Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Незалежнасьць

Паважаныя землякі, адраджэнцы! Вітаю Вас ў Бацькаўшчыне і віншую з надыходзячым найвялікшым нацыянальным сьвятам – 25-годдзем Незалежнасьці Беларусі. Верма у нашу сьветлую будучыню. Яна будзе.

* * *
Мінула 25 гадоў нашай дзяржаўнай Незалежнасьці. Мы імкнуліся да гэтага дня 200 гадоў. У змаганьні мы страцілі тысячы лепшых людзей народа. І вось яно сталася.

Гэта быў час вялікіх надзей. Людзі жылі будучыняй. Але ніхто не ўсьведамляў (амаль ніхто), што вайна, усходняя вайна супраць Беларусі, працягваецца. Пакаленьне, народжанае ў СССР з адбітай памяцьцю, ужо не разумела (амаль не разумела), што ардынская Расея – гэта ёсьць усечаны Савецкі Саюз, натуральны, сьмяртэльны і вечны вораг Беларускай нацыі. І нават калі людзям нагадалі, сказалі пра гэта адкрыта, наўпрост – ніхто (амаль ніхто) не зварухнуўся. Такое не мінае бяссьледна. Безабаронны не ўтрымае свабоду.

Адвечны вораг зайшоў у Беларусь знутры, радасна вітаны бяспамятным людам. Пачалася доўгая ліпкая ноч унутранай акупацыі, вынішчэньне беларускага, добрага, сьветлага, запанавала хамства, русіфікацыя і хамскі рэжым. Запанавала чужое. Але дзяржава ёсьць. А гэта абазначае, што лепшая будучыня ня страчана, што яна будзе, і трэба яе ствараць.

* * *

Пры гістарычным разглядзе, абапіраючыся на заканамер-насьці гістарычнага жыцьця і пры рацыянальным аналізе зьявы, з гледзішча выніковасьці грамадзкіх працэсаў, прыходзім да высновы, што Дзень 25 Жніўня 1991 года (калі была аб’яўлена дзяржаўная незалежнасьць Беларусі) ёсьць найвялікшым Днём і найвялікшай падзеяй ва ўсёй новай гісторыі беларускай нацыі за 200 гадоў падрасейскага існаваньня і барацьбы з Масквой.

25-ы Сакавік 1918 года – Дзень аб’яўленьня незалеж-насьці БНР – стаў першым рэальным крокам стварэньня незалежнай Беларускай дзяржавы, крокам, які быў засьведчаны на ўвесь сьвет. Сьцяг незалежнасьці быў падняты.

БНР не пасьпела рэалізавацца як дзяржава, бо праіснавала вельмі кароткі час і была акупавана войскам бальшавіцкай Расеі. Пэрыяд акупацыі характарызаваўся сатанінскім генацыдам беларускага народа, зьнішчэньнем беларускай культуры, гістарычнай памяці і асноваў незалежнага дзяржаўнага думаньня беларусаў.

Адразу пасьля акупацыі (у піку БНР) акупанты падтрымалі стварэньне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Аналіз паказвае, што вышэйшымі коламі ў Маскве яна была выкарыстана як правакацыйная магіла беларускай нацыі. Стварэньне «савецкай рэспублікі», якая ня мела суверэнітэту і ніякіх правоў, дало магчымасьць Маскве выявіць, «выцягнуць» з грамадзтва і з-за мяжы беларускіх палітыкаў, дзеячоў, інтэлігенцыю, лакалізаваць іх у квазідзяржаўных рэспубліканскіх установах (ва ўладзе, у міністэрствах, у інстытутах навукі і г. д.) і потым планамерна ўсіх зьнішчыць, «састрыгчы» ўсю выяўленую маладую эліту нацыі, ліквідаваць яе цалкам. Мясарубка працягвалася рэшту 20-х, усе 30-я і 40-я гады (калі выкарысталі вайну зь немцамі дзеля працягу генацыду беларусаў). Удар быў катастрафічны. Зьнішчылі мільёны, амаль што кожнага трэцяга беларуса.

Пасьля вайны ўладу ў БССР цалкам перанялі кіруемыя з Масквы энкавэдзісцка-савецкія партызаны, якія ў час вайны шкодзілі немцам і адначасна працягвалі генацыд беларускага насельніцтва. Вышэйшае партызанскае кіраўніцтва абяскроў-ленай БССР было антыбеларускім і праіснавала, практычна, да канца 70-х гадоў. За гэты час яны ліквідавалі ўсе беларускія школы ў гарадах, сапсавалі экалогію і здэградавалі гідрасістэму Палесься, разбурылі беларускую вёску, заблякавалі беларускую мову ў грамадзтве, вытапталі ўсё, што было асэнсавана нацыянальным беларускім, што прарастала і імкнулася існаваць.

Ужо ў пачатку 80-х гадоў крэатура Масквы (а дакладней – агентура) ў Беларусі, у кампартыі (КПБ) і КГБ адкрыта радвалася і паўтарала: «Да бросьте, Белорусии больше нет». Крызіс адміністрацыйнай эканомікі, тупіковая палітыка СССР, што выявілася ў гэты час, відаць, адбілася крызісам у галовах яго ланцуговых сабак, бо праз кароткі час, у канцы 80-х гадоў, у беларускіх гарадах ужо крочылі дэманстрацыі Народнага Фронта, луналі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі і грымеў кліч «Жыве Беларусь!».

Нішчыцелі пагрузіліся ў стан разгубленасьці і атупеньня, а «стратэгі сьмерці» з Лубянкі і Крамля – у прастрацыю. Вытаптаная імі Беларусь паўстала раптам амаль з попелу і, бліскуча скарыстаўшы мамэнт, здабыла дзяржаўную незалежнасьць.

Праз 200 гадоў маскоўскай акупацыі адбылося тое, пра што марылі вялікія розумы беларускай нацыі – адбылася хуткая перамога нацыянальнай ідэі. Беларусь стала незалежнай поўнапраўнай дзяржавай, прызнанай усім сьветам, існуе вось ужо 25 гадаў як суб’ект міжнароднага права і міжнароднай супольнасьці, стала чыньнікам міжнароднай палітыкі. Гэта велічная перамога, дасягненьне, якой напаўняе радасьцю сэрца беларуса.

Трэба разьмяжоўваць здабыцьцё незалежнасьці і дасягненьне ўлады. Дзяржава Беларусь ёсьць. Яна існуе паўнапраўна як дзяржава вось ужо чвэрць стагоддзя. Тым ня менш існаваньне беларускага нацыянальнага грамадзтва тут непаўнавартаснае і трагічнае з той прычыны, што авангардовыя нацыянальна-дэмакратычныя сілы (у выніку яшчэ савецкай нескансалідаванасьці грамадзтва) не здабылі ўлады ў дзяржаве, якую прывялі да незалежнасьці. Масква здолела паставіць сваю крэатуру на вяршыню ўлады ў Беларусі, усталяваць дыктатуру і праводзіць цераз яе палітыку ўнутранай акупацыі краіны і вынішчэньня асноваў нацыянальнага існаваньня.

Гэта ёсьць нішто іншае, як працяг вечнай агрэсіі Масквы, вечнай вайны Маскоўшчыны супраць беларусаў. Але Беларуская дзяржава існуе і пакідае надзею на лепшае, на перамогу над ворагамі чалавецтва, бо кансалідацыя нацыі (няхай сабе нават вельмі павольным крокам) увесь час прадаўжаецца. Насуперак палітыцы антыбеларускай улады, павольна і спакваля фармуецца новая Беларуская нацыя.

Да 20-годдзя незалежнасьці Беларусі, якое ўсе вольныя беларусы сьвяткавалі ў 2011 годзе, мне ўдалося выдаць некалькі кніжак. Гэта найперш «Сэсія Незалежнасьці», дзе надрукавана стэнаграма нечарговай пятай сэсіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га скліканьня (24-25 жнівень 1991 год), таксама брашура «Незалежная Беларусь. Дваццаць гадоў» і кніжка «Дэпутаты Незалежнасьці» (тэксты падрыхтаваныя разам з Сяргеем Навумчыкам).

У выданьнях падрабязна апісана, як рыхтавалася і як адбывалася гістарычная Сэсія Незалежнасьці. Уражаньняў, працы і падзеяў у гэтыя дні было шмат, зафіксавана мноства цікавых дэталяў, якія характарызавалі ўзровень і напружаньне ў палітыцы таго часу. Усё гэта мае інтэрас і ня мусіць быць забытым, бо такія падзеі ня часта здараюцца ў гісторыі, і ня кожнае пакаленьне мае шчасьце перажываць іх сэнс. Таму, мяркую, гэтыя суб’ектыўныя рэфлексіі некалі варта будзе адзначыць дзеля вопыту і аналогіі.

Тады, гледзячы на маскоўскі камуністычны жнівеньскі путч (ГКЧП) 1991 года і на тое, як ён адбываецца, не ўзьнікала сумненьня, што ён пратрывае ня больш, чым некалькі дзён, і скончыцца паразай гэкачэпістаў. Я пра гэта публічна казаў у тыя дні. Так яно і атрымалася. Шмат хто з нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, чакалі выступу мясцовай камуністычнай рэакцыі. Хітрая беларуская намэнклятура, аднак, так і ня выйшла на паверхню. Якраз і путч скончыўся. Але не выпадкова, што пасьля правалу путчу ў Маскве страх і жах паралізаваў тут іхныя сэрцы і розум.

Пасьля паразы путчу (22 жніўня) галоўным хваляваньнем для нас было тое, каб сабраць сэсію Вярхоўнага Савета не пазьней 24 жніўня. Мы разумелі, што праз некалькі дзён жах і страх намэнклятуры зьменшае, і тады стане цяжка на іх уплываць.

Другі момант – пасьпець падрыхтаваць пакет дакумантаў на сэсію. На гэта засталіся, практычна, толькі адны суткі. Працавалі ўсёй Апазыцыяй літаральна па хвілінах.

Трэцяе – правільна выбраць тактыку ў залі. Мяркую, што гэта ўдалося. Павінен быў быць наш разумны напор, ініцыятыва і націск пад кантролем (нельга было пераціснуць, каб ні разагнаць дэпутатаў, бо трэба было, каб Вярхоўны Савет прагаласаваў за незалежнасьць краіны). Дзеля падтрымкі гэтай тактыкі нам трэба было мінімум 50-60 тысячаў народу перад будынкам Вярхоўнага Савета (ідэальна – 100 тысяч). Быў кінуты кліч. Сабралася крыху менш, але дастаткова, каб нам мець апору дзеля рашучых дзеяньняў.

У залі на пачатку было вельмі важна сцьвердзіць прысутнасьць беларускага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, прыняцьце нашага апазыцыйнага парадку дня і зьняцьце з пасады намэнклятурнага старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцея (які, фактычна, сваім вычэкваньнем падтрымаў ГКЧП).

Усё гэта ўдалося з цяжкасьцямі і карэктыроўкамі. Важнай была правільная пасьлядоўнасьць і аргумэнтацыя ў дыскусіі, кулуарная дзейнасьць, кантакты з разгубленымі апанэнтамі. Ініцыятыва мусіла быць толькі наша. Ніякай іншай ініцыятывы нельга было дапусьціць. Сіла намэнклятуры была толькі ў галасах. Задача ставілася прымусіць іх галасаваць так, як нам трэба.

Перад намі стаялі дзьве важнейшыя мэты: незалежнасьць Беларусі і спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС.

Пераломны псіхалагічны момант утварыўся экспромтам, калі да трыбуны раптам, недзе збоку, пасунуўся Першы сакратар ЦК КПБ (адыёзная на той час істота) Анатоль Малафееў. Ён ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але ўваходзіў у Вярхоўны Савет СССР і хацеў гэтым скарыстацца. На перахоп яму кінулася ці ні палова Апазыцыі. Вядома, што нашыя беларусы – людзі стрыманыя нават у вострым канфлікце. Ніхто б да таго Малафеева не дакрануўся. Але ніхто ня быў упэўнены ў самім Малафееве. Ён мог бы павесьці сябе правакацыйна, фізічная сутычка абнізіла б узровень супроцьстаяньня. Беларусы ня любяць грубых паводзінаў. І тут выдатна вырашыла сытуацыю Галіна Сямдзянава, стаўшы наперарэз Малафееву і засланіўшы трыбуну. Па беларускай няпісанай этыцы мужчына ня можа штурхаць (тым больш ударыць) жанчыну. Калі б Малафееў такое зрабіў – яму быў бы канец. Гэта поўнае маральнае падзеньне. Малафееў адступіў.

На намэнклятуру ў залі інцыдэнт падзейнічаў крайне прыгнятальна. Першы сакратар ЦК КПБ успрымаўся імі як божышча, надпрыродная істота, якой нельга пярэчыць, для якой усё магчыма, перад якой усе схіляюцца. А тут яго проста пагналі з трыбуны, як цюцьку, ня даўшы нават адчыніць рот. Намэнклятура заламалася. Яны зразумелі, што ніхто іх не абароніць, і трэба ратавацца самым.

Скончылася гэтая іхняя псіхалагічная паніка тым, што мы дамагліся спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС у Беларусі іхнымі ж камуністычнымі галасамі. Мы растлумачылі сытуацыю і паставілі іх у такія ўмовы, што яны, камуністы, самы прагаласавалі за фактычны канец сваёй камуністычнай партыі. Унікальная зьява.

Жорстка і вязка ішла дыскусія пра незалежнасьць. Параза камуністаў у справе існаваньня КПСС аблегчыла нашу задачу. Мы даводзілі, што цяпер іншай дарогі, як да незалежнасьці і суверэнітэту, у Беларусі няма. Трэба сьпяшацца і скарыстаць момант, пакуль Масква занятая сама сабой. Усе астатнія шляхі дрэнныя.

Першым зарыентаваўся і здаўся прэм’ер-міністар Кебіч. Апошнім – Шушкевіч, які зьдзівіў усіх (верагодна, нават камуністаў) сваім упартым непрыняцьцем незалежнасьці Беларусі і чапляньнем за ўжо мёртвую ў гэты час гарбачоўскую «новаагароўскую» ідэю аб новым саюзным дагаворы і працягу СССР.

Калі падышлі да галасаваньня за незалежнасьць, я адчуў, што перамога, магчыма, будзе наша, але не аднагалосна. Пры тым неабходна была канстытуцыйная бальшыня (2/3 галасоў), трэба было яе набраць адразу і не дапусьціць паўторных галасаваньняў. Гэта нядобра ў такой справе. Ідэальна, каб прагаласавалі адзінагалосна. Упэўненасьці не было нават у тым, што прагаласуе канстытуцыйная большасьць. Стан быў трывожны. Нявызначанасьць у залі я адчуў, як кажуць, духам сваім. Калі ўжо ставілі на галасаваньне, ў апошні момант я хутка падыйшоў да мікрафона ў залі, атрымаў слова і выступіў, як кажуць у такіх выпадках, пад заслону.

Уласна кажучы, я сказаў тое, што існавала ў рэальнасьці і пра што мы, фронтаўцы, ведалі, але не агучвалі з тактычных меркаваньняў, каб напоўніцу скарыстаць маскоўскую барацьбу за ўладу паміж Гарбачовым ды Ельцыным і не настроіць іх супраць нас, беларусаў. Тут жа цяпер у залі вырашаўся лёс Беларусі, і прышлося выкласьці калі ня ўсё, то самае галоўнае, што так званая «дэмакратыя» Ельцына – гэта блеф і толькі мэтад вайны за ўладу з Гарбачовым, што за гэтай маскоўскай «дэмакратыяй» стаіць звычайны расейскі імпэрыялізм, што Расея па вызначэньні ніколі ня будзе дэмакратычнай краінай, і калі мы цяпер, усе беларусы, ад іх не адмяжуемся, то будзе блага ўсім: і камуністам, і не камуністам. Нас уцягнуць у расейскі вэрхал і пачнуць лічыць па галовах. Нікому ня трэба спадзявацца на Ельцына. (А Ельцын на той час для так званых кніжных «дэмакратаў» быў бадай што сьвятым.)

Я ведаў, што камуністы БССР баяцца адказнасьці за ГКЧП, баяцца расправы з Масквы з боку Ельцына. Цяперака раскрыцьцё картаў пра сутнасьць ельцынаўскай палітыкі мусіла б зрушыць камуністаў зь нерухомай кропкі нявызначанасьці, мусіла б дапамагчы ім зразумець, што незалежная дзяржава – выгадная справа для ўсіх грамадзян Беларусі (у тым ліку і для намэнклятуры).

У залі панавала мёртвая цішыня. Відаць было, што камуністаў, дэпутатаў намэнклятуры праняло. Гэта была добрая прыкмета. Дурнавата выглядалі толькі некаторыя «пушыстыя» дэмакраты, якія ўспрымалі расейскую дэмагогію пра дэмакратыю за чыстую манету. Яны былі разгубленыя і круцілі галовамі – пакрыўдзілі іхную «сьвятую карову» Ельцына.

Калі ўстаў Другі сакратар Гомельскага абкаму КПБ Міхаіл Мачуленка, які меў аўтарытэт у намэнклятуры, і падтрымаў маю прапанову галасаваць за незалежнасьць, стала зразумела, што ўсё — перамога за намі. Адзін за адным сталі выступаць былыя партыйныя кіраўнікі, падтрымліваючы незалежнасьць Беларусі, а Першы сакратар Ваўкавыскага райкама КПБ Міхаіл Жэбрак (які ў дні ГКЧП абяцаў нас усіх расстраляць) выступіў з катэгарычным патрабаваньнем падтрымаць «прапановы Зянона Станіслававіча». Дадам тлумачэньне. Тут такі «тонкі» стыль партыйнай бюракратыі, маўляў, ён прапануе падтрымаць не ідэю (не называе яе), а «прапановы» асобы. Такая вось «чароўная прывабнасьць намэнклятуры». Але сутнасьці тое ўжо не зьмяняла.

У 20 гадзін 12 хвілін 25 Жніўня 1991 года адбылося галасаваньне за незалежнасьць Беларусі. Зарэгістравалася 265 дэпутатаў. Прагаласавала «за» — 256, «супраць» – 0, «устрымаліся» – 0, не галасавалі – 9.

«Віншую вас, паважаныя народныя дэпутаты, – кажа вядучы паседжаньня сэсіі, – віншую вас, жыхары Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі! (Адраджэнец сказаў бы ўжо проста – «Беларусі».) Закон прыняты.»

У залі ўзьнік незвычайны ўздым, шмат якія дэпутаты абдымаліся, чуліся радасныя воклічы.

Калі мы выйшлі на вуліцу, было ўжо цёмна, гарэлі паходні з газэт, людзі гукалі «Жыве Беларусь!», махалі сьцягамі, гучэлі песьні. Запомніўся Пётра Садоўскі, які стоячы на памосьце (зь якога мы ўсе выступалі днём перад людзьмі), апантана, да самазабыцьця сьпяваў народную песьню. У многіх на вачах былі сьлёзы. Людзі абымаліся і плакалі ад радасьці.

За ўсё маё жыцьцё па сёньняшні дзень, я не адчуваў нічога падобнага ў душы. І мяркую, ня толькі я. Было такое ўражаньне, што мы выйшлі з залі з будынку Вярхоўнага Савета і трапілі ўжо ў іншы сьвет, які перамяніўся. Адчуваньне незвычайнага шчасьця, якога я да гэтага не адчуваў ніколі, агарнула істоту, горача падкатвала пад самае горла. Вакол, здавалася, былі ўжо іншыя дамы, дрэвы, слупы, ліхтары і трава. Па-іншаму пахла паветра, паветра свабоды, і ўсё навокал было сваё.

Тут узьнікаюць рэфлексіі, якія некаторым цяперашнім людзям, магчыма, непатрэбныя і нецікавыя. Хаця часам трэба сказаць пра іх самому сабе, бо сьвет зьмяняецца. На месца цёмнага прыходзіць сьветлае, і ўсё працягваецца.

Я ўдзячны Богу за сваё жыцьцё. Маё дзяцінства і юнацтва адбылося ў родным беларускім асяроддзі, дзе не было нічога савецкага і ніякай расейшчыны. І ўсё савецкае, якое зьяўлялася, потым, як кароста, мы адрыналі, каб не псаваць душы. Саветчына прыкметна пачала засьмечваць нашае жыцьцё з другой паловы 50-х гадоў, калі зьявілася тэлебачаньне, і сельскія людзі паехалі ў гарады і адсеклася Вільня. Яна стала рабіцца чужой.

У 1963 годзе, будучы студэнтамі самага вальнадумнага на той час Беларускага Дзяржаўнага Тэатральна-Мастацкага Інстытута (цяперашняя Акадэмія Мастацтва) мы сядзелі ў студэцкім пакоі з мастаком Лявонам Баразном, глядзелі ў адчыненае вакно, праз якое быў відаць на небе белы сьлед чужога рэактыўнага бамбавіка. Мы малявалі на лістах Пагоню і ўголас марылі пра незалежнасьць Беларусі. Пра гэта мы маглі казаць толькі паміж сабой, бо савецкія студэнты такога ўжо не разумелі. Ім здавалася, што такое «невозможно».

У 1972 годзе 15-га жніўня Лявона забілі кагэбісты. Але людзей, якія ня толькі марылі пра вольную Бацькаўшчыну, але і працавалі дзеля яе свабоды, стала больш.

Гэта я ўсё ўспамінаю дзеля ацэнкі шчасьця, якое выпала ўсім, але перажывалася па-рознаму. Для людзей, у якіх зь юнацтва жыла мара аб вольнай Беларусі, якія працавалі на яе, набліжалі, ажыцьцяўленьне яе стала катарсісам, прасьвят-леньнем душы, шчасьцем амаль нябесным, усьведамленьнем плёну свайго жыцьця і працы, перажываньнем дасягнутай мэты.

Тым часам для асоб, якія ніколі ня думалі пра свабоду і вольную Беларусь, якім нічога не было вядома, што робіцца і што рабілася дзеля гэтай мэты, якія ня чулі ні пра ахвяры, ні пра пакуты, для іх – незалежнасьць стала прыемнай неспадзяванкай, і яны думалі, што ўсё яно звалілася ім на галаву зь неба. Бо не чуваць было стрэлаў, не лілася кроў. Некаторыя наіўныя нават пра тое пісалі (маўляў, як гэта на іх раптам незалежнасьць звалілася), а тролі і расейская прапаганда сталі выкарыстоўваць іхны наіўны інфантылізм дзеля павелічэньня маргінальнай наіўнасьці і прыніжэньня нашай свабоды.

Незалежнасьць мае шмат добрасьцяў і прыкмет. Чалавек чуецца тады роўным у чалавецтве і гаспадаром у сваёй краіне, нават калі там дыктатура.

Для мяне тэст незалежнасьці – гэта калі ты заходзіш у любую ўстанову, і ўсюды гучыць беларуская мова. Калі таго няма – гэта значыць, што пад пагрозай ёсьць незалежнасьць і нешта нядобра робіцца ў нашым Вялікім Княстве. Гэта не незалежнасьць, калі ты прыходзіш у рэктарат Радыё-тэхнічнага інстытута (як тое некалі было са мной за саветамі), а рэктар-маскаль табе кажа ў твар: «Разговаривайте по-человечески!» І калі ты пытаеш, ці атрымліваў ён калі-небудзь у жыцьці аплявухі, адказ быў такі: «Я вас сдам в КГБ.» Незалежнасьць ёсьць там, дзе няма КГБ.

14 жніўня 2016 г. Зянон Пазьняк

17/8/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2016
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024