Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Фэномэн рэвалюцыі: Нямеччына, 1918 год Прадстаўляем вашай увазе фрагмэнт кнігі нарвэжскага журналіста Сімона Крысьціяна Хамэра, сучасьніка рэвалюцыйных падзей. Фрагмэнт прысьвечаны прэлюдыі і першым пераможным дням нямецкай рэвалюцыі, “калі немагчымае сталася рэчаіснасьцю”. Апісаньне крызісу кайзэраўскай імпэрыі вельмі нагадвае сёньняшняе становішча маскоўскай імпэрыі і яе васальнага рэжыму. Правал “пераможнай вайны” і нежаданьне спыніць яе, татальная хлусьня, ачмурэньне насельніцтва прапагандай, сацыяльна-эканамічны тупік для мільёнаў людзей (аднак пры кайзэры ніхто не дадумаўся зьнішчаць бульдозэрамі “несанкцыянаваныя прадукты харчаваньня”). І вось урэшце рэшт настае пераломны момант, усё вырашаецца рэвалюцыйным авангардам, які мабілізуе народныя масы і ламае аджылую сістэму, усталёўвае народную ўладу. Падзеі распачынаюцца нібыта нечакана і даюць плён на працягу лічаных дзён. Але гэта ёсьць вынікам шматгадовай падрыхтоўкі рэвалюцыі, данясеньня праўды да людзей (многія зь якіх доўга не хацелі чуць гэтую праўду). У суму склаліся таксама непазьбежныя чыньнікі крызісу. Улада канчаткова згубіла свой аўтарытэт у народа, які больш не хацеў працаваць на яе і ваяваць за яе. Бальшыня нацыі зразумела, што далей так жыць нельга і трэба ламаць стары парадак ды наладжваць новую дзяржаўную сістэму. Многіх зьдзіўляла лёгкасьць і імклівасьць распаду таго, што яшчэ ўчора здавалася вечным і магутным. Гісторыя паўтараецца. х х х С.К Хамэр. Параза на Марне на другі тыдзень верасьня 1914-га была першым вырашальным сьведчаньнем маштабаў памылкі кайзэраўскай Нямеччыны. Яна адразу выбіла глебу з-пад усіх мілітарных, палітычных і эканамічных прадпасылак, на якіх Нямеччына пабудавала свае намеры, і ўтварыла зусім новую сытуацыю ва ўсіх гэтых вобласьцях. Але адначасна – нягледзячы на ўсе разумныя абгрунтаваньні – было немагчыма спыніць ваенную машыну, якая была запушчана ў рух. Бо стаўкі былі надта высокімі, сродкі пад рукамі невычэрпнымі і – ня ў меншай ступені – вера ў перамогу была бясконцай. Такім чынам вайну здолелі працягваць з года ў год, што прыводзіла да ўсё большага мілітарнага і эканамічнага аслабленьня Нямеччыны, а разам з тым урад праяўляў нястомную вынаходлівасьць у сваіх намаганьнях гнаць нацыю наперад ня лічачыся з ахвярамі. Уся аналітыка зыходзіць з таго, што ўжо так рана, як на пачатку 1916 года як у тыле, так і на фронце запанавала глыбокая незадаволенасьць. Гэта адчувалася менавіта ў рабочым асяроддзі і ў шырокіх слаях сярэдняга класа. Правал пад Вэрдэнам даў дадатковы матэр’ял для разуменьня таго, што адбываецца. Для мільёнаў немцаў станавілася ўсё больш і больш відавочна, што нацыю вядуць на такое гіганцкае выпрабаваньне, якое ўвесь час патрабуе новых крывавых ахвяр і ахвяраваньня капіталам, і канца гэтаму ня бачна. Першыя, якія пайшлі на бой – моладзь 1914-га – зразумела, былі апантаныя захапленьнем. На пачатку ўсё уяўлялася такім велічным, а акрамя таго, яны шчыра верылі ў завярэньні ўраду, што на Нямеччыну напала цемра ворагаў, а таксама ў абяцаньне Кайзэра, што яны вернуцца дахаты раней, чым ападзе лісьце – лісьце 1914-га. Але замест таго прамінулі “і зіма, і вясна, і зь імі наступнае лета”, як гэта гучыць у песьні Сольвэйг – і так йшло далей. Але калі за сонцам новага года ўзыходзіла наступнае сонца новага года над страчанымі спадзяваньнямі і пустымі абяцанкамі, а таксама над няёмкай праўдай, якая настойліва прабівала сабе шлях – тады настрой у нямецкай арміі паступова пачаў мяняцца. Старэйшыя пачалі бурчэць – яны пакінулі сваіх жонак і дзяцей, якія сумавалі бязь іх і пакутвалі ад эканамічных цяжкасьцяў. Усё вакол іх валілася. Жаўнеры мелі дастаткова часу падумаць і разабрацца ў гэтым доўгімі, манатоннымі днямі на фронце, калі там нічога не адбывалася. Яны мелі свае назіраньні і рабілі свае высновы. Аблегчыць цяжар расчараваньня не дапамагло нават тое, што ў 1917 годзе Расея пакінула шэрагі ворагаў Нямеччыны, а савецкі ўрад вымушаны быў заключыць прыніжальны мір з кайзэраўскай Нямеччынай, які на той момант стаўся вялікім трыюмфам гэтай краіны. Але рэвалюцыйная Нямеччына вымушана была саступіць, спачатку падпісаўшы перамір’е, а потым Вэрсальскі мір. Сапраўды ж можна сказаць, што Брэст-Літоўскі мір, падпісаны ўзімку 1918-га, які Расея заключыла “са сьціснутымі зубамі”, паводле пазьнейшага выразу Троцкага – быў двухбаковавострым мечам для Нямеччыны. Хаця вызвалілася яе ўсходняя мяжа, і на працягу некалькіх месяцаў Нямеччына магла вывесьці адтуль да мільёна вайскоўцаў для правядзеньня маштабнага наступу на заходнім фронце, падрыхтоўка да якога ўжо вялася. Але разам з тым гэтыя войскі мелі ў сабе элемэнты, найбольш небясьпечныя для вайсковай дысцыпліны. Тысячы і тысячы гэтых жаўнераў, а таксама ня ў меншай ступені нямецкія ваеннапалонныя, што вярталіся з Расеі, былі перакананымі бальшавікамі, якія не дарэмна пазнаёміліся з падзеямі і набраліся досьведу. Замест таго, каб утрымаць гэтыя дэмаралізуючыя элемэнты ў тыле, улады ўвесь час пасылалі іх на фронт. Там яны вэрбавалі новых прыхільнікаў, падрывалі дысцыпліну і спрыялі росту колькасьці дэзэртыраў. Бліжэй да лета 1918-га іхняя колькасьць імкліва вырасла. Яны ці то адразу здаваліся ў палон, ці то не вярталіся ў свае палкі па сканчэньні адпачынку і хаваліся ў нетрах вялікіх гарадоў, ці то натоўпамі ўцякалі праз мяжу ў Галяндыю. Карацей кажучы, паўсюль запанавала стома ад вайны. Або як апісаў гэта ў сваёй кнізе пра рэвалюцыю дэпутат саксонскага Райхстага Мэнкэ-Глюкэрт: “За шмат месяцаў да абвала людзі, якія мелі дачыненьні з жаўнерамі і ведалі іх настроі, вельмі непакоіліся за будучыню”. Людзі пакутвалі ад голада і холада доўгімі зімовымі месяцамі – перш за ўсё падчас “капуснай зімы” 1916-1917 гадоў, якую многія разглядалі як верхнюю рысу беднасьці падчас вайны. Але ня толькі гэта. Людзі пачалі цярпець недахоп таксама ў сродках асьвятленьня. Мыла было ўсё больш рэдкім таварам і бруд быў паўсюль. Адчувалася фізычная немач і абыякавасьць, што разбуральна ўплывала на духоўнае становішча. Адчай прывёў да вядомага “студзеньскага страйку” у Берліне, што было гістарычнай прэлюдыяй рэвалюцыі. Мір з Расеяй, а крыху пазьней з Румыніяй – увесну 1918-га – крыху ўзьнялі настрой на пэўны час. Спадзяваньні ўзмацніліся. Нямеччына атрымала пэрспэктыву ўвозу розных тавараў. Газэты дапамагалі ўмацаваньню гэтых чаканьняў. Але ў хуткім часе выявілася, што надзеі на паляпшэньне былі ілюзорнымі. Лягчэй ня стала, і пасьля пустых спадзяваньняў рэчаіснасьць успрымалася ўдвая больш цяжкой і безнадзейнай. Гэта быў залаты час для спэкулянтаў на голадзе народа. Разам з тым парушыліся ўсе маральныя нормы – жудаснае адкрыцьцё для тых, хто ствараў аўтарытэты, і для прыхільнікаў тэорыі высакароднага ўплыву вайны на народ. Ня меншая дэмаралізацыя настала на нямецкай пошце і чыгунцы, якія раней славіліся сваёй пунктуальнасьцю і прыстойнасьцю. Разбой і крадзяжы сталіся звычайнымі ўдзень і ўначы ў вялікіх гарадах. Берлін, які дагэтуль быў нейкай вітрынай бясьпекі мірных грамадзян, імкліва ператвараўся ў Эльдарада для злачынцаў. Можна было б меркаваць, што гэтыя зьявы і сымптомы, якія суправаджалі іх – сярод іншага ўсё больш глыбокае нявер’е ў тое, што ўрад хоча міру – павінны былі сур’ёзна занепакоіць урад і вайсковае камандваньне, і гэта павінна было б зменшыць спадзяваньне на перамогу. Але не! Нягледзячы на тое, што нацыя знаходзілася “у становішчы абложанай крэпасьці” – як наўпрост сфармуляваў гэта Рункэль – “і здача яе павінна была адбыцца рана ці позна”, урад, як мы зазначылі, быў упэўнены ў перамозе як ніколі – прынамсі ў афіцыйных заявах. Шмат што сьведчыць аб тым, што з лета 1917-га вайна вялася ўжо ня толькі і ня столькі дзеля нямецкага народа, колькі дзеля будучыні кайзэрскага дома. Або як адзін незалежны сацыяліст трапна абагульніў гэта ў сваёй прамове ў Райхстагу: Вайна ўсё больш становіцца справай сям’і Гагенцолернаў. Войскі на фронце былі падпарадкаваны няспыннай і сістэматычнай апрацоўцы. Вайскоўцаў навучалі цытатамі з газэт і часопісаў, брашур і лекцыямі. Карты і схэмы былі выкананы такім чынам, каб кожны мог пераканацца, як выдатна разьвіваюцца ваенныя справы. Кінематограф паказваў, як нямецкія войскі пераможна маршыруюць па Эўропе. Кайзэр і ягоныя генэралы дэманстраваліся ва ўсім бляску. У тыле дзейнічалі па той жа тактыцы. Заангажаваныя лектары выступалі з трыбун за справу айчыны, друк розных відаў ішоў сьледам за імі. У кінатэатрах пад ціскам урада паказвалі ваенныя і патрыятычныя фільмы замест звычайных дэтэктываў і фільмаў пра каханьне. Йшлося аб тым, каб прымусіць народ забыцца пра жываты, у якіх бурчэла, і свае разрабаваныя дамы дзеля патрыятычнай “Hohenzollerei” (“гагэнцолераўшчыны”) у тэкстах і карцінах. Але гэта ніякім чынам не дапамагала набліжэньню міра. Праз год пасьля абвяшчэньня неабмежаванай падлодкавай вайны да гэтай мэты было далей, чым калі-небудзь. Тады вайсковае камандваньне вырашыла “прабіць браму да міру браніраваным кулаком” – як сфармуляваў гэта кайзэр. Тады, на вялікодныя сьвяты 1918 года, распачалаўся знакаміты “веснавы наступ”, які назаўжды стаўся самым маштабным эпізодам вялікай вайны. Спачатку немцам удалося дасягнуць выдатных вынікаў. Іхнія войскі прарваліся ўглыб Францыі як ніколі раней. Нямецкая артылерыйская тэхніка прадэманстравала трыюмф, беручы Парыж пад прыцэльны абстрэл каласальнай гарматы, снарады якой ляцелі на адлегласьць 120 км. Але кошты былі высокімі. “Наступ каштаваў нам каля 5000 афіцэраў і 600000 жаўнераў забітымі”, — заявіў Рункэль, — “да таго ж палоныя і параненыя. Разам страты дасягнулі каля 1 мільёна”. Але пакуль наступ працягваўся, ніхто ня слухаў пярэчаньняў. Партыя вайны, якая трымала за горла і ўрад, і кайзэра, — нягледзячы на доўгія і патэнцыйна небясьпечныя перапынкі ў наступальных ударах, якія паказвалі, што яны пралічыліся — не хацела слухаць нічога, акрамя заклікаў да вайны дзеля міру. Той, хто наважваўся сьцьвярджаць нешта іншае, быў наканаваны на асуджэньне, калі ён займаў высокую пазыцыю – напрыклад, міністар замежных спраў фон Кюльман, якога прымусілі сысьці ў адстаўку на прыканцы чэрвеня 1918 года, бо ён у сваёй прамове ў Райхстагу дазволіў сабе заявіць, што нельга чакаць ніякага канчатковага вырашэньня, базуючыся толькі на моцы зброі. Такім было ў агульных рысах становішча на фронце і ў тыле на радзіме, калі Oberste Heeresleitug (вышэйшае камандваньне) раніцай 15 ліпеня прадпрыняло наступальны ўдар, які вызначыў чацьверты і апошні этап летняга наступу 1918-га. На працягу некалькіх дзён нямецкія войскі прасунуліся на шырокім фронце да Марны, у зону баёў 1914 года. Аднак тут яны і спыніліся, і ня толькі гэта. Нямецкі наступальны план быў разбураны геніальным супрацьнаступам, распачатым 18 ліпеня маршалам Фошам – вярхоўным камандуючым хаўрусьнікаў — , што сталася поўнай нечаканасьцю для немцаў. Гэта была беспрыцыдэнтнае па магутнасьці дзея ў ваеннай гісторыі. Немцаў пачалі адцясьняць тыдзень за тыднем на працягу наступных трох з паловай месяцаў зь вялікімі для іх чалавечымі і матэр’яльнымі стратамі. Надта позна нямецкае камандваньне зразумела сваю лёсавызначальную памылку, калі яно пайшло на “вялікі наступ”. Гэта зразумела і нацыя, якая да канца напружана спадзявалася, паверыўшы прывіднай прапагандзе. Усё гэта сказалася адпаведна, калі параза ва ўсёй сваёй жахлівасьць зазірнула ім у вочы. Пасярод усеагульнага адступленьня – калі недавер да кіраўніцтва імкліва распаўсюджваўся сярод нямецкага народа – зьявіўся першы відавочны сігнал пачатку канца. Аўстрыя ў ноце ад 14 верасьня 1918 года – нягледзячы на настойлівыя запабяганьні зь нямецкага боку – накіравала ваюючым дзяржавам заклік арганізаваць сустрэчу ў нэўтральнай краіне, каб у цэлым абмеркаваць становішча – без таго, каб гэтае абмеркаваньне мела абавязуючае значэньне ў справе заключэньня міру. Тым часам іншымі словамі ваенныя апэрацыі павінны былі працягвацца без перапынку. Гэты заклік Антанта прыняла ad notam – як гэта гаворыца на дыпламатычнай мове – і не падтрымала яго. Але заклік быў успрыняты як усебаковае сьведчаньне таго, што Аўстрыя вычарпала свае сілы. Аднак – як вядома – становішча яшчэ не было такім. Праз адзінаццаць дзён, 25 верасьня, паступіла яшчэ адно вартае ўвагі паведамленьне – гэтым разам сапраўдная “дзелавая прапанова”. Баўгарыя абрынулася і прасіла міру. Баўгарыя была злабейшым зьвяном у ланцугу, які складаўся з Нямеччыны, Аўстрыі і Турцыі. Такім чынам лёс Турцыі быў вызначаны бліжэйшым часам, а разам зь ёю і Аўстрыі. Усе каласальныя сілы можна было кінуць супраць Нямеччыны. Хаўрусьнікам трэба было толькі працягваць распачатае. Падзеі разьвіваліся з няўмольнай пасьлядоўнасьцю ў накірунку правалу іхніх ворагаў. х х х Ужо 1 кастрычніка – у момант, калі ішоў працэс утварэньня новага ўраду – міністэрства замежным спраў пачало атрымліваць дэпэшы з галоўнай стаўкі з настойлівымі заклікамі накіраваць ворагу прапановы заключэньня міру. Гэтыя дэпэшы мелі характар “крыка аб паратунку” – як выказаўся Шайдэман – і зыходзілі з таго, што нямецкая армія была ў адчайным становішчы. Ніхто ня мог даць гарантый нават на заўтрашні дзень. “Арміі ня могуць чакаць больш за 48 гадзін”, — заявіў начальнік гэнштаба Людэндорф. Гэтыя дзіўныя паводзіны вярхоўнага камандваньня, якія цяпер прааналізаваныя ўсебакова, былі выкліканы, як мяркуюць некаторыя, простай прычынай – нэрвовым зрывам Людэндорфа. Характэрным у гэтым сэнсе ёсьць назіраньне аднаго сьведкі, палітычная нэўтральнасьць якога не выклікае сумневу. “У мяне склалася ўражаньне, што ўсе тут проста страцілі нэрвы”, — напісана ў паведамленьні ўраду ў Берлін дарадцам фон Грунаў, які ў тыя дні знаходзіўся ў стаўцы. Менавіта пад ціскам з боку партыі вайны новы ўрад быў сфармаваны 2 кастрычніка 1918 г., а праз тры дні – 5 кастрычніка – ён накіраваў праз швайцарскі ўрад зварот да амэрыканскага прэзыдэнта Вільсана. Прамінулі чатыры жудасныя гады, якія пазьней будуць без прыхарошваньня называць у Нямеччыне “часам вялікай хлусьні”. Нямецкая прапанова міру, накіраваная Вільсану ад 5 кастрычніка 1918 г., у цэлым заключалася ў тым, што нямецкі ўрад далучаўся да “асновы для мірных перамоваў”, сфармуляваных у праграме, прадстаўленай прэзыдэнтам Вільсанам 8 студзеня 1918 г. – іншымі словамі, да такзваных “14 пунктаў”. Вільсан у сваім адказе, датаваным 8 кастрычніка, патрабаваў сярод іншага неадкладнага вывядзеньня нямецкіх войскаў з захопленых тэрыторый. Нямецкі ўрад адказаў, што гэтае патрабаваньне будзе выканана. Праз колькі дзён – 15 кастрычніка – паступіла другая нота Вільсана. Яна была значна вастрэйшая па тоне і патрабавала неадкладна спыніць неабмежаваную падлодкавую вайну і гарантыяў таго, што ўмовы міру будуць выконвацца. Нота зьмяшчала таксама наступны пасаж: “Антанта павінна ведаць, з кім яна вядзе перамовы”. 23 кастрычніка паступіла трэцяя нота Вільсана. У ёй гаварылася, што “нацыі сьвету ня маюць і ня могуць мець даверу да словаў людзей, якія дагэтуль былі гаспадарамі нямецкай палітыкі”. Гэтае выказваньне, якое адным махам паставіла пытаньне аб выдаленьні Гагэнцолернаў, ёсьць выразным сьведчаньнем таго, што Вільсан ужо не прытрымліваўся сваёй зыходнай пазыцыі 1916 года, што вайна павінна завяршыцца “без пераможцаў і пераможаных”. Тымчасам падзеі ня проста разьвіваліся, яны набывалі лавінападобны характар. У апошні тыдзень кастрычніка адбыліся яшчэ два знамянальныя эпізоды: Турцыя і Аўстрыя адпалі ад хаўрусу, а Баўгарыя зрабіла гэта ўжо на месяц раней. Пайшоў у адстаўку Людэндорф. Гэта была падзея, якая яшчэ больш выразна паказала, што старой сістэме настае канец. Цяпер Нямеччына засталася зусім сама – без лідэра, без сябра, але з дынастыяй, якая згубіла глебу пад сабой. Вышэйшы прадстаўнік дынастыі ўсё яшчэ не разумеў таго факта, што яму ўжо няма месца ў будучай Нямеччыне, і адзінае, што ён мог зрабіць, гэта саступіць, захоўваючы нейкую прыстойнасьць, пакуль на гэта быў час. Замест гэтага ён выдаў зварот, датаваны 28 кастрычніка, які стаў вядомы грамадзтву ажно 5 лістапада – сьведчаньне таго, што ён цалкам выпадаў з падзеяў. Калі ў двух словах, то ў тэксьце йшлося аб тым, што цяпер настае новы час для Нямеччыны. “Пасада кайзэра – гэта служэньне народу”. Але на няшчасьце для таго, хто займаў пасаду кайзэра, знайшліся людзі, якія ўжо ня мелі патрэбы ў ягоных паслугах. За дзень да апублікаваньня гэтага звароту – у панядзелак 4 лістапада – выбухнула рэвалюцыя, якой увесь час баяўся райхсканцлер з першага дня свайго заступленьня на пасаду. Усё пачалося ў Кіле – на галоўнай базе кайзэрскага ваеннага флёту. І ня трэба даказваць, чаму менавіта тут была моладзь, той чалавечы матэр’ял, самая перадавая часта мабілізаванага нямецкага народу, якая дала першы сігнал рэвалюцыі. Маракі былі найменш закранутыя мілітарызмам і дэманстравалі здольнасьць да самастойнага думаньня. Якраз гэтым асяроддзі існавала шмат радыкальных і незадаволеных элемэнтаў. І шмат разоў падчас вайны — а менавіта ўвосень 1917-га – у грамадзтва ішлі трывожныя паведамленьні аб настроях у нямецкім ваенным флёце. Тады ўдалося здушыць бунты жалезнай рукой, але цяпер жалезная рука была пашкоджана, улады згубілі аўтарытэт. І настаў дзень, калі флёцкія экіпажы атрымалі нагоду, што пасавала ім. Яны вырашылі канчаткова зьвесьці рахункі з сваім начальствам. Назіраючы падрыхтоўчыя мерапрыемствы, якія пачаліся каля 28 кастрычніка, матросы прыйшлі да высновы, што камандваньне зьбіраецца вывесьці флёт у мора на сустрэчу з брытанцамі. Яны зразумелі, што гэта азначала для іх толькі адно – ісьці на паразу і сьмерць. Ім быў цалкам абыякавы афіцэрскі ідэал: “Лепш памерці на пастарунку, чым аддаць флёт праціўніку”. Яны палічылі за лепшае застацца там, дзе былі. Калі 31 кастрычніка быў аддадзены загад флёту выйсьці з гавані, яны адмовіліся выконваць яго. Адбылося нешта нечувальнае. Матросы сігналізавалі адміральскаму караблю: “Манеўр ня можа быць выкананы”. Трэба прызнаць, што яны трымаліся з гонарам і паводзілі сябе разумна. Яшчэ 2 лістапада відавочна ўсё магло застацца ў рамках звычайнага парадку коштам адмены некаторых пастановаў, якія належалі да фундамэнтальных у нямецкім ваенным флёце. На наступны дзень гэта было ўжо немагчымым. Рух распаўсюдзіўся з карабельных вэрфяў на ўвесь горад, цывільныя рабочыя далучыліся да матросаў. Цяпер гэта быў ня толькі вайсковы рух; ён атрымаў выразна сацыяльны характар. І калі пралілася першая кроў падчас сутычкі матросаў і рабочых з жаўнерамі, якія спрабавалі спыніць іх, рух пачаў непераадольна пашырацца. На працягу дня матросы арганізавалі свае жаўнерскія рады. А праз дзень – 4 лістапада – яны пачалі браць уладу ў свае рукі. Гэта рабілася грунтоўна і з дзіўнай хуткасьцю. Ваенныя караблі і казармы, форт і іншыя мілітарныя аб’екты, сховішчы і склады амуніцыі – усё гэта да вечара было ва ўладзе матросаў. На усіх мачтах і флагштоках луналі чырвоныя сьцягі сацыялізма. Карацей кажучы, матросы пайшлі ў наступ па ўсёй лініі і пазбавілі ўлады сваё былое начальства. Урад у Берліне, які адразу ж атрымаў паведамленьне пра падзеі ў Кіле, зразумела, не сумняваўся ў маштабах падзей. У той жа дзень, калі паступіла паведамленьне, быў разасланы зварот, падпісаны райхканцлерам і іншымі членамі ўраду. У звароце пералічалася ўсё, што было зроблена ў Нямеччыне ў накірунку дэмакратыі і паабяцана, што гэтая палітыка будзе працягвацца. Нямеччына, практычна, павінна была стацца дзяржавай рабочых з шырокімі паўнамоцтвамі на сацыяльным полі. Разам з тым урад заявіў, што мае цьвёрды і шчыры намер заключыць мір з ворагам. Але гэтым разам аказалася, што са зваротам яны спазьніліся. Кола рэвалюцыі ўжо пачало круціцца; нішто не магло яго спыніць. У аўторак 5 лістапада да рэвалюцыі далучыліся Гамбург і Любэк, 6 лістапада дайшла чарга Берліна. Гэта былі вольныя гарады, так што шлях да рэспублікі тут быў нядоўгі. У гэтых трох гарадах людзі зразумелі, што старая сістэма ня мела жаўнераў у сваім распараджэньні. Яна перажыла саму сябе і завяла Нямеччыну ў паразу і разбурэньне. Ніхто ўжо не хацеў і пальцам зварухнуць за яе, і яшчэ менш хацеў распачынаць грамадзянскую вайну, каб захаваць яе. У наступныя тры дні рэвалюцыя распачалася ў шэрагу гарадоў у цэнтральнай Нямеччыне, а таксама ў паўднёвай і заходняй Нямеччыне, сярод іншага ў Кёльне. Гэта была адна з галоўных крэпасьцей старой сістэмы, і ў галоўнай стаўцы запанавала крайняя заклапочанасьць, калі паступілі зьвесткі пра гэтыя падзеі. У пятніцу 9 лістапада на бок рэвалюцыі перайшоў Франкфурт-на-Майне. У гэтых гарадах рэвалюцыйныя ўлады былі заснаваны прадстаўнікамі ваеннага флёту – матросамі з Кіля і іншых ваенных портаў, якія засьведчылі сябе як распачынальнікі рэвалюцыі, а цяпер выпраўляліся ў розныя канцы, каб арганізоўваць адміністрацыю. Яны нідзе не сустракалі супраціву. Спадчынныя прадстаўнікі старой сістэмы здаваліся на літасьць; іхнія чыноўнікі і абслуга атрымалі загад безумоўна падпарадкоўвацца новым уладарам. Асаблівае значэньне для рэвалюцыі мелі падзеі ў Мюнхэне 7 і 8 лістапада, якімі кіраваў пісьменьнік Курт Айснэр – даўні радыкал выдатных здольнасьцяў, палымяная душа, чалавек рашучы і сьветлага розуму, што бывае рэдка сярод людзей такога тыпу. Пад ягоным кіраўніцтвам Баварыя – магутнейшая пасьля Прусіі краіна ў складзе Нямеччыны – перайшла на бок рэспублікі. Няшчасны род Вітэльсбахаў быў зрынуты, але ня толькі гэта. Айснэр у праграме, якую апублікаваў, наўпрост выказаў патрабаваньне адрачэньня кайзэра і складаньня крон-прынцам свайго права насьледваньня. Пракламацыя была прынята крыкамі ў гонар нямецкай рэспублікі на мітынгу, дзе сабралося ня менш за 100 000 тысячаў чалавек. Тым часам войскі, што былі ў каралеўскім палацы і ў казармах, энтузіястычна пераходзілі на бок рэвалюцыі. Цяпер толькі Прусія заставалася па-за рэвалюцыяй – апошні бастыён манархіі ў Нямеччыне. Падчас усіх падзей у Берліне было выразна спакойна, але гэта была, відавочна, “ціша перад бурай”. Ужо з студзеня 1916 года – значыць, калі яшчэ ўсё выглядала бліскуча – у Берліне паціху праводзілася падрыхтоўка да рэвалюцыі, а з сярэдзіны студзеня 1918 года падрыхтоўка пайшла на поўную моц. Тут быў арганізаваны рэвалюцыйны камітэт, які меў непасрэдную сувязь з арміяй на заходнім фронце. Паступова ў сталіцу імпэрыі тайна завозіліся вялікія колькасьці зброі, якой у неабходны момант можна было б узброіць рабочых. Пасьля развалу заходняга фронту рэвалюцыянэры прышлі да высновы, што настаў час для выступу, і ўвечары 2 лістапада адбылася сустрэча такзваных незалежных сацыялістаў (сярод іх вядомыя дэпутаты Райхстага Хазэ і Дзітман). У сустрэчы браў удзел таксама крайні сацыял-дэмакрат Карл Лібкнэхт – невыпраўляльны ідэаліст, якога нядаўна выпусьцілі з турмы пасьля доўгага ўвязьненьня. Яго пасадзілі былі за тое, што ён больш рэзка за іншых асуджаў злачынствы супраць нямецкага народа, якія, на ягоную думку, зьдзяйсьняў кайзэраўскі ўрад падчас вайны. Рэвалюцыянэры вырашылі ўдарыць 4 лістапада. Але потым яны засумняваліся і перанесьлі дату на 9 лістапада. Урад, які ўсё ведаў пра планы рэвалюцыянэраў, прыняў усе магчымыя захады, каб захаваць сваю ўладу. Была зачынена цэнтральная сядзіба незалежных сацыялістаў. Урад заняў тэлеграфныя і тэлефонныя станцыі, каб катастрафічныя навіны ніякім чынам не праніклі ў горад. Былі заняты газавыя, электрычныя станцыі і вакзалы. Урад сабраў таксама пэўную вайсковую сілу пад камандваньнем вядомага генэрала Лісінгэра, які атрымаў гістарычнае месца ў нямецкай рэвалюцыі сваім загадам: “Revolution verboten!” (“рэвалюцыя забаронена!”) і сваёй забаронай утварэньня рабочых і жаўнерскіх радаў. Жаўнеры яшчэ выконвалі загады, але відавочна супраць сваёй волі. Ва ўрада былі прычыны спытацца ў сябе, ці на іх сапраўды можна абаперціся. Многія меркавалі, што рэвалюцыя спыніцца ў Берліне. Але высьветлілася, што яны пралічыліся. Войскі ў імпэрскай сталіцы дзейнічалі так, як і па ўсёй імпэрыі. Яны перайшлі на бок рабочых масаў і рэвалюцыі. На загад ураду было забаронена страляць у натоўп. Ніхто з адказных асобаў пальцам не зварухнуў дзеля старой сістэмы і яе вярхоўнага прадстаўніка. На жаль, не абышлося без інцыдэнтаў. Некаторыя афіцэры і кадэты разам з вайсковымі аддзеламі на наступны дзень пасьля перавароту зусім бессэнсоўна адкрылі агонь з будынкаў па абодвух баках вуліцы Унтэр дэн Ліндэн, дзе яны заселі. Але ўрэшце рэшт людзі іх перамаглі і раззброілі. Кайзэр з 6 лістапада знаходзіўся ўжо не ў Берліне, а ў сваёй галоўнай стаўцы з Спа на самым захадзе Нямеччыны. Там ён атрымаў усе гэтыя сэнсацыйныя паведамленьні пра імклівае разьвіцьцё рэвалюцыі, пра якія мы згадалі былі. У пятніцу 8 лістапада – у дзень, калі паступіла зьвестка пра пераход Кёльна на бок рэвалюцыі – у галоўнай стаўцы была арганізавана сустрэча. Прысутнічала шмат камандуючых часткамі розных чыноў і родаў войск. Іх склікалі, каб даведацца пра настроі ў войсках. Яны запэўнівалі амаль адзінагалосна, што старыя вайскоўцы гатовыя змагацца, але яны не давалі ніякіх гарантый наконт нядаўна мабілізаваных вайскоўцаў, асабліва тых, што вярнуліся з палону і былі зноў накіраваныя на фронт. Генэрал фон Гронэр – адзін з галоўнакамандуючых – заявіў у сваёй доўгай прамове, што “войскі больш не стаяць за кайзэра”, і што яны пойдуць маршам дамоў пад камандай сваіх генэралаў і афіцэраў, але не пад камандай кайзэра. Большая частка прэсы выказвала такую ж думку. Нават такі лаяльны ворган, як “Vossische Zeitung”, выказваў упэўненасьць, што “ні афіцэры, ні жаўнеры ня хочуць ні на дзень працягваць вайну дзеля кайзэра”. На наступны дзень па ўрадавай тэлефоннай сувязі патэлефанавалі з Берліна ў галоўную стаўку ў Спа. Райхканцлер хацеў даведацца, што вырашыў кайзэр, і настойваў на канчаковым вырашэньні. Склалася наступнае становішча –сацыял-дэмакратычныя члены пакінулі ўрад раніцай таго ж дня, калі рабочыя абвясьцілі ў Берліне агульны страйк з патрабаваньнем адрачэньня кайзэра. Карацей кажучы, было зразумела, што рэвалюцыя ахапіла сталіцу так жа сама, як яна ахапіла ўсю краіну, а ўрад ня меў ужо ні палітычнага, ні маральнага апірышча ды ня меў і надзейных войскаў у сваім распараджэньні. Але аказалася немагчымым вымусіць на кайзэры безагаворачнае адрачэньне ад трону. Райхканцлер прынц Макс узяў справу ў свае рукі і вырашыў прысьпешыць падзеі. Ня маючы ніякай санкцыі ад кайзэра, ён абнародваў заяву аб тым, што яго вялікасьць распусьціў урад, а крон-прынц склаў з сябе спадчыннае права насьледваньня трону. Гэтыя паводзіны манархічная рэакцыя ніколі не даравала прынцу Максу. Адразу ж пасьля таго райхсканцлер пайшоў у адстаўку і перадаў пасаду сацыял-дэмакрату Фрыдрыху Эбэрту, які дагэтуль ня быў членам ураду, але да якога прынц Макс меў поўны давер. У другой палове таго ж дня былы член ураду Шайдэман абвясьціў рэспубліку з вакна будынка Райхстага, а д-р Лібкнэхт узьняў над каралеўскім палацам чырвоны сьцяг сацыялізма. Апошняе, што здарылася ў той памятны дзень, калі неверагоднае сталася рэчаіснасьцю, былі ўцёкі кайзэра на тэрыторыю Галяндыі – in Nacht und Nebel (пасярод ночы і туману), як вызначыў гэта адзін прамоўца ў Райхстагу. Там кайзэр падаўся да шанаванага графа Бэнцінка, у замак Амэронгэн, што непадалёк ад Утрэхта. Гэта была стылёвае родавая сядзіба з традыцыямі і старажытнай культурай, з сямейным гэрбам і дэвізам рода над брамай: Пераклаў з нарвэжскай Валеры Буйвал. 15/8/2015 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |