Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
З. Пазьняк: Поўнае інтэрв’ю «Большой» 1) — Калі ў ЗША вы сочыце за тым, як жыве Беларусь, то як вы гэта робіце? Якія СМІ чытаеце? З.П. – Я вымушаны жыць ў ЗША і ў Эўропе (Польшча). Інфармацыю пра Беларусь маю ад структураў палітычнай арганізацыі з ўсёй Беларусі; ад кантактаў зь людзьмі зь Беларусі; ад сваіх карэспандэнтаў; ад кантактаў з палітыкамі і рознымі асобамі; з сродкаў масавай інфармацыі (часткова, бо інфармацыя ў СМІ часта недакладная, выбарачная і тэндэнцыйная, а цяпер – як правіла). 2) — Што, на ваш погляд, кардынальна зьмянілася ў краіне за гэтыя 20 гадоў. Чым Беларусь пачатку 90-х адрозьніваецца ад Беларусі сярэдзіны 10-х гадоў ХХІ стагоддзя? З.П. – Зьмянілася шмат што. Гэта зьмены ўпадку, апісаныя ўжо шырока. Калі «кардынальна», то зьмяніўся дух грамадзтва. Гэтае грамадзтва бяз крыльляў. 3) — Наколькі цяжкім для вас было рашэньне не прыяжджаць у Беларусь на пахаваньне маці? З.П. – Вельмі цяжкім, бо немагчыма было перайсьці праз лінію фронту. 4) — Спадар Зянон, якой была б Беларусь, калі б у 1994 годзе прэзідэнтам сталі вы? З.П. – Людзі ўсюды ўсьміхаліся б адзін да аднаго і радаваліся б прысутнасьці. 5) — Вас яшчэ памятаюць у Беларусі? З.П. – Мяне ведаюць ня толькі ў Беларусі. 6) — Як вы лічыце, просты чалавек як бачыць будучыню нашай краіны? Якой ён бачыць Беларусь? 7) — Чаму сярод беларусаў так мала змагароў? Чаму мы такая рахманая нацыя? З.П. – Беларусы гістарычна змагарны народ. Тое што цяпер «мала змагароў» (але яны ёсьць) – гэта вынік пэрманэнтнага фізічнага вынішчэньня актыўнай верхавіны нацыі акупацыйнымі і антынароднымі рэжымамі. Рэмісія і адраджэньне зьвязана з высьпяваньнем пакаленьняў і зьяўляецца важным, але адносным чыньнікам. Нэгатыўны адбор зьяўляецца абсалютным. У гэтым найбольшая небясьпека антынародных акупацыйных рэжымаў дзеля будучыні людзей. 8) — Павал Шарамет назваў вас “адваротным бокам Лукашэнкі”. А што вы думаеце пра Паўла Шарамета? З.П. – Зямля яму пухам. Фармулёўка “Адваротным бокам Лукашэнкі” – гэта прапагандысцкае клішэ, дзеля дэфармацыі вобраза, прыдуманае на Лубянцы, якое паўтараў ня толькі адзін Шарамет. На жаль, ён позна пачаў разумець сутнасьць рэчаў у маскоўскай палітыцы, за што тут жа і паплаціўся. 9) — Як можна аб’яднаць беларусаў? Таму што мы ўсёроўна падзелены на “ўсходнікаў” і “заходнікаў”. З.П. – Рэальны падзел на «ўсходніх» і «заходніх» ёсьць ва Украіне і абумоўлены гістарычна больш, чым двухсотгадовым існаваньнем заходніх украінцаў пад Габсбургамі і 18 гадоў пад палякамі. У 1918-1919 гг. на гэтых землях была ўтворана і існавала незалежная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка (якая да таго ж ваявала з Польшчай і Румыніяй) У Беларусі такога рэзкага падзелу няма. Ён перабольшаны. 18 гадоў пад польскай акупацыяй, нягледзячы на палітыку паланізацыі, ня мелі істотнага ўплыву на мэнтальнасьць беларусаў. Не існуе «заходнебеларускай» ідэалогіі, сьведамасьці і салідарнасьці. Няма антыпатыі паміж «заходнімі» і «ўсходнімі». Быў розны сацыяльны вопыт, бо беларусы заходніх вобласьцяў валодалі прыватнай уласнасьцю і часткова пазьбегнулі бальшавіцка-маскоўскага галадамору, калектывізвцыі 30-х гадоў і генацыду (масавых рэпрэсіяў і расстрэлаў). Грамадзтва ёсьць цяпер палітычна падзеленае. Але палітычны падзел грамадзтва выкліканы не фактам даўняй акупацыі ўсходняй і заходняй тэрыторыі Беларусі. Яго падзяліў (і ня так даўно) татальны электронны бандыт пад назовам расейскае тэлебачаньне. Прытым так залез пад скуру беларусам, што аж хлопчыкі крывавыя ў вачах. 10) — Якія галоўныя кнігі на ваш погляд павінен прачытаць кожны беларус? З.П. – Біблію і Эвангельле Госпада нашага Ісуса Хрыста. З.П. – Цяпер пра цывілізацыйны канфлікт кажуць ў сувязі з агрэсіяй ісламскіх радыкалаў супраць Заходняга сьвету. Прычына канфлікту ў дактрыне (і практыцы) глабалізацыі і ў сістэмным лева-лібэральным крызісе заходняй дэмакратыі. Прытым правакацыйным чыньнікам канфлікту выступае якраз лева-лібэральны Захад праз навязваньне Усходу сваіх антыкаштоўнасьцяў, якіх Усход ніколі ня прыме. Эканамічная аснова канфлікту цягнецца яшчэ з часоў каланіялізму. Палітычным дыспетчарам тэрарыстычнага наступу Усходу на Эўропу зьяўляюцца спэцслужбы Расеі (якая ўжо заяўляе, што ня мае межаў). У так званай тлеючай «цывілізацыйнай вайне» Расея выступае на баку Усходу. Этнічна расейцы гэта ёсьць угра-фіны, якія карыстаюцца мадыфікаванай старабаўгарскай (рускай) мовай. Гэта значыць, што этнічна і расава (лапланоіды) яны ёсьць эўрапейцы (хоць і не славяне), але мэнтальна – гэта Усход. Так склалася даўно, калі Масковія была часткай Мангольскай імпэрыі, але гістарычна выжыла да сёньняшняга дня. Мэнтальны чыньнік уплывае на характар паводзінаў. Як археолаг і гісторык мастацтва (доктар навук) заўважу, што гэты этнагенэз расейцаў (рускіх) быў навукова распрацаваны яшчэ ў 70-х гадах ХХ-га стагоддзя (працы В. Сядова). У ХХІ стагоддзі генетычныя дасьледваньні пацьвердзілі высновы археалогіі, антрапалогіі, этнаграфіі, лінгвістыкі і іншых навук ХХ-га стагоддзя датычна да этнагенэзу расейцаў. Новыя навуковыя дасягненьні кружылі ў сфэры навукі, практычна, не трапляючы ў палітыку і ідэалогію, да таго часу, пакуль Расея не распачала агрэсію супраць Украіны і ня стала зьневажаць украінцаў, абзываючы іх «не народам» і «не нацыяй». Маскоўскія імпэрцы тым самым выкапалі магілу сваёй гістарычнай міфалогіі. Сьвет стаў метадычна даведвацца, хто ёсьць хто. На сёньняшні дзень міфалагічная легенда расейскай імпэрскай гісторыі пасыпалася і загадала доўга жыць. Дастаткова было аднаго, што расейцы (рускія) гэта ня ёсьць славяне, і ўсе казкі пра «трыадзіны рускі славянскі народ», «старэйшага брата» (а ён увогуле ня брат) ды «старажытнарускую дзяржаву» ператварыліся ў пусты міфалагічны хлам. Лічу патрэбным заўважыць, што якраз цяпер Расея мэтанакіравана пачала падрыхтоўчую фазу гібрыднага захопу Беларусі ў прапагандзе і дэзінфармацыі. Сьпешна зьявілася нават «мастацкая літаратура» (Міхаіл Папоў), дзе беларусы груба паказаныя такімі недачалавекамі, прымітыўнымі і адсталымі, а беларуская дзяржава непаразуменьнем. Усё беларускае расейская прапаганда вульгарна ў хамскім стылі стала абзываць «нацыянал-фашызмам» (успомнім сэнтэнцыю Чэрчыля аб тым, як фашысты будуць называць антыфашыстаў «фашыстамі»). Цытата: «габрэйская журналістка і псэўдаліберальныя журналісты Беларусі няўстойлівай сэксуальнай арыентацыі (чытай – «піндосы») раскручваюць самыя нізкія формы нацыянал-фашызму» (журналіст У. Салаўёў). Пасьля маскоўскай агрэсіі супраць Украіны і захопу Крыма, ужо ні чаму ня трэба зьдзіўляцца. Узровень рыторыкі маскоўцаў дэманструе мяжу, імя якой – цывілізацыйная бездань (дарэчы пастаянна не зразумелая для Захаду). Неўзабаве беларусы таксама пачуюць, што іх і іхнюю мову прыдумала Аўстра-Венгрыя, дзяржаву стварылі «жыда-масоны», а беларускай нацыі і беларускай мовы «ваабшчэ не сушчэствует». Прытым 96 адсоткаў тэлевізійнага «рускага народа» будуць у гэта асьцервянела верыць з пенай ў роце. Са жніўня 2014 года я настойваю, што ўсім беларусам трэба сьпешна і разам рыхтавацца да ваеннай абароны і адпору ворагу, назапашваць сродкі адпору. Калі будзе адпор, то (паўтаруся) ўжо незалежна ад яго выніку, Масква знойдзе ў Беларусі сваю магілу. Гэта стане яе апошняя імпэрская агрэсія. 12) — Якая галоўная пагроза сучаснага свету? Ісламізм? Геі? Трамп? З.П. – Расея. Расея ёсьць цяпер рэальная пагроза і праблема чалавецтва — імпэрыя з рэліктавай агрэсіўнай мэнтальнасьцю і ядзерным арсэналам. Ды яшчэ і з агрэсіўнай ідэалогіяй «рускага сьвету» (эквівалент «сусьветнай рэвалюцыі»). 13) — Як вы лічыце, чаму на прэзідэнцкіх выбарах вы не перамаглі? З.П. – У адрозьненьне ад пракрамлёўскага тандэму, які выступаў супраць мяне, у мяне не было артылерыі, авіяцыі, бронетанкавых войскаў, касьмічных спадарожнікаў-шпіёнаў, Крамля за пазухай і дзесяці мільёнаў халадзільнікаў для народа (кожнаму па халадзільніку). Адна стралковая зброя. 14) - а). За каго вы былі: за Хілары ці за Трампа? З.П. – а). За амэрыканскі выбар. 15) - а). Вы пражылі ў Амэрыцы шмат часу. Чым гэтая краіна прынцыпова адрозьніваецца ад Беларусі? З.П. – а). Амэрыка – краіна эмігрантаў. Эмігранты ёсьць асноўны найбольш танны і найбольш выдайны рэсурс і сродак вытворчасьці, аснова багацьця Амэрыкі. Амэрыканцы падпарадкоўваюцца законам, якія дзейнічаюць, дзякуючы збалансаванаму падзелу ўладаў. Беларусь – унітарная монакультурная краіна. На сёньняшні дзень параўнаньне з Амэрыкай ня можа быць карэктным з прычаны існаваньня ў краіне антынацыянальнага нелегітымнага кіраваньня, якое не зьяўляецца рэальным выяўленьнем волі народу Беларусі. Сапраўднае аблічча Беларусі схаванае. Тое што бачым – гэта хамская фізіяномія халуйскага рэжыму. – б). У маральна-гуманітарным сэнсе, у чалавечым разьвіцьці, кемлівасьці і пазнаньні беларусы вышэйшыя за амэрыканцаў. Амэрыканцам у гэтым сэнсе шмат чаму можна б было павучыцца ў беларусаў, калі б яны не былі так задаволеныя сабой. Што датычыць беларусаў, то галоўнае чаму добра, каб яны навучыліся ў амэрыканцаў – гэта цаніць свабоду і гонар краіны. Амэрыканцы, дарэчы, вялікія патрыёты Амэрыкі і зорна-паласатага сьцяга. Добра было б таксама пераняць культуру грамадзкага абыходжаньня белых амэрыканцаў (адсутнасьць грубасьці і хамства). 16) — У чым галоўныя недахопы амэрыканскага ладу жыцьця? З.П. – У адсутнасьці вольнага часу; у аднабаковым пазнаньні і разьвіцьці асобы; у абсурдным існаваньні абсурдных законаў (якіх процьма); у манаполіі адвакатаў; у абсурднай паліткарэктнасьці і падпарадкаваньні грамадзтва маргінальным мяншыням; у накіраванасьці працы на эксплуатацыю мазгоў і рабочай сілы (акрамя дзяржаўных служачых, практычна, ніхто не працуе менш за 12 гадзін ў дзень, а то і больш, і без выхадных); ў масе сацыяльных паразітаў, якія жывуць за кошт бюджэту (па інфармацыі – 46 мільёнаў на «вэлвары», дзе шмат здаровых і маладых з асяроддзя тых жа мяншынь). 17) — Цi плануеце вы вярнуцца і выратаваць усіх нас? З.П. – Вярнуся і ўсіх вас выратую (рыхтуйце гарэлку). 25/1/2017 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |