Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Марк Салонін: Несуцяшальныя вынікі праекту “Наваросія”

У Данбасе ўсталявалася крохкае зацішша. Гэта яшчэ ня мір і нават не замірэньне (страляніна з выкарыстаньнем артылерыі і “Градаў” працягваецца), але інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў і колькасьць ахвяр рэзка зьнізіліся. Настае час для падвядзеньня першых высноваў.
“Падобна, папярэдні вынік даволі далёкі ад першапачатковай задумы”, — піша ў расейскім часопісе “Военно-промышленный курьер” расейскі гісторык Марк Салонін.

=================================================================

Галоўны рэдактар “ВПК” М.М. Хадаронак у артыкуле “Як разваліць армію” (№36 ад 1 кастрычніка) дае такую ацэнку таго, што адбылося: “Україна ва ўзброеным змаганьні з фармаваньнямі паўднёвага ўсходу пацярпела прыніжальную паразу. У баях з апалчэнцамі армія незалежнай згубіла практычна ўсё сваё цяжкое ўзбраеньне, былі састрэленыя амаль усе і без таго нямногія цэлыя самалёты і верталёты, украінскія часткі панесьлі значныя страты ў асабовым складзе. Але так і не было паказана галоўнага – баявога духу і ўменьня ваяваць нават з іррэгулярнымі фармаваньнямі”.

Амаль усё ў гэтым абзацы ўяўляецца мне няслушным. Са згоды галоўрэда я гатовы падзяліцца сваімі пярэчаньнямі з чытачамі “ВПК”.

Арыфмэтыка

Распачнем з самага простага. З падліку неадушаўленых прадметаў, а менавіта – баявых самалётаў. Самалётаў наогул мала, у дадзеным узброеным канфлікце яны выкарыстоўваліся толькі адным бокам, ды й тое ня надта актыўна; адпаведна страты адзінкавыя, факт і месца страты дасканальна ўлічаныя. Па стану на 29 жніўня ўкраінскія ВПС страцілі састрэленымі праціўнікам 10 самалётаў, зь іх 3 транспартных, 1 бамбавік Су-24, 2 зьнішчальнікі Міг-29 і 4 штурмавікі Су-25, яшчэ адзін Су-25 беспаўротна страчаны па тэхнічных прычынах. Разам страчана 8 ударных самалётаў (ня лічачы транспартнікі). Шмат гэта ці мала?

Дадзеныя, прыведзеныя ў афіцыйных украінскіх крыніцах (“Белая кніга” узброеных сілаў Украіны), і ацэнкі міжнародных арганізацый кантролю за ўзбраеньнямі нязначна разыходзяцца, але парадак велічыняў такі: у 2013 годзе у сшыхтаваных частках у баегатовым стане знаходзіліся 33-34 бамбавікі Су-24, 20-24 зьнішчальнікі Су-27, 80 зьнішчальнікаў МіГ-29, 31-36 штурмавікі Су-25. Разам парадку 170 баявых самалётаў. Такім чынам, беспаўротныя страты склалі парадку 5 адсоткаў ад зыходнай колькасьці баегатовых самалётаў. Гэта не пасуе пад вызначэньне “былі састрэленыя амаль усе”.

Акрамя таго, некалькі дзесяткаў Су-27 і МіГ-29 знаходзяцца па-за баявымі часткамі (на базах захоўваньня, на
заводах у рамонце). Акрамя таго, на захоўваньні знаходзіцца некалькі дзесяткаў маральна састарэлых (але яшчэ цалкам прыгодных для выкарыстаньня ў цяперашнім ўзброеным канфлікце зьнішчальнікаў-бамбавікоў Міг-27. На гэтым фоне страта 8 адзінак наогул наўрад ці заслугоўвае вялікай увагі. Дадамо толькі той факт, што з агульнай колькасьці ў 72 ударных верталёты Мі-24 беспаўротна страчаныя ў баявых дзеяньнях толькі 4 адзінкі (6%).

Танкаў ва ўзброеных сілах Украіны (УСУ) значна больш, выкарыстоўваліся яны даволі інтэнсіўна, сродкаў супрацьтанкавай абароны ў другога боку таксама было шмат, адпаведна страты бранетэхнікі даволі вялікія. Дакладныя лічбы назваць цяжка, у прыватнасьці, яшчэ й таму, што падбіты танк (у адрозьненьні ад самалёта) можа быць адрэмантаваны і ўведзены ў шыхты. Так, мяркуючы па афіцыйных зводках Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны, толькі за першы тыдзень пасьля падпісаньня Менскага пратаколу аб замірэньні выяздныя рамонтныя брыгады “Украбаронпрама” аднавілі баездольнасьць 67 адзінак бранетэхнікі, уключна з 30 танкамі. Беспаўротныя страты складаюць, па ацэнках, што маюцца, парадку 74 танкаў і 140 адзінак БМП і БМД.

Страты вялізныя. Дастакова сказаць, што за 9 гадоў аўганскай вайны было страчана 147 танкаў, г. зн. толькі ўдвая больш, чымсьці за тры месяцы баёў у Данбасе. Аднак для ацэнкі патэнцыялу УСУ і магчымых пэрспэктываў аднаўленьня баявых дзеяньняў адэкватным будзе параўнаньне не з Аўганістанам, а з зыходнай колькасьцю ўкраінскай бранетэхнікі. Дык вось, па стану на пачатак 2013 года непасрэдна ў баявых частках УСУ лічылася парадку 700 танкаў і 2500 баявых браніраваных машын рознага тыпу. Акрамя таго, на захаваньні знаходзілася (дадзеныя за 2010 год) яшчэ 2650 танкаў Т-64, Т-72 і Т-80. Зьдзіўляцца гэты лічбам ня варта, бо савецкія танкавыя войскі былі буйнейшымі ў сьвеце, а пасьля распаду СССР на тэрыторыі Украіны засталося парадку 6,5 тысячы танкаў, ня лічачы астатняй “браніраванай драбязы”.

Як бачым, УСУ мае неабходную матэр’яльную базу для таго, каб аднавіць страты ў танках і нават шматкроць павялічыць іх колькасьць на полі бою. Прынамсі па адкрыта апублікаваным ацэнкам выведкі Наваросіі у цяперашні момант непасрэдна на фронце УСУ маюць 560 танкаў, 1300 БТР, БМП і БМД. Ня трэба забывацца і аб тым, што на тэрыторыі Украіны знаходзіліся буйнейшыя ў СССР заводы – вытворцы танкаў, танкавых матораў, бранекарпусоў, што адкрывае сур’ёзныя магчымасьці для рамонту, аднаўленьня, мадэрнізацыі наяўнай бранетэхнікі і вытворчасьці новай. Суцяшальныя казкі пра тое, што “войскі бандэра-фашыстоўскай хунты згубілі большую частку цяжкога ўзбраеньня”, не павінны замяняць сабой цьвярозую ацэнку сытуацыі.

Беспаваротныя страты асабовага складу УСУ (забітыя і тыя, што прапалі бязь вестак), уключна з аддзеламі нацыянальнай гвардыі (г. зн. былыя ўнутраныя войскі МУС) і дабраахвотніцкія батальёны (Сістэма арганізацыі і падпарадкаванасьці гэтых фармаваньняў розная. Утварэньне батальёнаў тэрытарыяльнай абароны было прадугледжана мадэрнізацыйным планам, яны падпарадкаваныя Міністэрству абароны і тэарэтычна павінны былі быць сфармаваныя мясцовымі ваенкаматамі. Штатная колькасьць – 426 чалавек. Дабраахвотніцкія батальёны абласных упраўленьняў МУС – гэта непрадугледжаная мабпланам імправізацыя, выкліканая да жыцьця поўным развалам сістэмы і дэзэрцірствам значнай колькасьці супрацоўнікаў міліцыі. Рэальная колькасьць асабовага складу – ад 200 да 600 чалавек. Усе батальёны былі першапачаткова ўзброеныя толькі лёгкай стралковай зброяй. Раздзьмуты намаганьнямі расейскай прапаганды з мухі да памераў слана “Правы сэктар” утварыў сваё ўзброенае фармаваньне, колькасьць якога падтрымліваецца ў раёне 300-400 чалавек) складаюць парадку 1,5-2 тясячы чалавек. Гэтая лічба цалкам карэлюе зь вядомай колькасьцю параненых, што знаходзяцца на лячэньні ў больніцах і шпіталях Украіны (3,5-4 тысячы чалавек). Так, афіцыйныя дадзеныя сутнасна меншыя (967 забітых па стану на канец верасьня), але гэтая лічба не ўключае значную колькасьць тых, што прапалі бязь вестак, бальшыня зь якіх хутчэй за ўсё загінулі. Акрамя таго, сама спэцыфіка ўзброенага канфлікту з удзелам іррэгулярных фармаваньняў спрыяе недаўліку колькасьці стратаў.

Для адэкватнай ацэнкі маштаба стратаў неабходна суаднесьці гэтыя лічбы з колькасьцю групоўкі УСУ, якая знаходзіцца на тэатры ваенных дзеяньняў. Па вышэй ужо згаданай ацэнцы выведкі Наваросіі непасрэдна на лініі сутыкненьня бакоў УСУ мае парадку 20 тысячаў чалавек. Акрамя таго, у апэратыўным рэзэрве ў раёне Ізюм, Славянск, Краматорск знаходзяцца яшчэ 6 тысячаў. З улікам панесеных стратаў у асабовым складзе, колькасьці тылавых і транспартных аддзелаў, службы аховы тыла можна ацаніць агульную колькасьць групоўкі УСУ, якая брала рэальны ўдзел у баявых дзеяньнях, у 35-40 тысячаў чалавек. Такім чынам, агульныя страты складаюць парадку 16 адсоткаў ад колькасьці групоўкі, у тым ліку незваротныя – 5 адсоткаў. Гэта даволі высокі ўзровень стратаў, але зусім не рэкордны. Патлумачым сказанае некалькімі ваенна-гістарычнымі прыкладамі.

Халхін-Гол. Агульная карціна падзеяў цалкам супастаўляльная: лета, стэп, абмежаваны ў часе і прасторы ўзброены канфлікт, колькасьць групоўкі войскаў Чырвонай арміі – 69 тысячаў чалавек, 498 танкаў і 385 бранемашын. Агульныя страты склалі 24 тысячы чалавек (35% ад пачатковай колькасьці групоўкі), у тым ліку беспаўротныя – 8 тысячаў чалавек (12%).

Жнівень 1941 года, наступ фінскай арміі на Карэльскім перашыйку. У апэрацыі ўдзельнічалі 7 пяхотных дывізій, што з улікам корпусных частак дае колькасьць групоўкі ў 120-130 тысячаў чалавек. Агульныя страты за месяц баёў склалі 25 тысячаў чалавек (20% ад пачатковай колькасьці). Але гэта ў сярэднім, у некаторых частках страты былі значнай вышэй. Так, 7-мы пяхотны полк страціў 480 чалавек забітымі і 1622 параненымі, што склала больш за палову яго штатнай колькасьці.

А цяпер ацэнім рэсурсы, якімі распалагае камандваньне УСУ для аднаўленьня стратаў у асабовым складзе і далейшага нарошчваньня колькасьці групоўкі. Па стану на канец 2013 года вайсковую службу несьлі 139 тасячаў чалавек, у тым ліку ў Сухапутных войсках – 49 тысячаў. Акрамя таго, 40 тысячаў памежнікаў, 33 тысячы ва ўнутраных войсках МУС, 30 тысячаў супрацоўнікаў СБУ, асобны батальён марской пяхоты, два палкі спэцназу разьведупраўленьня ГШ. І за плячыма гэтага воінства – вялізная краіна з насельніцтвам (адкідаючы Луганскую і Данецкую вобласьці) больш за 35 мільёнаў чалавек, пры даволі сьціплай мабілізацыйнай напрузе гэта дазваляе паставіць пад ружжо 500 тысячаў мужчын.

Што тычыцца маральна-палітычнай ацэнкі маштаба стратаў, то, на мой погляд, яе належыць сфармуляваць так: людзкія страты аказаліся дастаткова высокімі для таго, каб выклікаць у актыўнай часткі насельніцтва Украіны лютую нянавісьць да Расеі і яе прэзыдэнта (жадаючыя могуць азнаёміцца на любым украінскім інтэрнэт-форуме, цытаваць я не магу зь меркаваньняў закона і прыстойнасьці), але зусім недастатковымі для таго, каб падарваць волю да супраціву. Тую ж думку, але крыху іншымі словамі выказаў 11 верасьня былы галоўнакамандуючы “аб’яднанай арміі паўднёвага ўсходу” Гіркін-Стралкоў: “Калі раней у Кіева не было ні баездольнай арміі, ні падтрымкі насельніцтва, то цяпер карнікі адмабілізаваныя і ўзброеныя да зубоў”.

Ход баявых дзеяньняў

У скрайне кароткім выкладаньні гісторыя ўзброенага канфлікту ў Данбасе выглядае так. Масавыя беспарадкі распачаліся ў першых чыслах сакавіка 2014 года і працягваліся зь пераменных посьпехам увесь месяц. Дэманстранты захоплівалі адміністрацыйныя будынкі, зь якіх адразу ж зрывалася і зьбівалася ўкраінская дзяржаўная сымволіка, вывешваліся сьцягі Расейскай Фэдэрацыі і партрэты яе прэзыдэнта. 6-8 красавіка сытуацыя ў Данбасе рэзка абвострылася: атрады ўзброеных людзей у масках, што дзейнічалі зладжана, займалі дзяржаўныя ўстановы, будынкі міліцыі і СБУ, дзе безь якога-кольвечы супраціву былі захопленыя сотні адзінак стралковай зброі.

7 красавіка ў Данецку было абвешчана ўтварэньне так званай Данецкай народнай рэспублікі. Усё гэта адбывалася па-старому пад расейскімі сьцягамі, і першым жа дзеяньнем самапрызначаных уладаў стала публікацыя звароту да Уладзіміра Пуціна з просьбай увесьці войскі. Да канца красавіка мяцежнікі занялі Данецк, Луганск, Горлаўку, Краматорск, Славянск, Лісічанск, Марыюпаль; пад іх кантролем апынулася палова тэрыторыі і насельніцтва Луганскай і Данецкай вобласьцяў. З 18 красавіка расейскія сьцягі на захопленых адміністрацыйных будынках пачалі замяняць сьцягамі ДНР і ЛНР, які, балазе, выразна і дэманстрацыйна капіравалі сьцяг і гэрб РФ.

Са свайго боку цэнтральны ўрад у Кіеве абвясьціў 15 красавіка аб пачатку ваеннай (“антытэрарыстычнай”) апэрацыі ў Данбасе, а Генэральная пракурату 17 траўня прызнала ДНР і ДНР тэрарыстычнымі арганізацыямі. Нягледзячы на такія громкія заявы, актыўных баявых дзеяньняў не насьледвала і рэальная вайна распачалася толькі ў апошняй дэкадзе чэрвеня. Да таго часу на баку самаабвешчаных рэспублік ваявалі ўзброеныя атрады агульнай колькасьцю парадку 15-20 тысячаў чалавек з танкамі, артылерыяй і “Градамі”, а гарады і шматлікія шахтарскія пасёлкі былі ператвораныя ва ўладкаваныя узмоцраёны.

Першапачаткова ўкраінскія войскі спрабавалі былі аднавіць кантроль над мяжой, г. зн. адрэзаць ДНР і ЛНР ад Расеі. На працягу аднаго тыдня наступам у паўночна-усходнім накірунку на “ДНРаўскім участку” быў прабіты “калідор” паўз мяжу працягласьцю парадку 100 кілёмэтраў і шырынёй ад 10 да 20 кілёмэтраў. На гэтым наступ захлынуўся, а дасягнуты раней вынік фактычна страціў апэратыўнае значэньне, бо ў руках праціўніка на ўчастку ЛНР застаўся ўчастак мяжы з Расеяй працягласьцю 120 кілёмэтраў, празь які йшло падмацаваньне ў выглядзе расейскіх дабраахвотнікаў, зброі і баепрыпасаў. Больш таго, паводле паведамленьняў афіцыйнага Кіева, заціснутыя ў вузкім “калідоры” часткі УСУ апынуліся пад сістэматычным артылерыйскім абстрэлам гарматаў і “Градаў” з расейскага боку. Такога камандваньне УСУ відавочна не чакала, адказаць агнём па артылерыйскіх пазыцыях на тэрыторыі РФ не рызыкнула (хаця неаднолькавыя выпадкі выбухаў снарадаў на расейскай тэрыторыі былі зафіксаваныя). У канчатковым выніку зь вялікімі стратамі давялося з боем адводзіць войскі на большую аддаленасьць ад мяжы.

Некалькі больш пасьпяхова разьвіваўся наступ на цэнтральным участку фронта. Павольна прасоўваючыся з захаду на ўсход, войскі УСУ да сярэдзіны ліпеня аднавілі кантроль над раёнам Славянск, Краматорск, Арцёмаўск, Дзяржынск. На поўдні быў заняты стратэгічна важны Марыюпаль – буйны індустрыяльны цэнтар і порт. Да пачатку ліпеня ўсё ўзьбярэжжа Азоўскага мора і 100-кілёмэтровы ўчастак сухапутнай мяжы на поўнач ад яго былі ў руках УСУ.

Новы этап наступу УСУ распачаўся ў жніўні. Моцным танкавым ударам ўдалося прабіць 40-кілёмэтровы “калідор” ад Дэбальцава да Тарэза, адначасна сустрэчным ударам ад мяжы на паўночны захад войскі УСУ адсунулі праціўніка да лініі Ілавайск, Шахтарск. Па стану на раніцу 24 жніўня данецкая групоўка праціўніка была адрэзаная ад луганскай, г. зн. ад ліній забесьпячэньня з тэрыторыі Расеі. На поўначы войскі УСУ занялі Лісічанск, Першамайск, Лутугіна, станіцу Луганскую і амаль цалкам атачылі “сталіцу ЛНР” – горад Луганск. Кантралюемая мяцежнікамі тэрыторыя скурчылася да адной пятай ад тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьцяў.

Раніцай 24 жніўня (якраз на Дзень незалежнасьці Украіны) ударная групоўка ў складзе некалькіх батальённа-тактычных групаў перакрочыла мяжу ў раёне Лужкі, Амвросіеўка і пры моцнай артылерыйскай падтрымцы распачала наступ у заходнім накірунку – на Куцейнікава, Старобешава. Паводле заяваў камандваньня УСУ, гэта былі аддзелы рэгулярных расейскіх войскаў са складу 98 і 106-й паветрана-дэсантных дывізій, 31-ага дэсантна-штурмавога, 8 і 9-ай мотастралковых брыгад. Да канца дня кіраваньне групоўкай украінскіх войскаў каля мяжы было страчанае (камандуючы генэрал-лейтэнант Пётр Літвін пакінуў войскі і ўцёк з фронту) і распачаўся неарганізаваны адыход.

25-26 жніўня праціўнік прасунуўся на 35-40 кілёмэтраў ад мяжы і ў раёне Ілавайск, Куцейнікава атачыў часткі УСУ (у “катле” апынуліся аддзелы пяцёх дабраахвотніцкіх батальёнаў і 51-й матарызаванай брыгады). Прадпрынятыя 27 жніўня спробы дэблакаваць абкружаных аказаліся беспасьпяховымі. Далейшы ход падзей няясны і ахутаны густым вэлюмам прыдумак. Здаецца паміж камандваньнем бакоў была дасягнута дамоўленасьць аб прадастаўленьні абкружаным часткам УСУ “калідора” для выйсьця з “катла”, аднак 29 жніўня калёна ўкраінскіх войскаў была падзьвергнута масіраванаму абстрэлу артылерыі, танкаў і РСЗО. Вырвацца з-пад агню ўдалося толькі паасобным разрозьненым аддзелам і паасобным байцам. У цэлым страты УСУ за пяць дзён баёў у раёне Амвросіеўка, Ілавайск склалі амаль палову ад сумарных стратаў за ўвесь час кампаніі.

Адначасна з гэтым апалчэньне ДНР і расейскія “дабраахвотнікі” (усяго парадку 6 тысячаў чалавек) распачалі наступ паўз узьбярэжжа Азоўскага мора на Марыюпаль, але былі спынены ва ўсходніх прыгарадах горада. На поўначы войскі УСУ адступілі на 30-50 кілёмэтраў, апалчэньне ЛНР зноў заняло Лутугіна, дэблакавала Луганск і падыйшло да прыгарадаў населенага пункта Шчасьце. У цэлым за 10 дзён кантралюемая прарасейскімі сіламі тэрыторыя павялічылася ўдвая. У гэтай сытуацыі 5 верасьня ў Менску было падпісанае пагадненьне аб спыненьні агню. Ужо пасьля падпісаньня менскіх дамоўленасьцяў прадпрымаліся неаднаразовыя спробы выбіць украінскія войскі з данецкага аэрапорта і важнага транспартнага вузла Дэбальцава, але бязьвынікова.

Хто каго перамог?

Задача, якая была пастаўлена перад УСУ, вядомая: паставіць пад кантроль цэнтральнай улады ўсю тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласьцяў, мяцежнікаў раззброіць або вытурыць за межы Украіны. Гэтая задача ня выкананая. Значыць, украінская армія пацярпела паразу – і ў гэтым аспэкце я з панам галоўным рэдактарам згодны цалкам. Але перш чым пачаць падбіраць адпаведны эпітэт да слова “параза”, належыць задаць простае пытаньне: а ці была армія?

“Для ўзброеных сілаў ёсьць толькі два нармальныя станы – яны альбо ваююць, альбо рыхтуюцца да вайны. Ніякага трэцяга стану для арміі і флёту па вызначэньню быць ня можа”. Гэта не я прыдумаў, так піша М.М. Хадарэнка ўсё ў тым жа артыкуле. Спрачацца з настолькі відавочнай ісьцінай не даводзіцца, але менавіта ў такім немагчымым стане ўкраінская армія і правяла два дзесяткі гадоў.

Ваеннай дактрыны УСУ не было нават ў выглядзе падпісанай прэзыдэнтам краіны паперы. Армія існавала ў фармаце “роты ганаровай варты”, якая пачварна разраслася. Нібыта паводле статуту сувэрэннай дзяржавы трэба было б мець свае ўзброеныя сілы, але ж ваяваць ім няма з кім, не з Расеяй жа? Што прыкметна, калі ў 2005 годзе на базе былых ваенных акругаў утвараліся так званыя апэратыўныя камандваньні, то былі ўтвораныя “Захад”, “Поўдзень” і тэрытарыяльнае ўпраўленьне “Поўнач”, але ніяк не “Усход”. Украінска-расейская мяжа заставалася зусім адкрытай, неабсталяванай і няўзмоцненай у ваенных адносінах.

На ілюзорнае ўяўленьне аб тым, што ваяваць украінскай арміі ніколі і ні з кім не давядзецца, накладвалася й агульная сытуацыя жудаснага бардака ў краіне. “Карупцыя дасягнула такіх межаў, якія нам і ня сьніліся тут, у Расеі. Узбагачэньне і расслаеньне грамадзтва, і ў нас гэтых праблем дастаткова, а ва Украіне ўсё яшчэ вастрэй, яшчэ горш”. Гэта я цытую кампэтэнтную думку прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Крымінальна-алігархічныя кланы, што па чарзе зьмянялі адзін адзін, давялі Украіну да ўражальнага разарэньня. Па ўзроўню ВВП на душу насельніцтва Україна ператварылася ў бяднейшую краіну Эўропы – 3,9 тысячаў даляраў на чалавека. Для параўнаньня: у малюпасенькай Эстоніі – 18 тысячаў, у Расеі – 15 тысячаў, у Польшчы – 13 тысячаў, у Беларусі – 7,4 тысячаў (дадзеныя МВФ за 2013 год). Зрабіць Украіну зь яе чарназёмам, нетрамі, морамі і рэкамі ў два разы бядней за жабрацкую Беларусь – гэта ўнікальны вынік, такога ніякім каралям, гетманам і генсекам не ўдавалася.

“Сёньня ў УСУ няма ніводнага баездольнага батальёна, ніводнай баездольнай эскадрыльі, у арміі цяпер 22 тысячы вакантных пасадаў, на якія ніхто не жадае ісьці. Афіцэраў ніжэйшага і сярэдняга зьвяна не хапае. Камандзёр часткі атрымлівае крыху больш за касіра ў супэрмаркэце”. Такія словы А. Грыцэнка, на той момант кіраўніка камітэту Вярхоўнай Рады па пытаньня бясьпекі і абароны, сказаў у 2011 годзе. Задоўга да вайны, зусім ня маючы тады патрэбы ў пошуку “задавальняючых прычынын” для апраўданьня паразы. Адзінае, чаго ў амаль неіснуючай украінскай арміі было занадта, — гэта генэралаў. 450 галоваў! Адных толькі генэралаў арміі (вышэйшае вайсковае званьне ў УСУ) было 14, і гэта на армію, якая па колькасьці асабовага складу не дацягвала да аднаго франтавога злучэньня пэрыяду ВАВ.

Самае цікавае пытаньне: каму (якой дзяржаве) гэтыя генэралы служылі? Прадстаўнікамі ваенна-палітычнай эліты Расеі ня раз выказвалася думка, што расейскія і ўкраінскія ўзброеныя сілы – гэта таварышы па зброі, сябры, многія зь іх ведаюць адзін аднаго асабіста. Пры гэтым падкрэсьлівалася, што ўкраінскія вайскоўцы і расейскія вайскоўцы будуць не па розныя бакі барыкадаў, а па адзін бок. Так, у канцавым выніку гэтае ацэначнае меркаваньне аказалася памылковым (моцна перабольшаным), але не на пустым жа месцы яно ўзьнікла.

Вось яшчэ адно ацэначнае меркаваньне (сама спэцыфіка тайных апэрацый такая, што канкрэтныя факты і лічбы ў газэтах не публікуюць), гэтым разам ад генэрал-лейтэнанта А. Скіпальскага, стваральніка ваеннай контрвыведкі Украіны, экс-намесьніка начальніка СБУ: “Пры Януковічы амаль усе кіраўнікі ўкраінскіх сілавых структураў і спэцназу ўваходзілі ў Саюз дэсантнікаў РФ, які ўзначальвае адзін з намесьнікаў міністра абароны Расеі. Бальшыня гэтых людзей і цяпер на пасадах”.

А вось як ацэньвае генэрал Скіпальскі саму СБУ: “Мы маем структуру з уроджанымі элемэнтамі непрафэсіяналізму і карупцыі і да таго ж напоўненую антыўкраінскім, прарасейскім, злодзейска-амаральным элемэнтам… Былыя работнікі КГБ, якія засталіся працаваць у нашай дзяржаве, не супрацьдзейнічалі, а спрыялі антыўкраінскім настроям і працы расейскіх спэцслужбаў”.

Вось адзін з “прарасейскіх элемэнтаў”, прычым ня просты супрацоўнік, а апошні (да Майдана) кіраўнік СБУ. Знаёмцеся: А.Г. Якіменка, нарадзіўся ў Эстоніі, выпускнік ВПА імя Гагарына, да 1998 года – кадравы афіцэр Расейскай (так-так, гэта не абдрукоўка, Расейскай) арміі. Прычыну свайго пераезду ва Украіну тав. Якіменка тлумачыць на інтэрнэт-формуе выпускнікоў Ейскай авіяцыйнай вучэльні з зайздроснай шчырасьцю: “Пасьля заканчэньня акадэміі я зразумеў, што мае веды нікому на… не патрэбныя. Вось і звольніўся. А тыя пацаны заўважылі, заклікалі зноў, вось цягну лямку”.

“Тыя пацаны” прынялі былога расейскага афіцэра на службу ва ўпраўленьне СБУ Данецка (!), потым паставілі начальнікам СБУ Севастопаля (!), потым зноў у Данецк, але ўжо на пасаду начальніка Данецкага ўпраўленьня. 9 студзеня 2013 года А. Якіменка прызначаны начальнікам СБУ, што па пасадзе азначае членства ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны: таварыш атрымаў доступ да ўсіх ваенных сакрэтаў Украіны, кодаў, шыфраў, імёнаў і явак. 24 лютага 2014-га пасьля зьвяржэньня Януковіча ўцёк у Расею, дзе хаваецца па сёньняшні дзень. Абвешчаны ў міжнародны вышук.

Старажытнаму кітайскаму філосафу Лао Цзы прыпісваюць мудрую думку: “Армія баранаў пад камандваньнем льва мацней за армію львоў пад камандваньнем барана”. Прыкметна. А што чакае армію, якой камандуе не тупы баран, а верны сабака, адданы ІНШАМУ гаспадару?

Вось тут мы й вяртаемся ў зыходную кропку нашага артыкула, да сьцьвярджэньня аб тым, што ўкраінская армія панесла “прыніжальную паразу” ва ўзброеным змаганьні з іррэгулярнымі фармаваньнямі. Калі меркаваць “паводле вывескі”, то і з таго, і з другога боку дзейнічалі не апалчэнцы, а рэгулярная армія (у ДНР і ЛНР фармальна былі і міністры абароны, і камандуючыя, і штабы, усё як у людзей). Калі ж глядзець на сутнасьць падзеяў, то абодва бакі канфлікта фармавалі свае ўзброеныя сілы “на бягу”, з выкарыстаньнем мэханізмаў і прынцыпаў народнага апалчэньня. Украінскі бок ў гэтай справе меў (тэарэтычна!) вялізную перавагу ў колькасьці матэрыяльных сродкаў барацьбы. Прарасейскія ж сілы пераўзыходзілі свайго праціўніка ў самым галоўным элемэнце – у якасьці кіраваньня.

З павагі да чытачоў “ВПК” я ня буду марнаваць словы і час на палеміку па відавочных рэчах. Узброеныя атрады мяцежнікаў былі ўтвораныя, навучаныя і кіраваныя не “даведзенымі да адчаю шахтарамі”, а кадравымі афіцэрамі Расейскай арміі. Яны былі забясьпечаныя найноўшымі сродкамі сувязі, інструмэнтальнай артылерыйскай выведкі, агентурнай інфармацыяй, беспілотнымі самалётамі-выведчыкамі і, як сьцьвярджае камандваньне УСУ, агнявой падтрымкай з расейскага боку мяжы. Урэшце, на прыканцы жніўня на полі бою зьявіліся “дабраахвотнікі” з элітных частак кадравай Расейскай арміі з шматгадовым досьведам вайны ў Чачэніі, Грузіі, Прыднястроўі, Югаславіі, Карабаху. У такой сытуацыі зьдзіўленьня дастойная не параза ўкраінскіх апачэнцаў пад Ілавайскам, а хутчэй тое, што дэсантна-штурмавыя прафэсіяналы ня здолелі ўзяць Марыюпаль, выбіць украінскія часткі з Дэбальцава і данецкага аэрапорта. І ня трэба пра “зялёны вінаград”. Хацелі. Вельмі хацелі, але ня здолелі.

Што атрымаў пераможца?

Адказ на такое пытаньне пачынаецца з успамінаў: а што ён хацеў першапачаткова? Спадзяюся, чытачы памятаюць дыскусіі (нехта ў іх і сам удзельнічаў), якія ў красавіку-траўні кіпелі ў Сеціве: дзе нам трэба спыніцца? Пойдзем да Львова і ракі Сан альбо праявім мудрую стрыманасьць, спыніўшыся на Дняпры? Вядучыя расейскія палітыкі ўвялі тады ў публічны абарот тэрмін “Наваросія”, пад якім разумелася тэрыторыя Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Хэрсонскай, Мікалаеўскай і Адэскай вобласьцяў Украіны.

Пералічаныя шэсьць вобласьцяў – гэта тэрыторыя, як у Аўстрыі, Чэхіі і Славакіі разам узятых, гэта выйсьце да Чорнага мора, буйнейшыя порты, магутная індустрыяльная база, высокія тэхналогіі, значныя запасы прыроднай сыравіны. Пра гэты праект ужо ніхто і ня згадвае (акрамя кучкі маргіналаў на адпаведных сайтах). Праз пару-тройку гадоў пра яго забудуцца ўсе, акрамя сваякоў і сяброў загіблых. Пазьней выразна праглядаўся варыянт міні-Наваросіі, г. зн. кавалкі Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Хэрсонскай вобласьцяў, зьвязаныя ў “калідор” ад мяжы з Расеяй да крымскага перашыйку. І гэты праект закрыты ходам падзей. З 350 кілёмэтраў удалося прайсьці ня больш за 20-30, да ўсходніх прыгарадаў Марыюпаля.

Прадугледжаная менскім пагадненьням тэрыторыя “асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў з адмысловым статусам” складае парадку 5 адсоткаў ад нязьдзейсьненай Наваросіі або 2 адсоткі ад раэльнай тэрыторыі Украіны. Па максімальных наяўных ацэнках там цяпер засталося 4 мільёны насельніцтва (з 7 млн, што жылі ў Луганскай і Данецкай вобласьцях да пачатку канфлікта). Эканамічна гэта новаўтварэньне – шчыльна заселеная гарадзкая агламэрацыя, бяз сельскіх раёнаў і выйсьця да марскога порту – павінна альбо памерці з голаду, альбо быць узятае на ўтрыманьне Расеі. Больш браць няма каму, бо ЛНР і ДНР не прызнаў ніхто, нават дзяржава Навуру.

З такой перамогай сугучнае толькі слова “БЯДА”.

Марк Салонін
16.10.2014
Пераклаў з расейскай В. Буйвал.
Крыніца: http://censor.net.ua/resonance/307459/neuteshitelnye_itogi_proekta_novorossiya

31/10/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2014
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024