Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯK: ХАЙ БОГ БЕРАЖЭ АМЭРЫКУ!

У першай палове лістапада ў міжнародным плане дамінавала інфармацыя пра выбары прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Гэтыя выбары былі вельмі значымымі для будучыні Злучаных Штатаў і, практычна, для ўсяго сьвету. “Абамаўскі камунізм” настолькі залез у скуру сярэднім амэрыканцам, што на выбары гатовыя былі ісьці тыя, якія ніколі не галасавалі і не цікавіліся палітыкай, і толькі дзеля таго, каб не было больш працягу “абамыкэр” і ўсяго таго, што яны самы сабе прыгатавалі восем гадоў таму. Але кандыдытам на прэзыдэнта мусіла б быць асоба, гатовая перамяніць становішча.

Абуджэньню пасіўнага электарата паспрыяла яшчэ і тое, што працягам абамаўскай левай палітыкі (прычым у горшым варыянце) магло стаць прэзыдэнцтва адыёзнай ужо для многіх амэрыканцаў Гіляры Клінтан, за якой стаяў непапулярны клан і ўся амэрыканская пена так званых лева-лібэралаў і маргінальных меншасьцяў з усімі сваімі вывертамі, збочанасьцю і агрэсіяй, а таксама мільёны паразітнага насельніцтва і лайдакоў, якія жывуць за кошт падаткаплацельшчыкаў, потым багема ды левая палітычная эліта і ўплывовыя колы бізнэсу, зьвязанага з дэмакратамі. Словам ўся тая «дэмакратыя», якая пасьля выбараў Абамы казала, што, маўляў, ўсё: лібэральная дэмакратыя перамагла назаўсёды, дэмакратычны сьвет будзе лібэральным, дарогі назад няма. Абаму авансам (!) не саромячыся прысудзілі нават Нобэлеўскаю прэмію.

Сярэдні амэрыканец стаў жыць горш, бізнэс з паскарэньнем працягваў ўцякаць за мяжу, павялічвалася беспрацоўе, а грамадзтва апынулася пад маральным (і, практычна, сацыяльным) дыктатам агрэсіўных маргінальных меншасьцяў, абароненых ліберальнымі законамі і паліткарэктнасьцю.

Дзякуючы міграцыйнай палітыцы Абамы, у краіну наехала шмат крымінальных нелегальных мігрантаў, ад якіх павялічылася шкода грамадзтву. Нармальныя амэрыканцы (гэта значыць тыя, што працуюць, плацяць падаткі, выконваюць законы, шануюць сям’ю, веру, культурныя традыцыі, уласна тыя, на якіх трымаецца Амэрыка) псіхалагічна апынуліся ў становішчы мяншыні, якая баялася абараніць свае пазыцыі, каб не наразіцца на перасьлед, асьмяшэньне, цкаваньне і нават рэпрэсіі. Уся гэтая лібэральная дрэсіроўка народу падавалася як прагрэс глабалізацыі, разьвіцьцё новага глабалісцкага сьвету.

Дэмакратычны электарат у Амэрыцы падкі на папулізм, на эмацыйныя прыёмы агітацыі, кіруецца суб’ектыўнымі паняцьцямі, там шмат агрэсіўных людзей, замбаваных тэлебачаньнем і лібэралістычнай прафэсурай ва ўнівэпсітэтах. Калі б рэспубліканцы выставілі на выбары разумнага, вопытнага палітыка, аўтарытэтнага, валявога і кампэтэнтнага, тыпу Маккэйна, то яшчэ вялікае пытаньне, ці выйгралі б яны, нягледзячы на свой рэспубліканскі інтэлект і годнае захаваньне, апынуўшыся перад нежаданьнем нічога слухаць, непераборлівасьцю ў сродках і папулісцкай агрэсіяй дэмакратаў.

Але справа ня ў рознасьці стыляў і ўзроўняў кандыдатаў. Зьмяніўся актыўны амэрыканскі электарат. Яму цяпер не патрэбныя разумныя дзяржаўныя дзеячы, патрыёты Амэрыкі, адказныя людзі, абаронцы амэрыканскіх традыцыяў. Новаму электарату, сярод якога пераважвае моладзь, патрэбныя эфэктныя гаваруны, абяцальшчыкі льготаў і свабодаў, жанглёры словамі, абаронцы маргінальных меншасьцяў, міру і камфорту, сэксу, новага амэрыканскага лібэральнага вобразу жыцьця і неабмежаваных прывычак. І каб ні за што не адказваць. Гэта некалі адчулі Абама і ягоная група і атрымалі патрэбныя галасы.

Новаму (у асноўным маладому) люмпэнізаванаму ў сьведамасьці электарату хочацца чуць пра эфэктныя рашэньні ды рэвалюцыйныя разьвязкі, якія прынясуць камфорт і выгаду амэрыканцам.

Працоўным людзям, аднак, ужо залезла ў скуру фальшывая паліткарэктнасьць, заплюшчваньне вачэй на паскудзтва і сваволю маргінальных меншасьцяў, пад прэс якіх трапіла бальшыня амэрыканцаў, пакорліва з тым пагаджаючыся.

У гэтай сытуацыі якраз і зьявіўся рэспэктабэльны бруталь Трамп, чалавек эліты, які выступіў супраць эліты і на баку працоўных амэрыканцаў, які на зразумелай ім мове пачаў рэзаць праўду-матку, раздаючы непаліткарэктныя эпітэты. Эмацыйна (ды і па сутнасьці) Трамп адразу атрымаў перавагу і падтрымку выбаршчыкаў і павёў рэй. “Эксцэнтрык і клоўн” зьявіўся не ад дэмакратаў, а ад рэспубліканцаў (прытым у значнай ступені насуперак рэспубліканскай партыі). У выніку ў дэмакратаў усё пасыпалася.

Рэакцыя дэмакратаў была ашаламляльнай. Мне часам здавалася, што нават маскоўскае “Гёбэльс-ТВ” зьмяркалася перад тым, што пачалося ў амэрыканскіх СМІ. Туды кінулі каласальныя грошы. Больш чым 97 адсоткаў СМІ хвалілі Гіляру Клінтан і ўсяляк зьдзекваліся з Трампа. (Па статыстыцы са 185 друкаваных выданьняў ЗША толькі 5 падтрымалі Трампа. Гэтакага «аднадумства» ня можа быць у дэмакратычнай краіне, дзе вольны друк. Праўда, рэчаіснасьць паказала, што чым больш грошай, тым больш «дэмакратыі»). Пра тэлебачаньне ўвогуле маўчым.

І што характэрна, дэманізацыя і лібэральная вакханалія супраць Трампа была ўзьнята ва ўсім заходнім сьвеце. Быў створаны пачварны мэдыйны вобраз дурня, клоўна, мача, рэакцыянэра, амаль што фашыста, «расіста», «сексіста» і прымітыва і што, маўляў, калі б такі Трамп стаў прэзыдэнтам ЗША, то пачаўся б апакаліпсіс. Нават 70-гадовых цётак праплацілі. Адна такая бабуля абурылася, што 36 гадоў таму Трамп у самалёце датыкаўся да яе другасных палавых прыкметаў і рукой пад спадніцу лез. (Мужчыны, вядома ж, мярзотнікі і не такое могуць, асабліва, калі ім дазваляюць). Увогуле, гледзячы на гэта, мне ўспамінаецца апавяданьне Марка Твэна “Як мяне выбіралі на губэрнатара”. Жывая класіка.

І ўсё гэта сапраўды вельмі сьмешна, каб не было сумна. Тэлебачаньне, як мы ўжо пераканаліся на досьведзе расейскай тэле-прапаганды, — гэта ня толькі сродак інфармацыі, але і пачварная прылада замбаваньня чалавечай псіхікі. І вось цяпер мы бачым “хлопчыкаў укрыжаваных, цвікамі да дошкі прыбітых” ужо ў Эўропе. Трамп стаў прэзыдэнтам ЗША. У Эўразвязе чакаюць канца сьвету. Пішуць пра Армагэдон. (У Беларусі, магчыма, мала хто ведае, што заходні абывацель яшчэ больш неадэкватны, чым расейскі “крымнаш”).

Трэба сказаць, што «ўдарны эфэкт» ад атакі СМІ на Трампа быў каласальны. Рэйтынг Трампа спыніўся ў росьце, а спадарыня Клінтан выходзіла наперад часам нават на 10 адсоткаў. На Трампа плявалі зьлева і спрва, зьверху (Абама) і зьнізу, дэмакраты і рэспубліканцы, адмежаваліся два Бушы, Колін Паўэл, Кандаліза Райс, нават разумны рэспубліканец Маккейн дыстансаваўся ад Трампа, нават Папа Рымскі… (пра Папу, аднак, маўчу).

І вось тут я пачаў шчыльна назіраць, што ж будзе. А сталася тое, што нічога Трампа ня выбіла з каляіны. Не зьмяняючы стылю, змагаючыся супраць усяго гэтага гнілога вэрхалу хлусьні і нянавісьці, ня слухаючы шыпеньня, абапіраючыся на выбаршчыкаў, ён гаварыў пра праблемы Амэрыкі (у той час як дэмакраты найбольш казалі пра Трампа, які ён гад). У выніку Трамп скараціў разрыў да мінімуму і разгромна выйграў выбары, набраўшы ў Калегіі выбарцаў 290 галасоў супраць 232 спадарыні Клінтан. Скончылася камэдыя.

(Тут адзначу, што амэрыканская выбарчая сістэма, створаная 200 гадоў таму, проста геніяльная. Нават фальсіфікацыя ў непасрэдным галасаваньні мала паўплывае на справядлівы вынік выбараў (амаль не паўплывае). Цяпер выяўляецца, напрыклад, што за спадарыню Клінтан незаконна галасавалі каля трох мільёнаў нелегалаў і «мёртвыя душы». Але вынік выбараў гэтым не перакулілі.) Пераважная палова штатаў прагаласавала за Трампа.

Што тут можна сказаць, акрамя «брава» такому змагару. Трамп, ня маючы палітычнага вопыту, сумленна і упарта, як танк, прайшоў праз гадзючае поле і стаў прэзыдэнтам-электам.

Трамп – гэта мільярдэр (капітал 3,7 млрд.). У яго ёсьць праблемы з культурай палемікі, але гэта даволі разумны і незалежны чалавек, які ніколі не займаўся палітыкай (дарэчы, гэта не заўсёды ў мінус). Ён вольны ад палітычных стэрэатыпаў паводзінаў. Яму ніхто не рыхтаваў і не пісаў прамоваў (акрамя як ў фінальныя дні). Ён гаварыў так, як лічыў патрэбным, так, як бачыў становішча, не асабліва выбіраючы словы. Прасьцей кажучы, лапідарна гаварыў жыцьцёвую праўду, тую праўду, якую разумелі і якую хацелі пачуць амэрыканцы, незадаволеныя “абамаўскім кіраваньнем”. Трамп трапіў, што называецца, у плынь.

Ён з прыстойнай забясьпечанай сям’і, сам нажыў свае мільярды (ад бацькі атрымаў для самастойнага вядзеньня бізнэсу параўнальна невялікую суму ў 14 мільёнаў даляраў). Мае дзяцей, ўнукаў, маладую прыгожую жонку (на якой жаніўся па каханьні) і 70 гадоў ўзросту (жыцьцёвы вопыт і сьпелы інтэлект). Ён ні ад каго не залежыць. Яму ня трэба думаць, як наладзіць будучае жыцьцё. Яно наладжана. Ён нават ад прэзыдэнцкай аплаты адмовіўся (400 тыс. даляраў у год). Яму можна не праймацца, што пра яго падумае эстэблішмэнт, які яго не падтрымаў (гэта праблемы эстэблішмэнту). Ён можа працаваць для карысьці Амэрыкі. І, напэўна, гэта рэалізуе. Істотная палітычная якасьць (на мой погляд) – ім ніхто ня будзе кіраваць і зьбіваць з тропу. Сабой ён кіруе сам. (Дарэчы, Трамп па сытуацыі ўскосна павязаны зь Беларусяй. Дачка ад першага шлюбу Трампа замужам за выхадцам з Наваградчыны Д. Кушнерам).

