Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Віктар Сувораў: Рэжым Пуціна ўжо абрынуўся, а сам ён – хадзячы палітычны труп Наталія Двалі: Паўтара гады таму ў інтэрв’ю выданьню “ГОРДОН” вы заявілі, што рэжым Пуціна абрынецца ў ліпені 2015-га. На двары ўжо кастрычнік, а ў Крамлі як быў, так і ёсьць той, хто быў апошнія 15 гадоў… Віктар Сувораў: Я ад сваіх словаў не адмаўляюся. Больш таго, рэжым Пуціна ўжо абрынуўся. Н.Д.: Вы ўпэўнены? В.С.: Кошты на нафту папаўзьлі ўніз, уніз і ўніз, а рубель – угару, угару, угару. Так што, грамадзяне, не расчароўвайцеся і не папікайце мяне ў фальшывых прадказаньнях. Паверце, я маю рацыю. Рэжым Пуціна зараз падобны на вялікае дрэва, што згніло знутры: дастаткова пальцам крануць і яно заваліцца, але гэтага пакуль ніхто не зрабіў. Яшчэ пяць гадоў таму прэзыдэнт Расеі мог надзець швэдар, прыехаць у Вялікую Брытанію, абняць ангельскага прэм’ер-міністра, зайсьці зь ім у бар і выпіць піва. Цяпер гэта скончылася. Назаўжды. Пуцін – хадзячы палітычны труп. Сваім уварваньнем ва Украіну ён ня проста сапсаваў адносіны двух народаў, але паламаў усю міжнародную сістэму бясьпекі. Не разумею, чаму з прэзыдэнтам РФ наогул вядуць перамовы. Ведаеце, хто з украінскіх патрыётаў сказаў: “Переговори з окупантами на твоїй землі можуть тривати не довше автоматної черги”? Н.Д.: Галоўнакамандуючы Украінскай паўстанцкай арміі Раман Шухэвіч? В.С.: Не, ягоны пераемнік Васыль Кук. Хіба можна верыць Расеі пасьля таго, як яна парушыла Будапэшцкі мэмарандум? Як можна зноў сядаць за стол перамоваў з тымі, хто ня выканаў сваіх абвязацельстваў? Н.Д.: Вы зараз пра ЗША і Вялікую Брытанію, якія таксама гарантавалі Украіне сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць у абмен на ядзерную зброю? В.С.: Адкажу словамі мудрых рымлянаў, якія дзьве з паловай тысячы гадоў таму казалі: “Si vis pacem, para bellum” альбо “Калі хочаш міру – рыхтуйся да вайны”. Так, патрэбны мір. Але каб ён наступіў, самому трэба стаць моцным. У наш страшны час паважаюць толькі моцных. Н.Д.: Вы прапануеце афіцыйнаму Кіеву перайсьці ў наступ і сілай вызваліць акупаваныя тэрыторыі? В.С.: Я толькі кажу, што ні пры якіх абставінах нельга давяраць агрэсару. Перамовы павінны быць кароткімі, як аўтаматная чарга, нават калі вораг моцны. Каля вялізны сабака бачыць, што маленькае кацяня гатовае сваімі кіпцюркамі парваць яму пысу, ён ня кінецца. Украінскі народ абудзіўся, гэта самае галоўнае. Колькі ў каго аўтаматаў і ракет – лухта, галоўнае – жаданьне ваяваць. У гісторыі ёсьць мноства прыкладаў, калі маленькія арміі перамагалі магутнага ворага. У 1967 годзе, калі я вучыўся ў Кіеўскай вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльне імя Фрунзе, пачалася вайна паміж арабамі і Ізраілем. Арабы пачварна пераўзыходзілі і па колькасьці, і па забесьпячэньню, увесь сьвет быў упэўнены: Ізраілю канец. Але ёсьць Галіяф, а ёсьць Давід, якому дастаткова толькі разік тыцнуць, каб вялізны Галіяф паваліўся. Н.Д.: Пад Давідам вы маеце на ўвазе Украіну? В.С.: Справа ня ў тым, у каго якая моц, а ў справядлівасьці, якая на баку Украіны. Жаданьне і ўменьне ваяваць у вас ёсьць. Што тычыцца Расеі… Калі армія і дзяржава хаваюць дадзеныя пра страты, калі патаемна хаваюць вайскоўцаў у безыменных магілах, калі ўдовы атрымліваюць кампэнсацыі і маўчаць у шматачку, калі жонкі адмаўляюцца ад мужоў-ваеннапалонных – дзяржава, у якой адбываюцца такія рэчы, ня можа лічыцца магутнай. Н.Д.: Можа, Расея і не такая магутная, як здаецца, але яна мае ядзерную зброю. В.С.: Вось і я кажу, што парушэньне Будапэшцкага мэмарандума значна шырэй, чымсьці проста ўкраінская праблема. Цяпер ніводная краіна не давярае гарантыям з боку Расеі, ЗША і Вялікай Брытаніі: маўляў, Україна паверыла, дабраахвотна аддала 1240 ядзерных зарадаў і пракалолася. Зараз ледзь не кожная дзяржава будзе імкнуцца да стварэньня ядзернай зброі, бо ўсьведаміла: заходнія джэнтльмэны нічога рэальна не гарантуюць. Украінскі народ павінен раз і назаўжды вынесьці адзін урок: нікому з заходніх альбо ўсходніх партнёраў больш ніколі нельга верыць. Трэба закусіць губу і не баяцца застацца ў самоце. Трэба баяцца не калі мы самы, а калі мы нуль. Україна – ня нуль, гэта краіна з сьветлай будучыняй, бо яе народ працягвае змаганьне за незалежнасьць. Дарэчы, Україна мае поўнае маральнае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял. Н.Д.: Мяркую, справа ня ў праве, а ў каласальных сродках, якія спатрэбяцца для распрацоўкі ядзерных баегаловак. В.С.: Дык замоўце ядзерную зброю ўкраінскім валанцёрам, яны дакладна дастануць! Толькі ня трэба пра гэта на ўвесь сьвет зьвягаць, трэба ціха і без шуму прыступіць да распрацовак. Я цалкам сур’ёзна. Мы даўно жывем у пачварным сьвеце, калі асобныя дзяржавы, не давяраючы суседзям і не афішуючы, ужо стварылі ядзерную зброю. Н.Д.: Вы пра якую дзяржаву канкрэтна кажаце? В.С.: Пра Ізраіль, напрыклад. Ён ніколі афіцыйна не прызнаваў сябе ядзернай дзяржавай, але ў тым, што мудрыя габрэі нешта ядзернае маюць – нават не сумнявайцеся! Чым жа мудрыя ўкраінцы горшыя? Трэба ціха-мірна прыступіць да стварэньня ядзернай зброі. А калі прыпячэ, паціснуць плячыма: вой, выпадкова само выйшла. Была майстэрня па вытворчасьцт ложкаў, а глянь, што ў выніку атрымалася… Даруйце, але ЗША, Вялікая Брытанія і Расея шчыра кінулі Украіну. Кожная падобная памылка ў міжнароднай палітыцы павінна стацца для ўкраінскай улады трамплінам для новага скачка наперад. Н.Д.: Вы вельмі даўно жывеце ў Англіі. Як брытанцы ставяцца да ўкраінска-расейскай вайны? В.С.: Людзі на Захадзе жывуць вельмі добра і камфортна, таму і моцна расслабіліся. Найвялікшы амэрыканскі псіхолаг Дэйл Карнэгі аднойчы сказаў: “Для заходняга абывацеля ўласны чыр больш балючы, чымсьці сьмерць суседа альбо голад у Кітаі, дзе паміраюць мільёны людзей”. Гэта было сказана 100 гадоў таму, але дагэтуль актуальна. Праблемы Украіны для заходніх грамадзян далёкія. Галоўнае, каб іх ніхто не чапаў. Н.Д.: Дзеля справядлівасьці, і ўкраінскага абывацеля ня надта хвалююць голад у Афрыцы, землятрус у Нэпале альбо выбухі ў Кітаі. В.С.: Згодны, абывацель паўсюль аднолькавы. Ня варта яго крытыкаваць, гэта чалавечая прырода. Але калі я тым жа ангельскім журналістам распавядаю пра Будапэшцкі мэмарандум, у іх вочы на лоб лезуць. “Праўда, быў такі дакумант?” Пра гэтае пагадненьне ўжо ніхто не памятае! А мае словы ўспрымаюць як нетактоўныя і недыпламатычныя: маўляў, чаму ты нас папікаеш? Натоўп заўсёды натоўп, гісторыю ствараюць альбо невялікія групы людзей, альбо самотныя асобы. І мы павінны з гонарам усьведамляць, што ў дадзены момант украінскія пасіянарыі абудзіліся і вядуць за сабою ўвесь народ. Гэтага няма ні ў Расеі, ні ў большасьці заходніх краін. Менавіта таму я цалкам спакойны за будучыню Украіны: вашая актыўная меншасьць павядзе за сабою тых, каму несапраўдная стабільнасьць і кілбаса па 2, 20 важней за свабоду і незалежнасьць. Н.Д.: Пасьля першага Майдана 2004 года пасіянарыяў і патрыётаў было ня менш, але грызьня ўнутры “памаранчавай кааліцыі” скончыліся рэваншам Януковіча і Партыі рэгіёнаў. Вам не здаецца, што ёсьць вялікая рызыка паўтарэньня 2010 года? В.С.: Адкажу вам словамі яшчэ аднаго мудрага ўкраінца: “Нам не страшні московські воші, нам страшні українські гниди”. Прыгожа, так? Н.Д.: А чыя гэта цытата? В.С.: Сымона Васільевіча Пятлюры! Я калі яе прачытаў, падумаў, што ва Украіне заўжды былі, ёсьць і будуць людзі мудрыя, якія разумеюць сутнасьць праблемы. Менавіта ўнутраная грызьня зьвяла Памаранчавую рэвалюцыю і выбух народаўладдзя да будаўніцтва палацаў і пакупцы залатых батонаў з унітазамі. Але народ усьведаміў сваю памылку і зноў выйшаў на Майдан, цяпер ужо ў 2013 годзе. Менавіта таму я абсалютна перакананы: калі Україна зноў саб’ецца з правільнага шляху, адразу ж знойдуцца людзі, якія выйдуць на трэці Майдан. Гэта будзе апошні і рашучы бой. Н.Д.: У вас няма адчуваньня, што Украіне наканавана штодзесяць гадоў выходзіць на Майдан? В.С.: Гістарычныя працэсы прысьпешваюцца. Калі паміж першым і другім Майданам прамінула 10 гадоў, то зараз будзе хутчэй. Плюс Расея дзейнічае ў якасьці каталізатара. Не было б яе, усе працэсы ва Украіне ператварыліся б у балота. Сваёй дурацкай палітыкай Крэмль назаўжды згутраваў усіх грамадзян Украіны. Хлопцы, якія былі на Майдане, ваявалі на Данбасе, адстаялі свабоду – набылі такі досьвед самаарганізацыі, што больш не дазволяць уладзе скаціцца ў сваркі. Акрамя таго, паводле даўняй украінскай традыцыі, десь за хатою хлопці приховали нейкую зброю. Так што сітуацыя зараз кардынальна іншая: ва ўлады больш не атрымаецца карміць народ пагаданкамі, таму што ёсьць узброеныя і ўпэўненыя ў сябе байцы, гатовыя праліць кроў ня толькі на полі бою. Яны не дапусьцяць, каб Україна зноў спаўзла ў тое ж балота, у якое занурылася пасьля Памаранчавай рэвалюцыі. Н.Д.: Мяркуючы па апошніх карупцыйных скандалах, людзі, што ваявалі ў АТА і сталіся народнымі дэпутатамі альбо дзяржслужачымі, таксама ўліваюцца ў сістэму. В.С.: Адзінае спадзяваньне, што будзе праведзена чыстка. Не хачу карыстацца замежным тэрмінам люстрацыя. Чыстка! Паганай мятлой гнаць іх з улады, гнаць і саджаць бязьлітасна. Н.Д.: Што, па-вашаму, Украіне рабіць з акупаванымі тэрыторыямі: адваёвываць ці рэінтэграваць? В.С.: Толькі мур! Нікога ў “ДНР” і “ЛНР” вы не перавыхаваеце. Ёсьць рэчы, закладзеныя генэтычна. Калі людзі так лёгка пайшлі на так званы рэфэрэндум аб так званай незалежнасьці Данецкай і Луганскай вобласьцяў, значыць, мур трэба ставіць ужо сёньня і аддзяліцца ад гэтай чортавай ракавай пухліны. За апошнія паўтара гады ўжо ўсе зразумелі: Данбас ня корміць, а гоніць паражняк. Вы пражывеце і без яго, ён вам не патрэбны. Тыя, хто за Украіну, павінны зьбраць рэчы, зьехаць з “ДНР” і “ЛНР” назаўжды, пачаць новае жыцьцё на мірных тэрыторыях. Н.Д.: Мяне бянтэжыць фраза “ёсьць рэчы закладзеныя генэтычна”. Адзін і той жа народ жыве ў Паўночнай і Паўднёвай Карэі. У першым выпадку – ва ўмовах абсалютнай дыктатуры, а ў другім – у дзяржаве, якая цалкам разьвіваецца. Можа, справа не ў генэтыцы? В.С.: У генэтыцы. Дакладней, у адмоўным адборы. У той жа Паўночнай Карэі зьмяніліся ўжо тры пакаленьні правадыроў – спачатку быў Кім Ір Сен, потым ягоны сын Кім Чэн Ір, а цяпер кіруе ягоны тлусты ўнук. Н.Д.: Ня тлусты ўнук, а вышэйшы кіраўнік КНДР, Першы сакратар ЦК Працоўнай партыі маршал Кім Чэн Ін. В.С.: Добра, ня тлусты, а пухленькі Кім Чэн Ін. Тры пакаленьні запар у Паўночнай карэі ішоў адмоўны адбор. Нагару прабіваліся нікчэмнасьці, а ўсё станоўчае ссылалі ў лягяры, турмы, расстрэльныя падвалы. Праз гэтае сіта прайшлі некалькі пакаленьняў. Тое ж самае адбывалася на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі. Першая сусьветная, грамадзянская вайна, рэвалюцыя 1917-га. Тыя, хто не прыняў рэвалюцыю, альбо загінулі, альбо эмігравалі. У выніку першае пакаленьне СССР – гэта дзеці тых, хто альбо ваяваў за бальшавікоў, альбо сядзеў падціснуўшы хваста. Потым – Другая сусьветная, дзе самая гераічная і актыўная частка народу загінула на франтах, патрапіла ў палон, зноў эмігравала, згінула ў лягярох. Нарадзілася новае пакаленьне – ужо ад тых, хто ніколі не выступаў супраць. Адмоўнае адсейваньне працягваецца амаль 100 гадоў. Роўна тое ж самае, калі ня горш, адбывалася і ва Украіне. Гніды, якія цяпер, ва ўмовах вайны, працягваюць красьці і будаваць карупцыйныя схемы – гэта нашчадкі тых, хто прайшоў адмоўны адбор. Іхнія бацьткі і дзеды паводзілі сябе так жа сама ў 1941-м і 1917-м. Гэта страшна і жудасна. Але мне прыемна ўсьведамляць, што колькі б Украіну ні прапускалі цераз сіта адмоўнага адбору, да канца не прасеялі: засталіся тыя, хто даў новыя парасткі – першы і другі Майдан. Н.Д.: Апошняе пытаньне; некалькі дзён таму прэзыдэнту РФ споўнілася 63 гады. Што б вы яму пажадалі? В.С.: У 1976 годзе майго сябру савецкага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага абмянялі на лідэра кампартыі Чылі Луіса Карвалана. Як толькі Букоўскі спусьціўся з трапа самалёта, заходні карэспандэнт спытаў яго: “Вас абмянялі на Карвалана якраз напярэдадні 70-годдзя Брэжнява. Што б вы пажадалі Брэжняву ў ягоны дзень народзінаў?” Букоўскі адказаў: “Каб яго абмянялі на Піначэта”. Што я пажадаў бы Пуціну? Я чалавек ня злы, таму зычу, каб ён як мага хутчэй пакаяўся за злачынствы, якія зьдзейсьніў, а іх у яго вельмі шмат. Яшчэ я пажадаў бы Пуціну ўсьведаміць тое зло, якое ён зрабіў сваёй краіне, атрымаўшы трыльёны дармовых даляраў і бяздарна іх прафукаўшы і раскраўшы. Зараз сьвет знаходзіцца на грані новай тэхналагічнай рэвалюцыі, пераходзіць ад нафты да новых аднаўляльных крыніц энэргіі. У вельмі хуткім часе Эўропа, Кітай і многія іншыя скарацяць спажываньне нафты і газа. Расея да гэтага зусім не гатова і застанецца ні з чым. Пераклад з расейскай. Крыніца: http://gordonua.com/publications/Suvorov-Rezhim-Putina-uzhe-ruhnul-a-sam-on-hodyachiy-politicheskiy-trup-101956.html 19/10/2015 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |