Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: 25 год Незалежнасьці Беларусі Дарагія землякі, дарагія беларусы! Віншую Вас зь вялікім нацыянальным сьвятам – 25-й гадавінай Незалежнасьці Беларусі! 25-га Жніўня 1991 года аднагалосным галасаваньнем Вярхоўнага Савета БССР Беларусь набыла незалежнасьць і суверэнітэт. На наступнай сэсіі, у верасьні, былі прыняты Бел-Чырвона-Белы Беларускі Сьцяг і гістарычны Гэрб “Пагоня” ў якасьці афіцыйных сымвалаў дзяржавы, а краіна атрымала назву Рэспубліка Беларусь. Адзначу важнае палажэньне дзеля дакладнага разуменьня рацыі Беларускай дзяржавы і Незалежнасьці. Аналіз фактаў, гістарычны вопыт і рэчаіснасьць паказваюць, што ў жніўні 1991 года сталася найвялікшая палітычная падзея ў гісторыі Беларусі за апошнія 200 гадоў яе акупацыйнага выжываньня. Зьдзейсьнілася перамога нацыянальнай ідэі – створана рэальная незалежная Беларуская дзяржава – суб’ект міжнароднай супольнасьці, прызнаная ва ўсім сьвеце, з усімі атрыбутамі суверэнітэту палітычнага і дзяржаўнага існаваньня. Незалежная дзяржава БЕЛАРУСЬ адбылася. Яна сталася. Да гэтага быў шлях працягласьцю ў два стагоддзі, на якім у магілах змаганьня засталіся мільёны беларускіх жыцьцяў, аддадзеных за свабоду і волю. Дзень 25 Жніўня 1991 года ёсьць сакральнай датай беларускай гісторыі і рэальнай датай нашай Незалежнасьці, якая нараджалася як нацыянальны змагарны працэс, які ўпершыню моцна засьведчыў сябе 25 Сакавіка 1918 года аб’яўленьнем незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Умовы нямецкай, а потым бальшавіцка-расейскай і шавіністычна-польскай акупацыяў не дазволілі разарванай на часткі БНР сфармавацца ў дзяржаву. Спроба стварэньня БНР была ліквідавана акупантамі. Але заставалася ідэя і ідэалы БНР, якія паўсталі зноў на хвалі новага беларускага Адраджэньня ў канцы 80-х — пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя і зьвязаны зь дзейнасьцю Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэклярацыя аб Дзяржаўным суверэнітэце БССР. Праз год, 25 жніўня, яна набыла статус канстытуцыйнага закону незалежнай дзяржавы. Усе тры даты змаганьня за Незалежнасьць будуць ушанаваныя ў будучай, вызваленай ад антынароднага рэжыму, вольнай Беларусі. Незалежнасьць нашай краіны была дасягнута на працягу кароткага ўздыму беларускага нацыянальнага Адраджэньня (няпоўныя сем гадоў), пасьля цёмнай ночы савецка-маскоўскага вынішчэньня, калі ворагі Беларусі ўжо не чакалі яе супраціву. Незалежнасьць здабыў нацыянальны авангард народа – Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне». Але народ за кароткі час не паспеў яшчэ цалкам салідарызавацца, каб рашуча падтрымаць авангард у змаганьні за ўладу. У выніку кіраўніцтва краінай засталося ў старой каланіяльнай камуна-савецкай намэнклятуры, якая падрыхтавала прыход да ўлады антыбеларускага рэжыму ўнутранай акупацыі. Гэты антынацыянальны разбуральны рэжым існуе ўжо 22 гады. Але 22 гады існуе таксама і незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь. Гісторыя наглядна пацьвердзіла, што здабыцьцё дзяржаўнай незалежнасьці ёсьць для нацыі справай першаснай і важнейшай, чым здабыцьцё ўлады. Антынародная ўлада нішчыць нацыю, але яна ня можа ліквідаваць нацыянальную дзяржаву, не ліквідаваўшы адначасна самую сябе. Таму дзяржава і суверэнітэт існуюць нават пры антынародным рэжыме і гэта дае магчымасьць людзям зьбіраць сілы супраць варожай улады, гуртавацца, мець нацыянальную пэрспэктыву. Пры адсутнасьці дзяржавы нацыя ня мае суверэнітэту, каб рэалізавацца як кансалідаваная супольнасьць. Незалежная нацыянальная дзяржава патрэбна ўсім: і грамадзтву, і любой уладзе. Гэта агульная каштоўнасьць. І калі яна пад пагрозай, то нават антаганістычныя сілы становяцца ў яе абарону, а здрада дзяржаве кваліфікуецца як злачынства. Шануйма нашу незалежную Беларускую дзяржаву і высока ўхвалім змаганьне і справы людзей гістарычнага пакаленьня, якія дамагліся дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі і зьбераглі нашу нацыянальную будучыню. Гэта ўсе вольныя беларусы таго часу, але найперш – гэта нацыянальны палітычны авангард, які ўзьнік у барацьбе з акупацыяй і камунізмам і стаўся ў патрэбным часе і патрэбным месцы, валодаў ведамі, палітычнай воляй, інтэлектам і спрацаваў бездакорна, бо ў тых умовах, будучы абсалютнай меншасьцю ў парляманце, недакладныя дзеяньні (альбо бяздзеяньні, альбо памылкі) сталіся б фатальнымі і каштавалі б нам будучыні. Гісторыя падаравала Беларусі шанец у кароткі мамэнт. І ён быў скарыстаны дзёрзка і разумна. У той дзень, пасьля правалу камуністычнага путчу ў СССР (а іншага такога дня ўжо б і не было) перамагчы камунізм, забараніць камуністычную партыю ў Беларусі і сцьвердзіць незалежнасьць краіны ў камуністычным парляманце можна было толькі галасамі самых дэпутатаў-камуністаў, якіх было 90 адсоткаў у Вярхоўным Савеце і якія стаялі за Савецкі Саюз. Дэпутацкая Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту складала толькі 8 адсоткаў дэпутатаў парляманту. Па ўсіх класічных палітычных і матэматычных раскладках перамога тут немагчымая. І, тым ня менш, — яна адбылася, прытым татальная і разгромная для камуністаў. І гэта ёсьць факт. Гэта ёсьць факт, які можна назваць цудам, але ён – вынік выверанай палітычнай тактыкі, веданьня псіхалогіі, узроўню розуму і волі, і дакладных палітычных паводзінаў. Быў момант, калі фронтаўцы недапусьцілі незапланаванага выступу і пагналі з трыбуны Першага сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, які падтрымаў ГКЧП. Быў момант, калі старшыня Апазыцыі БНФ, у адказ на сабатажныя паводзіны камуністаў у залі, зьвярнуўся ў адкрытым эфіры да беларускага народу за падтрымкай і заклікаў пачаць усеагульную нацыянальную забастоўку, каб паставіць на месца ўжо зноў нахабную дэпутацкую камуністычную намэнклятуру. «Усе дзеяньні народу, – было сказана тады, — накіраваныя на падтрымку Канстытуцыі, на падтрымку дэмакратыі, накіраваныя супраць саўдзельнікаў у дзяржаўным перавароце, зьяўляюцца законнымі і яны апраўданыя.” Былі мамэнты, калі ўсё вырашалі нават сэкунды. І яны таксама былі скарыстаныя, калі на алтар Незалежнасьці, напрыклад, каб забраць галасы камуністаў, быў кінуты імпэрыяліст Ельцын, які на той час, у тыя дні у барацьбе за ўладу супраць Гарбачова красаваўся ў ролі пераможцы камунізму і ГКЧП, быў (і небезпадстаўна) сьветазарным героем дэмакратыі сярод саюзных савецкіх дэмакратаў. Час паказаў, хто такі быў Ельцын пасьля дасягненьня ўлады. Тады, у пэрыяд ягонага трыюмфу, нам толькі заўчасна (раней чым можна) прышлося сказаць праўду пра яго і пра Расею, але ў патрэбны час і ў неабходны момант, каб напалохаць намэнклятуру Ельцыным і зрушыць шалі ў бок незалежнасьці Беларусі (я маю на ўвазе свой выступ пад заслону Сэсіі перад галасаваньнем за незалежнасьць). І шалі зрушыліся. І ня мелі потым ніякага значэньня для Беларусі (як ня мелі ніколі) інфантыльныя абурэньні і піск прамаскоўскіх «дэмакратаў». Тут агучу некалькі правілаў, якія даказаў на практыцы (дзеля палітычнай тэорыі) Беларускі Народны Фронт. Тыя Дэпутаты Незалежнасьці, якія ў пачатку 90-х гадоў, будучы ў абсалютнай меншасьці, вызначалі станоўчыя вынікі дзейнасьці Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, тыя дэпутаты складалі аснову новага вольнага нацыянальнага палітычнага класу Беларусі. Антыбеларускі рэжым, што ўладкаваўся пад кантролем Масквы ў незалежнай Беларусі як працяг улады савецкай намэнклятуры, растаптаў пэрспэктывы разьвіцьця палітычнай эліты нацыі. На паверхню ўсплыў сурагат. Але справа Дэпутатаў Незалежнасьці Народнага Фронту жыве. Яна стала агульнанацыянальным здабыткам. Яна яшчэ адродзіцца ў новым вобразе, закрасуе ізноў і заўсёды, пакуль стаіць Беларусь, будзе шанавацца ў яе гісторыі. І тут я хачу выказаць хвалу Дэпутатам Незалежнасьці і ўсяму пакаленьню 90-х гадоў, калі сталася Незалежнасьць нашай Айчыны. Найперш адзначу тых, што ўжо не жывуць. Хвала ім і слава, і вечная памяць! Гэта Ігар Гермянчук, Ігар Пырх, Галіна Сямдзянава, Барыс Гюнтар, Генадзь Грушавы. Гонар і павага нашым дэпутатам, што жывуць, дзейнічаюць, і шмат хто яшчэ ахвяруе сваё сэрца, розум і працу на сьветлы алтар вольнай Беларусі. Гэта Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Мікалай Крыжаноўскі, Аляксандар Шут, Сяргей Антончык, Сяргей Навумчык, Мікола Маркевіч, Мікалай Аксаміт, Лявон Дзейка, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, Вольга Галубовіч, Сяргей Слабчанка, Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Алег Трусаў, Віктар Алампіеў, Віктар Какоўка, Віталь Малашка, Павел Холад, Зянон Пазьняк. Верма ў нашу Бацькаўшчыну. Верма ў наш вялікі гістарычны народ. Верма ў сьветлую будучыню вольнай Беларусі! Слава Айчыне! 25 жніўня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК 25/8/2016 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |