Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ТЛУМАЧЭНЬНЕ ПРА ЕРМАЛОВІЧА І БЕЛАРУСКАЕ ЗМАГАНЬНЕ Нядаўна ў Сеціве зьявіўся артыкул, падпісаны псэўданімам: Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). “20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча”. Гэтае “нечаканых” адразу насьцярожыла, бо я ведаў Міколу Ермаловіча і нечаканасьцяў не спатыкаў. Артыкул увогуле добры, інтэлігентны. Напісаны ён, праўда, з прыкметамі распаўсюджанага цяпер пазытывісцкага падыходу, што ва ўмовах антынацыянальнага рэжыму выглядае апраўданым. Такі падыход больш бясьпечны для тэксту, але можа быць нявызначаным для асобы Ермаловіча. Ермаловіч быў адраджэнцам. Справа, якой ён займаўся, па прыродзе сваёй была чыстай навукай, якая, аднак, у той акупацыйны савецкі час (і цяпер таксама) сталася нацыянальнай палітыкай, хоць нідзе ў голас так не называлася, і Ермаловіч як адраджэнец тое выдатна ведаў. Гуманітарная катастрофа, якую ў выніку антыбеларускага панаваньня правячага рэжыму вось ужо 22 гады перажывае нашае грамадзтва, парвала шматлікія сувязі пакаленьняў. Гістарычны разрыў нацыі небясьпечны для любога разьвіцьця і вымагае абавязковай направы, інакш зьнікае дзеля будучыні разуменьне сутнасьці рэчаў. Расейскі камунізм-ленінізм быў разбуральнай формай расейскага імпэрыялізму і выкарыстоўваўся як мэтадалёгія ліквідацыі нацыянальнай ідэнтычнасьці немаскоўскіх народаў, як ідэалогія русіфікацыі (праз так званую пабудову камунізму з агульнай мовай і стварэньнем савецкага народу). У асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі акупаваных народаў СССР (ня толькі ў беларусаў) разьвівалася тады плынь супраціўленьня русіфікацыі шляхам выкарыстаньня той жа ідэалагічнай зброі, якую выкарыстоўвалі русіфікатары, гэта значыць марксізму-ленінізму. Насуперак прамаскоўскаму цытатніцтву выказваньняў Леніна аб камунізме, буржуазным нацыяналізме і т. п. нацыянальныя апаненты прыводзілі яго ж цытаты адваротнага кшталту аб крытыцы рускага шавінізму, вялікадзяржаўнай палітыкі, чарнасоценства і т. п. Усё гэта падавалася і аднымі і другімі як “ленінская нацыянальная палітыка”, дзе кожная палавіна апанэнтаў цытавала “свае” цытаты непагрэшнага “правадыра”. Адчувальны эфект такі падыход даваў у Прыбалтыйскіх краінах, дзе засталіся скансалідаваныя нацыі. У Беларусі адным з прадстаўнікоў гэтакай мэтадалёгіі змаганьня за нацыянальнае адраджэньне быў якраз Мікола Ермаловіч. У размовах на “Паддашку” (а Мікола Ермаловіч быў пастаянным прысутным у нашай групе) ён неаднаразова горача распавядаў нам, што вялікадзяржаўны камунізм можна біць ягонай жа зброяй — марксізмам-ленінізмам. Ён капаўся ў цытатах, пісаў артыкулы пра Леніна і Беларусь і т. п. Мы бачылі тут тыповы правінцыялізм, беспэрспэктыўнасьць і лічылі ўсё тое бескарыснай тратай часу на неістотнае. Ермаловіч даказваў, што верных ленінцаў трэба біць Ленінам, і што такую працу нехта павінен рабіць. Ён і рабіў. Прытым зь верай і перакананасьцю ў неабходнасьці такой справы. Ня ведаючы гэтага (тады – элемэнтарнага), і пачытаўшы пазытывісцкія выклады пра Ермаловіча, іншы цяперашні чалавек мог бы падумаць, што Ермаловіч быў марксіст-ленініст ці нацыянал-камуніст. Ермаловіч тым часам быў (паўтаруся) беларускім адраджэнцам, не пазбаўленым, на жаль, недахопаў свайго несталічнага асяроддзя, але які ведаў цану расейскаму камунізму і маскоўскай палітыцы і змагаўся супраць русіфікацыі за адраджэньне Беларусі. Ён ня быў нацыянал-камуністам і не зьяўляўся членам камуністычнай партыі. Тыповым нацыянал-камуністам (і патрыётам адначасна) быў, напрыклад, Ніл Гілевіч, які якраз шчыра верыў у магчымасьць існаваньня нацыянальнай Беларусі зь беларускай мовай пад саветамі і пры камунізме. І толькі ў канцы жыцьця рэчаіснасьць прымусіла яго часткова пераглядзець свае погляды. Мушу адзначыць, што ў тыя савецкія часы змагацца за беларушчыну, працуючы ў сістэме савецкай адукацыі і не прыцягваючы за вушы цытатаў Леніна ды Маркса, практычна, было б самагубствам. Такога змагара выкінулі б на вуліцу з кляймом “буржуазнага нацыяналіста” (а то і пасадзілі б). Быў, вядома, іншы легальны шлях, па якім ішлі ўсе нашы “паддашынскія”, — гэта культурна-нацыянальная праца і поўнае ігнараваньне камунізму, афіцыёзнай ідэалогіі і цытаталогіі. Натуральна, на нас сыпаліся ярлыкі “фашыстаў”, “нацыяналістаў”, цягалі ў КГБ, але расправіцца, як у 30-х, ужо не маглі. Хіба што маглі забіць, як забілі нашага сябра мастака Лявона Баразну. Праўда, у пачатку 70-х рэпрэсіі пачаліся, і з працы шмат каго з нас усё ж павыкідалі. Мікола Ермаловіч належыў да нашага асяроддзя, пісаў і друкаваў самвыдатаўскія вершы і ўлёткі, прыносіў на “Паддашак”, і яны разыходзіліся па руках. Стан цяперашніх маладых розумаў і грамадзтва ілжы, якое стварылася на Эўра-Азіяцкай інфармацыйнай прасторы, вымушае мяне (у зьвязку з тэмай пра Ермаловіча) сказаць яшчэ некалькі слоў пра камуністаў і камунізм 60-80-х гадоў. Безаглядная і адзінаўладная дыктатура КПСС прывяла да становішча, якога самы вышэйшыя функцыянеры партыйнай улады не спадзяваліся. Партыя ў масе сваёй, фактычна, растварылася ў грамадзтве. Сістэмна арганізаванай засталася толькі намэнклятура, што ператварылася ў кіроўную сацыяльную касту, у якой толькі верхавіна мела доступ да дзяржаўнага кіраваньня. Ня будучы членам камуністычнай партыі, чалавек ня мог займаць нідзе ніякай, нават самай малой, кіруючай пасады. Ён ня меў сацыяльнай пэрспэктывы росту ў грамадзтве. Зразумеўшы становішча, людзі актыўныя, амбіцыйныя і проста ад безвыходнасьці ўступалі ў камуністычную партыю, каб лепш рэалізавацца ў грамадзтве. Камунізм быў на языку, але ён нікога не цікавіў. Ужо ў 60-х гадах кампартыя БССР налічвала 600 тысячаў членаў. Сярод іх было нямала талковых людзей, якім камунізм быў “да лямпачкі”. У 80-х гадах, калі стварыўся Беларускі Нардны Фронт, шмат хто з гэтых “фармальных” камуністаў — інжэнеры, вучоныя, кіраўнікі аддзелаў — уступілі ў Народны Фронт, сталі на пазыцыі Беларускага Адраджэньня і змагаліся за вольную Беларусь. Калі прыйшоў час, яны публічна (яшчэ пры ўладзе КПСС) і дэманстратыўна павыкідалі (і нават спалілі) свае камуністычныя партбілеты. Найбольшы эфэкт сацыяльнага, стыхійнага і сьведамага захопу кампартыі выявіўся ў краінах Прыбалтыкі, і, зноў жа, гэта стала магчыма ў выніку наяўнасьці нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва. Кампартыі гэтых краін (у тым ліку нацыянальная намэнклятура) паспрыялі суверэнітэту, незалежнасьці і выхаду сваіх краінаў з Савецкага Саюза. (Гэтак жа сама, дарэчы, як у 30-х і 40-х здрадліва паспрыялі савецкай акупацыі.) Тэхналёгія змаганьня была простай. Сьведамая інтэлігенцыя, актыўныя людзі, будучыя адміністратары, працаўнікі пачалі асэнсавана ўступаць у кіруючую таталітарную партыю акупантаў, каб уплываць на жыцьцё сваёй краіны. У выніку — яны і ўплывалі. У Беларусі гэты працэс у асноўным (збольшага) быў толькі сацыяльнага характару і, як правіла, стыхійным. Нацыянальная кансалідацыя была тут разбураная і расстраляная яшчэ ў 30-х гадах, а намэнклятура здрадзіла народу і па-халуйску служыла Маскве. Гісторыя паказвае, што для кансалідаванай нацыі мэтодыка “зададзенай калабарацыі” з акупантамі пры пэўных абставінах можа стацца эфэктыўнай прыладай для падрыхтоўкі наступнай перамогі. Па гэтай жа мэтодыцы, дарэчы, працуюць і расейскія спэцслужбы. Для кансалідаванай нацыі стварэньне ўнутры яе ўсялякіх чужых арганізацыяў пятай калоны — “казачкоў”, рускіх “саюзаў”, ваенізаваных “гібрыдаў” — не нясе такой фатальнай небясьпекі, як для нацыі, разбуранай знутры (як гэта адбылося на Украіне і адбываецца ў Беларусі). У нармальных нацыянальных абставінах праблема вырашаецца проста: даецца каманда ўсім уступаць у гэтыя гібрыдныя арганізацыі. Можна нават павучыцца ваеннай справе за іхны кошт, а потым належна спаткаць пераапранутых “гасьцей” з Пскоўскай дывізіі, нэўтралізаваўшы папярэдне эфэсбоўскіх пузатых балваноў, што муштруюць гэтыя падлеткавыя “саюзы”. На тым гібрыдная апэрацыя няпрошаных прышэльцаў скончыцца. Праўда, дзеля гэтага трэба быць фінамі, палякамі, габрэямі, чачэнцамі — любым сьведамым кансалідаваным народам. Заканчваючы гэтую рэпліку пра Ермаловіча і аб рэальным змаганьні ў зададзеных абставінах, мушу адзначыць яшчэ адну асаблівасьць, каб ня думалася каму-небудзь, што ўсё так проста. Змаганьне за мэту і ідэалы вылучае, як мне бачыцца, тры асноўныя тыпы палітычных барацьбітоў: гэта змагар-сьвятар, змагар-жаўнер і змагар жаўнер-сьвятар. Для першага тыпа вызначальнымі ёсьць ідэал, прынцып, гонар, абавязак. Яны непарушныя. Такія змагары, як правіла, гінуць, становяцца легендай ды сьцягам для іншых. Для “жаўнера” галоўнае — перамога і дасягненьне мэты. Часам любым мэтадам. Тыповым змагаром-сьвятаром у нашай гісторыі быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — інтэлектуал, мудрэц, ідэолаг і стратэг Незалежніцкай партыі, змагар зь нямецкім фашызмам, польскім шавінізмам і маскоўскім бальшавізмам. Ён дзейнічаў у акупацыйнай зоне гітлераўцаў. Але калі выпадкова трэба было ў логаве фашыстаў публічна прывітаць імя Гітлера, падымаючы руку на “Гайль Гітлер”, ён не зрабіў таго дэманстратыўна, прынцыпы і сумленьне не дазволілі. У выніку Гадлеўскі быў схоплены і расстраляны. Змагаром-сьвятаром, па сваёй сутнасьці, была таксама ў Расеі нашая зямлячка Валерыя Навадворская. Тыповым змагаром-жаўнерам (таксама за часы нямецкай акупацыі) быў Радаслаў Астроўскі. Ён “зігаваў” і ручкаўся з фашыстамі без засьцярог, маючы на мэце адно: ратаваньне дзяржаўнасьці і незалежнасьці Беларусі. Выдатны арганізатар і адміністратар, прадбачлівы і адукаваны палітык, ён працаваў на мэту і перамогу Беларусі. Гэта быў ягоны галоўны прынцып. Усё астатняе (”зігі” ды абдымкі) — толькі тактыка. Калі змагар-жаўнер не дасягае мэты, ён ня робіцца героем, як змагар-сьвятар, але становіцца аб’ектам варожай прапаганды і трапляе пад праклён ды нянавісьць распрапагандаваных суайчыньнкаў, дзеля якіх і змагаўся. У нашай гісторыі найбольш распаўсюджаны трэці тып змагара, які лучыць у сабе якасьці сьвятара і жаўнера. Клясычны ўзор — Кастусь Каліноўскі. Вось да гэтага трэцяга тыпу, як я мяркую, і адносіўся наш, сьветлай памяці, Мікола Ермаловіч. Ён і пра Леніна пісаў, і з камуна-маскоўшчынай змагаўся. Тут не амбівалентнасьць, але сьведамая беларуская пазыцыя чалавека свайго асяроддзя і свайго часу. 30 красавіка 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК 15/5/2016 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |