Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Фэномэн рэвалюцыі: Румынія, 1989 год

Глава “Абвал” фундамэнтальнай “Гісторыі Румыніі” суаўтарства калектыва навукоўцаў прадстаўляе падзеі канца 1989 года, калі ў Румыніі захістаўся і быў павалены рэжым маскоўскага сатэліта Чаўшэску.

М. Бэрбулэску, Д. Дэлэтант, К. Хітчын, Ш. Папакосьця, П. Тэадор.

Абвал

Адносіны з суседзямі. Сярод суседніх краін Вугоршчына найбольш адчувала ўплыў правальнай палітыкі Чаўшэску. Страшныя эканамічныя цяжкасьці краіны прымусілі тысячы вугорцаў уцякаць з Румыніі ў Вугоршчыну. Колькасьць тых, хто шукаў там прытулку, павялічылася амаль утрая, ад 6500 у 1987 г. да 15000 у 1988 г. (лічбы ў 1985-1986 былі адпаведна 1700 і 3300). У 1988 г. 13400 уцекачоў атрымалі дазвол на часовае пражываньне ў Вугоршчыне. Бальшыня зь іх гэта былі вугорцы з Трансільваніі і нават 8% былі румыны. У жніўні 1989 г. гэтая колькасьць дасягнула 25000. Вызначыўся рытм бежанства – да 300 штотыдзень, каля 25% сярод уцекачоў былі румыны (ад студзеня да траўня 1989 г. 5000 уцекачоў прыбылі ў Югаславію). У 1988 г. 1650 уцекачоў былі высланы назад у Румынію, але ў сакавіку 1989 г. Вугоршчына падпісала Канвэнцыю ААН па ўцекачах (заснаваную ў 1951 г.) і стала першай краінай усходняга блоку, якая зрабіла гэта.

Намагаючыся спыніць гэтую магутную хвалю, Чаўшэску пастанавіў на прыканцы 1988 г. пабудаваць загароджу ўздоўж мяжы ў Вугоршчынай, але працы так і не былі скончаны. Да таго ж эміграцыя – як вынік эканамічнай нестабільнасьці – прыносіла змяншэньне колькасьці вугорскай меншасьці. У сваю чаргу, румынскія ўцекачы працягвалі прабірацца праз мяжу. Самым вядомым выпадкам былі ўцёкі гімнасткі Надзі Каманэч у лістападзе 1989 г., а найбольш славутым быў пераход праз мяжу двух пастухоў разам са статкам у 300 авечак. У гэты месяц, паводле афіцыйных вугорскіх дадзеных, колькасьць уцекачоў з Румыніі паднялася да 24000, шостая частка зь іх былі румыны. Гэтае сьцьверджаньне даволі абмежаванае. Праўда ў сувязі з гэтым сыходам заключаецца ў тым, што ўцекачоў было ў два разы больш, бо многія румыны не рэгістраваліся ў вугорскіх уладаў, а транзітам праз Вугоршчыну накіроўваліся ў Аўстрыю і іншыя заходнія краіны.

Раз’юшанасьць Чаўшэску з прычыны палітыкі галоснасьці і перабудовы адбілася рэхам у псэўдагістарычных працах ягонага брата генэрал-палкоўніка Іліе Чаўшэску. Напісаны ім артыкул зьявіўся ў нумары за красавік 1989 г. вайсковага часопіса “Lupta întregului popor” пра ідэалагічны “рэвізіянізм”, палітыку галоснасьці і перабудовы, якія былі прыроўнены да тэрытарыяльнага “рэвізіянізма”, практыкаванага Вугоршчынай і Савецкім Саюзам супраць Румыніі ў 1940 г. Гэта быў напад. Нікалае Чаўшэску працягнуў гэтую паралель, хаця і ў крыху іншай форме, у сваёй прамове на XIV Зьезьдзе Партыі 20 лістапада 1989 г. У працэсе рэформы былі зроблены саступкі, як казаў ён, “міжнароднаму класаваму ворагу” (капіталізму), што прывяло да “дэідэалагізацыі” міжнародных адносін і зьяўленьня новага “міжнароднага імпэрыялізма”. Гэтыя саступкі былі падобныя на саступкі, зробленыя Савецкім Саюзам Нямеччыне у Пакце Молатава-Рыбэнтропа ў жніўні 1939 г.. Чаўшэску зрабіў намёк на нешта, пакуль не называючы адкрыта справу. Патрабуючы ануляваць саступкі, што ўтрымліваліся ў гэтым пакце, Чаўшэску на самой справе выказваўся за вяртаньне Бэсарабіі Румыніі. Савецкая рэакцыя, паводле словаў камэнтатара агенцыі ТАСС, заключалася ў тым, што “ніводзін сур’ёзны і адказны палітык” ня можа падымаць праблемы паваенных межаў, у тым ліку і “савецкай мяжы з Румыніяй”.

За відавочнымі спробамі Чаўшэску яшчэ раз зьвярнуцца да нацыянальных пачуцьцяў румынаў хаваўся страх перад магчымым савецкім умяшаньнем ва ўнутраныя справы Румыніі. Зьвяртаючыся да кіраўнікоў паўночна- і паўднёваамэрыканскіх дэлегацый напярэдадні закрыцьця зьезду, Чаўшэску наўпрост згадаў пакт Молатава-Рыбэнтропа і выказаў апасеньні ў сувязі з новым паразуменьнем паміж Злучанымі Штатамі і Савецкім Саюзам “на шкоду іншым народам”. Чакаючы са страхам сустрэчу ў вярхах на Мальце паміж прэзыдэнтам Бушам і генэральным сакратаром Гарбачовым, Чаўшэску разглядаў яе як другі пакт Молатава-Рыбэнтропа, што прынясе Румыніі новыя пакуты, бо ў сваіх эгацэнтрычных уяўленьнях аб міжнародных справах гэтыя дзьве супэрдзяржавы ня маюць больш чым заняцца, як толькі ўвайсьці ў змову дзеля развалу Румыніі. Гэтыя заўвагі былі выказаны як папярэджаньне Гарбачову, каб ён ня ўмешваўся ў справы Румыніі.. Папярэджаньне было падмацавана забаронай публікаваць у Румыніі навіны пра нацыянальныя рухі ў Малдаўскай ССР, што пачаліся праз некалькі дзён.

Абвал. Сярод упартых крытыкаў умяшальніцтва Камуністычнай Партыі ў справы Рэмармаванага Вугорскага Касьцёла ў Трансільваніі быў Іштван Цёкэш, біскупскі вікарый гэтага касьцёла, і ягоны сын Ласла, які служыў пастарам у парафіі трансільванскага горада Дэж. Ласла быў супрацоўнікам рэдакцыі падпольнага выданьня на вугорскай мове “Ellenpontok”, што выходзіла ў Арадзе ў 1981-1982 гадах. Ён стаў вядомы сваімі артыкуламі пра парушэньне правоў чалавека ў Румыніі, што выклікала перасьлед з боку Секурытаце. Яго і ягоных сяброў перасьледвалі, і ўрэшце на загад біскупа Нодзя Цёкэш быў пераведзены з дэжскай парафіі і прызначаны служыць у вёску Сэнпэтру дэ Кымпіе, амаль 40 км ад Клужа. Цёкэш адмовіўся зьявіцца там і замест таго паехаў у Клуж, дзе пасяліўся ў бацькоўскім доме. Ён ня мог працаваць на працягу двух гадоў. Так працягвалася пэўны час, а ў 1985 г. ён распачаў кампанію распаўсюду зваротаў да сваіх суайчыньнікаў у Трансільваніі з мэтай сабраць дадзеныя ў сувязі з умовамі навучаньня на вугорскай мове. Ягонае цяжкое становішча стала вядомым Камітэту Міжнародных Адносін Сэната ЗША, і як наступства біскуп Пап атрымаў у 1986 г. інструкцыі ад уладаў на прызначэньне Цёкэша капэланам у Цімішаары, горадзе зь мяшаным насельніцтвам – румынскім, вугорскім і нямецкім.

Па меры таго як распачыналася праграма ўпарадкаваньня вёсак, Цёкэш выступаў з казаньнямі, у якіх натхняў людзей на супраціў праграме. Ён апэляваў да салідарнасьці паміж вугорцамі і румынамі, якія разам пакутуюць ад рэжыму, і не выступаў адмыслова толькі ў абарону вёсак з пераважна вугорскім насельніцтвам. Улетку 1988 г. ён правёў перамовы з прадстаўнікамі ўсіх 13 вікарыятаў Рэфармаванага Касьцёла, заклікаючы іх арганізаваць супраціў спробам разбурэньня вёсак. На паседжаньні свайго вікарыята, якое адбывалася ў верасьні месяцы ў Арадзе, ён выступіў разам зь яшчэ трыма вугорскімі пастарамі ў падтрымку дэкларацыі, у якой асуджалася праграма ўпарадкаваньня.

Гэтая дэкларацыя была накіравана біскупу Папу, і на працягу 24 гадзін усіх яе падпісантаў наведалі афіцэры Секурытаце, якія дапыталі іх у сувязі з паседжаньнем. Справай Цёкэша займаўся начальнік цімішаарскай Секурытаце палкоўнік Траян Сіма, які загадаў, каб невядомыя асобы прышлі ў парафіяльную сядзібу Цёкэша, дзе яны зьвярнуліся да яго са зьнявагамі і пагрозамі. Культурніцкае мерапрыемства, якое праводзілася 31 кастрычніка з дапамогай Каталіцкага Касьцёла ў Цімішаары, суправаджалася пагрозамі. Потым былі адлічаны з навучальных установаў студэнты, якія ўдзельнічалі ў гэтых мерапрыемствах. Біскуп Пап паслаў Цёкэшу ліст, у якім забараніў яму праводзіць якія-кольвечы мерапрыемствы з моладдзю ў дыяцэзіі Арадзя, куды ўваходзіла і Цімішаара. Але нязломны Цёкэш вырашыў арганізаваць іншае сьвяточнае мерапрыемства ўвесну 1989 года разам з Праваслаўнай Царквой, атрымаўшы дазвол яе мітрапаліта. 31 сакавіка на патрабаваньне Дэпартаманту Культаў і Секурытаце біскуп Пап загадаў Цёкэшу больш не выступаць з казаньнямі ў Цімішаары і паслаў яго ў Мінэў, ізаляваную парафію ў паўночнай Трансільваніі. Цёкэш адмовіўся падпарадкавацца загаду, а ягоная кангрэгацыя выказалася ў ягоную падтрымку. Біскуп ушчаў цывільную працэдуру, каб выдаліць Цёкэша з парафіяльнай сядзібы. Мясцовыя ўлады не лічылі яго грамадзянінам горада. Яны адмовілі яму ў атрыманьні харчовых картак і адрэзалі электрычнасьць. Члены парафіі падтрымалі яго і пачалі прыносіць яму, ягоным жонцы і дзецям харчы і паліва. Іхнія дзеяньні кантраставалі з дзеяньнямі пастарскай калегіі. Баючыся раззлаваць біскупа Папа – 70% з 200 пастараў дыяцэзіі не пайшлі б на павышэньне, яны былі наўпрост залежныя ад Папа. Да гэтага дадавалася пачуцьце, што выклік Цёкэша пазбаўлены сэнсу. Усё гэта мела наступствам тое, што аўтары ліста, у якім быў заклік да біскупа спыніць перасьлед Цёкэша, не знайшлі больш ніводнага пастара, які б паставіў пад ім свой подпіс.

Аднак было месца, дзе Цёкэш мог разьлічваць на падтрымку. Гэта была Вугоршчына. Вугорскія прэса і ўлады з гатоўнасьцю, актыўна пачалі паведамляць пра цяжкую сытуацыю Цёкэша, што вызначыла яго сярод дысідэнтаў румынскага паходжаньня, зь якіх не было змагароў, гатовых у патрэбны момант заняцца гэтай справай. Цёкэш, такім чынам, моцна даваўся ў знакі рэжыму Чаўшэску. Жонка Цёкэша была адной з першых, хто ўзяўся за гэтую працу. Пасьля рэвалюцыі яна заявіла: “Дзякуючы міжнароднай рэакцыі да яго была асаблівая ўвага. Калі б ён заставаўся простым ананімам, яго б забілі рана ці позна”.

З другога боку, міжнародная рэакцыя, мабыць, і прымусіла ўлады прыкрываць свае дзеяньні законам і ў той жа час пагражаць Цёкэшу фізычнай расправай, каб выдаліць яго з Цімішаары. 24 ліпеня 1989 г. Вугорскае тэлебачаньне паказала інтэрв’ю з Цёкэшам, у якім ён выступіў супраць плана ўпарадкаваньня, які ён тратаваў менавіта як спробу разбурыць вугорскую культуру ў Трансільваніі. 6 жніўня ён быў затрыманы Секурытаце. Яго дапыталі і адпусьцілі. 25 жніўня біскуп Пап пазбавіў Цёкэша сьвятарства, што парушала касьцельныя законы. Адвакат Цёкэша Элод Кінчэш падкрэсьліў, што паводле статута Рэфармаванага Касьцёла, толькі дысцыплінарная рада Касьцёла мае права пазбаўляць сьвятарства. 14 кастрычніка 8 членаў дысцыплінарнай камісіі Рэфармаванага Касьцёла прымусам былі сабраныя на паседжаньне і прагаласавалі за выключэньне Цёкэша. Астатнія 23 члена ўстрымаліся.

Тым часам, членаў кангрэгацыі Цёкэша арыштавалі, іх зьбівалі. Адзін з вернікаў Эрна Уйвараш, які накіраваў пэтыцыю біскупу Папу ў падтрымку Цёкэша, быў знойдзены забітым у лесе ў наваколіцах Цімішаары 14 верасьня. Іштвана Цёкэша арыштавалі на кароткі час у кастрычніку, калі ён прыехаў у Цімішаару, каб наведаць сына. 20 кастрычніка быў выдадзены судовы загад на выдаленьне Ласла Цёкэша. Ён зрабіў апэляцыю. Міністар унутраных спраў Тодар Пастэльніку загадаў палкоўніку Траяну Сіме зь мясцовай Секурытаце выканаць гэтае распараджэньне. 2 лістапада 4 нападнікі, узброеныя нажамі, уварваліся ў сядзібу пад выглядам агентаў Секурытаце, але атрымалі адлуп, бо Цёкэш і ягоныя сябры здолелі вытурыць іх. Пасьля гэтага інцыдэнта, падчас якога Цёкэш быў паранены ў твар, румынскі амбасадар у Будапэшце быў выкліканы ў Міністэрства Замежных Спраў Вугоршчыны, дзе яму паведамілі пра заклапочанасьць вугорскага ўраду што да бясьпекі пастара.

Вернікі працягвалі таемна прыносіць харчы і дровы Цёкэшу ў сакрыстыю касьцёла, нягледзячы на чуйнае назіраньне агентаў Секурытаце. 28 лістапада Цёкэшу паведамілі, што ягоная апэляцыя адкінута, і ягонае выдаленьне адбудзецца 15 сьнежня. З набліжэньнем Калядаў грамада вернікаў прынесла дары ў сакрыстыю, а потым сабралася насупраць кватэры Цёкэша каля касьцёла, каб прадэманстраваць яму сваю падтрымку. Дзьве асобы, якія назіралі за Цёкэшам, ня здолелі разагнаць іх, і гэта натхніла вернікаў. У дзень выдаленьня вакол дома, дзе жыў Цёкэш, стаў жывы ланцуг, і міліцыя не магла пранікнуць у дом. Цёкэш зьявіўся ў вакне і падзякваў тых, хто сабраўся, але заклікаў іх разысьціся. Ягоны лёс быў вырашаны крыкамі “мы ня пойдзем!”, і некалькі сотняў людзей засталіся каля дома Цёкэша. Перасьлед Цёкэша і ягонай сям’і адбіўся на ягонай цяжарнай жонцы Эдзіт, якая захварэла ад зьнямогі і вычарпаньня ў выніку перасьледу і бяссонных начэй ў чаканьні выдаленьня. Раніцай 16 сьнежня Цёкэш папрасіў суседа перадаць выклік сямейнай лекарцы, і тая своечасова прыбыла. Праз паўгадзіны зьявіўся сам мэр Цімішаары разам з трыма лекарамі. Адчайна імкнучыся ўлагодзіць сытуацыю, мэр спрабаваў пераканаць пані Цёкэш паехаць у шпіталь. Але сямейная лекарка натхніла яе на супраціў. Мэр адступіўся. У хуткім часе прыбылі рабочыя, якія пачалі рэмантаваць шыбы кватэры, разьбітыя месяц таму ў спробе застрашэньня. Яны адрэмантавалі таксама й дзьверы, паламаныя чатырма нападнікамі, чым выклікалі зьдзіўленьне абаронцаў Цёкэша, што цікавалі звонку. Пасьля абеду колькасьць абаронцаў вырасла. Прышла румынская моладзь, прывабленая такой вялікай грамадой і чуткамі, што Секурытаце ня ў стане разагнаць яе.

Цёкэш пацьвердзіў мэру, што сытуацыя палепшылася, а той выкарыстаў момант і папрасіў яго, каб ён заклікаў натоўп разысьціся. Цёкэш пагадзіўся і падыйшоў да вакна. Ён падзякваў ўсім за падтрымку і папрасіў разысьціся, бо сход незаконны. Натоўп моцным крыкам выказаў сваю нязгоду і пачаў скандаваць “Ня верце ім!” Раз’юшаны мэр кінуўся прэч з кватэры пад сьмех грамады. Пасьля абеду ён вярнуўся і папікаў Цёкэша за тое, што пратэстуючыя не разыходзяцца. Цёкэш падвёў яго да вакна і запрапанаваў зьвярнуцца да людзей. Мэр запэўніў іх, што Цёкэша ня вывезуць, але ўсё было дарэмна. Некаторыя з грамады абвінавацілі пастара ў тым, што ён супрацоўнічае з уладамі. “Дайце нам пісьмовыя гарантыі”, — закрычалі яны і запатрабавалі, каб было адклікана рашэньне аб выдаленьні Цёкэша ў Мінэў, а пацьверджана ягонае прызначэньне пастарам у Цімішаары.

Не раздумваючы, мэр паабяцаў прынесьці такі дакумант праз кароткі час, але гэта было нерэальна, бо была субота. Работнікі канцылярыі ў суботу заканчваюць працу пасьля абеду. А 14.00 зьявіўся віцэ-мэр. Ён заявіў дэманстрантам, што калі яны не разыйдуцца, Цёкэш будзе адказваць за наступствы. Цёкэш запрапанаваў, каб у ягоную кватэру сабраліся кіраўнікі розных касьцёлаў горада, якія б разгледзелі абяцаньне мэра. Віцэ-мэр патэлефанаваў мэру і паведаміў аб прапанове. Той адказаў адмовай. Тады пастар запрапанаваў, каб дазволілі ўвайсьці да яго дэлегацыі ад людзей, што сабраліся на вуліцы. Віцэ-мэр пагадзіўся: 6 румынаў і 4 вугорцы ўвайшлі ў канцэлярыю касьцёла і пачалі абмяркоўваць сытуацыю з пастарам. Мэр паведаміў, што справа ідзе добра, але было дзіўна, што ён абяцаў, што дакумант у хуткім часе прывязуць з Бухарэста і прадстаўнікі кангрэгацыі змогуць атрымаць яго ў мэрыі. Тыя праз гадзіну накіраваліся ў мэрыю, але не знайшлі там ніякага дакуманта. Замест таго, мэр перадаў зь імі ўльтыматум, паводле якога ў выпадку, калі грамада не разыйдзецца да 17.00, то ён пашле туды пажарных і яны разгоняць іх воднымі гарматкамі.

Недавер дэманстрантаў узмацняўся тым, што ў кватэры Цёкэша знаходзіліся члены Секурытаце і што яны былі там насуперак ягонаму жаданьню ды рыхтаваліся вывезьці яго. Іхні страх жывілі правакатары, што зьмяшаліся з грамадой. Яны крычалі, іх лёгка было вызначыць. Калі ядро грамады складалі людзі, якія згуртаваліся, каб не дапусьціць выдаленьня пастара, то новых удзельнікаў збольшага прыцягнулі магчымасьць пратэсту або чуткі, што распаўсюдзіліся. Пасьля папярэджаньня мэра Цёкэш настойліва заклікаў грамаду ісьці дахаты, але людзі былі перакананы, што ён робіць так ў выніку пагрозаў Секурытаце, і адмовіліся сысьці. Некаторыя заклікалі яго выйсьці на вуліцу і ачоліць іх, але Цёкэш заявіў, што гэта было б на руку рэжыму, які мог бы зваліць віну за пратэсты на вугорскую меншасьць.

А 19.00 грамада запоўніла вуліцы, што вядуць да касьцёла. Сярод удзельнікаў былі студэнты Палітэхнікі і Унівэрсітэта Цімішаары. Румыны і вугорцы ўзяліся за рукі, стварыўшы жывы ланцуг вакол касьцёла, і сьпявалі гімны. Праз 30 хвілін загучалі, яшчэ няўпэўнена, першыя акорды гімну “Абудзіся, румын!”, румынскі гімн, які ў эпоху Чаўшэску ніколі не выконваўся публічна. Яго сьпявалі падчас пратэстаў у Брашове ў лістападзе 1987 г. Незнаёмая вугорскай супольнасьці песьня была гімнам супраціву прыгнёту і знакам таго, што вугорскі пратэст ператвараецца ў румынскае паўстаньне.

Пасьля гімну пачуліся рашучыя гуканьні: “Далоў Чаўшэску!”, “Далоў рэжым!” і “Далоў камунізм!” Грамада пачала ісьці ад касьцёла па мосьце ў цэнтр горада, да сядзібы Партыі. Там людзі закідалі вокны камянямі. Потым, а 22.00 міліцыя здолела адцясьніць дэманстрантаў назад да касьцёла Цёкэша, дзе ўжыла супраць іх водныя гарматкі. Грамада захапіла водныя гарматкі, разьбіла іх і выкінула зламаныя часткі ў раку Бэгу. Людзі пайшлі маршам у горад, пачалі біць вітрыны крамаў і ўварваліся ў кнігарню, дзе спалілі кнігі Чаўшэску і пра Чаўшэску, выстаўленыя на ганаровым месцы. Апоўначы на вуліцы, дзе жыў Цёкэш і стаяў касьцёл, было адносна ціха, але гвалтоўныя выступы працягваліся ў іншых частках горада.

Праз тры гадзіны, раніцай 17 сьнежня пакуты Цёкэша працягнуліся. Дзьверы ягонай кватэры ўзламалі агенты Секурытаце ў цывільным, але ён, ягоная жонка і двое сяброў выскачылі праз другія дзьверы, што выходзілі на лесьвіцу касьцёла. Яны забарыкадаваліся ў сакрыстыі, але і гэтыя дзьверы былі ўзламаны. Іх захапілі. Сябру Цёкэша некалькі агентаў былі кулакамі і нагамі, а афіцэр ва ўніформе па імені Вэвэрка біў кулаком у белай пальчатцы ў твар і жывот Цёкэша ды зьневажаў яго. Цёкэша з акрываўленым тварам, у сутане і жоўтых пантофлях павалаклі ў ягонае бюро, дзе ўжо сядзеў кіраўнік Дпэртаманту Культаў Ён Кумпэнашу. Пастара зьбівалі, пакуль Кумпэнашу не загадаў спыніцца. Ён запрапанаваў Цёкэшу падпісаць аркуш белай паперы, дзе была напісана згода пастара на выдаленьне і зьняцьцё сану. Цёкэш адмовіўся, яго зноў пачалі біць, і ён пагадзіўся. Яго і жонку пасадзілі ў розныя машыны і павезьлі ў сядзібу Секурытаце Цімішаары. Там кіроўца машыны з Цёкэшам выйшаў і вярнуўся праз 10 хвілін, пасьля чаго абедзьве машыны віхорам панесьліся ў вёску Мінэў. Праз два дні, 19 сьнежня распачаліся допыты арыштаваных у горадзе Залэў.

Ласла дапытвалі ў сядзібе вайсковага камэнданта Залэў, а Эдзіт у шпіталі. Удзельнічала некалькі груп сьледчых, якія паводзілі сябе то гвалтоўна, то па-добраму, імкнучыся вырваць у іх прызнаньне ў тым, што яны зьяўляюцца замежнымі агентамі. Допыты працягваліся яшчэ два дні, але раніцай 22 сьнежня агенты Секурытаце, якія везьлі іх з Мінэў у Залэў, больш не зьявіліся. Міліцыянты ўсталі на сваіх патрульных машынах насупраць дома ў Мінэў, але пад’ехала некалькі армейскіх машын, і міліцыя атрымала загад выдаліцца. Швагеркі Цёкэша прыбеглі да яго, усе разам яны пачулі па радыё навіну пра ўцёкі Чаўшэску. Пад узьдзеяньнем рэфлекса падпарадкаваньня сужэнства Цёкэшаў зьявілася ў сядзібе Секурытаце Залэў, дзе ім паведамілі, што яны вольныя і могуць ад’ехаць. Але праз 24 гадзіны біскуп Пап распаўсюдзіў заяву, у якой пастар быў авінавачаны ў “недысцыплінаванасьці”, у “грубым парушэньні статута арганізацыі і функцыянаваньня Рэфармаванага Касьцёла Румыніі і румынскіх законаў” і ў “дэскрыдытацыі ды тэндэнцыйным прадстаўленьні рэчаіснасьці ў нашай краіне”. Праз тыдзень біскуп уцёк з краіны ў Вугошчыну, адкуль падаўся ў Мэц, да свайго сына.

Ужо тыдзень прамінуў з моманту пачатку дэманстрацый каля дома Ласла Цёкэша і да моманту ўцёкаў Нікалае Чаўшэску з даху будынка Цэнтральнага Камітэта. Сход 15 сьнежня ў падтрымку Цёкэша на працягу двух дзён ператварыўся ў вялікія дэманстрацыі, але 17 сьнежня іх спынілі з дапамогай арміі, якая адкрыла агонь па грамадзе. Колькасьць чалавечых ахвяр меркавалася ў некалькі тысяч, але пазьнейшае рассьледваньне вызначыла лічбу ў 122 забітых. На загад Алены Чаўшэску 40 забітых былі перавезены грузавіком у Бухарэст, дзе целы спалілі, каб зрабіць немагчымай іх ідэнтыфікацыю. Гэта знак яе жорсткасьці і лютасьці. 18 сьнежня тысячы цімішаарскіх рабочых арганізавалі моцныя пратэсты ў дварах фабрык, а 20 сьнежня людзі выйшлі на вуліцы і паклалі канец камуністычнаму рэжыму ў горадзе. Грамада абвясьціла Цімішаару вольным горадам, але гэта адбылося за два дні да ўцёкаў Нікалае Чаўшэску з Бухарэста.

20 сьнежня Чаўшэску вярнуўся з кароткага візыту ў Іран і зрабіў свае першыя тры памылкі.

У сваім тэлезвароце да нацыі ў той жа вечар ён абсалютна памылкова ацаніў настрой народа, не выказаўчы ніякага спачуваньня ахвярам у Цімішаары – а хадзілі чуткі, што іх было дзесяць тысяч. Ён вызначыў дэманстрацыі як “справу фашыстаў” і “хуліганскіх элемэнтаў”, натхнёных вугорскім супрацівам.

Другой ягонай памылкай было скліканьне мітынгу падтрымкі на раніцу наступнага дня. На ягонае зьдзіўленьне яго прамова была перарваная крыкам “ Мы не хуліганы!” Гэта крыкнуў пратэстовец па імені Ніка Леон. Ён стаяў вельмі блізка да мікрафона, і яго пачула грамада. Тых, што стаялі каля Нікі Леона, ахапіла паніка. Яны баяліся, што агенты Секурытаце ідэнтыфікуюць іх як супольнікаў пратэстоўца. Яны пакідалі транспаранты з лёзунгамі ў падтрымку Чаўшэску, людзі тапталі транспаранты нагамі. Пачуўшы трэск ад ламаных дручкоў транспарантаў, падобны на стрэлы, грамада пачала разьбягацца. Вэрхал быў чутны на фоне тэле- і радыётрансляцыі прамовы Чаўшэску. Праз колькі хвілін трансляцыю спынілі. Чаўшэску зноў пачаў прамаўляць, спрабуючы супакоіць грамаду, абяцаючы падняць заробкі і пэнсіі, але гэты ход яшчэ больш раз’юшыў людзей. Пасьля заканчэньня прамовы вялікія групы моладзі засталіся ў цэнтры горада і, карыстаючыся нетыповым для гэтага сэзону лагодным надвор’ем, шумелі да самага вечара. На іх накіравалі аддзелы арміі і войск Секурытаце. Многія былі застрэлены.

Раніцай наступнага дня, 22 сьнежня, Чаўшэску зрабіў сваю трэцюю фатальную памылку. Ён асабіста распарадзіўся сабраць мітынг, а ў той жа час аддаў загад міністру абароны Васілэ Мілэа задзейнічаць армію, калі справы выйдуць з-пад канролю. Міністар адмовіўся і скончыў жыцьцё самагубствам. Калі Чаўшэску на кароткі час зьявіўся ў вакне на балконе Цэнтральнага Камітэту, каб зьвярнуцца да грамады, у яго паляцелі камяні. Вярхоўнае камандваньне арміі, ведаючы пра сьмерць Мілэа, аддало загад войскм, што знаходзіліся насупраць Цэнтральнага Камітэта, адысьці. Гэта было сігналам для грамады браць будынак штурмам. Чаўшэску ўцёк з даху на верталёце разам з жонкай і двума самымі блізкімі паплечнікамі Манэа Мэнэску і Эмілем Бобу, а таксама двума целаахоўнікамі. Чаўшэску загадаў пілоту прызямліцца ў Снагаве, 30 км ад Бухарэста, дзе ў яго была віла. Там ён з жонкай забралі чымадан з каштоўнасьцямі. Манэе Мэнэску і Эміл Бобу засталіся там, а верталёт з сужэнствам Чаўшэску і целаахоўнікамі паляцеў у кірунку Пітэшць. Брак паліва прымусіў пілота прызямліцца на шашы на ўсход ад Тыргавішце. Там яны рэквізавалі машыну, якую вёў лекар. На гэтай машыне яны прыехалі ў навакольле горада. Потым захапілі гвалтам другую машыну і паспрабавалі праехаць у мясцовую сядзібу Партыі. Але іх апазналі. Кіроўца завёз іх на станцыю сельскагаспадарчых дасьледваньняў, дзе іх зачынілі да прыбыцьця мясцовай міліцыі. Міліцыя завезла сужэнства ў гарнізон Тыргавішце, дзе іх судзілі і пакаралі сьмерцю ў калядны дзень 1989 года. Лёс па-свойму адплаціў мужным людзіям і пакараў тыранаў.

Пераклаў з румынскай Валеры Буйвал.

Mihai Bărbulescu, Dennis Deletant, Keith Hitchins, Șerban Papacostea, Pompiliu Teodor. Istoria României. București, 1998.

20/6/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2016
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024