Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Нішто не ўратуе гэбоўскі рэжым

(Выступ на сьнежаньскім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Пачаліся рэпрэсіі супраць нашай партыі КХП-БНФ і яе кіраўніцтва. Маскве перашкаджае ўсё беларускае. Зьнішчэньне культуры народаў – галоўны зьмест маскоўскай палітыкі. І тое, што рэжым раптам прыдумаў тры суды супраць дэпутата Незалежнасьці Юры Адамавіча Беленькага сьведчыць аб узмацненьні ўплыву рускай рэзыдэнтуры ў Беларусі. Цалкам верагодна, што ўказаньне прышло з Крамля.

У цэлым мы назіраем пагаршэньне становішча і ўзмацненьне тыпова акупацыйнай палітыкі супраць беларусаў. Гэта выклікана шэрагам прычын, сярод якіх пэрманэнтна дзейнічае асноўная – вынішчэньне беларускай нацыі маскоўцамі ніколі не спыняецца на нейкім этапе (напрыклад, на этапе ліквідацыі інтэлігенцыі, ці закрыцьця беларускіх школаў, ці забароны нацыянальнай творчасьці, літаратуры і т.п.). Маскоўскае вынішчэньне абавязкава будзе працягвацца да апошняга беларуса, на этнічным, сацыяльным і нават маргінальным узроўні. Калі з Масквой не змагацца, то не перажыве ніхто. Гэта я нагадваю ўвесь час, для тых, хто за тысячу гадоў яшчэ не зразумелі, што такое маскоўшчына і што такое яе арда (маскоўская ўлада і дзяржава).

Другія прычыны выкліканыя новымі абставінамі – ваеннай агрэсіяй Расеі і яе вайной супраць Украіны і пераменай у сувязі з гэтым пазыцыі Захаду ў дачыненьні да антыбеларускага рэжыму ў Беларусі.

Для людзей, якія мелі ілюзіі адносна Захаду, цікава будзе цяпер паназіраць, як “апошні дыктатар у Эўропе” пачынае для іх добра пахнуць, як яны падаюць яму ручку стрымана ўсьміхаючыся. Геапалітычны, эканамічны інтэрас штурхае іх на такія паводзіны. Правы чалавека і ўся дэмакратычная дэмагогія адышлі на другі план і ўвогуле зьніклі з фразеалогіі.

Для Масквы і яе сатрапіі ў Беларусі такі паварот Захаду стаў сігналам, што можна цяпер беларусаў душыць ні на што не зважаючы, Захад будзе маўчаць. Так яно і адбываецца.

Рэпрэсіі ўзмацніліся ня толькі супраць КХП-БНФ але й супраць усёй ужо моцна панішчанай грамадзянскай супольнасьці Беларусі, супраць асобаў, якія нейкім чынам вылучаюцца ў грамадзтве. Цяпер стала звычайным, калі некалькі дзясяткаў гэбістаў атачаюць які-небудзь офісны будынак, кнігарню ці выдавецтва, зачыняюць хады-выхады і пачынаюць татальны ператрус усяго, нічога ня кажучы і не тлумачачы і, адпаведна, не паказваючы ніякіх дазволаў і дакумантаў. Гэта тыповыя паводзіны акупацыйных ворганаў у акупаванай краіне. Ворганы ўлады павінны паводзіць сябе інакш, вытрымліваць пэўныя фармальнасьці, прапісаныя ў законе. Маўчаньне Захаду, як бачым, тут жа скарыстала антыбеларуская ўлада.

Аднак адчайныя спробы ацалець і тая неацэнная паслуга Маскве, якую зрабіў антыбеларускі рэжым (разам з рускай дыпляматыяй), зацягнуўшы Кіеў і Данбас на мірныя перамовы ў Менск, наўрад ці паспрыяюць яго захаваньню, калі пачне развальвацца пуцінская ўлада ў Маскве. Крэмль стварыў такую сістэму лучнасьці зь Менскай сатрапіяй, што ўпадак рэжыму Пуціна і абвал Расеі пацягне за сабой і абвал улады сатрапіі.

Гэта назіраецца ўжо цяпер у сувязі з санкцыямі супраць Крамля, у сувязі з абясцэньваньнем рускага рубля і зьніжэньнем цаны на нафту.

