Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Апэрацыя “Мушкецёр”

Роўна 60 гадоў таму ізраільскія войскі ўварваліся на Сінай і распалілі Суэцкі крызіс.

29 кастрычніка 1956 г. пасьля поўдня ізраільская армія распачала апэрацыю “Кадэш”, мэтай якой было здабыць стратэгічныя пазыцыі на Сінайскай паўвыспе, ліквідаваць блакаду Ціранскай пратокі і зрабіць немагчымымі далейшыя вылазкі палестынскіх партызан з сэктара Газы (тады пад эгіпецкім кантролем) на тэрыторыю габрэйскай дзяржавы.

Камандуючы ізраільскай арміі Машэ Даян спачатку сканцэнтраваў вайскоўцаў каля іарданскіх межаў, каб запабегнуць раскрыцьцю плану. Інвазію распачалі авіяналётамі бамбавікоў на эгіпецкія пазыцыі на Сінаі. Калі танкі пераязджалі праз мяжу з Газай на ўсходзе паўвыспы, дэсантнікі скакалі з самалётаў каля пратокі Мітла ў заходняй частцы Сіная, куды вяла ключавая лінія забесьпячэньня.

Агаломшанае эгіпецкае камандваньне доўга не разумела сапраўдны маштаб ваеннай апэрацыі і памылкова меркавала, што сутыкненьні на ўсходзе – гэта ізраільская рэакцыя на дзеяньні палестынцаў. Пакуль на Сінай прыбыла эгіпецкая армія, ізраільцяне ўжо занялі стратэгічныя пункты на тэрыторыі і занялі абарончыя пазыцыі.

Два мушкэцёры

Ізраільскае ўварваньне на Сінай, аднак, было толькі першай фазай таемнай апэрацыі “Мушкэцёр”, зь якой раней пагадзіліся прадстаўнікі Вялікай Брытаніі і Францыі. Іхняй мэтай было вяртаньне кантролю над Суэцкім каналам і зьвяржэньне прэзыдэнта Гамаля Насэра, які падчас рэвалюцыі ў ліпені 1952 г. зьмяніў скінутага караля Фарука і быў схільны весьці перамовы таксама і з Саветамі.

Праславутай апошняй кропляй стала нацыяналізацыя Суэцкага каналу, якім валодалі французкія і брытанскія акцыянэры. Насэр ўзяўся за гэтую справу пасьля таго, як Брытанія і Злучаныя Штаты адмовілі яму ў абяцанай фінансавай дапамозе пры будаўніцтве Асуанскай плаціны на Ніле (што было помстай за эгіпецкае прызнаньне Кітайскай Народнай Рэспублікі).

На аснове папярэдняй дамовы абедзьве эўрапейскія дзяржавы на другі дзень інвазіі выставілі ўльтыматум, у якім патрабавалі неадкладнага перамір’я на Сінае. Калі Эгіпет, як і чакалася, на заклік не адрэагаваў, кааліцыя распачала на пачатку лістапада інтэрвэнцыю пад прэтэкстам абароны Суэцкага канала.

У першыя дні брытанскія і французкія часткі бамбардавалі эгіпецкія аэрадромы і зьнішчылі больш за 200 эгіпецкіх самалётаў. Потым распачалі наземны наступ, тысячы хаўрусных дэсантнікаў высадзіліся каля партовага горада Порт-Саіда і наступалі ўздоўж канала. Эгіпцяне перад імі адступалі, але перад гэтым затапілі ў канале некалькі караблёў, чым эфэктыўна заблакавалі водную артэрыю.

Пераможцы і пераможаныя

Ваенныя посьпехі, аднак, урэшце былі падпарадкаваны палітычнаму ціску. Амэрыканцы, якія даўно спрабавалі перацягнуць на свой бок Насэра, прыгразілі брытанцам эканамічнай атакай на фунт. Потым яны таксама дамагліся скліканьня першага наогул надзвычайнага паседжаньня Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якое прывяло да прыняцьця рэзалюцыі аб адводзе ўсіх войскаў з рэгіёна.

Таксама была ўтворана частка для падтрымкі міру з аддзелаў хуткага разгортваньня ААН (UNEF), якая павінна была прымушаць датрымлівацца перамір’я і забясьпечыць судаходства па Суэцкім канале. Яна ўзьнікла перш за ўсё дзякуючы намаганьням генэральнага сакратара Дага Хамэршэльда і канадскага міністра замежных спраў Лэстэра Пэрсана, удзел якога ў місіі швэдская Акадэмія навук у наступным годзе ацаніла Нобэлеўскай прэміяй міру.

Ізраільскі прэм’ер Давід Бэн-Гурыён абвясьціў адразу пасьля заканчэньня кампаніі, што гэта была вялікая перамога. Аднак, міжнародны ціск урэшце прымусіў акупацыйныя часткі сысьці з Сіная. Нягледзячы на гэта Ізраіль дамогся хаця б адкрыцьця Ціранскай пратокі і зноў атрымаў праход для караблёў у Чырвонае мора.

Сінайская вайна дапамагла Савецкаму саюзу. СССР уступіў у канфлікт са спазьненьнем, бо ў той жа час займаўся спробай вугорцаў скінуць камуністычны рэжым. Але пагрозы Саветаў ваеннай інтэрвэнцыяй на карысьць Эгіпта, якія амэрыканскі прэзыдэнт Дуайт Эйзэнхаўэр палічыў за знаменьне трэцяй сусьветнай вайны, забясьпечылі сацыялістычнаму лягеру сімпатыі многіх блізкаўсходніх краін і распачалі эру савецкага ўплыву ў рэгіёне.

З палітычнай няўдачы заходнеэўрапейскіх дзяржаў пазьней меў прыбыткі перш за ўсё Насэр, прэстыж якога ў арабскім сьвеце адразу вырас. Ён ня толькі абараніў эгіпецкае кіраваньне Суэцкім каналам, але ў вачах многіх жыхароў Блізкага Усходу пасьпяхова супраціўляўся эўрапейскаму імпэрыялізму і ізраільскаму сіанізму.

За дыпламатычныя правалы заплацілі галоўным чынам Брытанія і Францыя. Суэцкі крызіс паказаў напоўніцу, што ранейшыя сусьветныя гегемоны страцілі колішні міжнародны ўплыў. Крызіс пагоршыў адносіны эўрапейскіх лідэраў з часткай краін трэцяга сьвету і са Злучанымі Штатамі і прысьпешыў працэс дэкаланізацыі заморскіх тэрыторый.

Чэхаславацкае парушэньне раўнавагі

Хаця супольныя інтарэсы скіроўвалі Ізраіль да супрацоўніцтва з Францыяй і Брытаніяй пры планаваньні сінайскай кампаніі, ізраільскі ўрад ужо раней меркаваў напасьці на Эгіпет. Адным з вырашальных аспэктаў пры гэтым было пагадненьне паміж Эгіптам і Чэхаславакіяй аб дастаўцы ваенных матар’ялаў, пра якое паведамілі ў верасьні 1955 г.

Да той пары імпарт зброі на Блізкі Усход рэгуляваўся трохбаковай дамовай паміж галоўнымі пастаўшчыкамі ваенных матар’ялаў, гэта былі Злучаныя Штаты, Брытанія і Францыя. Гэтыя краіны ўжо ў 1950 годзе дамовіліся аб абмежаваньні продажу зброі арабам і ізраільцянам на той аснове, што колькасьць узбраеньняў, пастаўленых аднаму боку, павінна быць ураўнаважана роўнай колькасьцю тавара для другога боку.

Насэр у пяцідзесятыя гады раз за разам спрабаваў прымусіць амэрыкансцаў, каб яны забясьпечвалі Эгіпет большым аб’ёмам ваенных матар’ялаў, і ў намаганьні зьдзейсьніць на іх ціск пачаў перамовы з Савецкім саюзам аб продажу зброі. Тадышні першы сакратар Цэнтральнага камітэту савецкай дзяржпартыі Мікіта Хрушчоў адчуў магчымасьць забясьпечыць уплыў на Блізкім Усходзе і ахвотна пайшоў насустрач Эгіпту.

З прычыны таго, што амэрыканскі Кангрэс надалей блакаваў продаж, баючыся, каб Эгіпет ня выкарыстаў зброю супраць Ізраілю, Насэр дамовіўся аб пастаўках савецкага тавара за пасярэдніцтвам Чэхаславакіі. На поўнач Афрыкі тады былі накіраваны сотні зьнішчальнікаў і бамбавікоў, танкаў і браневікоў і іншай ваеннай тэхнікі. Незадоўга да выбуху Суэцкага крызісу Чэхаславакія паслала ў Эгіпет таксама і інструктараў, якія трэніравалі мясцовых пілотаў лятаць на савецкіх зьнішчальніках.

Парадокс, але менавта Чэхаславакія выдатна ўдзельнічала ва ўзбраеньні ізраільскай арміі на прыканцы саракавых гадоў, калі падчас міжнароднага эмбарга аказала дапамогу габрэйскай дзяржаве, якая толькі што ўзьнікла. Аднак, у час Суэцкага канфлікта ўзбраеньні ізраільскай арміі пераважным чынам былі французкага паходжаньня.

Адам Немэц
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.
Крыніца: славацкая газэта “Hospodarske noviny”, 29.10.2016
http://hnonline.sk/svet/851216-operacia-musketier-vojna-o-suez-bola-zaciatkom-konca-kolonialnej-ery-londyna-a-pariza

16/11/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2016
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024