Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: НАША ЖЫЦЬЦЁВАЯ АБАРОНА

(Выступ на кастрычніцкім 2014 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Галоўнае пытаньне зараз у нашай частцы сьвету і галоўная пагроза нам, беларусам, — гэта руская агрэсія, рускі фашызм і дыверсійная гібрыдная вайна маскоўцаў супраць Украіны. Пры любым зыходзе гэтай вайны агрэсія можа мець працяг супраць Беларусі.

Лепшага для сябе васала, чым Лукашэнка (“нашага сукінага сына”, як кажуць расейцы) яны ня знойдуць. Рэдкасная істота. І тым ня менш пэўным маскоўскім палітэксцэнтрыкам гэтая істота ўжо “изрядно” надакучыла. Ім хочацца яшчэ лепшага, каб усё рабіў, як гэты, але менш балбатаў, ды не мельцяшыў у вачах.

Рацыянальнага тут мала, бо перад кожнымі нібыта выбарамі ў Беларусі Масква заўсёды запускала ва ўжытак такую дэзу. Тым ня менш прыслухацца варта, каб шмат якім беларусам, якімі зацікавілася палітыка, адказаць на істотнае для іх пытаньне: як адносіцца да Лукашэнкі, калі Расея пачне новы захоп Беларусі, а Лукашэнка стане гэтаму супраціўляцца? Супраціўляцца, вядома, ён ня будзе. Але людзі схільныя да фантазіі.

У палітычным плане тут стандартная, зразумелая і простая сытуацыя. Лукашэнка і Масква для Беларусі – гэта адна сатана. Беларускае нацыянальнае супраціўленьне павінна выступіць супраць гэтых абодвух галоў трохгаловага зьмея. (Трэцяя галава гада – гэта нямецкая Эўропа. Але беларусам, на жаль, тое зразумець пакуль цяжка, хоць уся наша гісторыя і сучаснасьць пра гэта крычаць).

Калі беларускае супраціўленьне выступае супраць Лука-Масквы, то яно заяўляе пра сябе як змагарная альтэрнатыва акупацыі і анэксіі. Адчыняецца сэнс і пэрспэктыва змаганьня дзеля перамогі і свабоды.

Калі супраціўленьня агрэсіі ня будзе, то анэксію зробяць па аўстрыйскім варыянце 1938 года з рускай дэзынфармацыяй усяму сьвету, што адбылося “далучэньне” па волі народа.

І трэці (чыста тэарэтычны) варыянт, які не ўзьнікне, але пра які гавораць. Гэта калі грамадзтва паспрабуюць падзяліць паміж акупацыйнай Масквой і маскоўскім васалам Лукашэнкам, які нібыта ўспрацівіцца Маскве. Рэальна такое з вобласьці палітфантастыкі, бо супярэчыць прыродзе рэчаў. Але (заўважце) менавіта гэты варыянт цяпер інтэнсіўна распрацоўвае агентура, пачынаючы ад так званых “дэмСМІ” да Мілінкевіча і іншых канторскіх палітыкаў. Яны заклікаюць падтрымаць злачынцу нацыі Лукашэнку ў яго нібыта супраціўленьні Расеі і гуртавацца вакол нішчыцеля Беларусі, бо ён, маўляў, ужо гарант суверэнітэту і гатовы ваяваць з Масквой.

Чаму такое чуецца? Найперш гэта мэтад дэзынфармацыі і маскоўскай прапагандысцкай вайны, каб недапусьціць нацыянальнай альтэрнатывы і супраціўленьня магчымаму рускаму ўмяшальніцтву і агрэсіі. Тут імкнуцца паказаць беларусам фальшывую сытуацыю і хлусьлівыя арыентыры. Зь іншага боку ўся канторская раць і ўся прадажная публіка вакол яе, якая корміцца ападкамі чужой геапалітыкі і паразітуе на няшчасьці нацыі, уся гэтая кампанія нюхам адчула рэальны (а не дэмагагічны) паварот у палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, і адпаведна карэктуе свае паводзіны.

Некалі, у 90-х, яны (эўрапалітыкі) доўга круцілі катрынку аб “дэмакратычнай” Расеі, імкнуліся “дэмакратызаваць” Беларусь, загнаўшы яе ў нібыта “дэмакратычную” Расею, папалілі мноства сваіх агентаў, пачынаючы ад Віка ды Севярына да розных нямецкіх палітычных дам. Потым настала чарга дэмагогіі пра так званыя “правы чалавека” ды пра “каштоўнасьці дэмакратыі”. Заходнія бюракраты спарадзілі ў Беларусі на гэтых фішках плойму псэўдапалітычных паразітаў. Нарэшце цяпер яны ўжо скінулі маску і сказалі проста: “беларусы, падтрымлівайце (sic!) прэзыдэнта Лукашэнку”. Ён ужо ў іх і “прэзыдэнтам” стаў. Такая эвалюцыя дэмагогіі. Але сутнасьць не зьмянілася.

Нагадаю, што пра падтрымку “прэзыдэнта” сказала нядаўна публічна афіцыйная прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора. У вэрбальнай палітыцы – гэта сэнсацыя, скандал, бомба для СМІ, дыпляматычная галаваломка для палітыкаў Эўропы. А тым часам – тут поўнае маўчаньне. Ніхто з палітыкаў Эўразьвязу нават не скамэнтаваў гэтыя словы афіцыйнай асобы. Чаму? Таму што гэта пазыцыя. Так ім патрэбна.

Цікавыя і паводзіны так званай “дэмжурналістыкі”. Ніхто ня ўзяў інтэрв’ю, ніхто ня задаў гэтай афіцыйнай спадарыні патрэбнага пытаньня. Некаторыя паспрабавалі нават патлумачыць, што, маўляў агаварылася мадам, звычайнае жаночае глупства, маўляў, бывае. Бывае, але такіх не трымаюць на палітычнай службе.

Усё паказвае, якая сапраўдная цана дэмагогіі эўрапейскіх філісьцераў пра дэмакратыю, правы чалавека і ўсялякія сумніўныя “каштоўнасьці”, калі запахне смаленым і пагрозай прыбыткам. Але мы ведаем, што ёсьць сутнасьці большыя, чым дэмакратыя, і важнейшыя, чым мір. Гэта найперш свабода і гонар нацыі. Мір у рабстве – гэта павольная ганебная сьмерць. Настаў час калі тое трэба нарэшце зразумець прывыклым жыць у няволі.

Лукашэнка зьяўляецца найвялікшым злачынцам перад беларускай нацыяй. Ён прадаўся Маскве яшчэ ў 90-х і цягам 20 гадоў падрыхтоўваў анэксію Беларусі, нішчыў беларускую мову, беларускую культуру, беларускую школу, уводзіў у нашу краіну анкалогію “русского мира”. Апошнія ягоныя злачынствы – падпісаньне і ратыфікацыя дамовы пра Эўразійскі саюз і перасяленьне данецкіх саўкоў і тэрарыстаў у Беларусь. Мы не прызнаем гэтыя здрадніцкія выверты нелегітымнай улады і разумеем, якая вялікая шкода з боку рэжыму зроблена беларусам.

Аднак час мяняецца, бо зьмяняюцца палітычныя ўмовы існаваньня ў сьвеце. Цяпер само жыцьцё зноў ставіць перад народам галоўны лёзунг беларускага Адраджэньня – адраджэньне беларускага сьвету, сьвету волі і сьвятла, мовы і культуры. Крамлёўскай цемры, бескультур’ю, п’янству, хамству і Ардзе мусіць быць пастаўлены натуральны заслон – наша мова і наша культура, наш сьветлы сьвет. Гэта наша жыцьцёвая абарона, прытым непераможная.

Зянон Пазьняк
12 кастрычніка 2014 г.

13/10/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2014
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024