Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сяргей Навумчык: Ценевы Кабінэт БНФ супраць інтэграцыі

bnf1.JPG
У часе візыту міністра замежных спраў Расеі ў Менск 23-24 студзеня, які быў адзначаны «Дзікім мёдам»Анатоля Сыса, Козыраў разам з Уладзімерам Сянько падпісаў консульскую Канвэнцыю і пратакол аб супрацоўніцтве двух міністэрстваў. Але галоўным было парафіраваньне Дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве. Усе прапановы маскоўскага госьця віталіся менскімі гаспадарамі.

Мала таго — на сустрэчы з Козыравым прэм’ер Міхаіл Чыгір імкнуўся прысьпешыць інтэграцыю: «па словах Козырава, беларускі прэм’ер у гутарцы зь ім жадаў як хутчэй увесьці ў дзеяньне пагадненьне аб мытным саюзе, што магчыма раней чатырох месяцаў, якія адведзеныя на збліжэньне заканадаўства дзьвюх краінаў. У падтрымку сказанага міністрам замежных спраў Расеі У.Сянько згадаў, што Беларусь заўсёды імкнулася да цеснага саюза з Расеяй, што відаць на прыкладзе перамоваў аб аб’яднаньні фінансавых сыстэм Расеі і Беларусі» — паведамляла агенцтва СІМ («Пагоня», 27 студзеня 1995).

Яшчэ раней, 6 студзеня ў Менску прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Бальшавкоў падпісалі пакет дакумэнтаў — як у галіне эканомікі, гэтак і ў вайсковай сфэры (Мэмарандум «Аб пашырэньні і паглыбленьні беларуска-расейскага супрацоўніцтва» і некалькі пагадненьняў, якія былі прапанаваныя Масквой — у тым ліку «Аб асноўных прынцыпах стварэньня фінансава-прамысловых групаў», «Аб парадку завяршэньня будаўніцтва, выкарыстаньня і ўтрыманьня Узла Баранавічы сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе»).

Мы ў дэпутацкай апазыцыі атрымалі тэксты гэтых пагадненьняў і адразу перадалі іх экспэртам — членам Ценявога кабінэту.
bnf2.JPG
Увогуле, да 1995 году ў Беларускім Народным Фронце ўжо сфармаваліся дзьве структуры — парлямэнцкая Апазыцыя і яе Ценявы кабінэт. Можна сказаць, што Апазыцыя генеравала палітычныя рашэньні (дэпутаты назапасілі багаты адпаведны досьвед), а Кабінэт выпрацоўваў эканамічныя ды іншыя прапановы. Але такі падзел будзе даволі ўмоўным: многія дэпутаты (як Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Юрась Беленькі, аўтар гэтых радкоў ды іншыя) уваходзілі ў склад Кабінэту, а члены Кабінэту акадэмік Радзім Гарэцкі ці доктар навук Іван Нікітчанка давалі вельмі каштоўныя палітычныя рэкамэндацыі. Кіраўніком Кабінэту быў Зянон Пазьняк, прэм’ер-міністрам — Уладзімер Заблоцкі. На пачатак 95-га Ценявы кабінэт выпрацаваў некалькі эканамічных канцэпцыяў, высока ацэненых міжнароднымі экспэртамі.

Але галоўнае было нават ня ў гэтым. У іншых апазыцыйных партыяў таксама былі кваліфікаваныя адмыслоўцы ў галіне эканомікі, але яны, скажам гэтак, не заўсёды глядзелі на зьявы праз прызму нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Нашыя ж экспэрты ў сваіх ацэнках і прапановах сыходзілі найперш з гэтага.

25 студзеня Ценявы кабінэт Апазыцыі БНФ прыняў заяву, у якой даў аналіз падпісаных прэм’ер-міністрам Чыгіром дакумэнтаў. Зьмест гэтых дакумэнтаў, гаварылася ў заяве, «сьведчыць аб змове і сумесных дзеяньнях расейскай і беларускай мафіёзнай бюракратыі, накіраваных на захоп эканомікі і нацыянальнай маёмасьці Беларусі. Расейская кіруючая бюракратыя, якая якая валодае цяпер ужо ня толькі ўладай, дзяржавай, але і прыватнай уласнасьцю на маёмасьць дзяржавы, дамагаецца для сябе гарантаванага бяспошліннага транзыту ўсіх відаў тавараў і рэсурсаў праз Беларусь, ліквідацыі беларускага экспарту ў трэція краіны, бясплатнай прысутнасьці расейскіх ваенных базаў і экалягічна шкодных ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, ліквідацыі межаў паміж Беларусьсю і Расеяй і сумеснага распараджэньня (аховы) беларускіх межаў з трэцімі краінамі, свабоднага, нічым не абмежаванага перамяшчэньня расейскай рабочай сілы на тэрыторыі Беларусі, пераходу ключавых пазыцый эканомікі (заводаў, прамысловых галінаў, інфраструктуры) ва ўласнасьць расейскіх канцэрнаў і фінансава-прамысловых групаў з магчымасьцю наступнага закладу і перапродажы яе заходнім банкам.

Гэтыя палажэньні, адлюстраваныя ў пагадненьнях, маюць, перш за ўсё, палітычны характар і накіраваныя на поўнае зьнішчэньне сувэрэнітэту Беларусі, якое настае адразу пасьля рэалізацыі пагадненьняў. Пасьля першага этапу ліквідацыі дзяржаўнасьці Беларусі пачнецца другі — палітычная анэксія шляхам імітацыі «аб’яднаньня», «уваходжаньня», «цеснага саюзу»… Падзеі, што адбываюцца ў Расеі, яе агрэсіўная крывавая захопніцкая палітыка, замах на незалежнасьць Беларусі сьведчаць аб разьвіцьці і новым афармленьні крымінальнай дзяржавы там, дзе парушаюцца правы чалавека, нацыі, сфармавалася бюракратычна-мафіёзная эканоміка…

Гэтая дзяржава стварае пагрозу Беларусі і ўсім краінам былога, так званага «сацыялістычнага лягеру». Ініцыятыва Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ў падтрымцы расейскай палітыкі, накіраванай на захоп эканомікі і маёмасьці Беларусі, падпісаньне старшынём Кабінэту міністраў пры Прэзыдэнце краіны пакета антыканстытуцыйных пагадненьняў, што супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, утрымліваюць у сабе прыкметы дзяржаўнай здрады, антыдзяржаўнай дзейнасьці і падлягаюць асобаму разгляду ў Вярхоўным Савеце і Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь.”

Прадугледжвалася, што вызначэньне мэханізму рэалізацыі палітычных і эканамічных інтэграцыйных крокаў павінна быць «дэлегавана» аднаму з бакоў. Ня трэба было шмат разважаць, каб зразумець, што «бокам» гэтым была б не Беларусь, а Расея. Ценявы кабінэт Апазыцыі БНФ канстатаваў, што «беларускім ўрадам падпісаны дакумэнт аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі, несумяшчальны з Канстытуцыяй нашай дзяржавы. Беларусь становіцца расейскім геапалітычным прыдаткам, пазбаўленым уласнай зьнешняй палітыкі, а значыць, і здольнасьці абараняць уласныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы. Іншымі словамі, урад Лукашэнкі-Чыгіра падпісаў акт аб уласнай недзеяздольнасьці і спрабуе здаць незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі».

26 студзеня мы далі прэсавую канфэрэнцыю Ценявога кабінэту. Член-карэспандэнт Іван Нікітчанка зьвярнуў увагу на мытныя падаткі, якія ў выпадку стварэньня Мытнага зьвязу былі б роўнымі расейскім, а гэта не адпавядае інтарэсам грамадзянаў Беларусі (у той час гэтае папярэджаньне прапусьцілі міма вушэй — але прайшоў час, і пошліны на аўтамабілі ўзьнялі ў некалькі разоў, прыраўняўшы іх да расейскіх). ” Слабая беларуская эканоміка аўтаматычна трапляе ў эканамічны хаос Расеі. Самыя дзеяздольныя прадпрыемствы будуць выведзеныя з працэсу прыватызацыі іх беларускімі грамадзянамі і трапяць у рукі расейскага бізнесу, які ўжо назапасіў дзеля гэтага дастатковы капітал. Кіраўнік Ценявога кабінэту Ўладзімер Заблоцкі заявіў, што падпісаныя 6 студзеня пагадненьні не зьяўляюцца раўнапраўнымі, Беларусь апынаецца ў падпарадкаваным становішчы і не павінна іх выконваць.

«Трэба спачатку стварыць у сваёй краіне такі эканамічны парадак, каб нашая нацыянальная эканоміка паднялася на ногі, каб наш бізнэс набраў сілу і мог канкураваць з расейскім. Цяперашняе беларускае кіраўніцтва няздольнае па-сапраўднаму арганізаваць работу нашай эканомікі, і гэтую няздольнасьць яны хочуць закамуфляваць псэўдаэфэктыўнымі дзеяньнямі па інкарпарацыі нашай эканомікі ў расейскую» — цытавала Ўладзімера Заблоцкага газэта «Свабода».

Але меркаваньне экспэртаў Ценявога кабінэту БНФ адміністрацыю Лукашэнкі не цікавіла — рэйтынг Лукашэнкі, які ў пачатку 1995 году заўважна зьнізіўся, меркавалася «падправіць» чарговымі расейскімі пазыкамі, хай бы нават і коштам «фрагмэнтаў сувэрэнітэту».

А ў вузкім коле кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцынзаяўляў, што размовы пра інтэграцыю — гэта толькі прыкрыцьцё сапраўднага, стратэгічнага пляну: прывесьці ў Крэмль Лукашэнку замест «нямоглага» Ельцына. Аддаўшы перад гэтым Беларусь ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

27.03.2015 21:56 Радыё Свабода

29/3/2015 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2015
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024