Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: СУПРАЦОЎНІКІ З РЭЖЫМАМ Ёсьць неабходнасьць яшчэ раз зьвярнуцца да тэмы псэўдаапазыцыі, бо становішча перамянілася, робіцца ганебным для нашай нацыі. Перамены датычаць, перш за ўсё, Заходняй Эўропы. Палітыка Эўразьвязу сьведчыць аб яго капітуляцыі перад антыбеларускім рэжымам. Зьнятыя санкцыі з ўсіх нягоднікаў, чыноўнікаў і карупцыянераў, што паламалі лёсы многім беларусам. Вышэйшыя чыноўнікі Эўразьвязу плануюць прыехаць на спатканьне з “апошнім дыктатарам Эўропы” (па іх тэрміналогіі), зь іхных вуснаў гучыць філісьцерская дэмагогія па апраўданьні гэтага непрыстойнага палітычнага канфармізму. Пасьля капітуляцыі Эўропы, рэжым пачуўся з разьвязанымі рукамі. З новай сілай пачалі душыць насельніцтва. Гэта найперш грубая ліквідацыя праслойкі індывідуальных прадпрыймальнікаў і прыватнага гандлю (сумнавядомы ўказ № 222), рэзкае зьніжэньне магчымасяцяў ўвозу прадметаў з-за мяжы, мільённыя штрафы і турэмнае заключэньне за ўвоз недазволенных кніг з свабоднага сьвету, якія рэжым адвольна захоча прызнаць «экстрэмісцкімі» (гэта зроблена канкрэтна супраць маёй літаратуры), прыдумваньне ўсё новых абсурдных падаткаў (з беспрацоўных, з бытавых падарункаў, з бытавога пазычаньня грошай і г. д.). Поўным ходам ідзе «карэізацыя» сацыяльных дачыненьняў, перасьлед людзей набывае новыя вычварныя формы. На фоне нацыянальнага і сацыяльнага нішчэньня беларусаў, дэградуючы Эўразьвяз шукае новыя магчымасьці кантактаў з Лукашэнкам, прыдумвае лёгкія «тэмы» для абмеркаваньня (напрыклад, абарона жыцьця крымінальных забойцаў беларускіх людзей), каб даць магчымасьць антынароднаму рэжыму пагадзіцца і мець повад на новыя саступкі для антыбеларускай ўлады ды на прапановы крэдытаў за прыём сірыйскіх уцекачоў з праплатай на ўтрыманьне. Па вульгарным азначэньні аднаго беларускага прадпрыймальніка народ Беларусі апынуўся паміж «ватай» і «піндосамі» і невядома што горай і выжываць цяжка. Філісьцерская палітыка Захаду нас не зьдзіўляе, мы казалі і папярэджвалі пра яе яшчэ дваццаць гадоў таму. Аднак ролю так званай “апазыцыі”, (якую гэты Захад аплочвае) больш цярпець будзе нельга. Мы бачым, як гэтая «апазыцыя» ўжо адкрыта гэбізуецца і брэша на беларускі незалежніцкі рух. Антынародныя рэжымы існуюць па аднолькавай схеме. Падстаўная апазыцыя, штучныя арганізацыі, кантралюемыя рэжымнай уладай і зьнешнімі сіламі, фальшывыя раскручаныя асобы — даўно ёсьць часткай палітычнай тэхналёгіі антынародных акупацыйных і каланіяльных рэжымаў. Яны праходзяць пэўныя стадыі існаваньня, якія круцяцца па кругу на віду ў людзей як лакальны палітычны спэктакль, што перашкаджае сапраўднаму змаганьню з рэжымам і забясьпечвае працяг аўтарытарызму. Асноўнымі дзеяньнямі псэўдаапазыцыі, якая актывізуецца пад выбары, ёсьць кампаніі “аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сіл” і стварэньня “адзінага лідара”, ці “адзінага кандыдата”. Мінае імітацыя выбараў — і ўсё вяртаецца да прывычнай руціны. Галоўнай прычынай “аб’яднаньня”, скліканьня “кангрэсаў” і стварэньня “адзіных лідараў” ёсьць жаданьне атрымаць фінансаваньне ад замежных спонсараў, якім зручна плаціць у адны рукі, а ня ўсім паасобку. Зручна гэта (хоць фармальна нібы небясьпечна) таксама і рэжыму дзеля простага кантролю за палітбізнэсам, грашовымі сумамі і выканаўцамі на палітсцэне. Рэжым стварыў сабе самаакупную сістэму, калі агентура кантралюе грашовыя плыні псэўдаапазыцыі і аплочвае імі сама сябе. Яшчэ прасьцей можна сказаць так: акупацыйная ўлада трымае сваю агентурную апазыцыю, якую аплочвае Захад (тут і эканомія для рэжымнага бюджэту таксама.). Нядаўна адзін зь лідараў агентуры ў “апазыцыі” з “Говпрады” паведаміў, што падзел на ўладу і апазыцыю ўжо не актуальны. Ну як яшчэ ясьней мог сказаць функцыянер, як тое, што ён сказаў?! І нічога, і далей у “апазыцыю” бавяцца. “Кангрэсы” і “аб’яднаньні ўсіх апазыцыйных сіл” палітбізнэс дэманстраваў рэгулярна перад усімі выбарамі. Таксама пад гэтыя “шоу” прамінула цэлая чарада “адзіных кандыдатаў” і “лідэраў”. Гэта Г. Карпенка, М. Ганчарык, С. Домаш, М. Чыгір, М. Марыніч, А. Казулін, А. Мілінкевіч, У. Някляеў, Т. Караткевіч. Восеньню гэтага года запланаваная чарговая рэжымная імітацыя выбараў у так званую “палатку” (імітацыя парляманта). Зноў чуецца дэмакратычны хор у паход на “выбары”, пра неабходнасьць “аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сіл” і пра скліканьне “кангрэсу” гэтых сіл, які павінен вызначаць чарговага “лідэра” і “адзінага кандыдата”. Непрыстойная камэдыя пагарэлага тэатра разыгрываецца ў каторы раз публічна перад аднымі і тымі ж гледачамі, якія ўжо даўно напамяць засвоілі ўвесь спэктакль, дыялогі, мізансцэны, тэкст і нават рэплікі пабочных выканаўцаў. На чарговага “лідара” (і касіра) рэжысёры груба і настырна рыхтуюць Міколу Статкевіча, які тут мэтадычна намякае на сябе сам, і нават аб’явіў сябе альтэрнатывай Лукашэнку, якую, па яго словах, быццам бы назваў сам Лукашэнка. Тут ужо, як кажуць, ніякіх умоўнасьцяў. У астатнім — усё, як звычайна, увесь гэты час. Але ёсьць і навіны. Ніхто з папярэдніх “лідараў па заказу” не выступаў агрэсіўна супраць Фронту, не ўжываў антыфронтаўскай рыторыкі і не зьневажаў маё імя. Статкевіч пайшоў далей за ўсіх. А справа ў тым, што ён імкнецца прыдумаць сабе ня толькі легенду, але і гісторыю, улічваючы, што шмат маладзейшых беларусаў нічога ня ведае пра змаганьне за незалежнасьць і свабоду з-за свайго ўзросту, а рэжым старанна затаптаў памяць пра Беларускую Нацыянальнкую рэвалюцыю. Гэтым тлумачыцца міфатворчая рыторыка Міколы Статкевіча — спадзяваньне на людзей, якія нічога ня ведаюць. Гэта якраз для іх апавядаецца, што ён нібыта пісаў Вярхоўнаму Савету праекты закону пра войска, дзейнічаў там, спатыкаўся з Лукашэнкам і т. п. Па такой жа схеме вольнай творчасьці (калі хто памятае) Лукашэнка гэтак праўдападобна-даверліва апавядаў, што некалі ў 80-х ён, калгасьнік Лукашэнка, быццам бы пісаў для маскоўскай эканамічнай эліты праграму “500 дзён” і рабіў Гарбачову каштоўныя парады. М. Статкевіч ня быў дэпутатам ніякага ўзроўню, ня быў памочнікам у дэпутатаў і не прапаноўваў ніякіх праектаў Вярхоўнаму Савету. Праекты маглі прапаноўваць толькі дэпутаты. Як кіраўнік парлямантскай Апазыцыі БНФ я ніколі не патрабаваў пропуску на балькон ў залю парляманта для Статкевіча (як гледача) і не прыпамінаю, каб там яго бачыў. Што толькі ні прыдумваюць цяпер розныя грамадзкія папулісты пра мінулы час, нават да стварэньня войска дадумаліся. У рэальнасьці праблема беларускага войска была на пэўным этапе адной з прыярытэтных для дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Мы шмат над ёй працавалі, сьцягвалі беларускіх афіцэраў у Беларусь з Савецкага Саюза, пісалі законапраекты (дарэчы, мушу адзначыць тут Галіну Сямдзянаву). Вайсковыя пытаньні (ваенная дактрына і інш.) абмяркоўваліся на некалькіх закрытых паседжаньнях Вярхоўнага Савета, дзе не дазвалялася прысутнічаць журналістам і пабочным людзям. Зьмест гэтых паседжаньняў нідзе не абмяркоўваўся (толькі ў парляманце). М. Статкевіч нават не ўяўляе, якая жорсткая была барацьба за стварэньне беларускага войска там і сярод тых, ад каго гэта залежыла. Тым часам ідэя грамадзянскай вайсковай прысягі Беларусі сапраўды была прапанавана БЗВ. Гэтая выдатная ідэя без дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце не была б і не магла быць ажыцьцёўлена, бо толькі дэпутаты былі надзелены неабходнымі законнымі і канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі законна правесьці такое публічнае мерапрыемства. Нікому іншаму такое не дазволілі б. Таму афіцэры зьвярнуліся да нас, дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Мастакі Фронта зрабілі афармленьне сьвята прысягі, Фронт узяў на сябе галоўную арганізацыю мерапрыемства. Адчыняў сьвята і вёў яго я як кіраўнік дэпутацкай Апазыцыі Фронта і прадстаўнік Вярхоўнага Савета. Тэкст прысягі зачытваў Мікола Статкевіч. Шыхтаваньне афіцэраў і камандваньне ажыцьцяўляў палкоўнік Уладзімер Барадач. Гэта было пасьпяховае мерапрыемства, якое потым яшчэ замацавалі ў Вярхоўным Савеце дэпутаты Народнага Фронта. Зразумела, што пакуль існуе антыбеларускі рэжым і расейская палітыка, датуль ахайваньне і перакручваньне беларускай нацыянальнай барацьбы будзе ўвесь час, прытым самымі нечаканымі спосабамі. Гэта, як з Курапатамі. Пакуль будзе панаваць КГБ-НКВД-ФСБ, пакуль будзе існаваць расейская пагроза сьвету, датуль будуць ілгаць пра Курапаты, хлусіць, выдумваць і прыдумваць, бо Курапаты — гэта ўліка камуна-маскоўскага злачынства супраць чалавецтва. Такія, як М. Статкевіч, да зьяўленьня БНФ яшчэ паняцьця ня мелі, што такое “Пагоня” і Бел-Чырвона-Белы сьцяг, не кажу ўжо пра змаганьне з камунізмам за незалежнасьць ды свабоду. Цяпер жа гумовае сумленьне дазваляе ім ахайваць людзей, якія сваім змаганьнем вярнулі імя Беларусі ў сьвеце. Да гэтага часу псэўдаапазыцыя рабіла выгляд, што нібыта нічога ў 90-х не было, неяк, маўляў, само сталася, замоўчвала падзеі. Цяпер чуем іншыя галасы. Зьявіўся імпэт ахайваньня. Але добра, што зьляцелі маскі (для тых, хто ня ведаў, прынамсі, хто ёсьць хто). Што датычыць іхнай нібы дзейнасьці, накіраванай на ўдзел у фальшывых выбарах і на касу, то, як заўсёды, скончыцца ўсё банальна і ганебна. Зноў падставяць якога-небудзь паэта (як ў 2010 годзе), абвядуць вакол пальца і аб’явяць аб “перамозе”, вынікі якой падвядзе Лукашэнка. Шкода ад гэтай публікі для беларускага руху відавочная. Назіраем 15 гадоў карціну псэўдаапазыцыйнага маразму. Ужо рогі тырчаць. Агентура адкрыта ёрнічае за “дэмакратыю” ў супрацоўніцтве з рэжымам. Няма пакуль што сілы, якая зьмяла б іх, як паразітны нарост. Але такая сіла зьявіцца. Яна запатрабаваная. Ліквідацыя рэжыму і яго “апазыцыі” даўно стаіць на парадку дня. І толькі зьнешнія абставіны трымаюць усё ў падвешаным стане. Але і яны пераменяцца. 13 сакавіка 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК 14/3/2016 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |