Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: НА СЬМЕРЦЬ ПАЎЛА ШАРАМЕТА

20 ліпеня ў Кіеве адбылося гучнае дэманстратыўнае забойства журналіста Паўла Шарамета. Падклалі выбухоўку і ўзарвалі разам з машынай днём у цэнтры горада. Першае пытаньне: за што і навошта яго дэманстратыўна забілі? Ён не займаўся карупцыйнымі справамі, ня меў уласнага бізнэсу, не займаўся палітыкай і ўвогуле — ня быў той фігурай, якая магла б пабуджаць бандытаў на забойства. І што зьменіцца пасьля яго сьмерці ва ўсіх важных эканамічных, палітычных, інфармацыйных раскладах? Нічога ня зьменіцца. Дык навошта так цынічна-тэатральна забілі чалавека?

На ўжо зразумелае пытаньне “хто забіў?” можа даць афіцыйны адказ сьледзтва, у чым я, аднак, сумняваюся, бо надта відавочна ў гэтым тэракце відаць ашалелае ад нянавісьці ўсім вядомае міжнароднае бандыцкае рыла. Яно такое агіднае, што можа адпасьці ахвота ў сьледчых яго называць. Асабліва ў тых, хто хоча “умом понять Россию”.

Забойства Паўла Шарамета — гэта руцінная помста расейскіх спэцслужбаў, што жывуць па крымінальных законах. Помста за некіруемыя паводзіны і падтрымку ўкраінцаў. Адыход улева, управа, наперад і нават у тыл, — караецца там ужо не па паняцьцях, а па няпісаных жорсткіх правілах антычалавечай арганізацыі. Гісторыя тут аб’ёмная, страшная, і прыкладаў процьма.

Па гэбісцкай логіцы злачынства, павінны былі забіць Яўгена Кісялёва, журналіста з большай вядомасьцю і вагой, які пераехаў у Кіеў і агентурная супраца якога з ФСБ публічна дакумэнтальна пацьверджана. Да гэтага ішло. Але забілі Паўла Шарамета.

Чаму гэта сталася зразумела толькі тым, хто ведае Расею, “вату”, рускае праваслаўе і “русский мир”.

Першаснае пытаньне іхняй палітыкі, першаснае па важнасьці, па дзеяньні і нянавісьці — гэта ёсьць непрыняцьце і зьнішчэньне беларускай і ўкраінскай мовы. Усё астатняе — газ, эканоміка, нафта, “бабло” і т. п. — гэта ўсё потым. “Вата” сьпіннымі мазгамі адчувае, што ліквідаваць Украіну і Беларусь можна зьнішчыўшы беларускую і ўкраінскую мовы. Моўны ўкраінец і моўны беларус — гэта для іх апрыоры ворагі, якіх ( па іхных паняцьцях) трэба забіваць. (Нядаўна нейкі “ватнік”, зьбегшы зь Беларусі на Данбас, так і сказаў.)

Перад забойствам у жыцьці Паўла Шарамета адбыўся (нечакана для ўсіх і, магчыма, для яго самога) паварот у сьвядомасьці. Ён апублікаваў ліст, дзе засьведчыў сваё жаданьне павярнуцца тварам да Беларусі, да беларускай мовы, напісаў, што яму сорамна за свае ранейшыя паводзіны і скептыцызм да патрыётаў, якія шануюць мову і гавораць па-беларуску. Паведаміў нават, што купіў падручнік беларускай мовы і хоча выправіць страчанае раней.

Паўтаруся: трэба ведаць “вату”, узровень думаньня расейскіх гэбістаў і псіхалогію чарнасоценцаў “русского мира”, каб разумець зьявы, калі ў іх цалкам касабочацца мазгі ад нянавісьці.

Рэальна (хай сабе нават толькі фармальна, хай сабе нават зь нейкай рацыянальнай мэтай) гэты чалавек хацеў вырвацца з сетак чэкісцкай Масквы, вярнуцца, прыплысьці да беларускага берага. Прыплысьці ў цяжкі для Бацькаўшчыны час. Сусьветныя мярзотнікі і забойцы перашкодзілі яму тое ажыцьцявіць.

Гэта вельмі трагічная, сумная і павучальная гісторыя, якая выклікае абурэньне і жаль у чалавечых сэрцах, здуменьне і разважаньне пра нашае нацыянальнае існаваньне пра хуткацечнасьць людзкога жыцьця.

Мае спачуваньні родным і сваякам загінулага, мой жаль з таго, што адбылося, з таго, што ня сталася і магло быць.

22 ліпеня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК

23/7/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2016
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024