Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ДОБРЫЯ НАВІНЫ Ў КУЛЬТУРЫ Нарэшце, пачало адбывацца тое, што мусіла б абаязкова праявіцца ў нашым культурным народзе. Няхай сабе напачатку і несьвядома. Засьведчана адмоўная рэакцыя грамадзтва на маскоўскую пошасьць у культуры. Шмат беларусаў знаходзяцца яшчэ пад уплывам варожай прапаганды і расейскай тэлехлусьні. Некаторыя яшчэ так і жывуць ў сьвеце тэлевізара, які з рэальным сьветам не сутыкаецца, а калі і сутыкаецца, то яго ўжо не прызнае. Такую інфармацыйную маніпуляцыю з чалавекам называюць гёбэльсаўшчынай і замбаваньнем. Яна прыводзіць да духоўнай сьмерці чалавека, да стварэньня сацыяльна небясьпечнага грамадзтва. Тут выяўляецца ўражлівае злачынства. Крымінальнае заканадаўства па ацэнцы такога злачынства не пасьпявае за рэчаіснасьцю, і пакараньня, практычна, не існуе. Тэлевізійна апрацаванаму беларусу ўжо цяжка разабрацца, якім мэтадам зьнішчаюць яго маральную і нацыянальную ідэнтычнасьць і дзеля чаго тое робіцца. У антыкультурнай агрэсіі супраць народу Масква выпрацавала шмат тэхналягічных прыёмаў і мэтадаў. Адна з такіх схем — прапаганда і рэклама ўсялякага расейскага антымастацкага паскудзтва, пошласьці і брыдоты пад выглядам нібыта мастацкай значнасьці, якасьці і агульнага прызнаньня. Тут і маскоўская квазі-літаратура, і “эрзац-кіно”, і так званы расейскі шоў-бізнэс, і ўсялякае вульгарнае сьпяваньне. Усё гэта — асабліва ўлічваючы русіфікацыю — штурхаецца праз неабмежаваны эфір ўжо шмат гадоў ў беларускую сьвядомасьць і ў беларускае грамадзтва. Здаецца, няма такой расейскай дрэннасьці, якая б ні гастралявала ў Беларусі. Паслухмяны беларус усё тое вымушаны быў глытаць і думаць, што спажывае мастацтва і што так і трэба. І цяжка бывае іншаму суайчыньніку растлумачыць, што тут — прадуманая дыверсія супраць яго асобы, тоеснасьці і эстэтычнага пачуцьця і што яго невыпадкова імкнуцца накарміць фальшывасьцю, напаіць пойлам і атрутай, ад якой, па словах Купалы, йшчэ “і патомак будзе п’яны”. І вось беларус тыпова па-беларуску стаў ціха бунтавацца — не пайшоў на тую халтуру глядзець і слухаць. Гэтаму, праўда, паспрыяў эканамічны крызіс, зьбядненьне і пагаршэньне ўмоваў жыцьця, няма грошай на дарагія білеты. Але ня ў гэтым справа. Забясьпечаныя людзі ўсяроўна ёсьць. Ну, хоць адзін бы чалавек аб’явіўся, а то — ніводнага. Не купілі ніводнага білета. А справа вось у чым. У слаўным горадзе Рэчыца, вядомым з ХІІ стагоддзя і гэрб якога “Пагоня”, задумала мясцовае рэжымнае начальства зрабіць канцэрт расейскай шоу-дзівы Лаліты Міляўскай. Шчасьлівам беларусам (тым, хто ня ведае, што гэта за “Цуда-юда”) скажу, што ў “дзівы” заўважаны нізкі ўзровень, пошласьць, вульгарнасьць і асаблівы цынізм бессаромнай расейскай эстрады. Як і ўсе прадстаўнікі расейскага бізнэс-мастацтва, гэтая асоба ў характэрнай для яе манеры голасна аб’явіла Пуціна “геніям”, Абаму “ідыётам”, Крым “нашым”, украінцаў — “бандэраўцамі” і г. д. — увесь набор. Загадчык ідэялагічнага аддзелу Рэчыцкага райвыканкама разаслаў лісты (гэта ж колькі паперы патраціў) ва ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і установы горада і раёна з настойлівай рэкамендацый набываць білеты на канцэрт расейскай папулярнасьці. Горад заклеілі рэклямай. А ў выніку … на сямідзесяцітысячны горад ня быў набыты ні адзін білет. Мерапрыемства адмянілі. Хвала Рэчыцы і разумным рэчыцкім жыхарам! Бывае, што рэжымна-маскоўскі абсурд ціха правальваецца перад здаровым сэнсам беларуса. І рэвалюцыі ня трэба. Брыдота сама зьдзімаецца. Тут якраз той выпадак. І ён не адзінкавы. Гады тры таму прыяжджала выступаць ў Беларусь яшчэ адна маскоўская шасьцідзесяцігадовая “дзіва” з талентам дэманстраваць “грудзь”, такая папулярная ў Крамлі Ірына Алеграва, і зьбіралася тут сьпяваць пра “рюмку водки”. Паслухаць “дзіву” прыйшло некалькі чалавек (відаць, не разабраліся, куды трапілі). “Дзіва” ўзлавалася і, абклаўшы ўсіх беларусаў “па-геройску, па-руску”, “убралась восвояси”. А ўвогуле, з гледзішча мастацтвазнаўства, гэта ёсьць падзея ў мастацтве, бо мастацтва (незалежна ад якасьці) можа існаваць само па сабе, але рэалізуецца толькі разам з гледачом (чытачом, слухачом). Глядач — гэта сацыяльна-эстэтычная складовая частка мастацтва, без яго яно мярцьвее, а антымастацкая дрэнь — канае. Мне ўспамінаецца адзін выпадак з пачатку шасьцідзесятых гадоў. З вышкалу маскоўскага “ГИТИС” зьявіўся на сьвет чарговы тэатральны рэжысёр, такі Ўладзімер Маланкін (як паўтаралі некаторыя, “очень талантливый”). Яго разьмеркавалі ў Рыжскі Рускі драмтэатр. Там ён паставіў спэктакль (здаецца, “Ноч памылак” Голдсмита, але магу памыляцца). Спэктакль атрымаўся нецікавы і бяздарны. І вось фінал. Зачыняецца заслона. Уся заля паднялася, і гледачы ціха пайшлі да выхаду. Ніхто ні пляснуў, нічога не сказаў (трэба ведаць латышоў). Пасьля гэтага маскоўскі “геній” вылецеў з тэатра, як корак з бутэлькі. Праўда (гэта ўжо не да нашай тэмы), куды б вы думалі ён вылецеў? Правільна. У Менск, выкладчыкам тэатральнага мастацтва ў БДТМІ. Тады ў саветаў існавала правіла: усе адкіды — у Беларусь. Ёсьць вельмі простыя дзеяньні ў абароне ад палітычнай агрэсіі, накіраванай супраць нашай нацыі і культуры. Русіфікацыя? Пазачынялі беларускія школы? Беларусы, гаварэце па-беларуску, чытайце беларускія кнігі, сьпявайце беларускія песьні — і маскоўская русіфікацыя высахне. Труцяць народ сцэнічным паскудзтвам? Псуюць густы вульгарнай маскоўскай эстрадай? Беларусы, не хадзіце на маскоўскія канцэрты! Там не культура, там іхная палітыка па абалваньваньню ды маральнаму разбэшчваньню людзей і народаў. Яны нават са сцэны крычаць “Крым наш” і ненавідзяць іншых людзей, непадобных на сябе. Не хадзіце на іх глядзець, і тады іхным пратухлым палітгастролям настане канец. Бярыце прыклад са слаўнага горада Рэчыцы. 6 лютага 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК 9/2/2016 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |