Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
У сувязі з прысуджэньнем Нобелеўскай прэміі па літаратуры У сувязі з прысуджэньнем Нобелеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч, карысна нагадаць пра антыбеларускую дзейнасьць гэтай асобы. Тут з крыніцаў: http://pazniak.info/page_tseni_rejyimu, АБ МАРАЛЬНАЙ НІЗАСЬЦІ 30 чэрвеня 2009 г. У Сеціве я прачытаў характэрную цытату пісьменьніцы С. Алексіевіч (якая жыве на Захадзе). Вось гэтая цытата: “Я помню свой тогдашний разговор с Зеноном Позняком (ред. - в 90-ые годы лидер БНФ, ныне - председатель партии КХП БНФ), услышанное повергло меня в ужас. Он говорил о том, что надо создать общество памяти полицаев, кто защищал, якобы, Беларусь. Я представила, что будет, если выйти с этим предложением к нашему народу без соответствующей культурной подготовки. Без разделения тех полицаев, без понимания, кто и за что там воевал.“ (Інтэрв’ю для “Нямецкай хвалі”; спасылка: http://www.dw-world.de/dw/article/0,,4435897,00.html, перадрукаванa Хартыяй-97 http://www.charter97.org/ru/news/2009/6/29/19587/ і вэб-сайтам партыі АГП http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=20923 Гэта — узровень колішняга “Политического собеседника” (часопіс ЦК КПБ, які паліваў брудам Быкава, Адамовіча і Беларускі Народны Фронт). Усё нэгатыўнае і дрэннае, што цягам гадоў напісана і сказана пра Беларускае Адраджэньне Сьвятланай Алексіевіч, у маральным пляне ўсё ж менш нізкае, у параўнаньні з гэтай цытатай. Справа ў тым, што я ніколі ня меў зь ёй ніякай гаворкі. Я ня ёсьць асабіста знаёмы з С. Алексіевіч (як і яна са мной). Я не знаёмы зь ёй. Я бачыў яе адзін раз у асяроддзі іншых людзей (Я. Будзінаса і нейкіх маскоўскіх паэтаў) і, паўтараю, ні пра што зь ёй не размаўляў, нават пра надвор’е. Чалавек яна для беларускай справы чужы і варожы, яна мяне абсалютна не цікавіла. Уласна, на гэтым можна было б і скончыць – Алексіевіч хлусіць, размовы зь ёй увогуле не было. Але яна плюнула ў памяць пра дарагіх мне людзей. Мой бацька ваяваў на фронце і ў сьнежні 1944-га загінуў у барацьбе з нямецкім фашызмам. Мой родны дзядзька таксама ваяваў у Чырвонай арміі з гітлерскім нацызмам з 1941-га па 9-га лютага 1945-га і згарэў ў танку ва Усходняй Прусіі. Таму тое, што цяпер сказала Алексіевіч, гаворыць пра інтэлектуальную бессаромнасьць і маральны ўзровень гэтай асобы (не кажу ўжо пра дзікую ідэю і выказваньне, якое яна для мяне прыдумала). Дваццацігадовая расейска-камуністычная прапаганда па скрыўленьні майго вобразу (“Пазьняк–сын паліцая”, “Пазьняк сам быў паліцаем”, “Пазьняк расстрэльваў падпольшчыкаў”, “Пазьняк будзе вешаць камуністаў”, “Пазьняк пазбавіць пэнсыяў пэнсіянэраў”, “Пазьняк выганіць ўсіх рускіх” і г. д.) — даўно, яшчэ ў 90-ых, дасягнула парогавай мяжы — стварыла 15-20 адсоткаў апрацаваных людзей. Цяпер высілкі антыпазьнякоўскай прапаганды ў Беларусі накіраваныя на адчайнае падтрыманьне гэтага парогу. Наперад яны ўжо не прасоўваюцца. Прытым жыцьцё дубасіць гэтых “прапагандыстаў” так, што нават “Советская Белоруссия” і Лукашэнка вымушаныя прамаўляць ідэямі і словамі Пазьняка дваццацігадовай даўнасьці (ды яшчэ і як прамаўляць, адкуль толькі імпэт узяўся калі прыціснула!). Так што — “верной дорогой идёте, товарищи!”. І яны ідуць, як кот па жэрдачцы, і ў БЧС, і ў Балта-Чарнаморскі калектар, і ў Эўропу. І Расея, аказваецца, як яны ўжо лямантуюць, хоча захапіць Беларусь. (Бачыце — яны “прозрели”. Хаця ведаем мы гэтыя “войны” і разборкі двух мафіяў і чым яны заканчваюцца.) Але прапаганда супраць мяне не зьмяняецца. Я ўжо даўно не зьвяртаю на яе ўвагі. Парог, які яна асягнула, робіць мяне незалежным ад такой прапаганды, ад яе СМІ і ад яе журналістаў. (Могуць хоць на галаву стаць.) Што датычыць Алексіевіч, дык тут нюанс. Тут праца ўжо на Эўропу, на Брусэль, на “Нямецкую хвалю.” Ім хочацца стварыць зь мяне ў Эўропе страшылку, вобраз гэткага “Лі Пэна”. Беларусы нават не ўяўляюць, якая плойма агентуры, журналістаў і так званай “апазыцыі” працуе супраць мяне ў гэтым кірунку на Захадзе. І які ж вынік іхняй “супэрдзейнасьці”? Вынік такі – крах падстаўной апазыцыі ў Беларусі, а ў Прагу на саміт Усходняга Партнёрства паехаў Пазьняк. У беларусафобаў нейкае штампаванае зацыкленьне ў галовах. “Полицаи” і “против русских” – вось і ўся іхняя прапагандысцкая фантазія. Галоўнае ў іх шакаваць сьвядомасьць чытача (слухача), прыдумаць нешта такое, што зьверне на сябе ўвагу сваёй абсурднасьцю і, адпаведна, выкліча абсурднае ўяўленьне пра атакуемую асобу. Вось, напрыклад, ілюстрацыя такога мэтаду ў Алексіевіч: “Я помню, как Пазьняк призывал белорусов уходить в леса, партизанить и пускать под откос поезда в знак протеста по поводу объединения с Россией. А у меня в России на Радио «Свобода» тогда по этому поводу спросили: «Что делают сейчас белорусы?» А я говорю: копают картошку и закручивают банки, а революция - только в голове у Пазьняка.” Спасылка: http://belgazeta.by/20070910.36/480304471/ Навошта яна піша такую лухту? Ёзэф Гёбэльс гэта даўно растлумачыў: чым больш неверагодная хлусьня, тым хутчэй ёй павераць. І чым часьцей яна паўтараецца, тым лягчэй успрымаецца. Можна было зразумець камуністаў – яны пісалі пра мяне такім чынам, каб адвярнуць беларусаў ад Народнага Фронту, ад барацьбы за свабоду і нацыянальнае адраджэньне. Але гэта што такое? Дарэчы, вось яшчэ адно вымоўнае гаварэньне спадарыні Алексіевіч: “Наш народ у асноўным рускай сьвядомасьці”. І далей (ізноў жа пра нас, пра тых, што ў змаганьні здабывалі незалежнасьць Беларусі): “Яны не ўяўляюць рэальны народ, ён рускай сьвядомасьці. Адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы – гэта Лукашэнка”. І, нарэшце, апошняя нізасьць з гэтай прамовы: “Няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя. Пакуль мы (?) ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы (?) зноў загінем”. (І хто гэта “мы”?) (Радыё “Свабода”, 24 жніўня 2005 г.) Зьвярніце ўвагу, як беларусафобы трактуюць каштоўнасьці ў сваіх інтарэсах. За камунізмам яны казалі, што “главное не национальные особенности, а построение коммунистического общества”, казали аб “стирании национальных различий” на шляху да камунізма, аб адміраньні беларускай мовы (дзеля камунізму) і аб гаварэньні пры камунізме на “общечеловеческом языке” (чытай – на расейскай мове) і г. д. Цяпер ужо “камунізм” замянілі “дэмакратыяй” і сталі “дэмакратамі”. І тут прыстасаваліся і смокчуць ужо дэмакратычную суслу. Галоўнае ня мова, маўляў, а “дэмакратыя”. Дэмакратыя über alles. Ня так даўно Алексіевіч прыехала ў Нью-Ёрк і, выступаючы на Брайтане, назвалася рускай пісьменьніцай, насьледніцай Чэхава і Талстога. Дык хай бы і заставалася такой, як пра сябе думае. Аднак жа не, падладжваецца пад беларусаў, удае “боль за Белоруссию”, “інтэлігентна” паплёўваючы ў душу гэтай “Белоруссии”, дзе толькі можа. За саветамі ніякай мінімальна крытычнай пазыцыяй да савецкага рэжыму яна не вызначалася. У часы беларускай нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыі 1988-91 гг. яе і зблізку ніхто ня бачыў каля Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага руху (і камэнтароў не давала). Затое цяпер, калі можна беспакарана валіць на беларушчыну, яна выказалася бяз сораму і сумленьня. Крайне непрыемна пісаць пра нізасьць, але ўсяму ёсьць мяжа. Для мяне такой мяжой зьяўляюцца так званыя “паліцаі”. Калі чалавек апускаецца ўжо да “паліцаеў”, то гаварыць зь ім няма пра што, ён траціць у маіх вачах усялякую павагу. Шчыра кажучы, я ня думаў, што Алексіевіч здольная дайсьці аж да самага дна. Аказваецца, здольная, ды яшчэ й з думай пра “судьбы народные”. Прытым, заўважце з увагі на трагічную гісторыю і гібель маёй сям’і за часы вайны (сьмерць на франтах у Чырвонай арміі і тэрор НКВД) — ведаюць ілгуны, дзе забаліць і куды, у якія раны свае брудныя пальцы ўсунуць. Аднак, паўтаруся, усё, што такія асобы кажуць, гавораць, пішуць і будуць пісаць супраць мяне, супраць маіх паплечнікаў, супраць беларушчыны, — даўно ўжо напісана іхнымі папярэднікамі. І ўсё, што яны пішуць, — гэта сьведчаньне супраць іх жа самых. Ня думаю, што людзі пра гэта забудуць. 30 чэрвеня 2009 г. Нью-Ёрк Зянон ПАЗЬНЯК ЦЕНІ РЭЖЫМУ 4 ліпеня 2009 г Палітыка – гэта найвышэйшая сфэра грамадзкай дзейнасьці. Але яна мае тую асаблівасьць, што ў ёй, як у футболе, “разьбіраюцца” ўсе, і кожны на стадыёне радзіць сваё “мыла на суддзю”. Таму палітык таксама мусіць прызвычаіцца да ўсяго. Нічога не павінна яго зьдзіўляць. Выдумка Сьвятланы Алексіевіч (у інтэрв’ю для “Нямецкай хвалі”) пра “паліцаяў”, дзе яна прыпісала мне ўсхваленьне нямецкіх “паліцаяў” (чаго ў сапраўднасьці не было), (спасылка: http://charter97.org/ru/news/2009/6/29/19587/ ; http://pbpf.org/art.php?art=113&cat=3&lang=be ) і спроба зноў навесіць на маё імя старыя камуністычныя ярлыкі наштурхнула мяне на думку паглядзець бліжэй некаторыя яе інтэрв’ю і выказваньні, якія я раней звычайна прапускаў ці праглядаў па дыяганалі. Словам, прагледжаны матэрыялы з 2004 па 2009 гг. — ўсё, што датычыць яе вусных выступаў (інтэрв’ю) пра грамадзтва і палітыку за апошная пяць гадоў. (Яе журналісцкая творчасьць у разгляд не ўваходзіць.) Тое, што Алексіевіч — гэта савецкі тыпаж, беларусафоб і “каша ў галаве”, было зразумела даўно, але ўважлівы прагляд матэрыялаў за апошнія пяць гадоў выявіў вельмі цікавыя акалічнасьці. Аказваецца, саўковасьць свайго думаньня і натуры ўсьведамляе сама Алексіевіч і неаднаразова падкрэсьлівае гэта: “Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі”. (Спасылка: http://www.3dway.org/node/9136 ) (Праўда, часам яна прыводзіць неадпаведныя прыклады для доказу сваёй савецкасьці; але гэта дробязі). Зь яе разважаньняў паўстае натура, гнаная ўнутраным страхам перад пераменамі, якая ні ў што ня верыць, ня мае ніякіх сьветлых ідэалаў, перапоўненая неакрэсьленай трывогай за будучыню і пэсымізмам. У меркаваньнях часта пазыцыянуе сябе як “мы” і блытаецца са сваім нацыянальным паходжаньнем. Гэта відаць, напрыклад, з інтэрв’ю расейскаму штотыднёвіку “Аиф” (№28), 2006 г.: “Сегодня время великих идей кончилось”. І далей: “Каждый из нас может вспомнить моменты, когда он был счастлив. Но, к сожалению, это только моменты. А нам, русским, даже этот скоротечный мир счастья не знаком. Мы его боимся.” Потым зноў працяг у такім жа дэпрэсіўным стылі: “Может, такова человеческая природа вообще – нам всегда мало того, что у нас есть? Или это мы, русские, на нашем участке суши, где бескрайние пространства, бесконечные дороги, – такие люди?” Усе гэтыя выказваньні нейкія ненатуральныя, нагадваюць нейкую дрэнную літаратуру. І ў завяршэньне гэтага сьпісу цытую яе ўяўленьні, што выходзяць за межы здаровага сэнсу: “Почему-то все, с кем бы я ни разговаривала, повторяли одну фразу: “Человек в нечеловеческих условиях превращается в животное за три дня”. На войне, мучимый страхом смерти, в лагере с жутким унижением. То, что веками накопила культура, вся эта шелуха мгновенно слетает, и вылезает зверь, который не хочет умирать. Страх смерти, наверное, самый большой страх, который в нас заложен”. Выходзіць за межы сэнсу, – бо тое, што яна кажа і як думае, у сапраўднасьці выглядае ў прынцыпе ня так. Усё наадварот – культура і дух трымаюць чалавека чалавекам у невыносных умовах (і асабліва – вера). Гэта агульнавядома і пацьверджана вопытам чалавечай гісторыі і людзкога мартыралогу. Тут усё, што сказана Алексіевіч, элемэнтарная няпраўда. І “страх сьмерці” ня самы вялікі страх, і культура не зьлятае “за тры дні”, і не “шалупіньне” ёсьць культура, а сутнасьць чалавецтва. За такімі дэпрэсіўнымі фразамі ўжо стаіць нехта з рагамі. І гэта дрэнна, бо сьвет і чалавек – іншыя. З пазыцыі рацыянальнага асэнсаваньня, вышэйпрыведзеныя выказваньні не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Гэта проста глупствы, што часта без засяроджаньня праходзяць міма вушэй слухача, які ня ўслухваецца ў плынь экзальтаванай сьведамасьці. Усе яе маналогі адзначаны такой “завумнай”, містыфікаванай сацыяльна-бытавой банальшчынай, вельмі падобнай на слоўны вадаспад Лукашэнкі (толькі лексіка іншая). “На чым трымаецца адчуваньне, што мы беларусы? – задае сабе райкінскае пытаньне Алексіевіч. – На крыўдзе на ресейцаў, яны багатыя, а мы…” (Спасылка: http://www.svaboda.org/content/article/759626.html ) Некалі расейцы называлі такога тыпу разважаньні тэрмінам “боты ўсьмятку”. Толькі ўдумайцеся, што яна тут гаворыць! Але нават і гэта даволі адпаведна кладзецца на мэнтальнасьць савецкага чалавека, якую яна ўсьведамляе, разумее і якой ганарыцца. Беларускі народ у яе – гэта ў асноўным сяляне-калгасьнікі, “маленькі любімы мной беларус, катораму сапраўды хапае гэтага гаршчка капусты”. (Спасылка: http://www.svaboda.org/content/Transcript/1351319.html ) Вось такая любоў і такі ў яе “беларус”. (Нешта тут цягне нават не на савецкую, а яшчэ на царскую прапаганду, да Пшчолкі і Саланевіча). Дарэчы, тут выяўлена таксама тыпова савецкае (ненацыянальнае) уяўленьне пра народ. Саветы народам лічылі працоўныя масы, якія займаюцца ручной працай (была “партыя” і быў “народ”; “партия” і “народ” былі “едины”). Практычна, усе яе маналёгі напоўненыя такой саўковай безвыходнасьцю (“ня ведаю, што рабіць”; “мы абсалютна без пастыраў”; “доўга гэты прамежкавы стан не пратрымаецца. І ня будзе беларускай дзяржавы;” “нас чакаюць вельмі цяжкія часы;” “скончыўся час вялікай гісторыі;” “людзі расчараваліся ва ўсіх ідэях”; “беларусы – нацыя, якая спазьнілася, сыходзіць зь вялікай гісторыі;” “мы, беларусы, недафармаванае цела…”) – і гэтак далей, цэлы сеанс суіцыднага мазахізму. (Спасылкі: http://www.svaboda.org/content/article/759626.html ; http://gazetaby.com/index.php?sn_nid=7467&sn_cat=35 і інш.) Тут, аднак, збольшага ўсё псіхалёгія і мэнтальнасьць. Ідэалёгія і сьветапогляд цяперашняга саветызму – гэта ёсьць лукашызм, і выяўляецца ён у адносінах да Лукашэнкі і да беларускага нацыянальнага Адраджэньня ці да нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. Ва ўсіх матэрыялах Алексіевіч, прагледжаных мной, нідзе ні разу няма крытыкі з непрыняцьцем Лукашэнкі. Хвала савецкаму дыктатару пабудавана на інверсіі і вымаўляецца цераз агаворкі і ўмоўныя адступленьні лёгка-крытычнага і (у асноўным) пазыцыйнага стану. Вось тыповае (шмат дзе паўторанае) выказваньне: “Я не прыхільніца Лукашэнкі, але Беларусь, як тое ня дзіўна, трымаецца на ім.” (Спасылка: http://gazetaby.com/index.php?sn_nid=7467&sn_cat=35 ). Зрэшты, працытуем болей: “Ня ўсё проста і з Лукашэнкам. У любові да яго мяне аніяк нельга абвінаваціць. Але ён здолеў прадоўжыць сацыялізм – заключыў з насельніцтвам сацыяльны кантракт. І цяпер у параўнаньні з Расеяй у нас сапраўды абаронены студэнт, абаронены бедны чалавек, стары чалавек.” (Спасылка: http://www.svaboda.org/content/Article/1120432.html ). (Тут адкрыты лукашызм і апалагетыка калгаснага рэжыму, ня кажучы, што гэта грубая нацяжка.) “Лукашэнка ёсьць і будзе такім, якім хоча народ. У яго чуцьцё неверагоднае, і ў гэтым ён нашмат наперадзе нас. Ніхто ня будзе падазраваць мяне ў любові да цяперашняй улады, але я магу сказаць, што менавіта гэтая асоба захавала незалежнасьць Беларусі, дала эканамічную стабільнасьць…” (Спасылка: http://www.svaboda.org/PrintView.aspx?Id=789011 ) Які ўзорны панегірык!. Усё, як у савецкай дзіцячай песеньцы: “Я Ленина не видел, но я его люблю“. І далей ужо і пра “славянаў”: “Магчыма, ён (Лукашэнка) выправіў памылку, калі ўся постсавецкая прастора кінулася ў гэты амэрыканскі варыянт капіталізму, які не падыходзіць ані славянскай мэнтальнасьці, ані славянскай гісторыі.” (Тамсама). “Лукашэнка здолеў даказаць, што ў сацыялізма застаўся рэсурс, што ён ня быў выпрацаваны, што, дарэчы, гаворыць на карысьць Гарбачова, яго маштабу.” (Спасылка: http://www.3dway.org/node/9136 ) “Лукашэнка маштабу Гарбачова” – ну чым ні элегантны камплімэнт! Толькі памылка тут ёсьць — псіхалягічная. Лукашэнка мроіць сябе вышэй за Гарбачова. Але затое працяг славаблудзтва вельмі вымоўны: “Лукашэнка ўскосна даказаў, што калі б у нас былі больш разумныя кіраўнікі, то разьвіцьцё магло б пайсьці іншым шляхам, шляхам народнай дзяржавы, народнага капіталізму, а не намэнклятурнага і не прыхаванага, як у нас зараз.” (Тамсама). Даўно вядома, што “президенту мешают” і што кіраўнікі ў нас неразумныя. Вось тое і яно. Алексіевіч жа тут проста “вумніца” і разумніца. Усё “сячэ”! (Дарэчы, і называе тут яна Лукашэнку ласкава: “наш лідар”.) Між іншым камуністы таксама лічаць, што сацыялізм – харошы, толькі ў СССР яго “сказілі”. Але калі ганарыцца саўковымі комплексамі, то што тут скажаш. Як напісала Аляксандра Дрынеўская, “Лукашэнка і Алексіевіч – гэта Адам і Ева”. “Народны давер да Сьвятланы Алексіевіч набліжаецца да абсалютнага”. (Спасылка: http://arche.bymedia.net/3-1999/andry399.html ). І Дрынеўская, відаць, верыць, што так, як яна піша, так яно і ёсьць. Бадай, найбольш антыпраўнае, антыканстытуцыйнае парушэньне за апошнія дзевяць гадоў новага стагоддзя Лукашэнка зрабіў у 2004 годзе, калі правёў незаконны рэфэрэндум аб бесканцовым тэрміне прэзыдэнцтва і сфальсіфікаваў галасаваньне. І незаконнасьць, і фальсіфікацыя былі відавочныя. Народны Фронт, дэмакраты і міжнародная супольнасьць не прызналі гэты рэфэрэндум з прычыны яго антызаконнасьці, антыдэмакратычнасьці яго арганізацыі і галасаваньня. Што кажа з гэтай нагоды Алексіевіч? А вось што: “Я павінна прызнаць, што гэта – перамога Лукашэнкі, як бы мы сябе ні суцяшалі.” (Ізноў жа, хто гэта “мы”?) І далей: “Мы ня ведалі ўласны народ… А ён аказаўся вось такі, і ён слухае гэтага чалавека, ён выбірае гэтага чалавека”. (Спасылка: http://www.svaboda.org/PrintView.aspx?Id=789011 ) Магчыма, ніхто на гэтыя словы не зьвярнуў увагі і не заўважыў. Алексіевіч не палітык, і ці мала там хто тады што гаварыў. Але, тым ня менш, пазыцыя тут выяўленая дакладна, нягледзячы на ўвесь слоўны “дэмакратычны антураж”. Пазыцыя (ізноў жа) тыпова саўковая. Больш таго – яна лукашысцкая (народ, маўляў, “слухае” і “выбірае” Лукашэнку). Хаця вядома, што гэта былі за “выбары” і што за “галасаваньне”, і як пакарысталіся народам. Істотна выдзеліць, што тут у паводзінах Алексіевіч ідзе ад натуральнага савецкага чалавека, а што ад “лукавага” (гэта значыць – ад “хітрага”). Ад “лукавага” тое, што, маўляў, “я” як бы і ў апазыцыі да рэжыму і крытычна стаўлюся да Лукашэнкі, але каб ні ён… і г. д. Значыцца, адначасна я ўзурпатара і хвалю, бо трэба, маўляў, аб’ектыўна падыходзіць да справы (некалі так Лукашэнка “аб’ектыўна” пахваліў Гітлера). Такая нескладаная камбінацыя дазваляе вяшчаць за дэмакратыю і здавацца ўсім (асабліва на Захадзе) “передовой женщиной” і нават апазыцыянеркай. Адначасна “мудрасьць” “аб’ектыўнай пазыцыі” дазваляе хваліць Лукашэнку, абзываць, бэсьціць нацыянальна-дэмакратычны рух і негалосна зарабляць авансы на цярплівасьць рэжыму. У народзе такога кшталту паводзіны называюць, праўда, па-свойму, але з-за цэнзурных меркаваньняў я тут гэтае слова напісаць не магу. Аднак справа ня ў гэтым. Пазыцыя пахвалы ўзурпатару, выказаная праз агаворкі, павінна, па законах лукашызму, ўраўнаважвацца пазыцыяй нянавісьці да ворагаў “правіцеля”. Інакш гэта ня тое (не сапраўдная пазыцыя). Для Алексіевіч тут няма ні праблемаў, ні цяжкасьцяў, антынацыянальная рыторыка льецца вольна і нязмушана, пераходзячы ў беларусафобскія нападкі, у залежнасьці ад настрою. “Яны (гэта значыць нацыяналісты, апазыцыянеры) не ўяўляюць рэальны народ, ён рускай сьвядомасьці, — вяшчае аўтарка. — Адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы – гэта Лукашэнка.” (Радыё “Свабода”, 24 жніўня 2005 г.) Адкідваюцца, перш за ўсё, нацыянальныя каштоўнасьці: “Няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя. Пакуль мы (?) ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы (?) зноў загінем”. (Тамсама). (І хто гэта “мы”?) Але гэтага выказваньня яшчэ мала. Лягічна павінны зьявіцца нападкі на антыподаў дыктатара, на палітычных ворагаў антыбеларускага рэжыму. І яны зьявіліся, як па раскладу, і вельмі экстравагантныя. “Я помню, как Пазьняк призывал белорусов уходить в леса, партизанить и пускать под откос поезда в знак протеста по поводу объединения с Россией.” (Спасылка: http://belgazeta.by/20070910.36/480304471/ ). Прытым, хлусячы і вымаўляючы несусьветную лухту, яна яшчэ яе і “памятае”. Альбо апошняя (“клясычная”) выдумка для “Нямецкай хвалі” пра нямецкіх “паліцаяў” “Я помню свой тогдашний разговор с Зеноном Позняком, — ізноў “памятае” Алексіевіч, — услышанное повергло меня в ужас. Он говорил о том, что надо создать общество памяти полицаев, кто защищал, якобы, Беларусь.” (Спасылка: http://charter97.org/ru/news/2009/6/29/19587/ Зьдзіўляе, чаму яна (ня будучы знаёмай са мной) так бессаромна ілжэ пра сваю нібыта “памяць”. Зрэшты, можна не зьдзіўляцца. Такія паводзіны вынікаюць з патрабаваньняў парадыгмы лукашызму. Непрыняцьце апанентаў (ворагаў прэзыдэнта) мусіць быць зафіксавана. Інакш нельга засьведчыць лаяльнасьць узурпатару. І праяўляецца яно (гэтае непрыняцьце) праз такую вось агрэсію. (У “паліцаяў” пастаянна бавілася камуністычная прапаганда. Цяпер такія “гульні” – гэта тэст на маральны ўзровень тых, хто імі займаецца.) Мушу сказаць, што я ня першы, хто зьвярнуў увагу на прычынную і нацыянальна нігілістычную абумоўленасьць выказваньняў Алексіевіч пра беларускі дэмакратычны рух. У 2005 годзе, пасьля яе палітычна непісьменных і непаважлівых словаў пра беларускую мову і дэмакратыю, выказаных у час грамадзкай дыскусіі аб перадачах “Нямецкай хвалі”, з ацэнкамі такіх яе паводзінаў выступіла Алеся Сёмуха (адвакат, сябра Рады БНР; у 1989-90 гг. Сябра Сойму БНФ). У сваім артыкуле “Проста дэмакратыі – няма”, надрукаваным у верасьнёўскім (512) нумары “Беларуса”, яна дакладна ахарактарызавала гэты прыклад савецкага нігілізму і правяла, мякка кажучы, “лікбез” па нацыянальна-дэмакратычнай палітыцы. Алеся заўважыла, што “Алексіевіч, фактычна, прыняла на сябе цяжар аргумэнтаў самога Лукашэнкі… Першы — спачатку пабудуем палітычны лад па маім сцэнары, а тады й астатнім ідэям знойдзецца куток. Другі – у паразах вінаватыя нацыяналісты.” “Было б цікава пабачыць хоць адзін прыклад пасьпяховай пабудовы дэмакратыі без нацыянальнай сьвядомасьці, — піша Алеся. – Што да аргумэнтаў кшталту “няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя”, дык гэта і ёсьць Вялікая Утопія. Проста дэмакратыі – няма. Нават у найстарэйшай заходняй дэмакратыі, ЗША, спачатку была Дэклярацыя пра незалежнасьць і змаганьне з Торыс, прыхільнікамі каляніяльнай улады, потым Канстытуцыя, а ўжо пазьней дадаткам да Канстытуцыі — дэмакратычныя правы і свабоды. …Нацыянальна-дзяржаўная сьвядомасьць усіх дэмакратычных дзяржаў нашмат старэйшая за дэмакратыю і ўжо ніяк ня ёсьць яе складнікам. Так што або працягвайма марыць пра проста дэмакратыю, або будзем запрагацца ў доўгі і нялёгкі працэс нацыятворчасьці, калі сапраўды хочам ад людзей дэмакратычнага выбару. …Расейска-культурная дзяржаўная беларуская сьвядомасьць – гэта тая хімера, якую будуе Лукашэнка, толькі яго мэты ясныя – далучыцца да Расеі на прывабных для яго пэрсанальна ўмовах, а вось мэты некаторых расейскіх дэмакратаў у Беларусі або цьмяныя, або завуаляваныя. Бо з такой сьвядомасьцю (нават калі ўявіць, што яна магчымая) ў асобнай дзяржаве Беларусь няма патрэбы. І нават калі такая дзяржава нейкі час праіснуе, дамінуючая расейская сьвядомасьць немінуча пачне перасьледаваць нацыянальную беларускую сьвядомасьць, зьнішчаць яе і цягнуцца да культурнай і палітычнай мэтраполіі. “Менавіта за агрэсіўнасьць, — адзначае Алеся, — я лічу непавагу спн. Алексіевіч да перакананьняў і адчуваньня нацыянальнае тоеснасьці людзей, што складаюць нацыянальную апазыцыю і не абавязкова апазыцыю. Абвінавачваць іх у неразуменьні ейных “вышэйшых” мэтаў ды вымагаць падпарадкаваньня ім і ёсьць агрэсія.” Ёсьць яшчэ адзін характэрны момант (і бадай ці ня самы істотны), які закранула Алеся Сёмуха, але не патлумачыла яго эўфемістычную форму – гэта палітычна пераносны тэрмін “рамантызм” у побытавым разуменьні С. Алексіевіч. Палітычны “рамантызм” у яе ўяўленьні – гэта эўфемізм Беларускай Нацыянальнай ідэі і дзеяньняў, накіраваных на пашырэньне беларускай нацыянальнай сьведамасьці. Тут (як і паўсюдна) у яе шмат блытаніны, але сэнс, што пад гэтым разумеецца, добра праглядаецца ў кантэксьце ўсяго таго, што яна ў апошні час нагаварыла. Таму і выскокваюць яе заявы кшталту ”рамантызм сёньня злачынны” ці “пара сканчаць з нацыянальным рамантызмам” і г. д. Моц Беларускага руху ў тым, што ён быў заўсёды рухам ідэёвым. Ідэя – першасная сіла. Яна асьвячае, уздымае, арганізуе і вядзе. Той, хто валодае Нацыянальнай ідэяй, той валодае будучыняй. Гэта аксіёмы. Непрыяцелі беларушчыны заўсёды стараліся цэліць найперш у ідэю. Пасьля гістарычнай перамогі БНФ у 1991 годзе і здабыцьці незалежнасьці Беларусі прайшло шмат часу, адбылася рэстаўрацыя (дакладней – рэвалярызацыя) савецкай сацыяльнай сістэмы, усталяваўся антыбеларускі аўтарытарны рэжым, змагароў за незалежнасьць трактуюць як ворагаў Беларусі (разумей — рэжымнай улады). І тут, у гэты час, у адпаведных колах, у друку пачалі зьяўляцца выказваньні, што, маўляў, дыктатура сталася таму, што недапрацавалі фронтаўцы, бо былі рамантыкамі, а рамантызм у палітыцы шкодны і г. д. Вось нескладаная мэтодыка для збэшчаньня ідэйнай зброі змаганьня (зброі, якая забясьпечыла перамогу). Адначасна, увёўшы новы ярлычок (“рамантызм”) і не называючы сутнасьць, можна фабрыкаваць абвінавачваньні. Гэтым мэтадам карыстаюцца непрыяцелі Беларусі і людзі, якія не разумеюць, што гавораць і ня ведаюць, чаго хочуць. Адгалоскі такога падыходу, зразумела, відаць і ў Алексіевіч, якая нават аб’явіла “рамантызм” “злачынствам” (што, праўда, само па сабе гучыць сьмешна). Непрыяцелі Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, якія разважаюць пра “дэмакратыю”, рана ці позна становяцца ў адну запрэжку з антыбеларускім рэжымам. Бо рэжым — іхны натуральны саюзьнік. Мы бачым, як ідэалёгія антыбеларускага рэжыму (а раней савецкага), ігнараваньне беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў і рэжымная рэчаіснасьць выбудавалі думаньне Алексіевіч, калі не ў сістэму, то ў акрэсьленую пазыцыю звыклага лукашызму, да якога яна ставіцца быццам бы ў “апазыцыі”, але на справе апраўдывае яго існаваньне. Яна, і падобныя да яе, стыхійна знаходзяцца ў сфэры думаньня і падыходаў каляніяльнай плятформы “статус-кво” і “непрадрашэнства” (хаця можа і ня ведаюць, што гэта такое). Яны не разумеюць сістэмы палітыкі ўнутранай акупацыі, але тым ня менш ніколі не памыляюцца сабе на шкоду і нічога ня робяць на карысьць нацыянальным змагарам, для разьвіцьця нацыянальнай палітыкі. Гэта ёсьць сацяльнае залюстроўе, цені рэжыму, працяг яго люстранога існаваньня, вынік якога – адзін і той жа: пагібель беларушчыны, нішчэньне беларускай культуры. Адносіны да Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, да барацьбы за вольную беларускую Беларусь, за яе мову і будучыню, ёсьць адзіным компасам у цяперашнім становішчы. Гэта “магнітная стрэлка”, якая пазначае, фармуе і парадкуе шлях. Альбо-альбо. Альбо з антыбеларускім рэжымам, альбо з Нацыянальнай ідэяй і будучыняй Беларусі. 4 ліпеня 2009 г., Нью-Ёрк Зянон ПАЗЬНЯК 18/10/2015 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |