Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Віталь Портнікаў: Закладнікі шаленства Ужо пасьля забойства расейскага амбасадара ў Турцыі даводзілася зазначаць, што гэта – толькі першы тэрарыстычны акт пасьля зьнішчэньня Алепа, пачатак зусім новай эпохі ў супрацьстаяньні Расеі і мусульманскага сьвету. Падобна, гэта зразумеў і сам Уладзімір Пуцін, які дэманстрацыйна перанес важную прапагандысцкую рытуальную дзею – сваю прэс-канфэрэнцыю. Хаця, зразумела, мог бы перанесьці на наступны дзень разьвітаньне з забітым дыпламатам. Не прамінула і дня пасьля прэс-канфэрэнцыі Пуціна – а Расея зноў апусьцілася ў жалобу. Цяпер ужо з-за гібелі ваеннага самалёта з артыстамі ансамбля імя Аляксандрава пуцінскімі тролямі-журналістамі і высокапастаўленымі чыноўнікамі Міністэрства абароны Расеі. Зразумела, да сканчэньня рассьледваньня катастрофы будуць высоўвацца розныя вэрсіі гібелі лайнэра. У тым ліку і тэхнічная, зьвязаная з узростам самалёта і асаблівасьцямі ўзлёту з аэрапорта Сочаў. Балазе, тэхнічная вэрсія таксама будзе сьведчыць зусім не на карысьць дзяржавы. Стары самалёт, на якім накіроўваюць артыстаў і журналістаў для выступа на ваеннай базе – гэта прысуд дзяржаве, увесь сэнс існаваньня якой засяроджаны на прапагандзе. Аднак грамадзкая думка – якімі б ні былі прычыны гібелі самалёта – будзе пераканана ў тэрарыстычным акце. Самалёт літаральна разьляцеўся ў паветры. Яго пілатаваў вопытны экіпаж, ардэнаносцы. Па ступені вопытнасьці гэтых ваенных пілотаў з самалёта нават нельга параўнаць з пілотамі самалётаў цывільнай авіяцыі. Самалёт ляцеў у Сірыю. Гэта тое, што людзі памятаюць. Гэта прычыны таго, што яны не павераць ніякой іншай выснове рассьледваньня, акрамя высновы аб тэрарыстычным акце. Але ёсьць і яшчэ адна прычына, аб якой зноў даводзіцца нагадваць. Гэта – не апошняя катастрофа. Гэта – толькі адна з першых катастроф, якія зьвязаны са злодзейскім зьнішчэньнем Алепа. Далей будзе болей і горш. Ці разумелі ў Крамлі наступствы дзеяньняў Расеі ў Сірыі? Улічваючы тое, што Расеяй кіруюць кадравыя афіцэры спэцыяльных служб, яны не маглі не пралічваць сытуацыю. Але прыйшлі да несапраўдных высноваў па некалькіх прычынах. Першая зь іх – гэта пераацэнка эфэктыўнасьці расейскіх спэцслужб. Расейскія спэцслужбы даўно ўжо ператварыліся ў нейкі сімбіёз “ордэна мечаносцаў” і бандыцкага прадпрыемства. Менавіта таму ім ня надта складана змагацца зь іншадумствам у Расеі. Яны могуць быць эфэктыўнымі ў карумпаваных краінах на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ва Украіне. Але яны практычна ня здольныя да рэальнай апэратыўнай працы – той, якой штодзённа займаюцца спэцслужбы ЗША, Ізраіля або Вялікабрытаніі для запабяганьня тэрарыстычнай пагрозы. Пуцін гэтага не разумее. Зьнішчэньне Алепа – гэта перакрочваньне “чырвонай лініі”, калі нянавісьць становіцца ірацыянальнай і яе носьбіты перастаюць задумвацца аб наступствах сваіх дзеяньняў для сябе, сваіх сваякоў і нават для сваіх народаў. Такі эфэкт у паменшаным выглядзе ўжо быў пасьля варварскіх бамбардовак Грознага і “зачысткі” Чачэніі. Але ён тычыўся – улічваючы сьвецкі характар канфрантацыі – менавіта чачэнцаў як этнасу. Мусульманскі сьвет у цэлым, іншыя мусульманскія народы Расеі аказаліся да гэтага канфлікту абыякавыя. Менавіта таму расейскім спэцслужбам пасьля некалькіх страшных трагедый – Дуброўка, Беслан, падрывы самалётаў – удалося лакалізаваць пагрозу. Зараз – зусім іншая сытуацыя. Пры гэтым варта нагадаць, што Расея – шматканфэсійная дзяржава. Пры гэтым вялізная частка маладых мусульман ў гэтай краіне знаходзіцца на самым сапраўдным сацыяльным дне, што аблягчае задачы для розных радыкальных арганізацый. Пра асабістую ініцыятыву я ўжо не згадваю, яе не пралічыць ніводная спэцслужба. Усё гэта азначае, што 2017 год можа аказацца для Расеі пачаткам тэрарыстычнай нестабільнасьці. Страшным можа аказацца абуджэньне кожнага дня. Наступствы – непрадказальнымі. І ня толькі для Расеі – для яе суседзяў таксама. Менавіта таму я не разумею людзей, якія з цяжкасьцю хаваюць – або не хаваюць – свайго захапленьня. Гібель самалёта, гібель людзей – заўсёды трагедыя. Варта нагадаць, колькі радасных віскаў было ў самой Расеі з нагоды гібелі самалёта з украінскімі вайскоўцамі. Варта нагадаць пра марадзёраў, якія зьбіралі рэчы на месцы гібелі малайзійскага “Боінга”. Нельга прыпадабняцца дзікунам. Але справа ня толькі ў гэтым. Справа ў тым, што сярод загіблых або пацярпелых можа апынуцца любы з нас. Любы з нас можа апынуцца ў групе асобаў, якую тэрарыст палічыць за “рускіх” у натоўпе на курорце або ў аэрапорце. Любы можа стацца ахвярай тэхнагеннай катастрофы ў выпадку дывэрсіі на адной з расейскіх атамных электрастанцый ў эўрапейскай частцы гэтай краіны. Калі Пуцін не разумее рызыкаў – то хаця б мы з вамі павінны іх разумець. Расейскія спэцслужбы зусім неэфэктыўныя. Расейская ўлада ня здольная абараніць грамадзян ад тэрора і дывэрсій. Расейскае грамадзтва ня мае патэнцыяла для зьмены ўлады і радыкальных перамен у палітычным курсе краіны. Гэта азначае, што ня толькі расейцы, але і мы з вамі, уся Эўропа – закладнікі пуцінскага шаленства. Віталь Портнікаў 30/12/2016 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |