Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Выпрабаваньні часу (Выступ перад аўдыторыяй) Пачаўся чарговы напад службаў антыбеларускага рэжыму на нашу Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю — БНФ і яе кіраўніцтва. Фактычна, ідзе наглядная дэманстрацыя акупацыйнай палітыкі – прыдумляюць што трапіцца ў галаву, складаюць пратаколы, паперы і цягнуць у суд. Яны ўжо не маскуюцца нават. Адкрыта выконваюць чужыя загады. І гэта відаць. Заўтра, 17-га лістапада зьбіраюцца “судзіць” Юры Адамавіча Беленькага, які быццам бы не забясьпечыў парадку на Дзядах, якія прайшлі 2-га лістапада выдатна і арганізавана. Напісалі аж тры пратаколы на адну асобу. Складваецца ўражаньне, што загад гэтым рабам прыслалі з Масквы. Спадара Беленькага заманілі ў міліцыю яшчэ ў сераду 12-га лістапада і зьбіраліся ў гэты ж дзень і суд правесьці. Але ж не атрымалася. (Інструкцыі, магчыма, яшчэ не дайшлі). Тым часам мы, у Партыі, да самай пятніцы 14 лістапада не давалі ніякага паведамленьня ў друк. Хацелі паглядзець, каб вылезла “служба інфармацыі” (ніхто ж пра дзеяньні рэжыму супраць Беленькага яшчэ ня ведаў). І “служба” вылезла, як Піліп з канопляў, ужо ў той жа дзень у сацыяльных сетках, а назаўтра, 13-га лістапада, — у адкрытым Сеціве. Зьявілася раптам інфармацыя супраць Беленькага і нашай Партыі. Як кажуць расейцы, “здравствуйте, мы вас ждали”. Прытым гэтыя дамарошчаныя навучыліся так брава ілгаць, ну, як Пуцін усяроўна. “Вось я слухаю выступы Юрася Беленькага пра беларускую мову, — піша вальяжна інфарматар, — Нібыта ўсё па сутнасьці кажа чалавек, але далучацца да яго ні ў Курапатах, ні ў Лошыцы – ня хочацца”. І дзе ж гэта інфарматар (С. Дубавец) слухаў гэтыя выступы Ю. Беленькага? Ні ў Курапатах, ні ў Лошыцы на Дзяды ён не прысутнічаў. Ні ў Курапатах, ні ў Лошыцы ніхто з журналістаў (акрамя міліцыі і КГБ) ня вёў запісаў. (Журналісты дэманстрацыйна выключылі дыктафоны і відэакамэры перад выступамі, выконваючы, відаць, нейкі загад). Нідзе не зьявілася і не існуе запісаў тых выступаў у Сеціве, а інфарматар “слухаў”. І дзе ж гэта ён “слухаў”? Такія вось справы. Але гэта дробязі. Усю мясцовую багему мы даўно ведаем. Больш сур’ёзна тое, што гэтая атака на беларускую партыю ёсьць толькі частка агульнага наступу Масквы на беларушчыну ва ўсім сьвеце. Наступ стаў адчувальны таксама і за мяжой у эміграцыі і дыяспары. Тут каардынацыя падрыву працы і арганізацыяў ідзе праз лукашысцкія амбасады і засланую агентуру. Масква рыхтуецца супраць Беларусі. Павінны рыхтавацца і мы, беларусы, супраць Масквы. У той час, калі маскоўскі вораг ужо напаў на Украіну, калі ідзе вайна і падрыхтоўка да перадзелу сьвету, усхліпы саўкоў тыпу “абы вайны не было” ды “неяк жа ж будзе” павінны ацэньвацца як антынацыянальныя настроі, якія, дарэчы, у нас актыўна падтрымлівае руская агентура. Два важныя дзеяньні зараз абавязваюць вольнае беларускае грамадзтва і вольных людзей Беларусі – падтрымка Украіны ў абарончай вайне супраць Расеі і падрыхтоўка беларусаў да адпору маскоўскім акупантам, разумеючы, што гэта будзе напачатку партызанская вайна, і што лукашысцкая сілавая машына будзе на баку акупантаў. Ва ўмовах рускай інфармацыйнай гёбэльсаўшчыны, якая абрынулася на Беларусь, простаму чалавеку цяжка разабрацца, дзе рэчаіснасьць, а дзе хлусьня. Але няма сэнсу капацца ў дробязях і ў маскоўскай гразі. Важна разумець сутнасьць, якая сьведчыць, што адбылася рэзкая перамена прынцыпаў палітычных адносін у сьвеце. Сістэма міжнароднай бясьпекі, створаная пасьля 2-й Сусьветнай вайны, больш не існуе, міжнародныя дакуманты ў гэтай галіне ператварыліся ў пустыя паперы. Дэмакратыя, якая для Захаду была сродкам геапалітыкі, а для прафанаў самамэтай, перастала быць прапагандысцкім прыярытэтам і саступіла месца інтарэсам, якія сарамліва хаваюць, але ўсе паводле іх дзейнічаюць. А гэта павялічвае шансы выжываньня для палітычных пачвараў тыпу Пуціна і Лукашэнкі. Цяперашні антыбеларускі рэжым у асобе яго ўзурпатара Лукашэнкі зьяўляецца саюзьнікам, сатэлітам і васалам пуцінскай Расеі. Уцягваньне антыбеларускага рэжыму ў брудную маскоўскую вайну супраць Украіны ёсьць толькі пытаньне часу (і, магчыма, ня вельмі далёкага). Прытым гэта будуць рабіць паступова. Нашу нацыю (як і ўкраінцаў) чакаюць цяжкія выпрабаваньні. Рыхтуймася і будзьма гатовыя даць адпор. У сувязі з выклікам часу павінна ўзрастаць адказнасьць і роля ўсіх беларускіх арганізацыяў у сьвеце, і ўвогуле – кожнага беларуса. Нацыянальная пазыцыя, беларуская мова і культура – становяцца актыўнай зброяй абароны нацыі і чыньнікам нацыянальнага супраціўленьня супраць фашызму “русского мира”, анэксіі і акупацыі Беларусі. Беларусы павінны быць здольнымі разумна, моцна і скансалідавана адказаць на выпрабаваньне моманту. Інтэлектуальная, духоўная, моўная, культурная і вогнепальная зброя павінна быць у беларускіх руках. Трэба як найхутчэй усё гэта разумець, а зразумеўшы, – дзейнічаць па ўсіх пазыцыях. Цяпер разьвялося шмат гадальнікаў, аналітыкаў ды прагназістаў, якія дураць людзей і прадказваюць будучыню ў залежнасьці ад палітычнай арыентацыі. Трэба разумець, аднак, што будучыні ніхто ня ведае, акрамя Пана Бога. Існуюць толькі зьявы, якіх можна спадзявацца. Калі Лукашэнка ёсьць васалам Крамля і цалкам залежны ад Масквы, то можна спадзявацца, што Масква яго прымусіць уступіць у вайну з Украінай. А калі б ён пачаў непадпарадкоўвацца, то яго б пачалі душыць і прымушаць. А калі б ён раптам “даў бы ў хамут” і заартачыўся, то арганізавалі б адхіленьне ад улады альбо забілі б (у маскалёў тут проста). І Лукашэнка тое ведае. А калі б ён паслаў войска на Украіну і даў бы загад страляць у братоў-украінцаў, то забіць яго ўжо мусілі б самы беларусы. Мяркую, што і гэта ён разумее. Маскоўскі “свой сукін сын” ужо амаль дагуляўся. Хай пагуляе яшчэ далей. Беларусь жыла і будзе жыць. Жыве Беларусь! 16 лістапада 2014 г. Зянон Пазьняк 16/11/2014 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |