутнасьцю. Ён стараецца адлюстраваць гэта ў творчасьці і як бы адчыняе нам нас самых. Але для гэтага патрэбны сьветлы талент (сьветлы геній) і здольнасьць любіць людзей. Прынамсі, паважаць іх. Такі ёсьць Джан Канстадтэр у сваёй беларускай творчасьці. Бальшыня яго фота на выставе – гэта беларусы, зьнятыя ў цэрквах, у працы і ў побыце, жыхары Століншчыны (вёскі Рубель, Аздамічы, Альшаны і іншыя). Дарэчы, я там неаднаразова бываў у 60-х гадах і пазнаю на фота той нязьменны дух.

Джан тонка разумее беларусаў. Калі першы раз падыходзіш, скажам, да незнаёмай бабулі (кажа фотамастак) і пачынаеш гаварыць (а Джан добра ўмее размаўляць па-беларуску), то ніякія твае лёзунгі, думкі, ідэі, ацэнкі і г. д. ня маюць уплыву і значэньня. Бабуля глядзіць, слухае і вырашае адзінае пытаньне: хто перад ёй – сумленны чалавек ці махляр. І калі яна тое вырашыла, тады адпаведным чынам і вядзецца размова.

Часам нешта ўражвае амэрыканца, а для беларуса нават незразумелая прырода яго зьдзіўленьня. У Джана ёсьць вядомая фатаграфія “Маруся і яе дочкі”. На фота тры прыгожыя беларускі, якія, я б сказаў, ствараюць атмасфэру прыгожых душаў і добрага беларускага побыту (фатограф усё гэта добра выявіў у фатаграфіі.) У гэты час (распавядае мастак) якраз падыходзяць два падлеткі гадоў 15-16-ці. Адзін зь іх – сын жанчыны, субяседніцы Джана. Яна і кажа сыну гэтак сабе ціха і спакойна, што яму трэба пайсьці і зрабіць тое і тое. Сын усё кінуў і моўчкі пайшоў рабіць тое, што сказала маці.

Ну што можа быць больш звыклага ў нас, у Беларус,і і хто на тое будзе зьвяртаць увагу? Тым часам Джан уражаны. Ён пытае ў кабеты, а чаму сын пайшоў рабіць тое, што яна сказала? “Мусіць”, — адказала жанчына і далей гаворыць сабе пра іншае. І мастак распавядае нам, як гэта добра ды хораша.

Тут павінен патлумачыць беларусам, якія, напэўна ж, не разумеюць, у чым справа. Амэрыканцы ў сем’ях сваіх дзяцей, як правіла, не выхоўваюць, не прывучаюць і не прымушаюць. Бацькі ў асноўным занятыя самы сабой. У амэрыканцаў часта звыклая справа, што дзеці нічога ня ўмеюць рабіць, не дапамагаюць бацькам і г. д. Адпаведна, асабліва ў падлеткавым і юнацкім узросьце, дзеці бацькоў часта ня слухаюць, часам нават і не паважаюць. Такое становішча цяпер пашыраецца, амэрыканская сям’я перажывае крызіс. (Пра прычыны і праблемы крызісу я тут не кажу.)

І вось амэрыканец, ведаючы сваё грамадзтва, прыязджае ў Беларусь, у веруючую Століншчыну і бачыць гарманічныя сем’і, разумны быт, дзе людзі яшчэ не забыліся Запаведзі і, вядома ж, асноўную Хрысьціянскую Запаведзь культуры: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. І амэрыканца яно ўражвае. Удакладню: сьветлага, добрага амэрыканца. Разбэшчанаму чалавеку ўсё прыстойнае – праціўна і незразумела. Ён схільны пасьмяяцца над цнотай і сьвятым. Ды і не паедзе такі ў царкву ці на поле, дзе полюць буракі. А вось Джан паехаў і адчыніў для сябе цэлы сьвет, які стаў часткай яго творчага духа, а можа нават і жыцьця. “Вось-вось, — кажа Джан, — ад’язджаю ў Беларусь на жнівень. Вельмі творчы месяц, поўна царкоўных сьвятаў ды збор ураджаю. Ёсьць што здымаць. Ёсьць што пабачыць”.

“Ю вэлкам!” І, як кажуць фотамастакі, — “добрага сонца!”.

8 жніўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК

12/8/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2014
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024