Тут, дарэчы, прапаную ўспомніць, што калі (падкрэсьліваю) “асабіста” Лукашэнка прадаваў Беларусь і ўцягваў яе ў Мытны саюз з Расеяй, а потым і ў Эўра-Азіяцкі Саюз, то шмат шуму рабілі вакол мытнай пошліны за нафту, якую хацела забраць сабе Расея. Нарэшце ўсё заціхла, Масква нібыта пагадзілася, сатрап прадаўся, усё падпісаў. А цяпер выявілася, што 1,5 мільярда даляраў пошліны за нафту ў беларускі бюджэт павінны былі ісьці толькі пры ўмове, калі сусьветная цана на нафту будзе вышэй за 70 даляраў за барэль (так яны дамовіліся). Цяпер цана стала ніжэй 70 даляраў і будзе яшчэ зьніжацца мінімум паўгода-год (а то і больш). Пры гэтым сатрап прывязаў нашу краіну да расейскага рубля (гандлёвыя разьлікі адбываюцца ў рускіх рублях). Цяпер маскоўскі рубель абваліўся напалову і падае далей. А гэта значыць, што палова працы беларусаў растрачана ў пустую. Сатрапія Лукашэнкі, прывязаная да пуцінскай шыбеніцы, грунтоўна йдзе на дно “вместе с Россией”.

Тым часам рэжымная прапаганда разгарнула актыўную дэмагогію па ўратаваньні рэжыму. Асноўны тэзіс: што, маўляў, рэжым паступова дэмакратызуецца (і гэта на фоне цяперашніх “зачыстак” і антыбеларускіх рэпрэсіяў), што Лукашэнка гатовы супрацьстаяць Крамлю, змагацца за сувэрэнітэт, павярнуцца да Захаду тварам, што ён гатовы нават цярпець беларускую мову і літаратуру і г.д. А таму, маўляў, трэба ўсім беларускім сілам злучыцца вакол рэжыму Лукашэнкі, каб разам супрацьстаяць Маскве.

Тут старая гэбоўская дэмагогія, агучаная напачатку яшчэ Мілінкевічам і цяпер цэлым хорам агентуры ў друку і ў розных арганізацыях.

Агентурны наступ і лабіяваньне рэжыму ў сэнсе яго нібыта “дэмакратычнай” трансфармацыі асабліва шырока йдзе на Захадзе ў англамоўным друку. (Можна паглядзець, напрыклад, нядаўні артыкул Я. Балажа ў інтэрнэт-выданьнях Карнэгі-фонда і інш.). Тут мушу зрабіць патрэбную заўвагу. Прозьвішча Балажа малавядомае нават сярод прафэсійных грантасмокаў. Сярод беларускіх палітыкаў у эміграцыі гэтую асобу фіксуюць як тыповага канторшчыка і лабіста з заданьнем. Ён працуе якраз на антыбеларускі рэжым. Сімптаматычна, што лабісцкі артыкул Балаша тут жа пачалі распаўсюджваць агентурныя каналы інфармацыі, а такая “рэзыдэнцыя дэмакратыі”, як “Говправду” пераклала дэзінфармацыю Балажа на рускую мову і дэманструюць “русскому миру” як узор для чытаньня.

Гэта я падаю тут для выяўленьня карціны, што разгортваецца. Больш дробныя лабісты ад лукашызму за мяжой пішуць опусы, разьлічаныя на беларускую дыяспару і эміграцыю. Мутная хваля інсьпіраваная ў асноўным лукашысцкімі амбасадамі і прадстаўніцтвамі, ды асобамі вакол амбасадаў. Гэтую хвалю нельга параўнаць па маштабу з расейскай дэзінфармацыяй, але наяўнасьць яе фіксуецца і шкоднасьць яе таксама, асабліва ўлічваючы лянівасьць і наіўнасьць некаторых заходніх палітыкаў ды журналістаў, гатовых такія опусы цытаваць.

Адлюстраваньнем нэрвознасьці рэжыму ў гэтых абставінах зьяўляюцца напалову ўжо камічныя заявы як самаспаленьне гэбоўскай аматарскай агентуры, “цітушак”, ці “чмыроў” па-беларуску (па прозьвішчу аднаго зь іх). Нават некаторыя прэтэндэнты на выбарчага кандыдата ў прэзыдэнты папаліліся, увайшоўшы ў раж нянавісьці да ўсяго беларускага. Гэта паталогія – нянавісьць да свайго, мэнтальная ракавая хвароба, але таксама й аблічча смуродлівага часу, які стварае свой вобраз адэптаў і тыпажоў. Словам, зьявіліся нэўрастэнічныя заявы нянавісьці да беларускай мовы, беларусаў і Беларусі, хоць тая Беларусь ужо ледзь дыхае.

На мой погляд, тут сьведчаньне рэакцыі на магчымае высьпяваньне новага беларускага адраджэньня. Прэвентыўная рэакцыя на магчымасьць. Першымі рэагуюць бесы. Пацьвярджэньнем таму ёсьць цяперашняя кампанія ў расейскай гёбэльс-інфармацыі. Руская агентура ў СМІ пачала раптам дружна пісаць пра беларускі нацыяналізм, які заяўляе пра сябе. На самай справе мы ж ведаем, што нічога такога не існуе. Зьявіўся ў асобных людзей інтэрас да беларускай культуры, цікавасьць да беларускай мовы. Гэтыя паведамленьні трапляюць у друк, у Сеціва. І хоць адгалосак гэтых фактаў танейшы за камарыны піск, Масква заёрзала. Ёй страшна, каб раптам тут чаго не пачалося. Таму адразу лямант з Масквы: “нацыяналізм”, нацыяналізм”, “нацызм”, ату іх, “будьте бдительны” і г.д. Гэта па той жа схеме, што ва Украіне: “бэндэраўцы” і “фашысты”, якія напалі на Расею.

Новыя абставіны, безумоўна, трэба ўлічваць і вырабляць адпаведную тактыку супраціўленьня. Нельга ствараць сабе папяровых тыграў, але, зыходзячы з рэчаіснасьці, трэба мець на ўвазе некалькі чыньнікаў. Найперш трэба разумець, што рэжым будзе павялічваць рэпрэсіі супраць усяго грамадзтва і найперш супраць творчых, палітычных і культурных беларускіх асяродкаў. Рэжым ня будзе зважаць на законы.

Трэба мець на ўвазе вялікую верагоднасьць вайны і ўцягваньня Беларусі ў вайну праз залежнасьць рэжыму ад Масквы. І, нарэшце, вельмі важнае. Трэба ўлічваць сур’ёзную верагоднасьць краху пуцінскай улады ў Маскве праз сілавое вырашэньне і, адпаведна, адчайныя спробы сатрапіі ў Беларусі захавацца пры ўладзе. Гэты час не павінны быць змарнаваны. Рэжым у Маскве і ў Менску – гэта адзін цмок з дзьвюма галовамі.

Я ўжо казаў ня раз, што ў гэтых абставінах самаўпраўства і беззаконьня беларусам трэба пакуль што рыхтавацца да вайны на неарганізацыйным узроўні. Два-тры чалавекі без наладжваньня сувязяў; накапленьне зброі, выбухоўкі, амуніцыі, рыштунку, гаручай сумесі і г.д. Адкінуць усе пацыфісцкія забабоны. За свабоду і незалежнасьць з такім шалёным ворагам, як Расея, трэба будзе змагацца не на жыцьцё, а на сьмерць і плаціць крывёй. Паглядзіце на Украіну і ня майма ілюзіяў. Калі настане час, арганізацыя адзінак адбудзецца хутка. Цяпер стварайма будучую сілу Беларусі.

Ад арышту і перасьледу цяпер не застрахаваны ніхто, бо законы ў такіх выпадках ня дзейнічаюць. І тым ня менш нашыя беларускія арганізацыі павінны зьвярнуць увагу на скрупулёзнае забесьпячэньне ў дакумэнтаванай форме ўсіх фармальнасьцяў дзеяньня з уладамі. Гэтым можна ўскладніць уладам рэпрэсіі і аблегчыць потым магчымасьць абароны. Акрамя таго беззаконьне акупацыйнай улады ў гэтым выпадку будзе дакумэнтальна засьведчана.

Будзем спакойныя ў барацьбе. Будучыня – наша.

Жыве Беларусь! Слава Радзіме!

Зянон Пазьняк
14 сьнежня 2014 г.

15/12/2014 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2014
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024