Трампаўская праграма рэформаў для Амэрыкі мне здаецца цалкам станоўчай і рэальнай. Асабліва адзначыў бы два пункты. Найперш – ліквідацыю “Абама-кэр” (Лапідарна патлумачу: “Абама-кэр” – гэта назва мэдыцынскай страхоўкі, якую ўвёў Абама. Усе амэрыканцы і рэзыдэнты ЗША абавязаны ў прымусовым парадку купіць гэную даволі дарагую і дрэнную страхоўку. Хто ня купіць, таму велізарны штраф. Гэта камунізм паўночна-карэйскага ўзору. Да таго ж, рабаваньне людзей, бо масы амэрыканцаў (асабліва маладых) страхоўку не купляюць. Яна ім не патрэбная).

Другі важны пункт праграмы – пра школьнае навучаньне. Трамп плануе закон аб выбары школы і аб адукацыйных магчымасьцях. Будзе пераразьмеркавана фінансаваньне адукацыі. Бацькі зноў будуць мець права адпраўляць дзяцей у любую школу па свайму выбару – у дзяржаўную, у прыватную, спэцыяльную, каталіцкую і г.д., альбо могуць вучыць сваё дзіця дома, не адпраўляючы ў школу. Гэта вельмі патрэбны закон для Амэрыкі.

Я ўжо пісаў раней у артыкуле “Скрынка Пандоры”, што ўся левая таталітарная ідэалогія імкнецца захапіць і падпарадкаваць сабе школу. У 1938 годзе, напрыклад, Гітлер ліквідаваў усе льготы дамашняга навучаньня. Усе нямецкія дзеці павінны былі ўступаць у Гітлерюгенд і вучыцца толькі ў дзяржаўнай (фашысцкай) школе. Дарэчы, гэты гітлерскі закон аб адукацыі дзейнічае ў Нямеччыне і цяпер, і лібэральныя левакі ўхапіліся за яго ў сваіх інтарэсах.

Тым часам разгортваецца супраціўленьне дзяржаўнай лібэральнай школе. Нямецкія эвангельскія хрысьціяне ствараюць свае сямейныя школы і навучаюць дзяцей дома. Іх жорстка перасьледуюць улады. Нямецкія хрысьціянскія шматдзетныя сем’і ратуюцца эміграцыяй у Злучаныя Штаты. Цікава, што прэзыдэнт Абама асабіста ўмяшаўся і падтрымаў дэпартацыю гэтых сем’яў з Амэрыкі.

Тут праява вялікай унутранай вайны за дамінацыю ў грамадзтве. Бальшавікі захоплівалі ўладу над грамадзтвам вядома як – пошта, вакзал, банкі, тэлеграф. Левыя на Захадзе ідуць іншым шляхам (банкі ў іх ёсьць, а Галівуд і прэса даўно захоплены). Ідзе захоп усёй сістэмы адукацыі і абдзяржаўліваньне яе ў ідэалагічных інтарэсах. На Захадзе людзі паважаюць законы і правы асобы, спачуваюць мяншыням. Яны, аднак, яшчэ доўга ня могуць зразумець, што маргіналізм (гомасэксуалізм, фэмінізм, ювэнальная юстыцыя, нэапаганства і г.д.) – гэта ня толькі групы, ня толькі інтарэсы, але левая ідэалогія. Прытым ідэалогія нянавісьці, якая хаваецца пад лічынай абароны гнаных, прыніжаных і агрэсіўна праяўляецца з павелічэньнем колькасьці маргіналаў.

Маргіналізм – гэта бацыла, якая хавае часам вельмі небясьпечныя зьвы для чалавецтва, калі такая бацыла разрасьцецца і вымкне наверх. І фашызм, і камунізм вышлі з маргінальных ідэй. Грамадзтву варта заўсёды вельмі ўважліва адносіцца да такіх зьяў.

Вырваць сістэму адукацыі з рук маргіналаў і левай ідэалогіі, — гэта разумная грамадзкая задача, якую хоча вырашыць Трамп. Іншая справа, наколькі добра і правільна ён прапануе тое зрабіць. Тут ужо іншае пытаньне – задача заканадаўцаў.

Нам, беларусам, трэба ўсё гэта ведаць, каб у будучыні не прышлося б паўтараць чужыя памылкі. Мы ж бачым, што натварыў і вытварае зь беларускай адукацыяй хамскі рэжым. Адукацыя даўно перастала быць беларускай і плодзіць малаадукаваных людзей.

Беларусы, украінцы, якія даўно жывуць у ЗША, кажуць, што якія б сацыяльныя забурэньні ні былі ў Амэрыцы, яна ўсяроўна выплыве, выздаравее і паправіцца. Такая гэта краіна. Увогуле, праўду кажуць. Так раней і было. Будзе гэтак, магчыма, і цяпер. Але Амэрыка зьмяняецца, траціць добрыя рысы, ідэалы і маральныя каштоўнасьці, напрацаваныя продкамі, адыходзіць ад Бога, ад Хрысьціянства. І гэта трывожыць шмат якіх амэрыканцаў, якія ведаюць, хто запачаткаваў іхнюю добрую краіну і хто былі тыя першыя эвангельскія каланісты, што ўцякалі ў Амэрыку ад рэлігійнага ўціску ў Эўропе.

Зьмены сапраўды істотныя і зьвязаныя, на мой погляд, з паступовым ідэалагічным (прытым нецярпімым) расколам грамадзтва. У парактычным плане гэта пачалося ад прэзыдэнта Уільяма Клінтана (як ні цяжка мне тое казаць, бо рэальна гэта быў найбольш спрыяльны для Беларусі прэзыдэнт). Клінтан у час сваёй выбарчай кампані ўпершыню адкрыта падтрымаў гомасэксуалістаў, лесбаў і іншых дэвіантаў, спадзеючыся на іхныя нешматлікія галасы. З гэтага якраз часу партыйныя інтарэсы дэмакратычнай партыі сталі над інтарэсамі Амэрыкі. Хаця сам прэзыдэнт Клінтан ня раз засьцерагаў і, паўтараючы словы Джона Кенэдзі, казаў, што трэба зыходзіць не з таго, што дала табе Амэрыка, а з таго, што ты зрабіў для Амэрыкі.

Ужо пры Бушы малодшым назіральнікі адзначалі новую нецярпімасьць дэмакратаў і нежаданьне ўступаць ў дыялог і абмеркаваньні амэрыканскіх праблем з рэспубліканцамі. Лексіка неадэкватных ярлыкоў і нецярпімасьці выявілася ўжо тады. Буша абзывалі «фашыстам», рэакцыянерам, дыктатарам, рэлігійным абскурантам, малявалі на яго карыкатуры ў вобразе Гітлера і т.п.

Пасьля перамогі Трампа падзел па нянавісьці да рэспубліканцаў вымкнуў у прапаганду і пад’юджваньне моладзі да пратэстаў (моладзі, над якой праз сістэму левага выхаваньня лібэрал-дэмакраты маюць кантроль), нават школьнікаў (якія па ўзросту яшчэ не галасавалі) падбіваюць цяпер, пасьля выбараў, мітынгаваць супраць выбраньня Трампа і дзеля гэтага (нечувана!) адмяняюць заняткі ў школе. У некаторых месцах на захадзе Амэрыкі ў штатах, дзе большасьць галасоў набрала спадарыня Клінтан, моладзь арганізавала вулічныя акцыі, якія падтрымалі люмпэны ды крымінальнікі, пачалі біць шыбы, кідаць бутэлькі і г. д. Калі ім задаюць пытаньне, навошта яны тое робяць, Трамп жа выйграў дэмакратычна і справядліва па законах Амэрыкі, адказ звычайна такі: «А нам пляваць, Трамп ня наш прэзідэнт.»

Вось гэта ўжо нешта новае ў паводзінах дэмакратычнай партыі. Інтарэсы Амэрыкі і прынцыпы дэмакратыі тут адышлі на другі план. Галоўнае ўлада і новая дэмакратычная ідэалогія, якая карэлюецца з палітыкай мультыкультуралізма і прыярытэту маргінальных мяншынь. Нянавісьць прышла адтуль (ад больш прымітыўнай псіхікі, неадукаванасьці і адчуваньня адрынутага існаваньня, якое спараджае агрэсію супраць усіх).

Восем гадоў палова амэрыканцаў цярпела кіраўніцтва Абамы і традыцыйна вырашыла пытаньне шляхам выбараў і галасаваньня. Цяпер жа ў Амэрыцы зьявілася ідэалогія, якая ўспрымаць законапаслухмяна амэрыканскую дэмакратыю ня хоча. І гэта таксама праблема глабалізацыі, і ня толькі Амэрыкі. Хаця, на маю думку, тут сістэмны крызіс дэмакратыі, якая па прыродзе сваёй (выграбаючы наверх нізкія пласты грамадзтва) зьнішчае сама сябе (разбурае дзяржаву). Тое ведаў яшчэ Арыстоцель.

Беларусы ў ЗША, асабліва пасьляваенная эміграцыя, зь вялікай пашанай і ўдзячнасьцю адносяцца да Амэрыкі. А некаторыя старэйшыя мне казалі, што гатовыя за Амэрыку аддаць жыцьцё, каб толькі яна была.

Бальшыня беларусаў, як мне здаецца, галасавалі ўсё ж за Трампа. Але некаторыя аддалі галасы за Гіляры Клінтан пасьля таго, як пачулі, што Трамп будзе падтрымліваць Пуціна і агрэсіўную Расею. Ня ўсе разабраліся, што тут за рыторыка.

Сапраўды, паводзіны пуцінскага палітычнага класу, які экзальтавана выступіў за перамогу Трампа, выглядаюць дзіўна. Да гэтага там увесь час ішла шалёная прапаганда супраць Амэрыкі. Тым часам няўзброеным вокам відаць штучнае мусаваньне гэтага раптоўнага гэбоўскага «трампізму», які ўзьнік нечакана хутка ў розных месцах афіцыйнай Расеі (тыповая прыкмета нябачнай працы таемных структураў). Цяпер выглядае, што тут была бяспройгрышная гэбоўская гульня (якая зьдзіўляе сваёй тэхналёгіяй). Словам, Трамп трапіў ў пастку, не зразумеўшы, што Крэмль яму падставіў. Цяпер яму прыдзецца неяк адмывацца ад пячаткі «сябра Масквы», калі ўжо Масква яго на сябе сілком жаніла. Ад таго, якая будзе пазыцыя Трампа ў дачыненьні да Расеі, шмат што будзе вырашана.

Аб’ектыўна пазыцыя ЗША тут можа фармавацца толькі ў адным накірунку, бо калі б, напрыклад, уявіць згоду Трампа з Пуціным адносна прызнаньня захопу Крыма, Данбаса, акупацыі Украіны, адмены санкцыяў, то гэта абазначала б крах Усходняй Эўропы, заходняй палітыкі і асабіста самога Трампа. Таму такога не павінна быць. (Хаця я не хачу быць катэгарычным там, дзе рашэньне прымае чалавек. Суб’ектыўна ўсё можа стаць – і памылкі, і зацьменьне розуму.)

І вось цяпер вызначальнае пытаньне: чаму беларусы за Амэрыку і чаму я тут так шмат кажу пра амэрыканскія выбары ў той час, калі ў нас у Беларусі хамскі рэжым і выбараў няма, а замест выбараў — фарс?

Што б там ні было (дэмакраты ці рэспубліканцы), нам, беларусам, трэба падтрымліваць Амэрыку. Нам важна, каб гэтая вялікая дэмакратычная краіна за акіянам заўсёды была моцнай і заможнай. Нам важна, каб яна квітнела, бо гэта краіна, якая (пакуль мы не адновім сваю магутнасьць і ўласную сілу) можа палітычна заступіцца за нас у выпадку навалы і палітычна падтрымаць у выпадку маскоўскай агрэсіі. Усё гэта ў рэальнасьці няпроста і нават няпэўна, але па вялікаму кошту – так. Ад Амэрыкі шмат што залежыць.

З усіх гістарычных дзяржаў, якія былі сусьветнымі лідарамі (Рым, Манголія, Нямеччына, Францыя, Вялікая Брытанія) Амэрыка нам найбольш спрыяльная і, як я мяркую, — спрыяльная дзеля ўсяго сьвету.

Калі ўявіць, што сёньня ўпадзе Амэрыка, то заўтра пачнецца маскоўская акупацыя Беларусі (і ня толькі Беларусі). Таму: Хай беражэ Бог Амэрыку!

Пройдзены важны этап у сьвеце, які ад нас не залежыў, але ўскосна зьвязаны з нашай нацыянальнай дзяржаўнай будучыняй. З будучыняй, якая яшчэ дае беларусам шанс. Умацоўваецца спадзяваньне, што, як і ў 1991-м, гэты шанс беларусы не змарнуюць.

13-15 лістапада 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК

17/11/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2016
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024