Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Агляд замежнага друку (04.-07.06.2015) Іх абавязкова знойдуць 4 чэрвеня 2015 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла, што ў прыгарадзе Парыжа памёр 76-гадовы Леанід Плюшч, адзін з выдатных украінскіх дысыдэнтаў-антысаветчыкаў. Маладога матэматыка арыштавалі ў 1972 г. ў Кіеве, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасьці. На працягу двух гадоў яго катавалі ў псіхушках. У 1975 г. дзякуючы шырокаму пратэсту за Захадзе Плюшча вызвалілі, ён выехаў на эміграцыю ў Францыю. Менавіта ягоныя сьведчаньні дазволілі тады зразумець маштабы і мэтады гэбоўска-савецкай тэрарыстычнай псіхіатрыі. Наш камэнтар: Вядомыя імёны і лёсы многіх ахвяраў гэбоўскай “псіхіатрыі”. Але яшчэ ўсур’ёз ніхто не займаўся імёнамі і кар’ернымі лёсамі катаў гэтай “псіхіатрыі”. А лёсы гэтыя бываюць “пакручастымі”. Вядома, напрыклад, што некаторыя з гэтых “лекараў”, якія катавалі антысаветчыкаў у Навінках і іншых месцах БССР, камфортна жывуць цяпер у ЗША. Гэтую тэму беларускія патрыёты не пакінуць у архівах. Злачынцаў (дзе б яны не знаходзіліся) чакае суд і пакараньне. Нішто не забыта 5 чэрвеня 2015 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра скандал у ЗША. Журналісты амэрыканскага партала ProPublica і National Public Radio апублікавалі сваё рассьледваньне дзейнасьці Чырвонага Крыжа ЗША. Пасьля разбуральнага землятрусу на Гаіці ў 2010 г. гэтая дабрачынная арганізацыя прыняла да паўтара мільярда даляраў ахвяраваньняў. Журналісты наведалі Гаіці і сьцьвярджаюць цяпер, дэманструючы факты і сьведчаньні людзей, што на гэтую суму Чырвоны Крыж ЗША пабудаваў роўна шэсьць дамоў. Высьветлілася таксама, што ў 2010 год арганізацыя прыйшла зь вялікімі фінансавымі цяжкасьцямі і непакрытымі пазыкамі. Вядома, што там тады ўзрадваліся магчымасьці сабраць пад землятрус пабольш грошай. Наш камэнтар: З Чырвоным Крыжом РБ усё даўно зразумела. Нават рэжыму не ўдалося схаваць шэраг карупцыйных злачынстваў дзеячаў гэтай канторы. Але значна больш сур’ёзныя пытаньні паўстаюць на адрас заходніх і мясцовых разьмеркавальнікаў вялікай гуманітарнай дапамогі, якая на працягу гадоў ішла з усяго сьвету ў Беларусь пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Замест таго, каб арганізаваць цывілізаванае перасяленьне насельніцтва з атручаных радыяцыяй раёнаў і гарадоў у адбудаваныя гарады і паселішчы на чыстых тэрыторыях, каласальныя сродкі былі змарнаваныя на будоўлю і разьвіцьцё паселішчаў у месцах, дзе нельга жыць людзям. Нават вялізныя мэдычныя цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны былі пабудаваны не ў чыстых зонах. Карупцыя ішла рука ў руку з жаданьнем замацаваць беларусаў на атручанай зямлі. Потым начальнік рэжыму заявіў пра “рэабілітацыю радыяцыі”… Афрыка перасяляецца ў Эўропу 6 чэрвеня 2015 г. ангельская газэта “Independent” апублікавала зьвесткі брытанскага ваеннага флёту, які патрулюе каля берагоў Лібіі. Афіцэры паведамляюць, што ў гэтай краіне сабралося да паўмільёна афрыканцаў з розных краін, якія рыхтуюцца пераплыць мора на лядашчых суднах, каб апынуцца ў Эўропе. Кіруюць перавозкай адмысловыя банды дзялкоў. Наш камэнтар: Драматычны Exodus вялікіх масаў людзей з Афрыкі ў Эўропу адбываецца ўжо каля двух гадоў. Падзеі аналізуюць заходнія дзяржаўныя дзеячы, вайсковая выведка, палітыкі, навукоўцы, сацыяльныя работнікі, журналісты і г.д. І ніхто (ніхто!) па-сапраўднаму не паставіў пытаньне аб цэнтрах (або цэнтры) і прычынах, якія дэтэрмінавалі гэтыя драматычныя працэсы, што маюць характар масавага псіхоза і сацыяльнага выбуха вялікай магутнасьці. Ніхто не задаецца пытаньнем: а чаму ўсё гэта (у такіх каласальных маштабах) пачалося так раптоўна, нібыта нехта махнуў чырвоным сьцяжком і гукнуў гагарынскае “Поехали!” — ? А спыніць гэты кашмар можна толькі пасьля таго, як будуць ускрытыя сілы і структуры, якія стаяць за гэтым. Калі будзе знойдзены адказ на пытаньне: каму гэта выгадна? Юрка Марозаў Пуцін хлусіць, а яны і радыя 6 чэрвеня 2015 г. вугорская газэта “Nepszabadsag” напісала пра выказваньні Пуціна ў інтэрв’ю для італьянскіх журналістаў. Пуцін сказаў: “Толькі псіхічна хворы чалавек можа ўявіць сабе, што Расея хоча напасьці на НАТО”. Наш камэнтар: Гэтую сэнтэнцыю падхапілі і паўтараюць усе без выключэньня СМІ сьвету. Юрка Марозаў У Данбасе катуюць, а ў Каўнасе сумняюцца 6 чэрвеня 2015 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Сэпаратысты катавалі ўзятага ў палон украінскага вайскоўца і прымушалі хлусіць?” Тытульнае рытарычнае пытаньне тычыцца ўкраінскага жаўнера Рамана Марчанкі, які патрапіў у палон у баі за Мар’інку на Данбасе. Расея паказвае па тэлеканалах гэтага чалавека, які кажа, што ўкраінскія войскі першымі пачалі артылерыйскі абстрэл жылых кварталаў Данецка 3 чэрвеня сёлета. Маўляў, гэта паслужыла прэтэкстам для расейскай атакі на Мар’інку. Наш камэнтар: Мы б параілі летувіскім газэтчыкам ня ставіць лішнія тытульныя пытаньні. Няхай лепш спытаюць у ковенскіх вэтэранаў антырасейскай партызанскай вайны. Тыя ім распавядуць, катавалі іх ці не, калі яны траплялі ў палон НКВД. Раім ім таксама уважлівей углядацца ў тэлевыяву “прызнаньняў палоннага”. У яго на твары жывога месца няма, гэты чалавек прайшоў праз зьверствы расейскіх акупантаў. Трэба ўсім быць уважлівей і адмовіцца ад запытальнай рыторыкі. Бо каты могуць уварвацца ў твой нацыянальны дом, а нехта ў сваю чаргу ў гэты час будзе ўдаваць рыторыку. Юрка Марозаў Маскалі страляюць, а «піндосы» п’юць 6 чэрвеня 2015 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” цытавала Генадзя Маскаля, губэрнатара Луганскай вобласьці, прызначанага на пасаду кіеўскімі ўладамі. Ён заявіў, што назіральнікі ад АБСЭ “пьюць віскі і піва” зь вечара да раніцы, замест таго, каб назіраць за выкананьнем мірных менскіх дамоўленасьцяў. Наш камэнтар: Усьлед за гнілой ФІФА сваю непатрэбнасьць і разбэшчанасьць дэманструе яшчэ адна міжнародная арганізацыя. Зь “місіяй АБСЭ” і яе нямецкім начальнікам у Менску Гансам Вікам беларусы пазнаёміліся яшчэ гадоў 16 таму. Ужо тады было зразумела, што гэта за кантора і што там кіруе тандэм Масква-Берлін. Алесь Хадасевіч 11/6/2015 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |