Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Расея на шляху да лютага 17-га Назіральнікі спрачаюцца, ці пратрымаюцца (пра)расейскія баевікі ў Данбасе да 1 верасьня альбо цырк ад’едзе ў Растоў-на-Доне раней? Што здарыцца хутчэй – падзеньне цалкам заблакаванага Луганска і перакрыцьцё апошняй транспартнай артэрыі, што зьвязвае яго з расейскай мяжой, альбо ўзяцьце Данецка, ускраіны якога за апошнія дні ўжо ўзялі ўкраінскія жаўнеры? Мне ж цікавае іншае – які ўплыў акажа ваенная параза тэрарыстаў на ўнутраную палітыку ў Расеі. Уладзімір Пуцін, які наладзіў крымскую авантуру ў спадзяваньні ці то адшчыпнуць ад Украіны чарговы кавалак “спрадвечна рускіх” тэрыторый, ці то разьмяняць Данбас на прызнаньне міжнароднай супольнасьцю і ўладамі Украіны анэксіі Крыма, патрапіў у вельмі кепскую гісторыю. Ніводзін з двух магчымых варыянтаў рашэньня праблемы Данбаса яму не пасуе. Ваенная параза (пра)расейскіх баевікоў азначае ня толькі вяртаньне ў Расею “вульля разьюшаных пчолаў”. Мяркую, што многія “пчолы” палягуць у тых калідорах, якія будуць утвораныя для іх прарыву з Данецка, Луганска і Краснадона ў бок мяжы пад неафіцыйныя гарантыі расейскага боку. Нават прарыў “брыгады” з Славянска не абышоўся без цяжкіх страт – украінская армія зьнішчыла ўсю яе бранетэхніку. Значна большы эфэкт будзе мець унутрыпалітычнае ўсьведамленьне “здрады” Пуціным “дабраахвотнікаў”. Партыя вайны ў расейскіх сілавых ворганах і сярод правапатрыятычнай грамадзкасьці будзе безумоўна скрайне абурана “здачай Наваросіі” і як мінімум адмовіць Пуціну ў палітычнай падтрымцы, калі толькі ня зоймецца выношваньнем задумак дзяржаўнага перавароту, каб “паваяваць па-сапраўднаму”. Дарэчы, кандыдат на ролю новага дыктатара ўжо ёсьць – гэта Сяргей Шайгу, які максімальна жорстка праявіў сябе ва ўкраінскім крызісе і энэргічна займаецца мадэрнізацыяй арміі на пасадзе міністра абароны. Варыянт правага перавароту і ваеннага путча здаецца мне малаверагодным з прычыны традыцыйна жорсткага кантролю спэцслужбаў за армейскім асяроддзем, што выключае любыя рэальныя ваенныя змовы. Аднак адсутнасьць падтрымкі рэжыма Пуціна з боку арміі можа стацца важным чыньнікам і пры іншым разьвіцьці падзеяў. Другі варыянт дзеяньняў Пуціна таксама відавочны. Гэта ўвод войскаў на тэрыторыю Данбаса – спачатку ў рамках “гуманітарнай” апэрацыі, а потым для ўтрыманьня тэрыторыі сэпаратысцкіх рэспублік паводле прыднястроўскага варыянта. Гэты план, нягледзячы на апасеньні Захада наконт канцэнтрацыі расейскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы, менш верагодны, бо будзе азначаць адкрытую вайну Расеі з Украінай, Эўразьвязам і Паўночнай Амэрыкай. Прынамсі паўнавартасныя санкцыі супраць Расеі, якія ўключаюць злом іголкі Кашчэя – гэта значыць поўная забарона на экспарт расейскай нафты ў Эўразьвяз і замарожваньне авуараў у эўрапейскіх амэрыканскіх банках, — будуць уведзеныя тэрмінова. А гэта азначае хуткі і непазьбежны канец рэжыму. Добра б справа скончылася першым варыянтам. Палітычныя праблемы з крайне правымі і вайсковымі – рэч у цэлым невылечная, асабліва ў абстаноўцы нацыяналістычнай гістэрыі, якую цалкам можна пераключыць на новы аб’ект нянавісьці. Але падзеі апошняга тыдня паказалі, што Пуцін увайшоў у стан вайны з Захадам, пры якім буйныя памылкі робяцца непазьбежна. Забарона на імпарт эўрапейскіх і амэрыканскіх прадуктаў і планы закрыцьця расейскага неба для заходніх кампаній – гэта сур’ёзныя крокі па шляху, які Расея прайшла роўна сто гадоў таму. Шлях да расейскай рэвалюцыі лютага 1917 года пачаўся ў жніўні 1914 года ня толькі ў сувязі з пачаткам вайны Расеі з сваім асноўным эўрапейскім партнёрам – Нямеччынай. Як паказаў амэрыканскі дасьледчык Эрык Лор (“Русский национализм и Российская империя: кампания против «вражеских подданных» в годы Первой мировой войны”. М.:НЛО, 2012), пачатак вайны азначаў карэнны перагляд расейскім урадам былой эканамічнай і этнічнай палітыкі. У Расеі таго часу існавалі магутныя палітычныя і грамадзкія групы, якія патрабавалі прысьпешыць спыненьне эканамічнай залежнасьці Расеі ад “немцаў” і эўрапейцаў у цэлым і настойвалі на магчымасьці замены замежнага капітала і спэцыялістаў у Расеі на айчынных. Пасьлядоўная рэалізацыя гэтай ідэі ўжо праз паўтара гады прывяла расейскую эканоміку да катастрофы, што, ў сваю чаргу, справакавала сацыяльныя закалоты. Пачынаючы аддзяляцца ад эўрапейскай эканомікі, выганяючы нямецкіх (а потым і французкіх, і швайцарскіх) спэцыялістаў (спачатку тых, хто з замежнымі пашпартамі, потым тых, хто ўжо прыняў расейскае падданства, а потым і тых, хто нарадзіўся і вырас у Расеі, але насіў замежнае прозьвішча), ліквідуючы фірмы з замежным удзелам, урад абсалютна не ўяўляў сабе значэньня “замежнікаў” у эканамічным жыцьці краіны. Так, на Далёкім Усходзе былі ўсяго дзьве буйныя гандлёвыя кампаніі, якія забясьпечвалі пастаўкі тавараў па ўсёй сетцы складоў і крамаў на вялізнай тэрыторыі, — і адна зь іх мела нямецкага сузакладальніка. Зразумела, што яе ліквідацыя (на скаргу канкурэнта) прывяла да рэзкага росту коштаў і, больш таго, да зрыву паставак. Уцёкі капітала, рэзкае скарачэньне аб’емаў гандлю (асабліва пасьля вядомага маскоўскага пагрому ў траўні 1915 года), разбурэньне прамысловасьці, у тым ліку ваеннай, — усё мела вялізны адмоўны эфэкт, у прыватнасьці спрыяла ваенным паразам і росту беспрацоўя ў гарадах. Фінальнай кропкай стала адчужэньне земляў нямецкага сельскага насельніцтва ў Паўднёвай Украіне ў 1915-1916 гадах. Найбольш эфэктыўныя земляробчыя гаспадаркі краіны, якія забясьпечвалі ў даваенны пэрыяд асноўную частку валютных паступленьняў ад экспарту збожжа, а ў ваенны час пастаўкі хлеба ў армію і буйныя гарады, былі рэквізіраваныя на карысьць славянскага па паходжаньню сялянства і ваенных інвалідаў. Іхнія гаспадары прадалі ўсё што маглі, перарэзалі сваіх высокапрадукцыйных кароў і перайшлі са статуса кармільцаў у становішча нахлебнікаў, якіх забясьпечвала дзяржава і сямейнікі. Ураджай 1916 года загінуў. Піцер застаўся без хлебных паставак. Астатняе вядома. Сучасны ўзровень тэхналагічнай залежнасьці ня ў прыклад вышэй за рэвалюцыйны. У 1915 годзе, “наехаўшы” на фабрыку швэйных машынак фірмы “Зінгэр” у Падольску (амэрыканскую, але залічаную ў маёмасьць несяброўскіх замежнікаў), расейскі ўрад раптам застаўся без матораў для расейскіх самалётаў, якія фірма павінна была вытвараць. На прыканцы 1970-х Ленінград рэгулярна заставаўся без “сініх курыц”, бо разьмешчаныя ў прадмесьцях гіганскія комплексы па вытворчасьці кураціны, стаялі з прычыны паломкі (крыварукімі слесарамі або паўцьвярозымі тэхнолагамі) абсталяваньня, якое апэратыўна маглі наладзіць толькі яго пастаўшчыкі – галяндцы. Любая затрымка з аплатай Мінфінам “выратавальнай каманды” прыводзіла да гіганцкіх стратаў і галаўнога болю для кіраўніцтва другога па велічыні горада краіны. Цяпер пара сусьветных фірм-манапалістаў па вытворчасьці абсталяваньня для ўпакоўкі ў нямецкай глушы можа пакінуць усю Расею без цэлай групы харчовых тавараў, калі проста ня будзе адноўленая праграма для некалькіх станкоў або не пастаўленыя для іх неабходныя дэталі. Да гэтага тыдня найбольш верагодны сцэнар падзеньня Пуціна ўяўляўся мне адносна кансэрватыўным. Агульны спад расейскай эканомікі прывядзе да рэзкага зьніжэньня рэальных прыбыткаў насельніцтва, падзеньня многіх сэктараў, аднак фінансавая падушка Фонда нацыянальнага дабрабыту і захаваньне магчымасьцяў экспарта нафты, газа і мэталаў дазваляе яшчэ колькі гадоў пракарміць расейскі сярэдні клас, забясьпечваючы ілюзію цярпімага зьніжэньня ўзроўню жыцьця, і кампэнсаваць дэфіцыт банкаўскай сістэмы. Толькі ў працэсе вычарпаньня фінансавых рэсурсаў і агульнай палітычнай беспэрспэктыўнасьці кіраваньня можна чакаць сапраўды масавых пратэстаў (300-500 тысячаў удзельнікаў), якія могуць прывесьці да падзеньня рэжыму. Аднак вызначаная Пуціным і Медведевым татальная эканамічная канфрантацыя з Захадам выразна вядзе да значнага прысьпяшэньня гэтага сцэнару. Нагадаю, што ўжо без якіх-кольвечы санкцый расейская эканоміка перажывае сур’ёзныя выпрабаваньні. За апошнія месяцы зачынены дзесяткі банкаў і фінансавых кампаній, выжываньне астатніх залежыць ад закулісных маніпуляцый Цэнтрабанка і Мінфіна. За апошнія два тыдні абваліўся турыстычны рынак. Аб’ёмы прамысловай вытворчасьці імкліва скарачаюцца (па аўтамабільнай прамысловасьці гадавое падзеньне будзе мінімум 8-12%). На чарзе будаўнічая і рэкламная індустрыя, якія ў ходзе любога эканамічнага крызісу церпяць непазьбежна. На гэтым фоне ўрад Расеі наносіць магутнейшы ўдар па ўсяму комплексу зьнешнеэканамічных сувязяў краіны. Сёньня забарона імпарта харчаваньня з ЭЗ, ЗША і Канады, заўтра зачыненае неба для эўрапейскіх авіякампаній (мінус 500 мільёнаў эўра для краіны), а ў бліжэйшай пэрспэктыве Медведев пагражае праблемамі для ўсіх тых, хто, паддаўшыся на ўгаворы расейскага ўраду, апошнія дваццаць гадоў інвэставаў расейскую эканоміку, — ад “Макдоналдса” і “Кока-Колы” да валадароў сьвежапабудаваных эўрапейцамі аўтазаводаў. Можна прадугледзець і санкцыі Захада ў адказ – прыпыненьне сяброўства Расеі ў МАП, забарону на імпарт расейскай хімічнай і мэталургічнай прадукцыі. Што мы атрымліваем у выніку ў сацыяльным плане? Незадаволеныя пуцінскім рэжымам эўрапеізаваныя грамадзяне, што жывуць у Маскве і іншых буйных гарадах, ужо амаль паўтара дзесяцігоддзя разьменьвалі замірэньне з палітычнай дыктатурай на працу ў цалкам або часткова замежных фірмах ці расейскіх кампаніях, што гандлююць з Захадам, дзе іхны заробак рэгулярна пераглядаўся ў бок павышэньня. Дакладная лічба гэтых люздзей невядомая, але йдзецца пра сотні тысячаў. Дзесяткі тысячаў студэнтаў, якія вучацца ў Маскве і Піцеры эканоміцы, міжнародным сувязям, мэнэджмэнту і піяру, мараць знайсьці працу ў падобных кампаніях. І што – расейскі ўрад прапануе ўсім гэтым людзям, каб яны ў рамках палітыкі імпартазамяшчэньня, пакінуўшы ўзятыя ў крэдыт маскоўскія кватэры, накіраваліся ў малыя гарады Чарназем’я працаваць бухгалтэрамі на яшчэ не пабудаваных птушкафабрыках? Дарэчы, пра крэдыты. Крытычна важнай кропкай становіцца расейская банкаўская сістэма, якой адны з гэтых людзей шмат вінаватыя, а іншыя шмат што даверылі. Калі мільёны людзей у выніку справакаванага ўрадам эканамічнага курса губляюць працу і ня маюць больш магчымасьці плаціць па крэдытах, сістэма адчувае рост нагрузкі. Так, пакуль што грошы ў дзяржаўным гаманцы ёсьць, банкаўскія праблемы будуць кампэнсавацца – аднак як доўга гэта можа працягвацца? І што яшчэ зробяць Пуцін і Медведев, каб гэты гаманец апусьцеў хутчэй? Нарошчваньне вытворчасьці ў ваеннай прамысловасьці? Вялізныя беспаваротныя крэдыты расейскім сельгасвытворцам у дарэмным спадзяваньні на насычэньне рынку айчыннымі прадуктамі? Сотні мільёнаў расейскім авіякампаніям для выплат за купленыя ў крэдыты “Боінгі” і “Аэробусы”, якія будуць стаяць без справы, бо лятаць у Эўропу ім больш ня прыйдзецца? І як доўга выцерпяць тыя самыя сотні тысячаў маскоўскага “офіснага планктону”, што застануцца без працы, праядуць свае накапленьні, а то і запазычыліся ў банку, стаяць у чарзе за “супавым наборам” і ўспамінаюць як незваротнае шчасьце свой апошні сямейны адпачынак у Грэцыі сьпякотным летам 2013 года? Калі яны выйдуць на вуліцы? Увосень 1916-га? Або ў лютым 1917-га? Мяркую, што хутчэй гэта ўсё ж будзе люты. На прыканцы зімы зазвычай заканчваецца бульба, якую вырасьцяць на былых газонах падмаскоўных дач ўлетку 1916 года. 8.08.2014 Мікалай Мітрохін Пераклад з расейскай. Крыніца: http://grani.ru/opinion/mitrokhin/m.231891.html Мікалай Мітрохін – маскоўскі сацыёлаг. 18/8/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |